машына для здрабнення і змешвання матэрыялаў расцісканнем і сціраннем. Складаецца з чыгуннай чашы, па дне якой перакочваюцца масіўныя чыгунныя каткі, што верцяцца вакол уласнай (гарызантальнай) восі і разам з крыжавінай, на якой яны ўмацаваны, — вакол яе вертыкальнай восі. Выкарыстоўваюцца ў гарнаруднай прам-сці, металургіі, прам-сці будматэрыялаў і інш.Пры выкарыстанні бегуноў для амальгамацыі залатых рудаў дно чашы заліваюць тонкім слоем ртуці, у якой раствараюцца атрыманыя з руды часцінкі золата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАРКІ́Я (ад грэч. autarkeia самазадавальненне),
1) палітыка гасп.-эканамічнага адасаблення краіны, стварэнне замкнутай, самазабяспечвальнай эканомікі. Выяўляецца ў абмежаванні імпарту, павелічэнні экспарту тавараў і капіталаў, у захопе чужых тэрыторый, багатых сыравінай. У 2-ю сусв. вайну кіруючыя колы Германіі, Італіі, Японіі выкарыстоўвалі аўтаркію як спосаб барацьбы за перадзел свету, практыкавалі забаронныя пошліны, абмяжоўвалі ўвоз тавараў пры высокіх цэнах на іх унутраным рынку.
2) У філасофіі стоікаў — самазадавальненне як ідэал дабрачыннасці чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАТРАНСФАРМА́ТАР,
электрычны трансфарматар, у якога першасная і другасная абмоткі маюць агульную частку. Найчасцей карыстаюцца аўтатрансфарматарам з плаўным рэгуляваннем выхаднога напружання, дзе нагрузку падключаюць да кантактаў, што рухаюцца па вітках абмоткі. Такія даюць магчымасць пры зменным першасным напружанні захоўваць пастаянным другаснае. Аўтатрансфарматары выкарыстоўваюць ў ланцугах энергасістэм, рэлейнай ахове, у прыстасаваннях аўтаматыкі і радыёэлектронікі для пуску магутных электрарухавікоў і інш.
Аўтатрансфарматары: 1 — павышальны; 2 — паніжальны; а — крыніца току; б — нагрузка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦВЯРДЖА́ЛЬНІКІ,
хімічныя рэчывы, якія садзейнічаюць ацвярдзенню рэакцыйназдольных алігамераў. Да іх належаць: поліфункцыянальныя злучэнні (ды- і поліаміны, гліколі, ангідрыды арган. кіслот) — рэагуюць з алігамерамі і ўваходзяць у структуру сеткаватага палімеру; ініцыятары (арган. пераксіды, аза- і дыазазлучэнні) — ацвярджаюць алігамеры з ненасычанымі групамі (напр., алігаэфіракрылаты); каталізатары (трацічныя аміны, сульфакіслоты, асновы і інш.) — паскараюць узаемадзеянне функцыянальных груп алігамераў ці поліфункцыянальных ацвярджальнікаў; комплексныя злучэнні — актыўнае рэчыва ўтвараецца пры т-рах, блізкіх да т-р ацвярдзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭТЫЛСАЛІЦЫ́ЛАВАЯ КІСЛАТА́, аспірын,
вытворнае саліцылавай кіслаты, мал. м. 180,2. Бясколерныя крышталі, tпл 141—144 °C, мала раствараецца ў вадзе (1:300), лепш у этылавым спірце (1:7). Атрымліваюць ацыліраваннем саліцылавай кіслаты воцатным ангідрыдам.
Процізапаленчы сродак з анальгетычнымі і гарачкапаніжальнымі ўласцівасцямі, выкарыстоўваецца пры рэўматызме, неўралогіях, ліхаманкавых захворваннях і інш. Хутка ўсмоктваецца са страўніка, звязваецца бялком сывараткі крыві (97%), выводзіцца ў асноўным праз ныркі. Уваходзіць у састаў камбінаваных лекаў (асфен, аскафен, цытрамон).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАДЫНАМІ́ЧНЫ НАГРЭ́Ў,
павышэнне тэмпературы цела, якое рухаецца з вял. скорасцю ў паветры або газе. Узнікненне аэрадынамічнага нагрэву — вынік тармажэння малекул газу паблізу паверхні цела і ўтварэння ўдарнай хвалі. Аэрадынамічны нагрэў адбываецца пры ўваходзе касм. апарата ці метэарыта ў атмасферу Зямлі з 1-й касм. скорасцю (8,1 км/с), т-ра можа дасягаць больш за 8000 К, таму паверхня касм. караблёў, ракет і звышгукавых самалётаў мае спец. тэрмічную ахову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НАВІЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў 1777—96 і 1802—40 у Магілёўскай губ. Цэнтр — г.Бабінавічы. Утвораны 21.6.1777 з Дубровенскага пав.Пл. 301,6 тыс. дзесяцін, нас. 55,1 тыс.чал. (1782). 12.12.1796 пры стварэнні Беларускай губ. павет скасаваны, яго тэр. ўключана ў Аршанскі і Віцебскі пав., 27.2.1802 адноўлены. У 1831 у павеце жылі 50,7 тыс.чал. Канчаткова Бабінавіцкі павет скасаваны 23.2.1840, тэр. ўвайшла ў Аршанскі пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЖА́НАЎ (Аляксандр Васілевіч) (1.9.1917, в. Труфанцава Барысаглебскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 29.6.1944),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1938. На фронце з 1941. Камандзір гарматы ст. сяржант Бажанаў вызначыўся ў баі на тэр. Магілёўскай вобл.: пры адбіцці варожай контратакі каля в. Гаршкова Шклоўскага р-на, калі ў гарматнага разліку скончыліся боепрыпасы, Бажанаў з гранатамі кінуўся пад варожы танк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́ЎЛЯ—ЛЕ́НЦА ЗАКО́Н,
закон, які характарызуе цеплавое дзеянне эл. току. Паводле Дж.—Л.з. колькасць цеплыні Q, што выдзяляецца на ўчастку эл. ланцуга з супраціўленнем R пры працяканні па ім пастаяннага току I за час t, вызначаецца ў СІ формулай Q = I2Rt. Устаноўлены Дж.П.Джоўлем у 1841 і эксперыментальна пацверджаны Э.Х.Ленцам у 1842. Выконваецца для асяроддзяў, у якіх праўдзіцца Ома закон; абагульняецца на выпадак пераменнага току (гл.Пойнтынга вектар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРАНО́К (Таццяна Фёдараўна) (н. 1.7.1920, в. Неглюбка Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. майстар нар.маст. ткацтва. Жыве і працуе ў в. Неглюбка. У тэхніках закладнога і пераборнага ткацтва вырабляе ручнікі, аздобленыя геам. арнаментам (спалучэнне чырвонага і чорнага колераў на белым фоне), які шчыльнымі палосамі ўкрывае б.ч. паверхні вырабаў (гл.Неглюбскія ручнікі). Кіруе гуртком «Юныя ткачыхі» пры Неглюбскай сярэдняй школе (з 1979).