ВІРТА́ (Мікалай Яўгенавіч) (19.12.1906, в. Вялікая Лазаўка Тамбоўскай вобл., Расія — 9.1.1976),
рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1923. У рамане «Адзінота» (1935; Дзярж. прэмія СССР 1941; па яго матывах напісана п’еса «Зямля», паст. 1937) афіцыёзная трактоўка Антонава паўстання. Аўтар раманаў «Заканамернасць» (1937), «Вячэрні звон» (1951), «Стэп ды стэп наўкол...» (1960) і інш., п’ес «Змова» (1938), «Салдаты Сталінграда» (1944), «Хлеб наш надзённы» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1948), «Змова асуджаных» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949) і інш., аповесцей, нарысаў, франтавых карэспандэнцый. Яму належаць кінасцэнарыі (у т. л. «Сталінградская бітва», 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950). Многія творы Вірты адзначаны ўплывам «тэорыі бесканфліктнасці».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСКО́НЦІ (Viskonti),
знатны род ламбардскіх (італьян.) феадалаў. Вядомы з канца 10 ст. У 1277—1447 тыраны Мілана. Атон (каля 1207—95), з 1262 архіепіскап Мілана, з 1277 уладар горада. У 13 ст. Вісконці далучылі да сваіх уладанняў П’ячэнцу, Бергама, Крэмону, Верчэлі, Брэшыю, Парму, на кароткі час Балонню (1350—54) і Геную (1353—56). Джан Галеаца (1351—1402), герцаг Мілана (з 1395) і Ламбардыі (з 1397), яго ўладанні ахоплівалі значную частку Паўн. Італіі. Пры Джавані Марыя [1402—12] б.ч. заваяваных тэр. была страчана. Філіпа Марыя [1412—47] у працяглых войнах з Венецыяй і Фларэнцыяй часткова аднавіў тэр. Міланскага герцагства. З 1447 дынастыя Вісконці перастала існаваць.
рускі скульптар. Вучыўся ў свайго бацькі П.Віталі і як вольны слухач у Пецярбургскай АМ (у 1842—55 праф.). Майстар манум.-дэкар. і партрэтнай скульптуры, выкананай пад уплывам класіцызму. Найб. вядомыя яго творы: калясніца Славы і рэльеф «Вызваленне Масквы» для Трыумфальных варотаў (1829—34), дэкар. скульптура фантанаў на плошчах Лубянскай і Тэатральнай (абодва 1835) у Маскве; партрэты К.П.Брулова (1836), А.С.Пушкіна (1837), «Венера» (1852); статуі і рэльефы Ісакіеўскага сабора (1841—43) у Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТВА́ТЭРСРАНД (Witwatersrand),
золатаўраназмяшчальны басейн у ПАР (прав. Трансвааль і Аранжавая); буйнейшы ў свеце. Адкрыты і распрацоўваецца (здабыча золата) з 1886, з 1952 здабыча урану. Працягласць руданоснай плошчы каля 350 км, шыр. 200 км. Руданосныя ў асн. ніжнепратэразойскія асадкава-метамарфагенныя кангламераты. Агульныя запасы золата каля 16 тыс.т з сярэдняй колькасцю яго 9,3 г/т. Запасы вокісу урану 128 тыс.т, колькасць U3O8 0,02—0,04%. Як спадарожныя здабываюць таксама пірыт, мінералы групы осмістага ірыдыю, інш. плацінавыя металы і серабро. Глыбіня распрацоўкі ў сярэднім 1700 м, макс. 3660—3800 м (т-ра ў шахтах 50—52 °C). Цэнтры распрацовак Вітватэрсранда — г. Іаганесбург, Клерксдарп, Одэндалсрус, Велкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТЭ́ЛА, Вітэлій (Witelo, Vittelio) Эразм (каля 1230, каля г. Вроцлаў, Польшча — каля 1280), польскі прыродазнавец і філосаф. Вучыўся ў Парыжы і Падуі. Філасофію трактаваў як своеасаблівую навуку аб прыродзе, ягонавук. дзейнасць звязана з развіццём эмпірычнага прыродазнаўства, пачатак якому дала оксфардская школа. Аўтар вядомага ў сярэднія вякі трактата па оптыцы «Перспектыва» (1270—73), тройчы выдадзенага ў Нюрнбергу (1535, 1551, 1572). У гэтым творы выкладаюцца элементы геам. оптыкі, вядомыя Эўкліду, Пталамею і Альхазену, а таксама прыводзіцца закон абарачальнасці прамянёў пры пераламленні святла, даказваецца, што парабалічныя люстэркі маюць адзін фокус, разглядаюцца будова вока і ўласцівасці зроку, тлумачыцца прырода вясёлкі на аснове пераламлення святла ў вадзяных кроплях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЦ ((Witz) Конрад) (пасля 1400, г. Ротвайль, Германія — да 1446),
швейцарскі жывапісец. З 1434 (або 1435) працаваў у Базелі і Жэневе. У сваіх творах, пераходных ад готыкі да мастацтва Адраджэння, дасягнуў вял. пластычнай дасканаласці ў адлюстраванні фігур, інтэр’ера, гар. і альпійскага пейзажаў. З яго работ захаваліся створкі трох алтароў: «Зярцала збавення чалавецтва» для сабора ў Базелі (каля 1435), св. Пятра для сабора Сен-П’ер у Жэневе (1444), часткі невядомага алтара (магчыма, «Жыццё Марыі»). Частка алтара св. Пятра «Дзівосны ўлоў» (1444) — адзін з першых пейзажаў у еўрап. жывапісе, які адлюстраваў канкрэтную мясцовасць (бераг Жэнеўскага возера).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-САВЕ́ЦКА-ІРА́НСКІ ДАГАВО́Р 1942аб саюзе.
Падпісаны 29 студз. ў Тэгеране. Яго падпісанню папярэднічаў часовы ўвод сав. і англ. войскаў у Іран у жн.—вер. 1941 з мэтай перашкодзіць фаш. Германіі выкарыстаць тэрыторыю і рэсурсы Ірана ў вайне супраць СССР і Англіі. Дагавор забяспечваў супрацоўніцтва Ірана з антыгітлераўскай кааліцыяй у 2-й сусв. вайне. СССР і Англія абавязваліся абараняць Іран ад агрэсіі з боку Германіі або інш. дзяржавы, не займаць пазіцыі, якая магла б пашкодзіць інтарэсам Ірана ва ўзаемаадносінах з інш. краінамі. Іран у сваю чаргу абавязваўся не ўсталёўваць адносін, несумяшчальных з дагаворам. Пасля заканчэння 2-й сусв. вайны войскі саюзнікаў выведзены з Ірана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫІДЭА́Л,
уяўленні аб чалавеку і яго дзейнасці, аб адносінах паміж людзьмі і арганізацыі грамадства, якія супрацьлеглыя поглядам на дасканалае; процілеглы ідэалу. Антыідэал мае элемент адноснасці. Тое, што разглядаецца як антыідэал аднымі людзьмі і сац. групамі, членамі пэўнага грамадства або людзьмі пэўнай эпохі, можа ўспрымацца як ідэал іншымі, і наадварот. Так, сталінізм і фашызм — антыідэал для людзей з дэмакр. мысленнем і ідэалы — для людзей з таталітарнымі ўстаноўкамі. Ёсць антыідэалы рэалістычныя (паддаюцца ажыццяўленню) і абсалютныя (не могуць быць дасягнуты ў рэчаіснасці — антыутопія). Антыідэал — неабходная форма мыслення. Разам з ідэалам антыідэал выконвае рэгулятыўную функцыю ў дзейнасці людзей, у т. л. і ў кіраванні грамадскімі працэсамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АНТЫКАМІНТЭ́РНАЎСКІ ПАКТ»,
дагавор паміж Германіяй і Японіяй, заключаны 25.11.1936 у Берліне на 5 гадоў. Пад знакам барацьбы з Камінтэрнам аформіў блок 2 дзяржаў, якія імкнуліся да гегемоніі ў свеце. Сакрэтнае пагадненне да «Антыкамінтэрнаўскага пакту» прадугледжвала сумесную барацьбу супраць СССР. Да «Антыкамінтэрнаўскага пакту» далучыліся Італія (6.11.1937), Венгрыя і марыянетачная «дзяржава» Маньчжоў-Го (24.2.1939), Іспанія (27.3.1939). Пакт садзейнічаў развязванню 2-й сусв. вайны і ў 1939—40 ператварыўся ў адкрыты ваен. саюз Германіі, Італіі і Японіі (гл.Берлінскі пакт 1940). Пасля пралангацыі пакта 25.11.1941 на 5 гадоў да яго далучыліся яшчэ некалькі краін. Перамога краін Антыгітлераўскай кааліцыі ў 2-й сусв. вайне спыніла існаванне «Антыкамінтэрнаўскага пакту».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУ́КА,
бел.нар. гульня. Гуляюць 2 каманды. Кожная выбірае вядучага. На пляцоўцы паміж камандамі праводзяць 2 лініі на адлегласці 30—40 м. Удзельнікі каманды «горада» па чарзе бітай кідаюць апуку (мяч памерам з тэнісны) у бок праціўніка (у «поле»). Калі гульцы «палявой» каманды зловяць мяч з лёту, каманды мяняюцца месцамі. Калі мяч не злоўлены, «палявыя» гульцы падхопліваюць яго і ад сваёй лініі кідаюць у гульца «гарадской» каманды, які ў гэты час павінен дабегчы да чужой лініі і вярнуцца да сваіх; калі мяч пападзе ў гульца, каманды таксама мяняюцца месцамі. Лакальныя назвы перагон, салавей, ілкі, лавец і інш.