вяро́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

Звітыя, скручаныя ў выглядзе шнура пасмы (пянькі, лёну і пад.). Канапляныя вяроўкі. Увязаць воз вяроўкай.

•••

Біць вяроўкі з каго гл. віць.

Вяроўка плача па кім — пра таго, хто заслугоўвае пакарання.

З ветру вяроўкі віць гл. віць.

Загуляць на вяроўках гл. загуляць.

І на вяроўцы не зацягнеш каго гл. зацягнуць ​1.

Сам на сябе вяроўку суча гл. сукаць.

Цягнуць на вяроўцы каго гл. цягнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

1. Займацца агітацыяй (у 1 знач.). Трэба мець на ўвазе, што ў гэтай выбарчай кампаніі кожнаму агітатару прыйдзецца агітаваць адначасова за некалькіх кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. «Звязда». Самае большае, што маглі зрабіць камсамольцы, гэта агітаваць за таварыства. Крапіва.

2. каго. Разм. Пераконваць у чым‑н., схіляць да чаго‑н.; угаворваць. Астатнія [вучні] аднесліся да гуртка з іроніяй, кпілі, бяскрыўдна жартавалі: кожны агітаваў суседа, а сам не запісваўся. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзінабо́рства, ‑а, н.

Барацьба адзін на адзін паміж двума праціўнікамі; паядынак. Даўней гэта выглядала так. Сустракаліся два варожыя станы. Асілкі скрыжоўвалі зброю, а ворагі тым часам, гледзячы з двух бакоў на адзінаборства, набіраліся злосці, каб рынуцца пасля ў крывавы бой. Брыль. // Барацьба аднаго з некалькімі праціўнікамі адначасова або са стыхіяй. Сама легенда была нескладанай: паводле яе, адзін толькі Страцім-лебедзь адмовіўся ад Ноевага каўчэга, сам уступіўшы ў адзінаборства са стыхіяй патопу. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абцяжа́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; заг. абцяжар; зак., каго-што.

1. Зрабіць цяжкім, вагавітым. Наліліся антонаўкі сокам густым, Абцяжарылі нізкія яблыні. Панчанка. // Выклікаць адчуванне стомленасці. Нават зморанасць, якая абцяжарыла ногі і рукі, была прыемнай. Мележ.

2. перан. Нарабіць многа клопату, непрыемнасці, цяжкасцей. Сотнікаў адчуваў, як проста было ператварыцца з напарніка ў абузу, і найбольш асцерагаўся менавіта таго, хоць і ведаў, што калі здарыцца найгоршае — выйсце для сябе знойдзе сам, не абцяжарыць нікога. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ахво́тнік, ‑а, м.

1. Той, хто мае жаданне заняцца чым‑н., узяцца за якую‑н. справу. Чэмер рад быў бы з кожным пагаварыць,.. але, не знаходзячы ахвотніка, гаварыў сам з сабою. Вітка.

2. да каго‑, чаго‑н., на што і з інф. Той, хто мае цягу, прыхільнасць да каго‑, чаго‑н.; аматар чаго‑н. На вяселле да Жагулы з’ехаліся ўсе, каму быць належала. Народ усё шляхтаваты, на чужую пачостку сквапны, да банкетаў вялікі ахвотнік... Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

балбату́н, ‑а, м.

Разм.

1. Той, хто занадта многа гаворыць. — От балбатун! — адказвае маці. — Памаўчы хоць хвілінку. Гарбук. // Чалавек, які толькі абяцае, а нічога не робіць; пустаслоў. Ды і сам Барыс выглядаў бы салідна, а не звычайным балбатуном, што абяцае на сотню, а не робіць і на грош. Курто.

2. Выдумшчык, пляткар. Сход ведае .. [солтыса] як аблупленага, і не верыць яму ні на грош, таму дружным выбухам кпінаў прымушае змоўкнуць балбатуна. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

біягра́фія, ‑і, ж.

Апісанне жыцця і дзейнасці каго‑н. Біяграфія пісьменніка. □ Калі ж што і чытаў Шалюта сам, дык гэта былі перш за ўсё біяграфіі выдатных людзей. Дуброўскі. // Чыё‑н. жыццё. [Гарлахвацкі Мікіту Сымонавічу:] А вы каму-небудзь расказвалі.. сваю біяграфію? Крапіва. Ад лірычных успамінаў аб .. шчаслівым даваенным жыцці.. [Сярдзюк] пераходзіць да цікавейшых выпадкаў сваёй багатай пагранічнай біяграфіі. Брыль. // перан. Гісторыя якіх‑н. прадметаў і пад. Паселішчы, як і людзі, без біяграфіі не маюць свайго аблічча. Скрыган.

[Ад грэч. bíos — жыццё і graphō — пішу.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́мятаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і памята́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што, пра каго-што, аб кім-чым і з дадан. сказам.

Тое, што і помніць. [Волечка:] — Маці я свае не памятаю, яна даўно памерла. Чорны. Ніхто не памятае, з якіх часоў утварылася.. [балота] тут. Колас. — Трэба, каб гэтую казку заўсёды памяталі нашы дзеці і ўнукі, каб яны мацней любілі і бераглі тое, што ёсць у іх, — нібы гаворачы сам з сабою, пачаў Рыгор Васільевіч. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папе́радзе,

1. прысл. На некаторай адлегласці перад кім‑, чым‑н. Ірына ішла паперадзе. Чорны. Тарыел, ідучы паперадзе, на кожным кроку чуў, як спатыкаюцца людзі. Самуйлёнак.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паперадзе» вырашае прасторавыя адносіны: паказвае на становішча перад кім‑, чым‑н. Ідзе войска, сцягі ўюцца, Кроў бурліцца ў жылах, А паперадзе ўсіх едзе Сам Клім Варашылаў. Купала. За паўвярсты паперадзе фурманкі ішоў па лесе Максім Ус з наганам і гранатай. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пафарбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., што.

1. Пакрыць або насыціць фарбай ці іншым фарбавальным рэчывам. [Зыбін:] — Пабялілі наш дом, сам бачыў. Падлогу пафарбуюць, — тыдзень, другі і, калі ласка: уваходзь, гаспадыня!.. Мележ. [Гэлька] адрэзала метровай даўжыні кавалак палатна, пафарбавала пад колер летняга ранішняга неба. Сташэўскі.

2. Надаць чаму‑н. які‑н. колер. Пафарбавала восень пазалотай Над возерам заспаныя лясы. Астрэйка. Сорам пафарбаваў у чырвонае Любіны шчокі. Мурашка. За вокнамі ўжо чырвоным заравам пафарбавала сонца небакрай. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)