АБЛАСНЫ́Я ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ ЛКСМБу Вялікую Айчынную вайну,
кіруючыя камсамольскія органы на тэр. Беларусі, акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала 10 абласных падпольных камітэтаў: Гомельскі, Пінскі (з 1941), Віцебскі, Магілёўскі (з 1942), Баранавіцкі, Беластоцкі, Брэсцкі, Вілейскі, Мінскі, Палескі (з 1943). Накіроўвалі дзейнасць падп. 6 міжрайкомаў, 5 міжрайцэнтраў, 13 гаркомаў, Лідскага гаркома-райкома, 189 райкомаў ЛКСМБ, якія аб’ядноўвалі больш за 2500 пярвічных арг-цый у партыз. фарміраваннях, каля 3 тыс.падп. камсамольскіх і 335 маладзёжных антыфаш. арг-цый, амаль 80 тыс. камсамольцаў-партызан і больш за 20 тыс. камсамольцаў-падпольшчыкаў. Некат. абкомы мелі друкаваныя органы (гл. ў арт.Друк падпольны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,
адкладанні лёду на паверхні збудаванняў, дрэвах, правадах, дарогах і інш. аб’ектах. Утвараецца ў выніку выпадзення вадкіх ападкаў у халодную пару года, у туман, смугу. Адрозніваюць галалёд, зярністую і крышталічную шэрань, замёрзлае адкладанне мокрага снегу, складаныя адклады — з некалькіх слаёў розных відаў. На Беларусі за год колькасць сутак з абледзяненнем складае ў паніжаных месцах 20—28, на ўзвышшах да 40. Назіраецца з кастр. да крас., часцей за ўсё ў снеж. і студзені. Працягласць яго звычайна да 12 гадз. Самым працяглым на Беларусі было ў Навагрудку 28.12.1959—27.1.1960 (715 гадз). Небяспечная з’ява для работы транспарту, энергасістэм і інш. галін гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́НГЕЛЬСКІ ЦЭЛЮЛО́ЗНА-ПАПЯРО́ВЫ КАМБІНА́Т,
у г. Навадзвінск Архангельскай вобл. Расійскай Федэрацыі, адзін з найбольшых у Еўропе. Першая чарга (сульфіт-цэлюлозны з-д і папяровая ф-ка) пачала дзейнічаць у 1940, другая (сульфат-цэлюлозны з-д і кардонная ф-ка) — у 1972, трэцяя (з-д беленай сульфатнай цэлюлозы) — у 1975. З 1994 холдынг. Асн. прадукцыя (1995): цэлюлоза, тарны кардон, папера. Выпускае таксама этылавы спірт, кармавыя дрожджы, драўняна-валакністыя пліты, сшыткі, папярова-белавыя тавары. Занята больш за 10 тыс. працаўнікоў (1990). Магутнасці разлічаны на перапрацоўку 4,5 млн.м³ драўніны за год. Частка прадукцыі экспартуецца ў Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭЦІ́НА ((Aretino) П’етра) (19.4.1492, г. Арэца, Італія — 21.10.1556),
італьянскі пісьменнік і публіцыст эпохі Адраджэння. У памфлетах-«прадказаннях», сатырах, пасквілях выступаў супраць манархаў і Ватыкана, за што быў празваны «бічом уладыкаў». Еўрап. вядомасць набылі 5 «Дыялогаў» Арэціна, тры з якіх наз. «Разважанні» (1534, 1536, 1539). Разам з Н.Макіявелі заснаваў італьян. камедыю нораваў («Прыдворнае жыццё», 1534; «Крывадушнік», 1542, і інш.). Шырокую карціну грамадскага і культ. Жыцця Італіі 1-й пал. 16 ст. дае яго эпісталярная спадчына (больш за 3 тыс. лістоў). Творчая манера Арэціна адметная рэзкасцю выказванняў, дасціпнасцю і сарказмам. У 1558 царква ўнесла яго творы ў спіс забароненых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАШЫ́ЦКІ ГАРАДО́К,
вадасховішча ў Беларусі, у Мінскім раёне, на р. Усяжа (за 52 км ад вусця), правым прытоку р. Гайна (бас. Дняпра). За 18 км на Пн ад Мінска, каля в. Астрашыцкі Гарадок. Створана ў 1946, рэканструявана ў 1970. Пл. 0,6 км², даўж. 2,2 км, найб. шырыня 0,65 км, найб.глыб. 6,5 м, аб’ём вады 1,2 млн.м³. Пл. вадазбору 114 км². Берагі слаба парэзаныя, складзеныя з пяскоў і супескаў, правы ўзгорысты, левы спадзісты. Сярэдні шматгадовы аб’ём сцёку ў створы плаціны 24,6 млн.м³. Зарастае. Месца адпачынку, на беразе дзіцячы санаторый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ГРАФ (ад астра... + ...граф),
астранамічная прылада для фатаграфавання нябесных аб’ектаў. Працуе па схеме рэфрактара, рэфлектара ці люстрана-лінзавага тэлескопа. Відарыс нябеснага свяціла або часткі неба з дапамогай аб’ектыва фіксуецца на фотапласцінцы. Святласіла астрографа і маштаб відарысаў залежаць ад дыяметра і фокуснай адлегласці аб’ектыва. Вял. ўчасткі неба фатаграфуюць караткафокуснымі астрографами з фокуснай адлегласцю менш за 1 м. Для вызначэння зорных паралаксаў, даследавання падвойных зорак, уласнага руху зорак і інш. выкарыстоўваюць астрографы з фокуснай адлегласцю да 10—15 м. Зрушэнне трубы астрографа ўслед за сутачным вярчэннем нябеснай сферы пры фатаграфаванні забяспечваецца гадзіннікавым механізмам і кантралюецца назіральнікам або аўтам. сістэмай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗВЕ́ЦКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ, шталаг № 351. Створаны ням.-фаш. акупантамі ў вер. 1941 на тэр.б. базыльянскага манастыра ў в.Беразвечча (цяпер у межах г. Глыбокае) Віцебскай вобл. для масавай загубы сав. ваеннапалонных. Вязняў трымалі ў абгароджаным калючым дротам лагеры (пл. каля 3 га) пад адкрытым небам. Зняволеныя гінулі ад непасільнай працы, голаду, холаду, хвароб, масавых расстрэлаў. З канца 1943 сюды прывозілі італьян. салдатаў і афіцэраў. Да ліп. 1944 у лагеры загублена больш за 27 тыс. ваеннапалонных. Ва ўрочышчы Барок, за 500 м ад б. лагера, на могілках сав. і італьян. ваеннапалонных (56 магіл) пастаўлены помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОСЦЬ,
буйны прадстаўнік купецтва ў Стараж. Русі і ў Рас. дзяржаве ў 10—18 ст. Першапачаткова госцем наз. асоб, якія прыязджалі гандляваць з інш. краін, княстваў і гарадоў, пазней — і мясц. купцоў, якія гандлявалі па-за межамі свайго месцапражывання (пераважна за мяжой). У 14—15 ст. госці аб’ядноўваліся ў асобыя прывілеяваныя карпарацыі. У сярэдзіне 16 — пач. 18 ст. госці былі саслоўнай катэгорыяй, мелі царскія даравальныя граматы, паводле якіх карысталіся падатковымі, мытнымі і юрыд. прывілеямі. Выконвалі ўрадавыя даручэнні па закупцы, ацэнцы і захоўванні казённых тавараў. Паводле ўказаў 1722—28 уключаны ў склад купецкіх гільдый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ СВІНО́,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Свіна, за 35 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 3,44 км², даўж. 4,12 км, найб.шыр. 1,47 км, найб.глыб. 9,8 м, даўж. берагавой лініі каля 13,5 км. Пл. вадазбору 180 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м (на З і ПдЗ да 15 м). Берагі нізкія, параслі водна-балотнай расліннасцю. Дно пясчанае, глыбей за 1,5—3 м выслана глеямі. Уздоўж берагоў паласа расліннасці шыр. да 220 м. У возера ўпадае р. Чарнец і 4 ручаі, выцякае р. Асмоціца; злучана пратокай з воз. Малое Свіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ УКЛЕ́ЙНА,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Альзініца, за 16 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,39 км², даўж. 1,2 км, найб.шыр. 470 м, найб.глыб. 17,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 25,9 км². Схілы катлавіны выш. 15—25 м, месцамі абрывістыя, пад лесам, на Звыш. 3—5 м, парослыя разнатраўна-злакавай расліннасцю. Берагі нізкія, пад хмызняком, месцамі зліваюцца са схіламі. Дно пясчанае, глыбей за 5—6 м выслана сапрапелем. Злучана ручаём з воз. М.Уклейна, на ПнУ выцякае ручай у возера без назвы.