СЛО́НІМСКІ АНДРЭ́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры позняга барока ў г. Слонім Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1775 з цэглы, рэстаўрыраваны пасля 1-й сусв. вайны. Пасля Вял. Айч. вайны не дзейнічаў. Перададзены вернікам у 1990-я г., рэстаўрыраваны (арх. В.​Атас; фрэскавы жывапіс, М.​Залатуха і У.​Ракіцкі).

Першы драўляны касцёл засн. каля 1490 па фундацыі караля Казіміра IV Ягелончыка (першая культавая фундацыя горада). Новы будынак узведзены ў 1595 Л.​Сапегам, у 1660 перабудаваны. Мураваны храм 1-нефавы з 2-вежавым гал. фасадам. Неф, алтарная ч. і сім. бакавыя сакрысціі прамавугольныя ў плане, маюць сціплае дэкар. аздабленне. Вежы пастаўлены пад вуглом да гал. фасада, што надае яму хвалістую прасторавую структуру. Гал. фасад багата дэкарыраваны слаістымі пілястрамі, фігурным франтонам, валютамі, раскрапоўкамі, глыбокімі нішамі і інш. У інтэр’еры ілюзорна-перспектыўная фрэскавая размалёўка ў тэхніцы грызайль: пілястры з ракайлямі, фігуры анёлаў, муз. атрыбуты, ваза. Пластычна-дэкар. акцэнт — гал. стукавы алтар у выглядзе порціка са здвоенымі карынфскімі калонамі, завершаны трохвугольным франтонам з буйнамаштабнымі скульптурамі анёлаў. У алтары скульптура «Укрыжаванне» і абраз «Маці Божая Жыровіцкая». На бакавых сценах прэсбітэрыя фрэскавыя кампазіцыі на біблейскія СЮЖЭТЫ.

Т.​В.​Габрусь, В.​В.​Церашчатава.

Слонімскі Андрэеўскі касцёл.

т. 15, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКІ ЛЕ́ТАПІС, Увараўскі летапіс,

помнік беларуска-літоўскага летапісання 16 ст., адзіны спіс 3-й, скарочанай рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Збярогся ў рукапісе 1-й чвэрці 16 ст. Як сведчаць запісы на палях, што датычаць князёў слуцкіх, бытаваў і, напэўна, узнік у Слуцку (адсюль назва). У адрозненне ад 2-й рэдакцыі Бел.-літ. летапісу 1446 (гл. Нікіфараўскі летапіс, Супрасльскі летапіс, Акадэмічны летапіс), у якой спачатку змешчана летапісная кампіляцыя з рус. летапісаў, а ў канцы — мясцовыя гіст.-літ. творы, С.л. адкрываецца «Летапісцам вялікіх князёў літоўскіх», завяршаецца агульнарус. летапісам. Апошні дадаткова скарочаны і змяшчае выбарачныя гіст. запісы пра падзеі 970—1240 (абрываецца на апісанні паходу Батыя на Кіеў і Галіцка-Валынскую Русь). Іншы парадак размяшчэння ў гэтым спісе «Пахвалы Вітаўту» і Смаленскай хронікі. Рукапіс дэфектны, без пачатку і канца, не хапае лістоў у сярэдзіне. Да 1917 зберагаўся ў б-цы графа А.​С.​Уварава (адсюль другая назва) у Маскве, цяпер — у Гіст. музеі ў Маскве. Асн. арыгінальная частка С.л. ўпершыню апубл. ў 1854 А.​М.​Паповым, у 1877 выдадзены ў Кёнігсбергу ў перакладзе на ням. мову. Поўнасцю змешчаны ў 17-м і 35-м т. «Поўнага збору рускіх летапісаў».

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 15, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНДАРТЫЗА́ЦЫІ І СЕРТЫФІКА́ЦЫІ БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т (БЕЛДЗІСС). Засн. ў 1992 у Мінску. З’яўляецца Нац. ін-там у галіне стандартызацыі і сертыфікацыі. Асн. падраздзяленні (2002): выпрабавальны цэнтр (праводзіць выпрабаванні кліматычныя і сертыфікацыйныя па электрабяспецы, радыёперашкодах, шчыльнасці патоку энергіі, устойлівасці да знешніх эл.-магн. перашкод, цепла-, вогнеўстойлівасці і пажарнай бяспецы быт. электрапрылад і радыёэлектроннай апаратуры і інш.); Нац. інфарм. цэнтр па тэхн. бар’ерах у гандлі, санітарных і фітасанітарных мерах (для рэалізацыі пагадненняў Сусв. гандл. арг-цыі); Дзярж. цэнтр каталагізацыі прадукцыі (збор інфармацыі аб наменклатуры прадукцыі, што вырабляецца ў краіне).

Асн. кірункі дзейнасці: у галіне стандартызацыі — распрацоўка праграм па стандартызацыі розных груп прадукцыі; распрацоўка дзярж. і міждзярж. стандартаў; экспертыза праектаў стандартаў і тэхн. умоў; вядзенне Адзінай сістэмы класіфікацыі і кадзіравання; распрацоўка метадалогіі стварэння тэхн. рэгламентаў; аказанне прадпрыемствам і арг-цыям метадычнай дапамогі. У галіне сертыфікацыі — распрацоўка метадалогіі менеджменту якасці, сертыфікацыі прадукцыі, сістэм менеджменту якасці, паслуг; выкананне работ па сертыфікацыі быт. і прамысл. прадукцыі. У галіне нарматыўна-тэхнічнага інфармацыйнага забеспячэння — фарміраванне, вядзенне і актуалізацыя Нац. фонду стандартаў — больш за 160 тыс. нарматыўных дакументаў (2001); афіц. выданне і распаўсюджванне стандартаў, каталогаў, інфарм. паказальнікаў, даведачна-метадычных матэрыялаў. Выдае час. «Новости. Стандартизация и сертификация».

М.​А.​Кусакін.

т. 15, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ДНА НА ПАВЕ́ТРАНАЙ ПАДУ́ШЦЫ (СПП),

судна, якое ў час руху або спынення прыўзнімаецца над паверхняй вады (грунту, лёду, снегу) паветрам, што напампоўваецца пад днішча. Выкарыстоўваецца з сярэдзіны 20 ст. для перавозкі пасажыраў, грузаў, у ВМФ. Скорасць да 150 км/гадз і больш.

Поласць пад днішчам разам са спец. агароджай пры нагнятанні паветра ўтварае т.зв. паветраную падушку. Ёсць СПП: з гібкай агароджай па ўсім перыметры падушкі, здольная рухацца над вадой і сушай (амфібійныя і інш. судны); з агароджай падушкі ўздоўж бартоў у выглядзе апушчаных у ваду жорсткіх канструкцый — скегаў (скегавыя судны). СПП маюць паветранагнятальныя восевыя або цэнтрабежныя вентылятары, амфібійныя — таксама паветраныя суднавыя рухачы (вінты і інш.). Канструкцыя СПП прапанавана ў 1716 швед. вучоным Э.​Сведэнбаргам. Прынцып руху на паветранай падушцы абгрунтаваны ў 1927 К.​Э.​Цыялкоўскім. Першае СПП (тарпедны катэр) пабудавана ў 1916 (Аўстрыя). У СССР першае СПП прайшло выпрабаванне ў 1934—35.

Судна па паветранай падушцы: а — схема (разрэз) па паветраным канале (1 — паветраны канал; 2 — нагнятальнік; 3 — паветраная шахта; 4 — ватэрлінія пры непрацуючым вентылятары; 5 — ватэрлінія пры працуючым вентылятары; 6 — паветраная падушка; 7 — адсек плывучасці); б — амфібійны катэр; в — скечавае судна «Арыён».

т. 15, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАМБО́Н (італьян. trombone ад tromba труба),

медны духавы муштуковы нетранспануючы муз. інструмент. Мае шырокія мензуру і канічны раструб, які ў вузкай частцы злучаны з рассоўным механізмам, што ўключае 2 нерухомыя трубкі (штангі), на якія насоўваецца U-падобная куліса. Рухомае прыстасаванне забяспечвае храматычны гукарад. Існуюць Т. рассоўны (цугтрамбон) і вентыльны. 6 разнавіднасцей — ад сапрана да кантрабаса. У наш час выкарыстоўваюцца тэнаравыя і тэнарава-басовыя, радзей басовыя Т. Ужываецца пераважна як арк. (Т. складае самаст. групу ў традыц. складзе эстр. аркестра «big band», эстр.-сімф.), зрэдку як сольны інструмент.

Продкам Т. лічыцца стараж.-рым. букцына (з сям’і труб). У інш. краінах Еўропы вядомы з 15 ст. Сям’я Т. сфарміравалася ў 16 ст.

На Беларусі Т. вядомы з 18 ст. ў складзе езуіцкіх капэл, з 19 ст. — у аматарскіх аркестрах навуч. устаноў: Гомельская муз. школа (Мацей Красоўскі, Ян Сураж), Мінская мужчынская гімназія (Восіп Шаскольскі), 1-е Мінскае гар. 4-класнае вучылішча (Шыменеў); духавога аркестра Мінскага вольна-пажарнага т-ва, ваен. аркестраў. З пач. 20 ст. пашыраны ў прафес. і аматарскіх аркестрах, ансамблях.

Літ.:

Вилковир Е. Практический курс инструментовки для духового оркестра. М., 1963;

Левин С. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Л., 1973.

А.​Л.​Карацееў.

Трамбон рассоўны.

т. 15, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭІ́ЗМ (ад грэч. theos бог) рэліг. светапогляд, заснаваны на разуменні Бога як трансцэндэнтнага разумнага пачатку, творцы, ахоўніка і ўладара сусвету. Тэрмін «Т.» уведзены ў навуку ў 1743 англ. філосафам Р.​Кедвартам. Т. адрозніваюць ад пантэізму, які адмаўляе трансцэндэнтнасць Бога, і дэізму, паводле якога Бог толькі першастваральнік свету. Да тэістычных веравучэнняў адносяць хрысціянства, іудаізм і іслам. Філас. асэнсаванне Т. звязана з тлумачэннем Бібліі на аснове стараж.-грэч. філасофіі, у прыватнасці, платонаўска-арыстоцелеўскага вучэння пра саматоесную чыстую сутнасць. Асн. рысы Т. — прызнанне прысутнасці ў свеце разумнага Божага ўмяшання, што забяспечвае адпаведнасць існага Божаму прадвызначэнню (гл. Правідэнцыялізм), вера ў перманентную сувязь кожнага чалавека з Богам і ў магчымасць непасрэднага дыялогу паміж імі; акцэнтоўка ўвагі на веры, ступені яе глыбіні і шчырасці («жывая вера» ў каталіцызме, «сардэчная вера» ў праваслаўі), а не на знешніх, рытуальных формах рэлігійнасці. З канца 19 — пач. 20 ст. для эвалюцыі Т. характэрна падкрэсліванне персаналісцкіх аспектаў Т. (гл. Персаналізм), пераасэнсаванне тэістычнай анталогіі (У.​С.​Салаўёў, П.​Тэяр дэ Шардэн, дыялектычная тэалогія, рэліг. экзістэнцыялізм), спробы тлумачэння тэістычных фундаментальных палажэнняў як міфалагічнай мовы (Р.​Бультман), трактоўка эвалюцыі прыроды на аснове тэістычнага правідэнцыялізму (тэістычны эвалюцыянізм).

т. 16, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАЭЛЕКТРО́ННАЯ ЭМІ́СІЯ, Рычардсана эфект,

вылучэнне электронаў нагрэтымі цвёрдымі ці вадкімі целамі (эмітэрамі).

З паверхні цела вылучаюцца толькі тыя электроны, кінетычная энергія якіх дастатковая для пераадолення патэнцыяльнага бар’ера на мяжы цела. Колькасць вылучаных электронаў вызначаецца т-рай эмітэра T і яго работай выхаду WВ. Гал. характарыстыка Т.э. — велічыня шчыльнасці току насычэння j0 пры дадзенай т-ры. Пры адсутнасці знешніх эл. палёў паводле формулы Рычардсана—Дэшмана j0 = A0 ( 1 − r_ ) T2 e −WВ / kT , дзе A0 — пастаянная велічыня (1.204∙10​6 А/м²∙К​−2), k — пастаянная Больцмана, r_ — усярэднены па энергіях каэф. адбіцця электронаў ад паверхні эмітэра ў вакууме. Пры адсутнасці знешняга эл. поля (ці пры малой яго велічыні) электроны, што вылятаюць, утвараюць паблізу паверхні эмітэра адмоўны прасторавы зарад, які абмяжоўвае ток Т.э. З павелічэннем напружанасці знешняга эл. поля прасторавы зарад разыходзіцца і ток дасягае велічыні насычэння; пры далейшым росце напружанасці ток слаба павялічваецца з прычыны Шоткі эфекту.

Пры вял. знешніх эл. палях да току Т.э. дадаецца ток аўтаэлектроннай эмісіі. Т.э. выкарыстоўваецца ў электравакуумных прыладах (катоды) і тэрмаэлектронных генератарах.

Залежнасць шчыльнасці току j тэрмаэлектроннай эмісіі ад напружанасці электрычнага поля V паміж эмітэрам і калектарам дыёда.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 16, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́СНЫЯ ІМЁНЫ,

словы або спалучэнні слоў, што служаць для вылучэння прадмета думкі з раду падобных, яго індывідуалізацыі і ідэнтыфікацыі.

Да У.і. адносяцца: уласныя асабовыя імёны, мянушкі ці побытавыя імёны, якімі мясц. жыхары называюць сваіх суседзяў за характэрныя рысы ў іх абліччы, паводзінах (Мільгу́н, Кашміро́вы, Сту́па); псеўданімы, пад якімі выступаюць пісьменнікі, артысты і інш. У.і. лічацца мянушкі свойскіх жывёл (Бялю́сь, Рагу́ля); тапонімы — назвы населеных пунктаў, рэгіёнаў, адм.-тэр. адзінак (По́лацк, Радашко́вічы, Старо́е Сяло́, Гро́дзеншчына, Белару́сь); геагр. аб’ектаў (А́льпы, Лы́сая гара, Саха́ра, Пале́ская нізі́на, Грэнла́ндыя, Чо́рнае мо́ра, Фі́нскі залі́ў, На́рач, Нёман); астранамічныя назвы (Вене́ра, Вялі́кая Мядзве́дзіца, Мле́чны Шлях); назвы трансп. сродкаў, марак машын («Амкадо́р-Іка́рус», «Аўдзі»), назвы т-ваў, прадпрыемстваў, выдавецтваў (т-ва «Спарта́к», выдавецтва «Белару́ская Энцыклапе́дыя»), назвы органаў друку, твораў л-ры і мастацтва (газ. «Літарату́ра і маста́цтва», час. «По́лымя», раман «На ро́станях», кінафільм «Перамо́га», карціна «Бурлакі на Во́лзе») і інш. У.і. уласціва адназначнасць. Яны найб. дакладна выконваюць функцыю наймення. У.і. вывучаюць анамастыка, антрапаніміка, тапаніміка і інш.

Літ.:

Никонов В.А. Имя и общество. М., 1974;

Жучкевич В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн., 1974;

Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа. Мн., 1990.

М.​Р.​Суднік.

т. 16, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСТРА́ЛАЎ Мікалай Васілевіч (псеўд. П.​Сурмін; 1890—1938),

расійскі паліт. дзеяч, публіцыст; адзін з ідэолагаў «зменавехаўства». Юрыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1913). З 1916 прыват-дацэнт у Маскоўскім і Пермскім (з 1919 праф.) ун-тах. У грамадз. вайну ў 1918—20 старшыня Усх. аддзела ЦК партыі кадэтаў і «Рускага бюро друку», адначасова з 1919 кіраўнік прапагандысцкага апарата ва ўрадзе А.В.Калчака. З 1920 у эміграцыі. У 1920—34 праф. Харбінскага ун-та (Кітай). У 1935 вярнуўся ў СССР; праф. Маскоўскага ін-та інжынераў транспарту. У 1937 арыштаваны, абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Японіі і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1989. У 1920-я г. выступіў у друку з праграмай т.зв. змены вех. Лічыў неабходным прымірэнне рас. эміграцыі з сав. уладай, бо, на яго думку, новая эканамічная палітыка непазбежна вяла да рэстаўрацыі капіталізму ў СССР; спадзяваўся, што з крахам надзей на сусв. рэвалюцыю маладое пакаленне камуністаў «загіне ад мікробаў уласнай спустошанасці», а на змену «утапічнаму камунізму прыйдзе буржуазна-індывідуалістычны эмпірызм». Увёў у навук. зварот тэрмін «нацыянал-бальшавізм», бо бальшавікоў лічыў прыхільнікамі рус. нац. інтарэсаў (спалучалі, на яго думку, марксізм са славянафільствам). Лічыў Пятра I і І.​В.​Сталіна гіст. постацямі, праз якія выяўлялася дзярж. веліч Расіі.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 16, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЯСЛА́Ў ВАСІ́ЛЬКАВІЧ,

князь полацкі, віцебскі і друцкі ў 2-й пал. 12 ст. Сын полацкага кн. Васількі Святаславіча. У летапісах згадваецца з 1161. На думку В.​Я.​Данілевіча, да 1162 У.В. княжыў у Віцебску. У гэты год палачане абралі яго на княжацкі сталец у Полацку замест Рагвалода Барысавіча, які мусіў пакінуць сталіцу і пайсці княжыць у Друцк. Пад 1175 летапісы паведамляюць пра У.В. як пра князя віцебскага, з яго дачкой узяў шлюб уладзіміра-суздальскі кн. Яраполк Расціславіч. Пад 1178 і 1180 У.В. зноў згадваецца як князь полацкі. Пад 1186 паведамляецца, што ён зноў княжыць у Друцку. У.В. нейкім чынам быў звязаны са смаленскім кн. Давыдам Расціславічам, бо ў 1168—67 уступіў яму Віцебск. У 1167 У.В. знайшоў часовы прытулак у Віцебску, ратуючыся ад нечаканага нападу на Полацк гарадзецкага кн. Валадара Глебавіча. У барацьбе за суздальскі сталец У.В. падтрымаў свайго зяця Яраполка Расціславіча, у выніку чаго быў парушаны саюз са Смаленскам, які трымаў бок праціўніка Яраполка.

Літ.:

Данилевич В.Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия. Киев, 1896;

Рапов О.М. Княжеские владения ва Руси в X — первой половине XIII в. М., 1977.

Л.​У.​Калядзінскі.

т. 16, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)