скме́ціць, скмечу, скмеціш, скмеціць; зак., каго-што або з дадан. сказам.

Абл. Прыкмеціць, заўважыць. Цётка Паўліна такі скмеціла, як перакідваліся позіркамі старшыня з Зосяю. Сабаленка. Пайсці на рыбу — значыць кінуць без нагляду лес, а нехта адразу скмеціць, што ляснік на Нёмане боўтаецца, і дасць волю сякеры. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сплаўля́цца 1, ‑яецца; незак.

1. Незак. да сплавіцца.

2. Зал. да сплаўляць ​1.

сплаўля́цца 2, ‑яецца; незак.

1. Перамяшчацца, адпраўляцца ўплынь па цячэнню ракі. Рэчка запаведная, лес не сплаўляецца, рыбу лавіць забаронена, дык няхай яна сабе цячэ, як хоча. В. Вольскі.

2. Зал. да сплаўляць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шапаткі́, ‑ая, ‑ое.

Разм. Які шапаціць, шамаціць. Бывайце, грушы шапаткія, вербы ціхія, маладыя, вольныя вечары! Мележ. Нерухома стаяў густы амярцвелы лес, шчыльна прытуліўшы верхавіны да верхавін, пераплёўшы галіны, акрыўшыся белымі шатамі крохкай, шапаткой шэрані. Колас. У густым хвойніку гарнуліся адна да аднае дзве шапаткія рабіны. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАЛОТАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С, забалочванне,

прыродна-ландшафтны або антрапагенны працэс утварэння балотаў. Адрозніваюць два тыпы балотаўтваральнага працэсу: забалочванне сушы і затарфаванне вадаёмаў.

На сушы развіваецца пры залішнім увільгатненні глебаў, калі ападкі пераважаюць над выпарэннем, або пры падняцці ўзроўню грунтавых водаў (павышэнне базіса эрозіі, збудаванне плацін і інш.). Ператварэнне вадаёмаў у балота адбываецца ў выніку зарастання азёраў, старыц, сажалак прыбярэжнымі раслінамі (хвошч, чарот, трыснёг, асака) і ўтварэння сплавіны з плаваючых раслін (раска, водныя папараці і інш.). На сплавіне растуць шабельнік балотны, бабок, некаторыя асокі, імхі і інш. торфаўтваральнікі. Узнікае нізіннае балота, якое з часам можа трансфармавацца ў пераходнае і вярховае. Балотаўтваральны працэс у мінулым ахопліваў вял. прасторы на тэр. Беларусі, асабліва на Палессі.

Да арт. Балотаўтваральны працэс. Утварэнне балота на месцы вадаёма: А — адкрытая водная прастора; Б — прыбярэжна-водная расліннасць; В — асаковае нізіннае балота; Г — хваёвы лес на сфагнавым балоце.

т. 2, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНЫ́Я ПАЖА́РЫ (Узнікаюць па віне насельніцтва) (да 90%),

у выніку с.-г. і лесагасп. работ, забруджвання лесу, самаўзгарання торфу, ад маланак і інш. Асабліва схільныя да Л.п. хвойныя насаджэнні. Адрозніваюць Л.п. нізавыя (найчасцейшыя), верхавыя, падземныя (тарфяныя); нізавыя і верхавыя бываюць беглыя і ўстойлівыя, тарфяныя — устойлівыя. Прычыняюць вял. страты нар. гаспадарцы; разбураюць або аслабляюць лясныя біяцэнозы, спыняюць аднаўленне лесу, садзейнічаюць забалочванню, глебавай эрозіі, пашырэнню шкодных насякомых, дрэваразбуральных грыбоў; пагаршаюць уласцівасці глебы, склад, ахоўныя, сан.-гігіенічныя, рэкрэацыйныя функцыі лясоў. Для прадухілення Л.п. лес ачышчаюць, ствараюць проціпажарныя лясныя палосы і разрывы, праводзяць проціпажарную прапаганду. На Беларусі ў 1990-я г. рэгістравалася ад 0,9 да 8,1 тыс. Л.п. за год на пл. ад 0,3 да 26 тыс. га.

Літ.:

Чулюков В.И., Чайков М.А. Торфяные пожары и меры борьбы с ними., 1969;

Белов С.В. Лесная пирология. Л., 1982.

П.І.Лабанок.

т. 9, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІШЭ́ЎСКІ (Альгерд Адамавіч) (8.9. 1922, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 22.11.1989),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Скончыў Харкаўскі маст. ін-т (1952). У 1953—81 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу: карціне, партрэце, пейзажы, нацюрморце. Творы, прысвечаныя Вял. Айч. вайне і сучаснасці, прыгажосці бел. зямлі, вылучаюцца колеравай насычанасцю, экспрэсіўнасцю вобразаў, пошукамі выразных жывапісна-пластычных сродкаў. Аўтар карцін «Мы вернемся» (1965), «Маці» (1968), «Салдаты — сыны Радзімы», «Клятва» (абедзве 1970), «Маці. Пратэст вайне» (1970—80), «Хатынь» (1971), «Урачы» (1976), «Вясна ў Чыжоўцы» (1978); партрэтаў В.Прыступчыка (1960), С.Секача (1970), «Хірург. Пасля аперацыі» (1971), «Анколагі» (1972), А.Кашкурэвіча, Г.Лісоўскай (абодва 1973), М.Мельячэнкі (1975), Г.Дарашкевіч (1984); пейзажаў «Міншчына» (1959), «Вясна» (1962), «Лес партызанскі», «Нарач. Цішыня» (абодва 1976); нацюрмортаў «Бэз» (1969), «Рускія падносы» (1972), «Ка́лы» (1974) і інш.

Б.А.Крэпак.

А.Малішэўскі. Мы вернемся. 1965.

т. 10, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

запрэ́тнік Запаведны лес, запаведнік (Арш.).

запрэтнік Камароўшчына (лес) каля в. Бабінавічы Арш.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Галава́ч. У бел. мове гэта слова мае некалькі значэнняў: ’раскідзістае дрэва на адкрытым месцы’ (Сцяшк. МГ), ’вялікая сасна на полі; векавы лес’ (Яшкін), ’апалонік (паўзуны)’ (Сцяшк. МГ, Шатал., Жд. 3), ’галавень’ (Жд. 2). Таксама шмат вытворных з такой суфіксацыяй і рознымі значэннямі і ў іншых слав. мовах (падрабязны агляд матэрыялу дае Трубачоў, Эт. сл., 7, 7, але бел. мова прадстаўлена толькі прыкладам на ’апалонік’ з Жд. 3). Прасл. фармацыя *golvačь (ад *golva ’галава’ + суф. ‑(a)č‑ь). У аснове назвы ляжыць прыкмета ’вялікай галавы’ (сюды ’апалонік’ і ’галавень’). Далей метафарызацыяй узнікае ’раскідзістае дрэва’ (’з вялікай кронай’), ’вялікая сасна’ і, урэшце, ’векавы лес’. Можна ставіць пытанне: ці ўсе слав. словы, якія прыводзіць Трубачоў пад праформай *golvačь, праславянскага паходжання? Даная словаўтваральная мадэль ва ўсе часы была прадуктыўнай (і ў перыяд самастойнага існавання асобных слав. моў). Так што лепш гаварыць пра словаўтваральную мадэль *golvačь праславянскага характару.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

незвыча́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вылучаецца сярод іншых; выключны. Незвычайная навіна. Незвычайны чалавек. □ Незвычайная падзея настолькі ўразіла Івана Новіка, што ён і сёння расказвае аб гэтым з радасным здзіўленнем. Дадзіёмаў. // Дзівосны, неверагодны. Гэты невялічкі куток ператварыўся ў маёй дзіцячай фантазіі ў казачны лес з незвычайнымі істотамі. Бядуля. // Вельмі моцны па сіле праяўлення; надзвычайны. Незвычайная краса. □ Кожны прыезд дачкі быў для Аляксандры Пятроўны незвычайным шчасцем. Каршукоў.

2. Не такі, як звычайна, як заўсёды; асаблівы. Сход адбыўся праз два дні. Гэта быў крыху незвычайны сход. Шахавец.

3. Такі, да якога яшчэ не прывыклі; непрывычны. Незвычайныя абставіны. □ [Сык] першы раз завітаў у лес, і ўсё тут яму незвычайнае, невядомае. Кандрусевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хво́я, ‑і, ж.

1. Вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых з высокім прамым ствалом і доўгай ігліцай; сасна. Люблю я лес, адвечны бор, Дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі. Колас. Стромкія хвоі ўзнімалі свае вяршыні над лесам, нібы яны сябравалі з Вялікай Мядзведзіцай. Краўчанка.

2. зб. Абл. Ігліца. Крайнія хаты стаялі амаль пад самымі соснамі, так што шышкі і хвоя заляталі ў двары. Шамякін. // Пра пах ігліцы. Пахла хвояй. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху, па пнях. Бядуля.

3. Галінка хвойнага дрэва. Чырвань, хвоя на дамах, Лозунгі, вядома. Броўка. // Хваёвы лес; сасняк. Зялёны ранак сонечнай нядзелі Не можа радасць цішыні ўтаіць. Відаць, субота добра пагудзела, Калі ў хвоях шум яшчэ стаіць. Чэрня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)