Каўта́ць ’глытаць’ (дыял.; ТСБМ, БРС, Шат.), каўтану́ць ’праглынуць’ (Сцяшк. МГ), каўток ’глыток’. Параўн. рус. дыял. колтну́ть ’глытнуць’, колто́к ’глыток’, укр. ковта́ти ’глытаць’, ’каўтаць’. Фасмер (2, 297) параўноўвае з польск. kłtać. Але паводле Слаўскага, 274, польскае слова нідзе не зафіксавана. Магчыма, мы маем справу з двума прасл. варыянтамі слова: *glъt‑ і *kъlt‑. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што і.-е. адпаведнікі ёсць толькі для варыянта *glъt‑: параўн. ст.-рус. глътати, чэш. hltati, балг. гъ́лтам і г. д., якія блізка стаяць да лац. glūtio glūtīre ’глытаць’. Параўн. Фасмер, там жа; Траўтман, 93; падрабязна, з аглядам літаратуры, Трубачоў, Эт. сл., 6, 157–158.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабіна лета. Рус. бабье лето, укр. бабине літо, бабське літо, польск. babie lato, чэш. babí léto, ням. Altweibersommeri г. д. Назва шырока вядома ў еўрапейскіх мовах. Здаецца, што яна асноўваецца на ўяўленні аб познім каханні старых жанчын, удоў. Гл. Леман, Altweib.; Пауль, Wörterb., 19; Клюге, 18 (там і шмат ням. дыял. форм, якія раскрываюць этымалогію); Махэк₂, 40; Галынська–Баранова, Ukr. nazwy, 61 (Качэрган, Мовознавство, 1971, 2, 87, як і Я. Галавацкі, непераканаўча лічыць, што назва адносіцца да дамашняй працы жанчын пасля жніва). З неіндаеўрапейскіх моў можна прывесці тур. gelin havasí ’цёплае, яснае надвор’е’ (дзе gelin ’нявеста, маладая’, ’нявестка’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бо́бер ’божая кароўка’ (Інстр. лекс.). Параўн. укр. назвы: бабру́н, бабру́на, бабару́нка, бабри́ська, бобру́нка, бобору́нка, бобруни́ця і г. д., якія звычайна звязваюць з укр. дзеясловам ба́брати(ся) ’пэцкаць; вазіцца’ (Рудніцкі, 46; перад тым як паляцець, божая кароўка нібы доўга возіцца). Фанетычна немагчымая сувязь з бедр‑ ’божая кароўка’ (насуперак Махэк₂, 50, і Каламіец, Мовознавство, 1967 (3), 50–51). Паколькі сувязь з дзеясловам бабрати(ся) няпэўная (гл. Краўчук, ВЯ, 1968 (4), 124), то, магчыма, трэба зыходзіць з шырока вядомай асновы babr‑, bobr‑ і да т. п. (параўн. нават рум. buburúză ’божая кароўка’; падрабязней Краўчук, там жа). Параўн. яшчэ барбуха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́нія1 ’псіхічны стан’, ’незвычайная цяга, слабасць да чаго-небудзь’ (ТСБМ). З польск. mania ’тс’ або з рус. мания (Крукоўскі, Уплыў, 88), якія з лац. mania < ст.-грэч. μανία ’шаленства’, ’захапленне, цяга’ < μαίνομαι ’шалею, вар’яцею’ (Брукнер, 322; Фасмер, 2, 569). Сюды ж манья́к, ст.-бел. маньякъ ’шалёны’, якое з с.-лац. maniacus ’тс’.

Ма́нія2 ’здань, прывід’ (Ян.). Укр. манія́ ’тс’, рус. паўн., усх., перм. манья́ ’прывід (звычайна ў выглядзе старой кволай жанчыны)’, варон., паўд., зах. манья́к ’прывід, які з’яўляецца перад жнеямі’, тул. ’злы дух у выглядзе знічкі’. У выніку кантамінацыі мана́ (< мані́ць) і ма́нія1. Гл. таксама маняя́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́рыва ’трымцячы слой цёплага паветра каля паверхні зямлі ў гарачае надвор’е, смуга’ (ТСБМ). Укр. ма́рево, рус. мар, арханг. ма́рево, маск. мара́ ’тс’, арханг., перм. ма́ра ’туман на моры’; перм. марева ’туман, шкодны для збажыны, садавіны’, уладз. ’гарачы, сонечны дзень’. Усх.-слав. утварэнне з суф. ‑ivo/‑evo ад дзеяслова mariti. Параўн. таксама в.-луж. womara ’напаўсон, непрытомнасць’, серб.-харв. о̏‑мара ’духоцце, духата’, балг. мараня́ ’марыва’. Да прасл. marъ або marь, якія з’яўляюцца роднаснымі да ст.-інд. marīciṣ, marīcī ’прамень’, marīcīkā ’міраж’, ст.-грэч. άμαρύσσω ’ззяю’, ἀμαρυγή ’бляск’, μαῖρα < ’Сірыус’ (Бернекер, 2, 21; Фасмер, 2, 571; Скок, 2, 407, БЕР, 3, 662–663).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Машы́на ’сукупнасць механізмаў, якія выконваюць карысную работу’, ’транспартны сродак з рухавіком, аўтамашына’, ’поезд’, ’веласіпед’, ’чалавек-аўтамат’, ’сячкарня’, ’паравоз’ (ТСБМ, Сцяшк., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ). Відавочна, з польск. maszyna, якое з франц. machinę ’тс’. Апошняе праз лац. machina ўзыходзіць да ст.-грэч. дар. μαχανά ’прыстасаванне’. Гл. таксама махі́на. Дапускаецца ў якасці мовы-пасрэдніцы і руская. Сюды ж машыні́ст(ы), машыні́стка, машыніза́цыя; машы́нка ’частка лямпы на магазіне’; ’пішучая машынка’, ’прылада для стрыжкі валасоў’, ’запальнічка’, ’пліта з фаеркамі’, маладз., маст. ’кнопкі’, драг. машэ́нка ’маланка ў вопратцы’ і ’каварства, падман’ (ТСБМ, Жд. 1, Сцяшк., Сцяц., В. В., Мат. Гом., Нар. сл., Сл. ПЗБ, КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Муру́гі ’масць паляўнічага сабакі’ (Інстр. II), ст.-бел. мургъ ’парода сабакі’, якое, паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 143), запазычана са ст.-польск. murga, яно ў суч. польск. мове азначае ’назва сабакі’, ’вол любой масці’, ’некультурны чалавек’. Параўн., аднак, укр. мору́гий, муру́гий ’рыжы або цёмна-шэры з цёмнымі палосамі’, муру́га ’шэра-белы вол з больш цёмнымі палосамі’, рус. муругий ’паласаты, з плямамі’, якія ўзыходзяць да прасл. morǫgъ (польск. morąg ’цёмная паласа ў жывёл’, moręgi ’чорны з чырвоным’, славен. maróga ’пляма, паласа’) — усе суадносяцца з мара́ць ’пэцкаць’ (Фасмер, 3, 14). Сюды яшчэ чэш. merhy ’ра́гі — ’палосы на запацелых войнах’, merhovati ’рабіць паласатым’ (Махэк₂, 360).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мэндлік, мэндаль, мэ́ндаль, мэндыль, мэндзяль, мэндля, мэндла ’маладая укладка 5 або 10–15 снапоў, пастаўленых у кучкі для прасушкі і накрытых распасцёртым снапом зверху’ (ТСБМ, Бір. дыс.; івац., Сл. Брэс.; Шат., Сл. ПЗБ, Сцяц.; гродз., КЭС; карэліц., Шатал.; навагр., Нар. словатв.; паўн.-зах., ДАБМ, к. 286), ’укладка з 30 снапоў’ (кам., Шатал.); ваўк. ’пятнаццаць штук чаго-небудзь’ (Сл. ПЗБ). З польск. mendel, mędel, mandel, mądel, якія з паўн.-ням. Mandel ’мэндлік’, ’15–16 штук чаго-небудзь’ (Чартко, Бел. лінгв. зб., 147 і 149; Выгонная, БЛ, 6, 1974, 64 і Бел.-укр. ізал., 15) < с.-лац. mandala ’кораб, кош’ (Васэрцыер, 148).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мізэрны ’вельмі малы’, ’худы, схуднелы’, ’бедны’, ’нікчэмны’, ’благі (аб раллі)’ (ТСБМ, Нас., Касп., Растарг.; КЭС, лаг.; гродз., Сл. ПЗБ), мізэра ’худы, бедны’ (Шат.), мізэрыя ’бедната’ (Растарг.), мізэрня́к ’бедны селянін’ (Нас.), мізе́рны ’мізэрны’ (ТС), мызыро́та, мызыр́отьте ’драбната, драбяза’ (Клім.), ст.-бел. мизерный, мисерный ’бедны’ (пач. XVI ст.), мизерия ’беднасць’ (XVII ст.) запазычаны са ст.-польск. mizerny, mizerja, mizerota ’тс’, якія з лац. miseria ’гора, няшчасце, бяда’, ’цяжкасці’, miser ’абяздолены, гаротны’, ’варты жалю, убогі, дрэнны’ (Піўтарак, Бел. лекс., 134; Булыка, Лекс. запазыч., 76; Кюнэ, Poln., 77). Сюды ж мізарне́ць, мізэрыць, мізэ́рнець ’худнець, чэзнуць, рабіцца меншым’, ’станавіцца нікчэмным’ (ТСБМ), ’бяднець’, ’даводзіць да галечы’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́варат ’бервяно ў зрубе, над прасценкамі, над вокнамі і над дзвярамі’ (брагін., Шатал.), ’тс’ і ’верхні вушак у дзвярах’ (жытк., Нар. сл.), на́варатня ’бервяно, якое кладзецца над вокнамі і дзвярыма’ (цэнтр.-палеск.), на́воротні ’бярвенні з выдзяўбанымі паглыбленнямі, у якія ставяць кроквы’ (пінск., Нар. лекс.), на́варацень ’бервяно, якое кладзецца на куравіцы і на якім умацоўваецца вясло (на плыце)’ (падзеш., Нар. сл.). Мяркуючы па семантыцы, найбольш верагодна ад вароты ’праём, прастора паміж дзвюма вертыкальнымі апорамі’, тады на́варат і пад. ’тое, што перакрывае такі праём’; менш верагодна ад навярну́ць ’накаціць’, варочаць ’куляць, варочаць’, хаця не выключана, што для плытагонскага тэрміна гэта зусім магчыма.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)