ВАЎКАВЫ́СКІ ЗАВО́Д ЛІЦЕ́ЙНАГА АБСТАЛЯВА́ННЯ.
Створаны ў 1902 у г. Ваўкавыск (цяпер у Гродзенскай вобл.) на базе майстэрні як чыгуналіцейны з-д. У 1902 працавала 13 рабочых, якія выплаўлялі 50—60 пудоў чыгуну за год і выраблялі ручныя сячкарні і конныя прыводы да малатарань. У час Вял. Айч. вайны разбураны, адноўлены ў 1944. У 1947 дабудаваны. З 1962 сучасная назва. У 1964—66 рэканструяваны. Дзейнічаюць цэхі: ліцейны, загатовачна-зварачны, 2 механазборачныя. Асн. прадукцыя (1995): тэхнал. абсталяванне для ліцейнай вытв-сці, буд. тэхніка, с.-г. абсталяванне, у т. л. Сячкарні.
т. 4, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЎРА (Vávra) Отакар
(н. 28.2.1911, Брно, Чэхія),
чэшскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. Чэхаславакіі (1968). Праф. Акадэміі мастацтваў (1963, Прага). Заснавальнік нац. манум.-гіст. фільма: «Філасофская гісторыя» (1937), «Ян Гус» (1955), «Ян Жыжка» (1956), «Супраць усіх» (1958). Тэме лёсу нацыі ў час 2-й сусв. вайны прысвечаны фільмы: «Нямая барыкада» (1949, Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1950), «Дні здрады» (1973), «Сокалава» (1974, разам з СССР), «Вызваленне Прагі» (1976). Сярод інш. стужак: «Грамадзянін Брых» (1958), «Залаты ранет» (1965), «Раманс для карнета» (1967, Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1968), «Вандраванні Яна Амаса» (1983).
т. 4, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЦЫЕЦІС (Vacietis) Ояр Отавіч
(13.11.1933, хутар Думп’і Валкскага р-на, Латвія — 28.11.1983),
латышскі паэт. Засл. дз. культуры Латвіі (1972). Нар. паэт Латвіі (1977). Вучыўся ў Латышскім ун-це. Друкаваўся з 1950. Чалавек як стваральнік усіх каштоўнасцей, як частка прыроды і гегемон жыцця, яго адносіны да Сусвету, гісторыі, народа і часу — асноўнае ў кнігах паэзіі Вацыеціса «Вецер далёкіх вандраванняў» (1956), «Дыханне» (1966, Дзярж. прэмія Латвіі 1967), «Час зязюль» (1968), «Гама» (1976), «Антрацыт» (1978), «Правапіс маланкі» (1980). Аўтар аповесці «Вачыма тых дзён» (1958). Дзярж. прэмія СССР 1982.
т. 4, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШКЕ́ВІЧ Аляксандр Аляксандравіч
(28.8.1901, в. Белавеж Беластоцкага ваяв., Польшча — 22.4.1945),
Герой Сав. Саюза (1943), ген.-маёр (1945). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну з лют. 1943 на Варонежскім, Сцяпным 2-м і 1-м Укр. франтах. Камандзір стралк. палка падпалк. Вашкевіч вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра. У ноч на 27.9.1943 каля в. Перавалочная Кішэнькаўскага р-на Палтаўскай вобл. полк пераправіўся, замацаваўся на плацдарме і паспяхова працягваў наступленне. У складзе 2-й арміі Войска Польскага ў жн. 1944 камандаваў пях. дывізіяй. Загінуў у час Берлінскай аперацыі 1945.
т. 4, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХАВО́ДКА,
бліжэйшыя да зямной паверхні безнапорныя падземныя воды. Знаходзяцца ў зоне аэрацыі, маюць часовы (сезонны) характар і абмежаванае пашырэнне. Лінзы верхаводкі перыядычна памнажаюцца пераважна за кошт інфільтрацыі атм. і паверхневых вод, найб. інтэнсіўна — у час працяглых дажджоў і раставання снегу. Мае магутнасць не больш за 1—2 м. Часцей назіраецца на водападзельных раўнінных участках і тэрасах рэк, прымеркавана да паніжэнняў мікрарэльефу. Выклікае часовыя змены ў ландшафтах — з’яўленне пэўнай расліннасці, засаленне паверхні глебы і інш. Знікае ў выніку выпарэння або перацякання ў ніжэйшыя ваданосныя гарызонты.
т. 4, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СНІК БЕЛАРУ́СКАГА ЭКЗАРХА́ТА»,
часопіс. Выдаецца Бел. правасл. царквой з 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах. Засн. на базе час. «Минские епархиальные ведомости». Разлічаны на святароў і ўсіх, хто цікавіцца пытаннямі гісторыі і сучаснага стану правасл. царквы на Беларусі, а таксама прадстаўнікоў інш. правасл. цэркваў і хрысц. канфесій. У часопісе пераважаюць артыкулы гісторыка-архіўныя, аналітычныя багаслоўскага зместу, прысвечаныя найб. значным падзеям у Беларускім экзархаце. Кожны нумар (пачынаючы з № 4) прысвечаны адной тэме. З 1990 у дадатак да часопіса выдаецца серыя брашур «Библиотека «Вестника Белорусского экзархата».
А.А.Петрашкевіч.
т. 4, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДЗЕНІЧЫ, Відунічы, Відзінічы,
вёска ў Алёнавіцкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобл. За 38 км на ПнУ ад Талачына. 24 двары, 44 ж. (1996). Упершыню ўпамінаецца як «село Видиничи» ў Друцкім евангеллі (І-я пал. 14 ст.). У розны час належала Друцкім, Любецкім, Лянеўскаму, Сяняўскай, Голчыцу (ці Галоўчыцу) і інш. У 1785 В. — цэнтр маёнтка, які ахопліваў 5 вёсак (Коззі Горкі, Лаўрынава, Станаўка, Бордзіна, Раманаўка) і налічваў 69 двароў, 536 душ. З 1861 — у Алёнавіцкай вол. Аршанскага пав. З 1924 В. ў Талачынскім р-не.
т. 4, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́КТАР ЭМАНУІ́Л II
(Vittorio Emanuele; 14.3.1820 — 9.1.1878),
кароль Сардзінскага каралеўства [1849—61], першы кароль аб’яднанай Італіі [1861—78]. Удзельнік аўстра-італьянскай вайны 1848—49. У перыяд барацьбы за нац. вызваленне італьян. народа і аб’яднанне Італіі (гл. Рысарджымента) падтрымліваў планы лібералаў (К.Б Кавура і інш.), вёў барацьбу з рэсп.-дэмакр. лагерам нац.-вызв. руху, адначасова імкнучыся ў сваіх мэтах выкарыстаць папулярнасць і ваен. перамогі Дж.Гарыбальдзі. У 1861 абвешчаны каралём Італьян. каралеўства. У час аўстра-італьян. вайны 1866 узначальваў італьян. армію. Пасля 1870 праводзіў курс на збліжэнне з Аўстрыяй і Германіяй.
т. 4, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ЛЁНАПРАДЗІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА «ДЗВІНА́».
Дзейнічала на Беларусі з 1900 у маёнтку Язогнева (цяпер у межах Віцебска). Выпускала суровую і беленую льняную пражу і ніткі. Мела 10 аддзяленняў (матальнае, упаковачнае, сушыльнае, цюкавальнае і інш.). У 1900 дзейнічалі паравыя рухавікі (2) і катлы (6), у 1910—13 — 3 паравыя рухавікі. Сыравіна — лён трапаны і пакулле, паліва — дровы, з 1913 — торф. Працавала ад 335 (1900) да 1807 чал. У сав. час рэканструявана. У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Бійск (Расія). У 1946 на базе ф-кі створаны дывановы камбінат (гл. «Віцебскія дываны»).
т. 4, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ КААЛІЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т, Віцебская кааліцыйная камісія,
орган кіраўніцтва рэв. барацьбой працоўных Віцебска ў час Кастр. усерас. паліт. стачкі і Снеж. ўзбр. паўстання ў Маскве 1905. Утвораны з прадстаўнікоў мясц. арг-цый Бунда і РСДРП. Арганізаваў міліцыю, падтрымліваў парадак у горадзе, некалькі дзён кантраляваў чыг. вузел, выдаваў адозвы і лістоўкі з заклікам да ўзбр. барацьбы 21—22 снеж. спрабаваў арганізаваць забастоўку рабочых чыг. станцыі і прамысл. прадпрыемстваў. Выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. Пасля паражэння Снеж. ўзбр. паўстання ў Маскве паліт. стачка ў Віцебску спынена.
т. 4, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)