ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ШКО́ЛА, юрыдычная школа,
адзін з гал. кірункаў у рас. гістарыяграфіі ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. Пачала складвацца ў 1840-я г. Асн. ідэі распрацаваны К.Дз.Кавеліным, С.М.Салаўёвым, Б.М.Чычэрыным, развіты В.І.Сергеевічам, П.М.Мілюковым, А.С.Лапа-Данілеўскім. М.М.Багаслоўскім, А.А.Кізеветэрам, С.Ф.Платонавым, М.А.Дзяканавым і інш., а таксама ў ранніх працах Ю.У.Гацье, С.У.Бахрушына, Б.Дз.Грэкава. Прадстаўнікі школы лічылі дзяржаву і яе дзейнасць асн. рухаючай сілай гіст. працэсу (адсюль назва), аддавалі значную ўвагу гісторыі рас. права, асабліва прыгоннага (адсюль другая назва), проціпастаўлялі гісторыю Расіі гісторыі краін Зах. Еўропы.
Літ.:
Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. [2 изд.]. М., 1993. С. 419—433, 564—602.
т. 6, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́РСКІ (Іосіф Львовіч) (17.12.1911, Мінск — 7.12.1964),
бел. тэатр. дзеяч і драматург. Засл. дз. маст. Беларусі (1961). Скончыў курсы кінасцэнарыстаў у Мінску (1930). Працаваў на кінафабрыцы «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе (1931—33). З 1935 заг. літ. часткі БДТ-2 (т-р імя Я.Коласа). З 1948 дырэктар гэтага т-ра. З 1961 дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм». Літ. дзейнасць пачаў у 1930. Аўтар драмы «Цэнтральны ход» (1948) і лірычнай камедыі «Алазанская даліна» (1949; абедзве з К.Губарэвічам, пастаўлены ў т-ры імя Я.Коласа), п’есы «Права на шчасце» (пастаўлена ў т-ры імя Я.Коласа і ў драм. т-ры ў г. Вялікія Лукі), нарысаў, артыкулаў па праблемах тэатр. мастацтва.
т. 6, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛМА́ТАЎ (сапр. Лучыч Васіль Панцеляймонавіч; 1852, вобл. Далмацыя, Югаславія — 27.2.1912),
рускі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у Адэсе. У 1873—76 у Маск. агульнадаступным т-ры, у 1880—84 у маскоўскіх т-рах Пушкінскім і Ф.Корша, у 1884—94 і з 1901 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). Яго мастацтва вызначалася высокай культурай, філіграннай дакладнасцю, уменнем ствараць тыповыя вобразы. Сярод роляў: Гамлет, Макбет, кароль Лір (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Іаан («Смерць Іаана Грознага» А.К.Талстога), Агішын («Жаніцьба Бялугіна» А.Астроўскага і М.Салаўёва), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Ракіцін, граф Любін («Месяц у вёсцы», «Правінцыялка» І.Тургенева). Аўтар п’ес, фельетонаў, апавяданняў і аповесцей з тэатр. жыцця.
т. 6, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТАЛА́МУС (ад гіпа... + таламус),
гіпаталамічная вобласць, аддзел прамежкавага мозга, які ўтварае дно і сценкі трэцяга мазгавога жалудачка.
Размешчаны ніжэй таламуса. Тонкай ножкай злучаецца з гіпофізам. Складаецца з ядраў — адасобленых скопішчаў нерв. клетак. Ад іх ідуць нерв. шляхі ў розныя аддзелы мозга. Гіпаталамус — найвышэйшы цэнтр вегетатыўнай нервовай сістэмы. Удзельнічае ў рэгуляцыі бялковага, вугляводнага, тлушчавага і водна-салявога абмену. Рэгулюе дзейнасць сэрца, крывяносных сасудаў, ціск крыві, тэмпературны баланс, уплывае на вонкавае выяўленне эмоцый у жывёл і чалавека. Пашкоджанні гіпаталамуса бываюць пры вострых інфекцыях, інтаксікацыях, чэрапна-мазгавых траўмах і інш.
Літ.:
Гращенков Н.И. Гипоталамус, его роль в физиологии и патологии. М., 1964.
Г.Г.Шанько.
т. 5, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ КАМІТЭ́Т ДЭЛЕГА́ТАЎ, Камітэт саюза чыгуначнікаў Гомельскага раёна,
стачачны к-т, які кіраваў рэв. барацьбой працоўных Гомеля ў час Снежаньскага паўстання 1905. Дзейнічаў з 21.12.1905 па 1.1.1906. Утвораны на мітынгу рабочых і служачых Лібава-Роменскай чыг., дэпо і ст. Гомель-Палескі ў час усеаг. забастоўкі. Стварыў баявую дружыну, скінуў мясц. ўладу, кантраляваў працу чыг. тэлеграфа. Узяў на сябе ахову грамадскага парадку, абарону насельніцтва ад чарнасоценцаў. Устанавіў цесныя сувязі з забастовачным к-там ст. Жлобін. Заклікаў да забастоўкі ўсе чыг. станцыі, у выніку якой быў спынены рух на Палескай і Лібава-Роменскай чыг. 11 дзён трымаў пад кантролем горад і чыг. вузел. Спыніў дзейнасць пасля падаўлення забастоўкі.
т. 5, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРААЎКСІ́Н, індалілвоцатная кіслата,
C10H9NO2, хімічнае рэчыва высокай фізіял. актыўнасці з групы гармонаў росту (аўксінаў). Ёсць у мачы і сліне жывёл, бактэрыях, грыбах, водарасцях і вышэйшых раслінах. Вылучаны ў 1934 з культуры плесневых грыбоў і інш. мікраарганізмаў галандскім хімікам Ф.Кёглем. Уздзейнічае на роставыя працэсы парасткаў, лісця, укаранення чаранкоў, узмацняе размнажэнне клетак у калусах, у спалучэнні з цытакінінамі стымулюе дыферэнцыяцыю клетак. Механізм уздзеяння гетэрааўксіна на клеткі звязваюць з актывацыяй H± выпампоўвальнага механізма ў плазмалеме, на дзейнасць рыбасом і ядра, узмацненне сакрэцыі кіслых гідралаз. Утвараецца ў верхавінкавых мерыстэмах сцябла. Фізіялагічна актыўны ў канцэнтрацыях 10−3 — 10−8 М. Гетэрааўксін — адзіны з аўксінаў, які атрымліваюць сінтэзам.
т. 5, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖАЛЕ́ЗНАЯ ГВА́РДЫЯ»
(«Garda de fier»),
фашысцкі рух у Румыніі ў 1930—44. Узнікла на базе нацыяналіст., хрысц.-містычнай і антысеміцкай арг-цыі «Легіён Міхаіла Архангела» (засн. ў 1927) на чале з К.Кадрану. Прапагандавала ідэі нац. выключнасці румынаў, ліквідацыі сац. несправядлівасці, узмацнення пазіцый сялянства і інш. За тэрарыст. дзейнасць (у т. л. забойства прэм’ер-міністра І.Г.Дукі) у 1934 забаронена, у 1935 адноўлена як партыя «Усё для айчыны», у 1938 зноў забаронена. У 1940 як «Рух легіянераў» (лідэры Х.Сіма і інш.) удзельнічала ў фарміраванні ўрада ген. І.Антанеску. Канчаткова забаронена пасля вызвалення Румыніі ў 1944.
Н.П.Ракіцкая.
т. 6, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭМ’Е́ (Gémier; сапр. Танер; Tonnerre) Фірмэн
(21.2.1869, г. Абервілье, Францыя — 26.11.1933),
французскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Вучыўся ў прыватнай драм. студыі. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1888. З 1892 іграў у розных т-рах Парыжа. У 1906—21 узначальваў Тэатр Антуана, у 1920—33 — створаны ім Нац. нар. т-р. Лічыў грамадскім прызначэннем тэатр. мастацтва служэнне народу, шукаў новыя формы тэатр. паказаў, імкнуўся спалучаць тэатральнасць з жыццёвай праўдай. Валодаў віртуознай сцэн. тэхнікай, майстар грыму. З лепшых роляў: Убю («Кароль Убю» А.Жары), Шэйлак («Венецыянскі купец» У.Шэкспіра), Філіп Брыдо («Драпежніца» Э.Фабра паводле А.Бальзака). З 1908 здымаўся ў кіно і ставіў фільмы.
т. 6, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗА СВАБО́ДНУЮ БЕЛАРУ́СЬ»,
франтавая газета. Выдавалася з 18 сак. да ліст. 1942 на бел. мове палітупраўленнем Калінінскага фронту пры ўдзеле ЦК КП(б)Б. Рэдактар І.Д.Гурскі. Была разлічана на жыхароў акупіраванай тэр. рэспублікі і бел. партызан. Інфармавала пра падзеі на франтах і ў сав. тыле, пра партыз. барацьбу, злачынствы ворага. Змяшчала артыкулы пра герояў вайны, творы Я.Коласа, П.Броўкі, П.Глебкі, К.Губарэвіча, К.Крапівы, П.Панчанкі, М.Танка, а таксама рус. пісьменнікаў У.Вішнеўскага, А.Суркова, М.Ціханава, І.Эрэнбурга і інш. Друкавала паведамленні пра дзейнасць навук. устаноў і творчых аб’яднанняў Беларусі ў сав. тыле. Выдавала сатыр. лісток «Партызанская дубінка».
М.Ф.Шумейка.
т. 6, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЛКІНД (Леанід Самойлавіч) (1861, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 17.9.1929),
удзельнік рэв.-народніцкага руху. Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі. У 1880 далучыўся да «Народнай волі». З 1881 студэнт Кіеўскага ун-та, адзін з арганізатараў «Камуны магілёўцаў». У 1882 у нарадавольскай групе А.Бычкова (гл. ў арт. Бычковы), удзельнічаў у аднаўленні разгромленай нарадавольскай арг-цыі Кіева. У 1882 і 1883 арыштаваны, у 1884 высланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір, дзе збіраў матэрыялы пра жыццё і дзейнасць дзекабрыстаў у ссылцы. З 1889 у Краменчугу, пасля 1917 у Маскве, заг. б-кі Політэхн. музея. Аўтар успамінаў пра народніцкі рух і яго дзеячаў.
М.Б.Ласінскі.
т. 6, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)