РА́ДАМЛЬСКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—17 ст. паміж вёскамі Радамля і Аляксандраўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.Археал. даследаванні даюць падставу меркаваць, што ў замку было не менш як 4 вежы: уязная вежа-брама, баявая вежа на грэбенепадобным вале з Пн, 2 вежы размяшчаліся па перыметры сцен. Праз невял. «брамку-фортку» ў тоўшчы абарончых сцен быў выхад з замка да ракі. У 14—17 ст. драўляныя абарончыя сцены ставіліся тут на вале ў выглядзе вастракола і традыц. гародняў, абмазаных глінай. У паўднёвай, найб. ахаванай частцы замка, быў стараж. калодзеж, неабходны на час аблогі. 12.9.1527 замак «з дворы и бояры, и их именьи, и з селы» былі падараваны вял. князем ВКЛ і каралём Польшчы Жыгімонтам I Старым кн. М.І.Жаслаўскаму. У 1535 у час аблогі Р.з. моцна пацярпеў, але быў адноўлены. На працягу 1552—65 для пастаяннага гарнізона ў замак прывозіліся гакаўніцы, ручніцы, розная амуніцыя. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 тут фарміраваўся бел. казацкі полк К.Паклонскага, пазней размяшчаліся часці казакоў Нежынскага палка. Важнай ролі ў вайне Р.з. не адыгрываў і пасля 17 ст. ў гіст. крыніцах не ўпамінаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЕ́ГА-І-НУ́НЬЕС (Riego у Nuñez) Рафаэль дэ (24.10.1785, Санта-Марыя-дэ-Тунья, Іспанія — 7.11.1823),
палітычны і ваен. дзеяч Іспанскай рэвалюцыі 1820—23 (гл.Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя). Ген. (1820). Скончыў ваен. школу ў Аўеда. Удзельнік вайны з Францыяй 1808—14; узяты ў палон, знаходзіўся ў Францыі, дзе стаў масонам. У 1814 вярнуўся на радзіму, звязаўся з ісп. масонамі і афіцэрамі — праціўнікамі абсалютысцкага рэжыму караля Фердынанда VII. Удзельнік няўдалай ваен. змовы 9.6.1819. Камандаваў батальёнам, 1.1.1820 узняў яго на паўстанне, што стала пачаткам рэвалюцыі 1820—23; абвясціў аднаўленне Кадыскай канстытуцыі 1812, на чале 1,5-тысячнага атрада дзейнічаў у прав. Андалусія. З сак. 1820 камандзір дывізіі ў Арміі назірання, створанай з андалусійскіх рэв. войск, у чэрв.—жн. 1820 галоўнакаманд. гэтай арміяй. Адзін з лідэраў леваліберальнай партыі «эксальтадас». За пратэст супраць роспуску арміі назірання сасланы ўрадам памяркоўных лібералаў («мадэрадас») на Пн краіны. У студз. 1821 па патрабаванні «эксальтадас» прызначаны ген.-капітанам Арагона (да 29.8.1821). 31.3.1822 першы прэзідэнт мадрыдскіх картэсаў. У ліп. 1822 кіраваў задушэннем абсалютысцкага мяцяжу ў Мадрыдзе. У час франц. інтэрвенцыі 1823 каманд.рэв. арміяй у Андалусіі; быў разбіты, схоплены абсалютыстамі і пакараны смерцю ў Мадрыдзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЛЕНКІ,
мемарыяльны комплекс на брацкіх могілках 10 тыс. воінаў каля в. Рыленкі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. Адкрыты 3.7.1973 (скульпт. М.Рыжанкоў, арх. М.Ткачук) на ўшанаванне памяці воінаў 31-й арміі 3-га Бел. фронту, якія загінулі ў баях за вызваленне Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у 1943—44. Комплекс — прасторавая арх.-скульпт. кампазіцыя з развітым сіметрычна-восевым планіровачным вырашэннем. Уваход у мемарыял утвораны 2 рознавялікімі апорнымі сценкамі, якія нясуць манум. рэльефны фрыз (3 × 15 м) з выявай твараў воінаў. Уздоўж дарогі, што вядзе да магіл, 4 бетонныя стэлы (2,6 × 4 м кожная) з урэзанымі ў іх сілумінавымі рэльефамі, якія адлюстроўваюць подзвігі ўдзельнікаў баёў — А.М.Васільева, Г.А.Нікандравай, Ю.В.Смірнова, лётчыкаў авіяпалка «Нармандыя — Нёман» С.М.Астахава і Б. дэ Фальтэна. Брацкія могілкі вырашаны ў выглядзе прамавугольных тэрас, па перыметрах якіх устаноўлены 170 надмагільных пліт з імёнамі тых, хто загінуў. На верхняй тэрасе — пліта-маналіт з надпісам «Подзвігі вашы неўміручыя», за ёй — маляўнічая група бяроз і елак. На пляцоўцы перад плітой — квадратная платформа, у гарэльефнай зорцы — Вечны агонь.
Л.Г.Лапцэвіч.
Мемарыяльны комплекс Рыленкі. Пліта-маналіт і надмагіллі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫФО́РМІНГ (англ. reforming ад reform перарабляць, паляпшаць),
перапрацоўка бензінавых і ліграінавых фракцый нафты для атрымання высокаактанавага кампанента аўтамаб. бензіну, араматычных вуглевадародаў. Адрозніваюць Р. тэрмічны і каталітычны — адзін з найважн. працэсаў нафтаперапрацоўчай прамысловасці і нафтахімічнай прамысловасці.
Р. каталітычны ажыццяўляюць пры т-ры 450—540 °C пад ціскам вадароду 0,8—3,5 МПа у прысутнасці каталізатара. Выкарыстоўваюць пераважна плацінавы ці плацінава-рэніевы каталізатары — металы (плаціна, плаціна і рэній, 0,2—0,6%), нанесеныя на паверхню аксіду алюмінію Al2O3. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць бензінавыя фракцыі, што выкіпаюць пры т-ры 60—180 °C. Асн. рэакцыі (дэгідрыраванне 6-членных і дэгідраізамерызацыя алкіліраваных 5-членных нафтэнавых вуглевадародаў; дэгідрацыклізацыя, гідракрэкінг, ізамерызацыя парафінавых вуглевадародаў) прыводзяць да ўтварэння араматычных (гл. Араматызацыя) і ізапарафінавых вуглевадародаў. Першыя прамысл. ўстаноўкі каталітычнага Р. (1940-я г., ЗША) з алюмама-лібдэнавым каталізатарам наз. ўстаноўкамі гідраформінгу, пры пераходзе на плацінавыя каталізатары яны заменены т.зв. ўстаноўкамі платформінгу. Р. тэрмічны ажыццяўляюць пры т-ры каля 550 °C і ціску 5—7 МПа. Выкарыстоўваўся толькі для вытв-сці бензіну.
Літ.:
Катализаторы риформинга. Мн., 1976;
Промышленные установки каталитического риформинга. Л., 1984;
Маслянский Г.Н., Шапиро Р.Н. Каталитический риформинг бензинов: Химия и технология. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФО́РМА (франц. réforme ад лац. reformare пераўтвараць),
пераўтварэнне, змяненне, перабудова якога-н. боку грамадскага жыцця (парадкаў, ін-таў, устаноў); фармальна — новаўвядзенне любога зместу, аднак часцей Р. называюць прагрэсіўнае пераўтварэнне пры захаванні асноў існуючага сац. ладу. Сац.-паліт. Р. садзейнічае эвалюцыйнаму развіццю грамадства і характарызуецца параўнальнай паступовасцю, плаўнасцю сац. і паліт. змен. Паліт. Р. могуць ахопліваць паліт. сістэму грамадства ў цэлым або абмяжоўвацца якімі-н. яе сферамі, рэарганізоўваць вышэйшыя эшалоны ўлады ці органы мясц. кіравання, вырашаць праблемы раздзялення і раўнавагі ўлад, іх субардынацыі. Р. ў пэўнай меры рэгламентуюць функцыі розных галін улады, уплываюць на этыка-прававыя нормы і стыль дзейнасці як кіраўніка дзяржавы, так і ўладных структур, на становішча правоў і свабод чалавека, на сац.-псіхал. і паліт. клімат у краіне. Р. праводзяцца ў розных сферах грамадскага жыцця: зямельныя, судовыя, грашовыя, школьныя, пенсіённыя, ваенныя, царкоўныя і інш. (гл. таксама Рэформа дзяржаўных маёмасцей, Рэформы азбукі і правапісу, Рэформы моўныя). Гіст. вопыт паказвае, што поспех або няўдача Р. у значнай меры залежаць ад своечасовасці іх правядзення, гатоўнасці ўладных структур пайсці на такія новаўвядзенні, якія могуць сапраўды зняць напружанасць у грамадстве; няўдала праведзеныя Р. могуць прывесці дарэв. працэсаў, негатыўных з’яў у розных сферах жыццядзейнасці людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАЧА́НСКІЯ АЗЁРЫ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1998 з мэтай захавання прыроднага ландшафту Бел. Паазер’я з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 13 тыс.га, у т. л.р. Вілія — 188 га і 14 азёр — 430 га. Размешчаны на стыку Свірскай краявой ледавіковай грады і Вілейскай марэнна-ледавіковай нізіны, што абумоўлівае разнастайнасць рэльефу. Азёры ў глыбока ўрэзаных катлавінах, ахаваныя ад ветру, мелка- і сярэднеглыбокія. Слабае перамешванне вады вядзе да недахопу кіслароду ў прыдонных слаях, утварэнню серавадароду і вял. колькасці жалеза. Лясістасць заказніка 75%. Пераважаюць хвойнікі імшыстыя і чарнічныя, трапляюцца ельнікі і бярэзнікі чарнічна-кіслічныя, алешнікі папарацевыя; зрэдку — дуб і асіна. Балотна-лугавая расліннасць складае 15%. У флоры шмат гаспадарча карысных раслін. Кураслеп лясны, ядрушка даўгарогая, пустапялёснік зялёны і ятрышнік дрэмлік занесены ў Чырв. кнігу. У фауне 203 віды жывёл, з якіх 26 занесены ў Чырв. кнігу: буры мядзведзь, рысь, барсук, соні арэшнікавая і садовая, гагара чорнаваллёвая, бугаі малы і вялікі, бусел чорны, журавель шэры, скапа, каршачок, сава балотная, начніца сажалкавая, рапуха чаротная, мядзянка, стронга ручаёвая, харыус і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКТА́НЦТВА (ад секта),
рэлігійныя аб’яднанні, што ўзнікаюць як апазіцыя да пэўнай царквы. У царк. практыцы С. наз.ерасямі. Падставай для ўзнікнення С. з’яўляецца інш. тлумачэнне пэўных прынцыпаў веравызнання або элементаў культавай практыкі. Вытокі С. караняцца ў канфесіянальным асяроддзі (пратэст супраць кіраўніцтва царквы, амбіцыёзнасць нефармальных лідэраў і інш.) ці ў грамадскай рэчаіснасці (незадаволенасць сац. становішчам, дзярж. уладай, якую падтрымлівае царква). Істотнымі рысамі С. з’яўляюцца паглыблены містыцызм, імкненне выключным чынам тлумачыць рэліг. дактрыны, спрашчэнне абраднасці, тэндэнцыя ізаляцыі ад грамадства, наяўнасць настрою абранасці, актыўная місіянерская дзейнасць і інш. У практыцы С. назіраюцца 2 процілеглыя тэндэнцыі: працэс далейшай дыферэнцыяцыі, драблення на новыя секты і пераўтварэнне сект у цэрквы з рэгенерацыяй інстытута святароў, цэнтралізаванай сістэмай кіравання. Рэліг. аб’яднанні пераходнага тыпу, якія ўзніклі як секты і знаходзяцца на стадыі пераўтварэння ў самаст. царкву, наз.дэнамінацыямі. Некат. секты эвалюцыяніравалі ў самаст. цэрквы (гл.Пратэстантызм). Рэліг. аб’яднанні, якія характарызуюцца антысац. дзеяннямі (чалавечыя ахвярапрынашэнні, тэрарызм і інш.), поўнай падпарадкаванасцю паводзін і свядомасці вернікаў кіраўніцтву наз. дэструктыўнымі, таталітарнымі сектамі. Дзейнасць такіх сект забаронена ў большасці краін свету. У Рэспубліцы Беларусь забаронены рэліг. аб’яднанні сатаністаў, шайва-шактыстаў, «Аум Сенрыкё», «Саенталагічная царква», «Белае брацтва» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЕТРЫ́Яў геаметрыі,
уласцівасць геаметрычнай фігуры пры вызначаных пераўтварэннях (зменах свайго становішча) сумяшчацца з самой сабой так, што не ўсе яе пункты займаюць першапачатковае месца ў прасторы.
Віды С. на плоскасці: С. адносна прамой (восі С.) пры люстраным адбітку (кожнаму пункту фігуры адпавядае іншы пункт гэтай фігуры на перпендыкуляры да дадзенай прамой на той жа адлегласці ад яе), напр., круг сіметрычны адносна кожнай прамой, якая праходзіць праз яго цэнтр; С. адносна пункта (цэнтра С.), калі фігура супадае сама з сабой пры яе вярчэнні на 180°, напр., паралелаграм сіметрычны адносна пункта перасячэння дыяганалей; С. парадкуnадносна пункта (цэнтра С. парадку n), калі фігура супадае сама з сабой пры вярчэнні на 360°/n, n = 3, 4, 5, ..., напр., правільны n-вугольнік; С. бесканечнага парадку адносна пункта (цэнтра С. бесканечнага парадку), калі фігура супадае сама з сабой пры вярчэнні на адвольны вугал вакол цэнтра, напр., круг і ўся плоскасць. Паняцце С. абагульняецца на целы ў прасторы, а таксама на інш.матэм. паняцці (група, аператар і інш.) і адыгрывае значную ролю ў матэматыцы і яе дастасаваннях.
А.А.Гусак.
Сіметрыя ў геаметрыі. Плоскія фігуры, сіметрычныя адносіны прамой a (1) і пункта O (2).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІТА́ЛЫ,
неарганічныя матэрыялы, якія ўтвараюцца пры аб’ёмнай крышталізацыі шкла. Матэрыялы, падобныя на С., наз. таксама піракерамам, дэвітракерамам, шклокерамам. Першыя С. атрыманы ў 1950-я г.
У С. мікракрышталі (< 1 мкм) адной або некалькіх крышт. фаз размеркаваны ў шклопадобнай фазе; колькасць крышт. фазы ад 20 да 95% па аб’ёме. Большасць С. маюць высокую мех. трываласць і цвёрдасць, зноса- і тэрмаўстойлівыя, газа- і вільгаценепранікальныя, хімічна ўстойлівыя. Атрымліваюць С. і вырабы з іх пераважна па шкляной (найб. пашырана) і керамічнай тэхналогіях. Шкляная тэхналогія ўключае: варку шкла з шыхты, у якую дадаюць спец. ініцыятары (пераважна аксіды тытану, хрому, нікелю, жалеза), што выклікаюць раўнамерную крышталізацыю ва ўсім аб’ёме; фармаванне вырабаў і іх тэрмічную апрацоўку паводле рэжыму, які забяспечвае атрыманне С. неабходнага фазавага саставу. Выкарыстоўваюць у розных галінах прам-сці і тэхніцы, напр., высокатрывалыя (С. на аснове сістэмы MgO — Al2O3 — SiO2) у ракета- і авіябудаванні, радыёэлектроніцы, аптычна празрыстыя (Li2O — Al2O3 — SiO2) у касм. і лазернай тэхніцы, у медыцыне (біясіталы), буд-ве (шлака- і петрасіталы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́НДАЧКА,
у беларусаў дзявочы галаўны ўбор. Называлі таксама апаяска, завязка, шырынка. Кроілі ў выглядзе ручніка з даматканага кужэльнага палатна рознай танальнай адбелкі, радзей з белага паркалю або з бела-чырвонай у бела-блакітныя папярочныя паскі баваўнянай даматканкі (шыр. 10—30, даўж. 70—140 см). Завязвалі на патыліцы так, каб не закрывала макаўку галавы, а свабодныя канцы звісалі на спіну ці грудзі. Шылі С. з 3 частак — вузкай, сярэдняй і шырокіх бакавых. Шырокія С. складвалі па даўжыні ў 2—4 столкі; у тую частку, што абвязвала галаву, устаўлялі паперу, кардон, луб або падшывалі палатно. Святочныя С. аздаблялі вышыўкай (крыжыкам, процягам, мярэжкай, гафтам), узорыстым натыканнем, карункамі, мохрыкамі, аплікацыяй і інш. Часцей выкарыстоўвалі геам. арнамент: па канцах С. размяшчалі шырокі ўзорысты шляк, адзін або два падоўжныя бакі аздаблялі вузкімі ўзорыстымі паскамі. Каларыт арнаменту чырвона-малінавы з чорнымі і блакітнымі ўкрапінамі, радзей белы з чырвоным. У вясельным касцюме С. дапаўняў вянок з кветак. Шырока бытавала да канца 19 ст. амаль па ўсёй Беларусі, у 1-й пал. 20 ст. захавалася ў калінкавіцкім строі.
М.Ф.Раманюк.
Дзяўчына ў скіндачцы. Светлагорскі раён Гомельскай вобл. Пачатак 20 ст.