МАГІЛЁЎСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ Існаваў з канца 17 ст. да 1864 у Магілёве. У 1696—98 на атрыманым ад М.Пяцюхі пляцы бернардзінцы перарабілі свіран у капліцу, што і лічыцца часам заснавання кляштара. У 1702 пабудаваны драўляны касцёл св. Антонія, у 1705 узведзены жылы корпус. У 1720-я г. пабудаваны мураваны касцёл з цудадзейным абразом св. Антонія ў гал. алтары. У 1864 кляштар зачынены, у ім размясціўся архіў суда, манахаў перавялі ў Крэцінгу (Літва) і ў Мінск. Будынкі пацярпелі ў час Вял. Айч. вайны, пазней знесены.

А.А.Ярашэвіч.

т. 9, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАК-КА́НДЛЕС (McCandless) Брус

(н. 1937),

касманаўт ЗША. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 3—11.2.1984 з В.Брандам, Р.Гібсанам, Р.Мак-Нэрам, Р.Сцюартам здзейсніў (як спецыяліст па аперацыях на арбіце) палёт на касм. караблі «Спейс шатл» («Чэленджэр»), у час якога ўпершыню ў свеце здзейсніў свабодны палёт у космасе пры дапамозе індывід. ранцавай рухальнай устаноўкі (аддаліўся ад касм. карабля на адлегласць каля 100 м); 24—29 4.1990 — палёт у складзе экіпажа касм. карабля «Спейс шатл» («Дыскаверы»). У космасе правёў 13 сут. Гл. іл. да арт. Касманаўтыка.

У.С.Ларыёнаў.

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДА́Я ІРЛА́НДЫЯ»

(«Young Ireland»),

палітычная групоўка маладой ірл. інтэлігенцыі ў 1842—48. Узнікла ў межах Асацыяцыі рыпілераў. Выступала за разгортванне руху за незалежнасць Ірландыі і аб’яднанне ўсіх ірландцаў у адзінай незалежнай дзяржаве, задавальненне патрабаванняў ірл. сялян, супраць кампрамісаў з англ. калан. ўладамі, прапагандавала ірл. нац. культуру. Лідэры — Ч.Дафі, Т.Дэвіс, Дж.Ф.Лалар, Дж.Мітчэл і інш. З 1842 выдавала час. «Nation» («Нацыя»). У канцы 1846 «М.І.» пакінулі леварадыкальныя члены, якія стварылі Ірландскую канфедэрацыю. Спыніла дзейнасць у сувязі з паражэннем ірл. нац.-вызв. паўстання 1848 і рэпрэсіямі з боку англічан.

т. 9, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЕТАФІЗІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА»,

адна з асноўных (разам з «каралінскай школай») паэт. школ англ. барока 1-й пал. 17 ст. Яе пачатак ў лірыцы Дк.Дона. Названа метафізічнай за паглыблены філас. характар, імкненне асэнсаваць складаныя праблемы быцця (жыццё і смерць, час і вечнасць, Бог і чалавек), спасцігнуць трансцэндэнтнае. Творчасці паэтаў-метафізікаў (Дж. і Э.Херберты, Р.Крэша, Г.Воген, Э.Марвел) уласцівы напружанасць думкі і пачуцця, спалучэнне аналітызму мыслення і містычнай экзальтацыі, мудрагелістая метафарычнасць, зварот да тэм і вобразаў Свяшчэннага пісання. Найб. яскрава манера «М.ш.» выявілася ў творчасці Дж.Херберта (зб. «Храм духоўных вершаў», 1633).

Г.В.Сініла.

т. 10, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭАРО́ГРАФ

(ад метэа... + ...граф),

самапісная аэралагічная прылада для рэгістрацыі ціску, т-ры і вільготнасці ў свабоднай атмасферы. Уключае барограф, тэрмограф і гігрограф у адной прыладзе. Паказчыкі метэаралагічных элементаў сінхронна запісваюцца на адной стужцы, надзетай на барабан, які прыводзіцца ў рух гадзіннікавым механізмам або ветраком ці прапелерам. Пры дапамозе бараметрычнай формулы з запісу на стужцы вызначаюцца вышыні, якія адпавядаюць розным момантам пад’ёму, і лічбавыя значэнні метэаралагічных элементаў на гэтых вышынях. Падымаюць М. на шарах-зондах, самалётах, аэрастатах. М., які перадае свае паказанні ў час пад’ёму з дапамогай радыёсігналаў, наз. радыёзондам.

т. 10, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАПЛАЗМО́ЗЫ МОЧАПАЛАВЫ́Х О́РГАНАЎ,

група інфекцыйных хвароб чалавека, якія выклікаюць патагенныя бактэрыі мікаплазмы. Перадаюцца палавым рэдка быт. шляхам. Інкубацыйны перыяд 7—14 дзён. Імунітэт 5—10 і больш гадоў. Крыніца — хворы чалавек ці носьбіт мікаплазмаў. Узбуджальнік укараняецца ў арганізм праз слізістую абалонку мочапалавых органаў і выклікае развіццё урэтрыту, прастатыту, вагініту і інш. хвароб. Спецыфічныя праявы мала адрозніваюцца ад ганарэі, трыхаманозу. Працякаюць пераважна ў хранічнай форме, тарпідна (схавана). Выклікаюць у жанчын заўчасныя роды, ліхаманку (у час родаў і пасляродавы перыяд), у мужчын — марфал. змены ў сперматазоідах і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 10, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКЕЛУ́ЧЫ (Michelucci) Джавані

(2.1.1891, г. Пістоя, Італія — 1990),

італьянскі архітэктар. Вучыўся ў Фларэнцыі. Праф. ун-таў у Фларэнцыі (1932—48) і Балонні (з 1948). З 1946 дырэктар час. «La Nuova Cittá» («Новы горад»). У 1930—50-я г. прыхільнік рацыяналізму, пазней эвалюцыяніраваў да арганічнай архітэктуры. Арганічна спалучаў смелыя паводле канструкцыі сучасныя збудаванні з гіст. забудовай (цэнтр. вакзал у Фларэнцыі, 1930—36, з арх. Н.Бароні і інш.; таварная біржа ў Пістоі, 1949—50), складаныя кампазіцыйныя вырашэнні лаканічныя, пластычна выразныя (царква Сан-Джавані на Вія дэль Соль каля Фларэнцыі, 1964).

т. 10, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНКО́ЎСКІ (Minkowski) Герман

(22.6.1864, в. Алексоты Каўнаскага пав., Літва — 12.1.1909),

нямецкі матэматык і фізік, адзін з заснавальнікаў спец. адноснасці тэорыі. Праф. ун-таў у Боне (з 1892), Кёнігсбергу (з 1895), Цюрыху (з 1896), Гётынгене (з 1902); прадстаўнік гётынгенскай матэм. школы. Навук. працы па геаметрыі, геам. метадах у тэорыі лікаў, матэм. фізіцы, гідрадынаміцы. Даў геам. інтэрпрэтацыю кінематыкі спец. тэорыі адноснасці (гл. Мінкоўскага прастора-час).

Тв.:

Рус. пер. — Пространство и время // Принцип относительности: Г.А.Лоренц. А.Пуанкаре. А.Эйнштейн. Г.Минковский. Л., 1935.

Літ.:

Делоне Б.Н. Герман Минковский // Успехи мат. наук. 1936. Вып. 2.

Г.Мінкоўскі.

т. 10, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЗЛІ (Moseley) Генры Гвін Джэфрыс

(23.9.1887, г. Уэймут, Вялікабрытанія — 10.8.1915),

англійскі фізік, адзін з заснавальнікаў рэнтгенаўскай спектраскапіі. Скончыў Оксфардскі ун-т (1910). У 1910—14 у Манчэстэрскім, потым у Оксфардскім ун-тах. Навук. працы па радыеактыўнасці, бэта-, гама- і рэнтгенаўскай спектраскапіі. Вызначыў даўжыні хваль рэнтгенаўскіх прамянёў, прадказаў рэнтгенаўскія спектры некаторых элементаў. Выявіў сувязь паміж частатой характарыстычнага рэнтгенаўскага выпрамянення і атамным нумарам хім. элемента (гл. Мозлі закон). Загінуў у час 1-й сусв. вайны.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 378—379.

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСЕЛЬРО́Д (літ. псеўд. Ортодокс) Любоў Ісакаўна

(1868 — 5.2.1946),

расійскі філосаф і літаратуразнавец. Скончыла Бернскі ун-т (1900). З 1884 удзельнічала ў рэв. руху. У 1887 эмігрыравала ў Францыю, з 1892 прыхільнік марксісцкай групы «Вызваленне працы», паслядоўніца Г.В.Пляханава. У 1903 прымкнула да меншавікоў. Супрацоўнічала ў час. «Заря», у газ. «Искра». У 1906 вярнулася ў Расію. Распрацоўвала пытанні эстэтыкі, гісторыі філасофіі і гіст. матэрыялізму. Аўтар прац «У абарону дыялектычнага матэрыялізму. Супраць схаластыкі» (1928), «Ідэалістычная дыялектыка Гегеля і матэрыялістычная дыялектыка Маркса» (1934) і інш. Даследавала пытанні сацыялогіі мастацтва.

т. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)