КО́ЙДАНАЎСКІЯ СЯДЗІ́БЫ,

тры сядзібныя комплексы, якія існавалі ў 17—19 ст. у мястэчку Койданава (цяпер г. Дзяржынск Мінскай вобл.).

Комплекс 1-й пал. 17 ст. ўключаў палац, 3 жылыя будынкі і гасп. пабудовы. Цэнтрам яго кампазіцыі быў 3-павярховы драўляны крыжовы ў плане палац з элементамі стылю рэнесансу, завершаны 4 латуннымі пазалочанымі купаламі. У памяшканнях былі дубовыя разныя і размаляваныя дзверы, грубкі і каміны, абліцаваныя белай і каляровай кафляй, сцены абабіты ўзорыстымі апонамі, каберцамі, чырвоным сукном. У сталовай вісела вял. латунная люстра ў выглядзе галавы аленя. Жылы будынак (з рысамі стылю рэнесансу) — 2-павярховы, прамавугольны ў плане, накрыты гонтавым дахам, ашаляваны дошкамі; 2 іншыя вырашаны ў традыцыях нар. дойлідства. У буд-ве ўдзельнічалі нар. дойліды Ж.​Матусовіч, Я.​Пялецкі. Комплекс знішчаны ў вайну 1654—67.

У 2-й пал. 17 ст. пабудавана новая сядзіба. Злева і справа ад уязной брамы размяшчаліся гал. жылы будынак з алькежамі і гасп. пабудовы. У 1680-я г. пастаўлены новы драўляны жылы дом. Комплекс быў абнесены астрогам. Не захаваўся.

Цэнтрам кампазіцыі сядзібы, створанай у 2-й пал. 18 — пач. 19 ст., быў 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны палац (уключаў 13 жылых і гасп. пакояў і капліцу) з мезанінам. Гал. яго фасад быў вылучаны 4-слуповым ганкам. Палац з 2 бакоў фланкіравалі флігелі, за ім размяшчаліся мураваная скарбніца са склепам, гасп. пабудовы. Двор абкружаў італьян. сад з ліпавымі шпалерамі. Комплекс не захаваўся.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 8, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЕРНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

тэорыя, якая вывучае залежнасць паміж хім. будовай рэчыва і яго колерам. Чалавечае вока ўспрымае рэчыва афарбаваным, калі яно паглынае святло ў бачным дыяпазоне спектра (400—750 нм). Колер рэчыва дапаўняльны да колеру паглынутых прамянёў, напр., калі яно паглынае сінія прамяні — прадмет бачым жоўтым, чырвоныя — сінявата-зялёным; непразрыстае цела, якое адбівае ўсе прамяні, — бясколернае.

Залежнасць паміж хім. будовай рэчыва і яго колерам даследавалі ням. хімікі-арганікі К.​Ліберман і К.​Грэбе (1869); О.​Віт прапанаваў у 1876 храмафорную тэорыю, паводле якой за афарбоўку арган. злучэнняў адказныя групы атамаў з кратнымі сувязямі (храмафоры), напр., —N=N—, —N=O. Паводле сучасных уяўленняў для афарбоўкі арган. злучэнняў неабходна наяўнасць спалучанай сістэмы двух ці больш храмафораў; значны ўплыў на яе маюць электрадонарныя і электраакцэптарныя групы (аўксахромы), напр., —OH, —NH2, C6H5O—. Зрушэнне паглынальнага максімуму ў доўгахвалевую вобласць (батахромны эфект) выклікае паглыбленне колеру, напр., ад жоўтага да чырвонага ці ад сіняга да зялёнага. Паглыбленню колеру спрыяе таксама падаўжэнне ланцуга спалучэння, увядзенне аўксахромных груп і іх іанізацыя, змяненне валентных вуглоў у выніку прасторавых перашкод, утварэнне ўнутрыкомплексных злучэнняў з металамі за кошт непадзеленых пар электронаў. Павышэнне колеру (гіпсахромны эфект) звязана з парушэннямі плоскасці малекулы ў выніку прасторавых перашкод, іанізацыяй малекулы са знікненнем электрадонарных уласцівасцей, напр., батахромны эфект групы NH2 змяншаецца ў выніку ўтварэння групы NH3. К.т. мае важнае значэнне ў распрацоўцы новых фарбавальнікаў.

Літ.:

Степанов Б.И. Введение в химию и технологию органических красителей. М., 1971.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 8, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎ (сапр. Сарокін) Глеб Паўлавіч

(11.5.1899, г. Вазнясенск, Украіна — 3.3.1967),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1940), нар. арт. СССР (1948). Вучыўся ў Адэскім політэхн. ін-це (1917—18). Сцэн. дзейнасць пачаў у аматарскіх спектаклях, якія наладжваў яго бацька П.​Сарокін. З 1926 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы (маст. кіраўнік у 1941—47; у 1943 узначальваў тэатр. франтавую брыгаду). Выдатны майстар камедыі. Майстэрства пераўвасаблення, яркасць знешняга малюнка, пластычная выразнасць, глыбокае пранікненне ў сутнасць характару чалавека, арганічнасць паводзін, імправізацыйны дар вызначалі яго мастацтва. Найб. ярка акцёрскі талент Глебава выявіўся ў нац. драматургіі: Няміра («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Харкевіч («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Пустарэвіч («Паўлінка» Я.​Купалы; і ў кіно), Туляга («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, Дзярж. прэмія СССР 1941; і ў кіно), Кропля («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, Дзярж. прэмія СССР 1948; і ў кіно), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Глушак («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа) і інш. Сярод лепшых роляў у класічным рэпертуары: Маргарытаў («Позняе каханне» А.​Астроўскага), Гарпагон («Скупы» Мальера), Мендоза («Дзень цудоўных падманаў» Р.​Шэрыдана). Здымаўся ў кіно: «Несцерка», «Нашы суседзі», «Палеская легенда», «Першыя выпрабаванні», «Усходні калідор» і інш. Вял. папулярнасць набыў як чытальнік на радыё, асабліва казак і баек для дзяцей.

Літ.:

Сабалеўскі А.В. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага бел. камедыйнага акцёра. Мн., 1994.

А.​В.​Сабалеўскі.

Г.П.Глебаў. Мастак І.​Ахрэмчык. 1943.
Г.П.Глебаў у ролі пана Антонія (справа) у кінафільме «Палеская легенда».
Г.П.Глебаў у ролі Пустарэвіча.

т. 5, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. deformatio скажэнне),

змена ўзаемнага размяшчэння часціц (частак) цела, якая вядзе да скажэння яго формы і памераў і ўзнікнення напружанняў механічных. Узнікае ад мех. нагрузак, цеплавога расшырэння, уздзеяння эл. і магн. палёў, інерцыйных і гравітацыйных сіл і інш. Найпрасцейшыя віды Д. — выгін, зрух, кручэнне, расцяжэнне-сцісканне.

У цвёрдых целах адрозніваюць Д. пругкую (узнікае і знікае адначасова з нагрузкай), пластычную (захоўваецца пасля зняцця напружання) і вязка-пругкую (залежыць ад працэсу нагрузкі ў часе, пасля зняцця нагрузкі самаадвольна імкнецца да нуля). Д. бываюць таксама лінейныя (са зменай лінейных памераў цела) і аб’ёмныя (са зменай аб’ёму); агульныя для ўсяго цела (напр., абс. падаўжэнне) і лакальныя (мясцовыя); аднародныя (аднолькавыя ў любым пункце цела) і неаднародныя (змяняюцца ад аднаго пункта цела да другога, уласцівыя рэальным матэрыялам). Д. заўсёды звязана з затратай энергіі, якая пры пругкай Д. пераходзіць у патэнцыяльную, пры пластычнай — у цеплыню. Калі лакальная Д. дасягае гранічнага для дадзенага матэрыялу значэння, адбываецца яго разбурэнне. Пругкія Д. падпарадкоўваюцца законам пругкасці тэорыі (для іх выконваецца Гука закон), пластычныя — пластычнасці тэорыі і паўзучасці тэорыі. Пластычная Д. ў крышталічных целах звязана з паняццем дыслакацый. Вымярэнне Д. робяць пры выпрабаванні матэрыялаў, даследаванні збудаванняў у натуры або на мадэлях. Пругкія Д. ўлічваюць пры разліках дэталей машын, інж. канструкцый і збудаванняў; пластычныя — у тэхналогіі металаў (пры пракатцы, штампоўцы, коўцы, валачэнні, прасаванні і інш.), вытв-сці пластмас і керамічных вырабаў. Гл. таксама Супраціўленне матэрыялаў.

І.​І.​Леановіч.

Дэфармацыі: 1 — расцяжэння; 2 — сціскання; 3 — зруху; 4 — кручэння; 5 — выгіну.

т. 6, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАКАНТЫЯ́НСТВА,

ідэалістычны філас. кірунак, які ўзнік у 2-й пал. 19 ст. ў Германіі. Сфарміраваўся ва ўмовах крызісу метадалаг. асноў прыродазнаўства і гіст. навукі, уяўляў сабой спробу яго пераадолення з дапамогай тэарэт. спадчыны І.Канта. Адным з першых філосафаў, які заявіў пра неабходнасць «вярнуцца да Канта» і «ачысціць» вучэнне Канта ад наслаенняў яго паслядоўнікаў, быў О.​Лібман. Н. пашырылася ў Германіі, Аўстрыі, Францыі, Расіі і інш. Найб. вядомымі былі марбургская (Г.​Коген, П.Натарп, Э.Касірэр і інш.) і бадэнская (В.​Віндэльбанд, Г.​Рыкерт і інш.) школы. Нягледзячы на часам прынцыповыя адрозненні ў тлумачэнні кантавай спадчыны, усе неакантыянцы зыходзіліся ў адным — крытычных адносінах да кантавай «рэчы ў сабе». У адрозненне ад самога Канта, які прызнаваў «рэч у сабе» як незалежную ад суб’екта, як рэальна існуючую, яны трактавалі яе, як чалавечы вопыт. Калі Кант спрабаваў строга акрэсліць межы пазнавальнай здольнасці суб’екта і ўрэшце перайшоў на пазіцыі агнастыцызму і суб’ектыўнага ідэалізму, то неакантыянцы ў большай ступені апелявалі да пастулатаў аб’ектыўнага ідэалізму (бога, логаса і г. д.). Яны адрывалі пазнанне ад прадмета пазнання. Прадмет, па іх меркаванні, не дадзены, а зададзены суб’екту. Такім чынам, пазнанне ёсць лагічная пабудова і яна здзяйсняецца па законах мыслення. Н. паўплывала на неагегельянства, экзістэнцыялізм і інш. кірункі.

Літ.:

Кассирер Э. Жизнь и учение Канта: Пер. с нем. СПб., 1997;

Хайдеггер М. Кант и проблема метафизики: Пер. с нем. М., 1997;

Гайденко П.П. Прорыв к трансцемдентмому: Новая онтология XX в. М., 1997.

Т.​І.​Адула.

т. 11, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАКАНФУЦЫЯ́НСТВА,

кірунак у кітайскай філасофіі. Узнік у перыяд панавання дынастыі Сун (960—1279) на глебе аднаўлення традыц. канфуцыянства і яго тэарэт. абгрунтавання дуалістычнай касмагоніяй і філас. антрапалогіяй. Сфарміраваўся ў працэсе барацьбы з будыйскімі філас. школамі, значны ўплыў на яго зрабілі касмаганічныя тэорыі даасізму і погляды школы чань (японская дзэн). З 10 ст. ў канфуцыянстве, якое з канца эпохі Хань (206 да н.э. — 220 н.э.) абмяжоўвалася выключна тлумачэннем і каменціраваннем стараж. канфуцыянскіх тэкстаў, вырасла цікавасць да пытанняў анталогіі, натурфіласофіі і касмагоніі. Мысліцелі Чжоў Дуньі і Чжан Цзай пры разглядзе праблемы ўзнікнення сусвету схіляліся да матэрыяліст. іх вырашэння (вучэнне пра «ці» як першаматэрыю). Адначасова інш. мысліцелі (Чэн Хао і Чэн І) спрабавалі даць тэарэт. абгрунтаванне традыц. канфуцыянскай этыцы, заснаванае на прынцыпах дуалізму з выразнымі ідэаліст. тэндэнцыямі («лі» — розум, зразумелы як «агульны прынцып» рэчы, яе форма; «ці» — матэрыя, зразумелая як субстанцыя рэчы). Погляды папярэднікаў абагульніў і развіў Чжу Сі. Ён прызнаваў «лі» першасным, а «ці» другасным пачаткам, стварыў дуалістычную касмагонію панпсіхічнага толку (гл. Панпсіхізм) і заснаваў на ёй філас. антрапалогію, паводле якой спалучэнне «лі» і «ці» знаходзіць у чалавеку сваё поўнае ўвасабленне. Гэтую канцэпцыю ён зрабіў зыходным пунктам інтэрпрэтацыі канфуцыянскіх тэкстаў і стаў стваральнікам Н., якое было прынята як афіц. ідэалогія Кітайскай імперыі і захавала пануючае становішча ў філас. і грамадска-паліт. думцы Кітая да пач. 20 ст.

Літ.:

Древнекитайская философия: Собр. текстов. Т. 1—2. М., 1972—73;

Поршнева Е.Б. Религиозные движения позднесредневекового Китая: Пробл. идеологии. М., 1991.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІО́БІЙ (лац. Niobium),

Nb, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 41, ат. м. 92,9064. У прыродзе адзін стабільны ізатоп ​93Nb. У зямной кары 210​−3% па масе, трапляецца звычайна разам з танталам (гл. Ніобіевыя руды). Адкрыты ў выглядзе аксіду ў 1801 англ. вучоным Ч.​Хатчэтам (названы ім «калумбіем»), незалежна ад яго ў 1844 ням. хімікам Г.​Розе (прапанаваў назву Н.; ад імя Ніобы — дачкі міфалагічнага Тантала); пазней даказана ідэнтычнасць Н. і калумбію. Назва ўзаконена ў 1950 Міжнар. саюзам тэарэт. і прыкладной хіміі.

Светла-шэры пластычны метал, tпл 2477 °C, tкіп каля 4760 °C, шчыльн. 8570 кг/м³, т-ра пераходу ў звышправодны стан 9,28 К. У звычайных умовах хімічна ўстойлівы. Раствараецца толькі ў плавікавай кіслаце, яе сумесях з азотнай к-той і расплавах шчолачаў. Кампактны Н. у паветры пачынае акісляцца пры t > 200 °C. Пры награванні ўзаемадзейнічае з хлорам, фторам, вадародам, азотам, вугляродам і інш. Атрымліваюць аднаўленнем аксіду Nb (V) Nb2O5, гептафтораніабату (V) калію K2NbF7, асабліва чысты Н. і пакрыцці з яго на інш. металах — аднаўленнем пентахларыду NbCl5 вадародам пры t > 1000 °C. Выкарыстоўваюць пераважна як кампанент нержавейных і гарачаўстойлівых сталей, сплавы Н. з вальфрамам, малібдэнам і цырконіем — як гарачаўстойлівыя канстр. матэрыялы ў ядз. энергетыцы, авіяц. і касм. тэхніцы, каразійнаўстойлівыя сплавы Н. з танталам — для вырабу хім. абсталявання, што працуе ў агрэсіўным асяроддзі, сплавы Н. з тытанам і цырконіем, а таксама звышправаднікі станід Nb3Sn і германід Nb3Ge (т-ра пераходу ў звышправодны стан 23,2 К) — у радыёэлектроніды для вырабу звышправодных саленоідаў.

т. 11, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́НКАЎСКАЯ БІ́ТВА 1660.

Адбылася каля в. Палонка (паміж Слонімам і Ляхавічамі) 28 чэрв. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пасля заключэння 3.5.1660 Аліўскага міру 1660 са Швецыяй войска Рэчы Паспалітай на чале з П.​Я.​Сапегам і С.​Чарнецкім перайшло ў наступленне: з Брэста праз Слонім яны рушылі на дапамогу гарнізону Ляхавіцкага замка, які быў абложаны рас. войскамі І.​А.​Хаванскага. Даведаўшыся пра гэта, Хаванскі з большай часткай сваёй арміі выступіў ім насустрач. Пад Палонкай яны сустрэліся. Хаванскі з конніцай стаў на правым флангу, на левым — кн. В.​Шчарбаты, пасярэдзіне — рэйтары і пяхота. У цэнтры баявога пастраення войска Рэчы Паспалітай размясцілася дывізія Чарнецкага (4 тыс. чал.), па флангах — харугвы Сапегі, А.​Г.​Палубінскага і С.​Кміціча (6 тыс. чал.). Атака гусараў Рэчы Паспалітай была такой імклівай, што рас. пяхота паспела зрабіць толькі адзін залп і была змята. Паспяховай была атака гусараў і панцырных на рас. конніцу. Пасля гэтага быў нанесены супольны ўдар па астатняй рас. пяхоце. Бітва скончылася поўным разгромам войск Хаванскага: загінула каля 2 тыс. чал. пяхоты, яшчэ больш коннікаў; мноства ратнікаў, у т. л. Шчарбаты, трапіла ў палон. Хаванскі з рэшткамі войска адступіў да мяст. Ляхавічы, зняў аблогу яго замка і пачаў імклівы адыход на Полацк. Войску Рэчы Паспалітай дасталіся вял. трафеі. П.б. — першая буйная перамога войска Рэчы Паспалітай, якая засведчыла пераход да яго стратэгічнай ініцыятывы.

Літ.:

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995. С. 96—97.

т. 12, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЯТО́ЎСКІЯ,

шляхецкі род герба «Цёлак» у Рэчы Паспалітай. Паводле родавай легенды, паходзілі ад італьян. роду Тарэлі. Вядомы з 15 ст., прозвішча паходзіць ад маёнтка і мяст. Панятова недалёка ад Любліна. У 17 ст. П. былі сярэдняй шляхецкай сям’ёй, служылі ў багатай шляхты на гасп. пасадах, часам арандавалі маёнткі. У 18 ст. ўзвысіліся. Некат. прадстаўнікі роду ў 18 — пач. 20 ст. жылі на Беларусі. Найб. вядомыя:

Станіслаў (15.9.1676—29.8.1762). Удзельнічаў у Паўн. вайне 1700—21, стаў на бок шведаў, прыбліжаны да караля Станіслава Ляшчынскага, ген. артылерыі ВКЛ у 1707—09, ген. кавалерыі швед. войска, пасля ген.-лейт. польскага войска. У 1720 ажаніўся з князёўнай Канстанцыяй Чартарыйскай, якая ў 1721 набыла маёнтак Воўчын у Брэсцкім пав., дзе былі збудаваны касцёл і палац — рэзідэнцыя П. Падстолі ВКЛ у 1722, падскарбі вялікі ВКЛ у 1722—31, ваявода мазавецкі ў 1731—52, кашталян кракаўскі з 1752. Яго сыны на сойме 1764 атрымалі княжацкі тытул. З іх Казімір (15.9.1721—13.4.1800) — падкаморы вялікі каронны ў 1742—73, ген. польскага войска; Станіслаў Аўгуст (1732—98), кароль польскі і вял. князь літоўскі [1764—95], гл. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі; Андрэй (28.9.1734—3.3.1773), ген.-лейт. аўстрыйскага войска (1760), фельдмаршал (1771), князь «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Станіслаў (23.2.1754—13.2.1833), ген.-лейт. польскага войска, шэф пешай кароннай гвардыі, падскарбі вялікі ВКЛ у 1784—91. Яго нашчадкі атрымалі ў Фларэнцыі (Таскана) тытул князёў ды Монтэ Ратонда (1847), а ў Аўстрыі тытул князёў П. (1850). Юзаф Антон (1763—1813), ген.-лейт. польскага войска, маршал Францыі, гл. Панятоўскі Ю.А.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 12, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР «ДЗЕ́-Я?».

Засн. ў 1987 у Мінску як тэатр-студыя пад кіраўніцтвам М.​Трухана і В.​Баркоўскага. З 1992 сучасная назва. Маст. кіраўнік Трухан (да 1999). У рэпертуары т-ра студыйнага перыяду драма «Шрамы» Я.​Шабана, казка «Кот у ботах» паводле Ш.​Перо, камедыі «Андантэ» і «Кватэра Каламбіны» Л.​Петрушэўскай, драм. трылогія «Эцюды памяці зямлі Беларускай» («Роспач») паводле твораў У.​Караткевіча, «Імжа» паводле п’есы І.​Кофты «Халопская вайна», «Рагнеда» Н.​Рапы — своеасаблівы творчы маніфест калектыву, які абвясціў яго маст. і грамадз. заклапочанасць вывучэннем і творчым адлюстраваннем менталітэту бел. народа. Значнай маст. з’явай жыцця т-ра 1990-х г. сталі пастаноўкі твораў Ф.​Аляхновіча: «Здань» — псіхал. кантамінацыя сімволіка-містычных драм «Страхі жыцця» і «Цені», фальк. камедыя «Чорт і баба», спектакль «Круці...» паводле сцэн. гратэску «Круці не круці — трэба памярці» і кн. «У капцюрох ГПУ». З інш. пастановак найб. значныя: філас. драма-малітва «Распад» паводле п’ес У.​Шэкспіра, камедыя «Жаніцьба» М.​Гогаля і сцэн. паэма «Мёртвыя душы» паводле яго аднайм. рамана, камедыя «Каханне — кніга залатая» А.​Талстога, біблейскі фарс «Дзевяты прапаведнік» Е.​Юрандота, казкі-прыпавесці «Барановы кароль» Трухана, «Дзіва-казка» В.​Острава і інш. Сярод акцёраў т-ра: Л.​Баталава, Г.​Гатоўчыц, Т.​Міронава, І.​Падлівальчаў, Т.​Папова, А.​Сушко, Г.​Чарнабаева і інш. Спектаклі ставілі Трухан, Баркоўскі, М.​Дзінаў, І.​Мацкевіч і інш.

Л.​А.​Лявонава.

Мінскі Драматычны тэатр «Дзе-Я?» Сцэна са спектакля «Чорт і баба» Ф.​Аляхновіча.
Мінскі Драматычны тэатр «Дзе-Я?» Сцэна са спектакля «Жаніцьба» М.​Гогаля.

т. 10, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)