Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
БЕРАГАВА́Я ЛІ́НІЯ,
лінія перасячэння паверхні мора або возера з паверхняй сушы. З’яўляецца мяжой дадзенага вадаёма. Умоўнае паняцце: узровень вады многіх вадаёмаў непастаянны, рэальная Б.л. няспынна змяняецца, таму за паказчык берагавой лініі прымаюць сярэдняе шматгадовае становішча ўзроўню вадаёма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГЕНЕРА́ТАР,
цеплаабменнік для атрымання вадзяной пары з ціскам, вышэйшым за атмасферны, шляхам нагрэву вады цепланосьбітам, які паступае ад ядз. рэактара. Выкарыстоўваецца на атамнай электрастанцыі з вода-вадзянымі энергет. рэактарамі і інш. Раней П. наз.паравы кацёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАСНЯ́ЛЬНІК,
тэхнічная сістэма для апраснення вады. Дыстыляцыйныя апрасняльнікі — найб. пашыраныя, бываюць адна- і многаступеньчатыя. У апошніх награванне і выпарэнне вады ў 1-й ступені робіцца парай, якая паступае з парагенератара, а кожная наступная ступень абаграваецца «другаснай» парай, што ўтвараецца ў папярэдняй ступені. Кандэнсат пары, якая абагравае 1-ю ступень, вяртаецца ў кацёл, а кандэнсат, што ўтвараецца ў астатніх ступенях, падаецца спажыўцам. У многаступеньчатых апрасняльніках з імгненным закіпаннем салёная вада паслядоўна паступае ў камеры з паніжаным ціскам, дзе часткова выпараецца; кандэнсат збіраецца ў паддоне. Існуюць таксама апрасняльнікі, у якіх выкарыстоўваюць метады электролізу, гіперфільтрацыі, вымарожвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗЗВАРО́ТНАЕ ВОДАСПАЖЫВА́ННЕ,
у вузкім сэнсе — забор водаў без вяртання іх у натуральныя крыніцы водаспажывання; у шырокім сэнсе — спажыванне вады з воднага аб’екта або сістэмы водазабеспячэння, пры якім частка яе страчваецца. Беззваротныя страты вады ў быт. мэтах, сельскай гаспадарцы, прам-сці падзяляюцца на неабходныя (напр., уваходзяць у склад прадукту: пры вырабе буд. матэрыялаў для прыгатавання рабочых раствораў, у гальванічных і электролізных ваннах у металургіі) і неапраўданыя (уцечка ў трубаправодах, каналах, натуральнае выпарэнне з паверхні сажалак-ахаладжальнікаў, адстойнікаў, вадасховішчаў). Некантралюемае беззваротнае водаспажыванне вядзе да абмялення і вычарпання вадаёмаў, з якіх забіраюць ваду, зменьвае іх біятычныя ўмовы. Пры замкнёным цыкле водаспажывання і безадходных тэхналогіях беззваротнае водаспажыванне не аказвае адмоўнага ўздзеяння на стан водных крыніц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТО́ННЫЯ ВЫ́РАБЫ І КАНСТРУ́КЦЫІ,
будаўнічыя вырабы і канструкцыі з бетону. З-за недастатковай трываласці на расцягванне выкарыстоўваюцца ў асноўным у частках будынкаў і збудаванняў, дзе пераважаюць намаганні сціскання, напр., сценавыя камяні і блокі, фундаментныя блокі, слупы, тратуарныя пліты і інш.; таксама пры ўзвядзенні масіўных збудаванняў (плацін, падпорных сцен, маставых апор). Для збудаванняў, дзе неабходна ўспрымаць намаганні расцягвання, бетонныя вырабы і канструкцыі ўзмацняюць стальной і інш.арматурай (гл.Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі).
Фармуюць вырабы і ўшчыльняюць бетонную сумесь вібрыраваннем (сумесь з адносна малой колькасцю вады), цэнтрыфугаваннем (вытв-сць жалезабетонных труб), вібравакуумаваннем (сумесь з адносна вял. колькасцю вады), вібрапрасаваннем (танкасценныя канструкцыі). Даўгавечныя, вогнеўстойлівыя, эканамічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯІНДЫКА́ТАРЫ (ад бія... + індыкатары),
віды, групы відаў або згуртаванні жывых арганізмаў, прысутнасць, колькасць або асаблівасці развіцця якіх сведчаць аб пэўнай накіраванасці і параметрах прыродных працэсаў, умоў або антрапагенных змен навакольнага асяроддзя. Многія арганізмы вельмі адчувальныя і выбіральныя ў адносінах да розных фактараў асяроддзя пражывання (хім. складу глебы, вады, атмасферы, кліматычных і пагодных фактараў, прысутнасці інш. арганізмаў і г.д.) і могуць існаваць толькі ў вызначаных, часта вузкіх межах змянення гэтых фактараў. Прысутнасць, напр., у вадаёме малашчацінкавых чарвей роду Tubifex, вусеняў двухкрылых насякомых роду Chironomus, Eristalis і інш. сведчыць пра пэўную ступень забруджанасці вады, бакаплаваў роду Gammarus, водарасцяў роду Fontinalis, фарэлі, харыуса і інш. — пра яе чысціню. Гл. таксама Сапробнасць, Таксобнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕРАФІ́ТЫ [ад грэч. xēros сухі + ...фіт(ы)],
расліны засушлівых мясцін, здольныя з дапамогай некат. прыстасаванняў (гл.Ксерамарфізм) пераносіць перагрэў і абязводжванне. Сукуленты маюць мясістае лісце, паверхневую каранёвую сістэму, утрымліваюць у клетках значную колькасць звязанай вады (напр., алоэ, кактусы, скочкі, расходнік і інш.). У геміксерафітаў добра развіта каранёвая сістэма, якая дасягае грунтавых вод, інтэнсіўныя транспірацыя і абмен рэчываў (вярблюджая калючка, шалфей і інш.). Эўксерафіты — апушаныя расліны з нізкаінтэнсіўным абменам рэчываў, маюць неглыбокую (50—60 см) каранёвую сістэму (калматка палявая, некат. віды палыну, цмен пясчаны і інш.). Пайкілаксерафіты пры значным абязводжванні пераходзяць у анабіёз, маюць у сабе 2—5% вады, але арганізацыя клеткі не парушаецца ў выніку захоўвання энергет. паўнацэннасці дыхання (некат. мхі, лішайнікі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́СТ,
вадасховішча ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Пагост-Загародскі. Утворана на месцы большай ч.Пагосцкага возера і прылеглых да яго зямель Пл. 16,2 км², даўж. 6,1 км, найб.шыр. 4,1 км, найб.глыб. 9,9 м, аб’ём вады 54,48 млн.м³. Былое возера абгароджана дамбай-плацінай даўж. 16,2 км, для рэгулявання аб’ёму вады ў плаціне ёсць вадавыпуск. П. напаўняецца вадой з р. Бобрык 1-ы па падвадным канале (даўж. 8,5 км) пры дапамозе шлюзаў-рэгулятараў. Берагі спадзістыя, дно вадасховішча пясчанае. Замярзае ў сярэдзіне ліст.—пач. студзеня. Таўшчыня лёду 40—60 см. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 2—3 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі. Месца для адпачынку, лоўлі рыбы.