дыслацы́равацца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак. і незак.

1. Размясціцца (размяшчацца) у пэўным месцы. З корпуса, які дыслацыраваўся ў Віцебску і лічыўся адным, з надзейных, прыйшла тэлеграма. Гурскі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрушыцца (зрушвацца) (аб пластах зямной кары).

3. толькі незак. Зал. да дыслацыраваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жы́тнішча, ‑а, н.

1. Поле, з якога сабралі жыта або на якім папярэдняй культурай было жыта. — Дзе-нідзе [жыта] прыйдзецца па жытнішчы сеяць, каб усё ў адным кавалку было. Шахавец.

2. Іржышча на жытнім полі. Зямля паблісквала вузкімі паскамі вады ў разорах ды шчацінілася леташнім жытнішчам. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старшы́нстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.

Знаходзіцца на пасадзе старшыні, выконваць функцыі старшыні. Старшынстваваў Якім у адным калгасе ў суседнім раёне. Корбан. Сеў старшынстваваў, кіраваць сходам таварыш Грамовіч. Шынклер. / у паэт. ужыв. Старшынствуе маё пакаленне — Не адзін аднакашнік мой Сёння ўладна трымае ў жмені Ніць пазіцыі ключавой. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шко́льнік, ‑а, м.

Вучань пачатковай ці сярэдняй школы. Школьнікі, а з імі і меншыя хлопцы паскідалі шапкі і, адзін перад адным, як гусі, загаманілі: «Дзень добры! Дзень добры!..» Брыль. Паглядзіце, як свежымі ранкамі, Калі ўмытыя ліпы расой, Нашы школьнікі з поўнымі ранцамі Прабягаюць вясёлай гурмой. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АРКТЫ́ЧНЫ ФРОНТ,

лінія падзелу паміж арктычным паветрам і паветрам умераных шырот (палярным паветрам), паўд. мяжа арктычнай паветранай масы. Фарміруецца ў Арктыцы на Пн ад Еўропы і Паўн. Амерыкі паміж 60° і 75° паўн. ш. У залежнасці ад напрамку руху арктычнага фронту на адным з участкаў можа быць цёплым, на другім халодным, з ім звязана інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць. На тэр. Беларусі прыходзіць з ПнЗ (з Атлантычнага сектара Арктыкі), радзей — з Пн і ПнУ. На клімат Беларусі найб. уплываюць халодныя ўчасткі арктычнага фронту, якія выклікаюць ападкі, паўн. вятры, паніжэнне т-ры паветра, зімой — мяцеліцы. За год пад уплывам халоднага арктычнага фронту ў сярэднім бывае 21—24 дні.

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́СА АСТЫНА́ТА (італьян. basso ostinato літар. нязменны бас),

адна з варыяцыйных формаў у музыцы, заснаваная на шматразовым паўтарэнні ў басовым (ніжнім) голасе нязменнай мелодыка-рытмічнай фігуры-тэмы пры гарманічным і поліфанічным развіцці ў верхніх галасах, якія пастаянна абнаўляюцца. Форма баса астынаты служыць стварэнню адзінага муз. вобраза, увасабленню адзінага настрою. Выкарыстоўваўся ў арыях і харах 17—18 ст. як ніжні голас суправаджэння (Г.​Пёрсел, І.​С.​Бах), у інстр. формах тыпу пасакаллі і чаконы. У музыцы 19—20 ст. астынатнасць выйшла за рамкі баса астынаты і стала адным з асн. формаўтваральных прынцыпаў муз. мовы (Дз.​Шастаковіч, І.​Стравінскі, П.​Хіндэміт і інш.).

т. 2, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЙЦАЎ (Іван Раманавіч) (27.1.1870, в. Забялышын Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 4.1.1947),

рускі і бел. матэматык. Праф. (1924). Д-р фіз.-матэм. н. (1935). Брат Я.Брайцава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1896), працаваў у ім. З 1900 у Варшаўскім, з 1916 у Ніжагародскім політэхн. ін-тах, з 1918 у Ніжагародскім ун-це. Адзін з арганізатараў БДУ, складальнік праекта вучэбнага плана для фіз.-матэм. ф-та (1921). Навук. працы па тэорыі аналітычных функцый і функцыянальных ураўненняў.

Тв.:

Изыскание особых точек функции, определяемой рядом Тейлора. М., 1907;

Аб адным спосабе прадстаўлення функцыі, дэфініраванай радам Дырыхле // Зб. прац Фізікаматэм. ін-та БАН. Мн., 1935. Т. 2.

А.​А.​Гусак.

т. 3, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУ́СНЕВА ГРУ́ПА,

адна з першых с.-д. арг-цый у Расіі. Утворана ў 1889 у Пецярбургу ў выніку аб’яднання рэв. студэнцкіх і рабочых гурткоў. Наз. «Цэнтральны рабочы камітэт», «Рабочы саюз», пазней па імю кіраўніка групы М.​І.​Бруснева. Займалася прапагандай марксізму сярод рабочых. Кіравалася праграмай групы «Вызваленне працы». Мела сувязі з рэв. гурткамі многіх гарадоў, у т. л. Гродна і Вільні, якія дапамагалі ёй набываць л-ру для паліт. прапаганды. Адным з яе кіраўнікоў быў ураджэнец Ліды М.В.Алюшкевіч. У час сходкі 3.6.1893 арыштаваны кіраўнікі і частка членаў групы. Следства па справе Бруснева групы працягвалася каля 2 гадоў. Большасць прапагандыстаў была рэпрэсіравана.

т. 3, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКА-РА́ДАМСКАЯ У́НІЯ 1401,

дзяржаўны і паліт, саюз ВКЛ і Польшчы. Дакумент пра заключэнне уніі быў падпісаны князямі і панамі ВКЛ 18.1.1401 у Вільні, у Польшчы — 11 сак. ў Радаме. Паводле пагаднення абедзве дзяржавы павінны былі дзейнічаць разам супраць знешніх ворагаў, польскія феадалы абавязваліся ў выпадку смерці Ягайлы не выбіраць караля без згоды феадалаў ВКЛ, пацвярджаліся правы вял. князя ВКЛ Вітаўта на самаст. кіраванне, але таксама прызнаваліся спадчынныя правы Ягайлы, які ў акце уніі названы найвышэйшым князем літоўскім. Уніяй быў юрыдычна замацаваны саюз дзяржаў у барацьбе з ням. агрэсіяй. Адным з вынікаў уніі стала перамога ў Грунвальдскай бітве 1410.

І.​А.​Юхо.

т. 4, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТВЕ́РЖЫЧЫ,

бескурганны могільнік і 2 селішчы зарубінецкай культуры, курганны могільнік 10—11 ст. каля в. Атвержычы Столінскага р-на Брэсцкай вобласці. Даследавалі ў 1950—60-я г. Ю.​У.​Кухарэнка і К.​В.​Каспарава. На бескурганным могільніку ўскрыта 97 пахаванняў з трупаспаленнем у авальных або круглых ямах (1 ст. да нашай эры — 1 ст. нашай эры). Знойдзена шмат ляпнога посуду, металічныя фібулы, буйныя шпількі, трапецападобныя падвескі, бранзалеты, скураны пояс, упрыгожаны бронзавымі пласцінамі і бляшкамі, і інш. На адным з селішчаў раскапана паўзямлянка памерам 4,8×3 м, заглыбленая ў зямлю на 0,7 м, з рэшткамі глінабітнай печы дыям. 0,65 м.

Бронзавыя шпілька і фібулы з бескурганнага могільніка Атвержычы.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)