Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРААКУСТЫ́ЧНЫ МАЯ́К,
стацыянарная падводная прылада, якая выпрамяняе гукавыя (акустычныя) сігналы з мэтай арыентавання суднаў, глыбакаводных апаратаў і інш. Мае генератар гукавых ваганняў, узмацняльнік магутнасці, электраакустычны выпрамяняльнік, механізм кіравання сігналамі, сінхранізавальную прыладу, крыніцу электрасілкавання. Устанаўліваюць на дне мора, на метал. апорах ці на якары (на зададзенай глыбіні). Далёкасць дзеяння гідраакустычнага маяка каля 20 км.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЭРЫ́ДЫ,
складаныя эфіры гліцэрыны і арган. (карбонавых) цімінер. кіслот. Па колькасці кіслотных астаткаў у малекуле адрозніваюць мона-, ды-, трыгліцэрыды (напр., гліцэрылмонаацэтат CH3OCOCH2—CHOH—CH2OH). Бываюць простыя, утвораныя адной к-той (напр., гліцэрынатрынітрат, або нітрагліцэрына), і змешаныя — рознымі к-тамі. У прыродзе пашыраны гліцэрыды вышэйшых аліфатычных кіслот — асн. састаўная частка тлушчаў, алею. Гл. таксама Ліпіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОР, Хор,
у старажытнаегіпецкай міфалогіі бог сонца і неба, сын Асірыса і Ісіды. Уяўлялі Гора ў выглядзе сокала (ці чалавека з галавой сокала) або крылатага сонечнага дыска. Першапачаткова Гора шанавалі як драпежнага бога палявання, пазней — як апекуна ўлады фараона, які лічыўся зямным увасабленнем Гора. Пасля перамогі над богам цемры Сетам Гор стаў уладаром Сусвету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЕР (галанд. boeier),
1) лёгкая кабіна ці платформа з парусамі на трох каньках (лыжах, пнеўмаколах). Кіраванне робіцца заднім каньком (лыжай, колам) і парусам. Скорасць руху перавышае 100 км/гадз. Выкарыстоўваецца як спарт. прылада (гонкі на буерах па лёдзе), для перавозкі грузаў.
2) Невял. аднамачтавае пласкадоннае паруснае судна для ўстаноўкі буёў і швартоўных бочак (устар.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭЛ, Бел,
у акадскай міфалогіі абазначэнне некат. багоў, найперш Энліля. У г. Пальміра (Сірыя) — вярхоўнае бажаство, уладыка свету, галава трыяды багоў, часам эпітэт бога зямлі Арцу ці Арду. У грэч. міфалогіі — цар Егіпта, сын Пасейдона і німфы Лівіі. Належыць да персанажаў, якія не маюць развітой міфалагічнай біяграфіі, але з’яўляюцца родапачынальнікамі пакаленняў будучых герояў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙШКУНЫ́,
курганны могільнік балтаў 9—11 ст. на ПнУ ад в. Вайшкуны Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. 9 курганоў у 1975 даследаваў Я.Г.Звяруга. Пахавальны абрад — трупаспаленне на гарызонце ці ў насыпе. Выяўлены рэшткі вогнішчаў. Сярод знаходак жал. сякеры, наканечнікі кап’я, шыла, шпількі, бронзавыя званочкі, фрагменты шыйных грыўняў, бранзалетаў, гліняныя прасліцы, кераміка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЕ́РАНАЯ АСО́БА,
у Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД, асоба якая ў перыяд выбараў у прадстаўнічыя органы ўлады ці кіраўніка дзяржавы знаёміць выбаршчыкаў з кандыдатам на выбарную пасаду і агітуе за яго выбранне. Колькасць давераных асоб ад кандыдатаў на выбарныя пасады вызначаецца заканадаўствам аб выбарах. Давераная асоба не можа ўваходзіць у склад выбарчай камісіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШЧА́ДНЫ БА́НК,
крэдытная ўстанова, якая акумулюе зберажэнні і свабодныя грашовыя сродкі насельніцтва, выдае спажывецкі і іпатэчны крэдыты, банкаўскія пазыкі, купляе каштоўныя паперы. Звычайна знаходзіцца пад кантролем дзяржавы ці належыць ёй. У СССР функцыі ашчаднага банка выконвалі ашчадныя касы. У Рэспубліцы Беларусь ашчадны банк з’яўляецца дзярж. камерцыйным банкам (з 1995 акцыянерны ашчадны банк «Беларусбанк»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯЎЛО́ЎНІКІ,
прылады для адбору пробаў паветра з мэтаю вызначэння ступені і характару бактэрыял. забруджвання. Адрозніваюць бактэрыяўлоўнікі, прынцып дзеяння якіх заснаваны на прапусканні паветра праз вадкія (вада, пажыўны булён) ці сухія (вата) паглынальнікі, накіраванні струменя паветра на цвёрдае пажыўнае асяроддзе, паглынанні бактэрый дробнымі кроплямі распыленай вадкасці. Забруджванне вызначаюць праз высяванне ўлоўленых бактэрый на пажыўнае асяроддзе.