ГАЛУ́ШКА Васіль Міхайлавіч (н. 15.5.1936, в. Дамантовічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне с.-г. навук (тэхналогія кармоў). Чл.-кар. Акадэміі аграрных навук Беларусі (1994), д-р с.-г. н. (1992), праф. (1993). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1960). З 1963 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (адначасова з 1994 у БСГА). Навук. працы па рэцэптуры высокаэфектыўных камбікармоў, бялкова-вітамінна-мінер. дабавак і прэміксаў, рацыянальных нормах кармлення свіней і буйн. раг. жывёлы, ацэнцы пажыўнасці кармоў і павышэнні іх прадукцыйнасці.

Тв.:

Рациональное использование протеина // Пути решения проблемы белка в животноводстве. Мн., 1981;

Питательность кормов: Справ. пособие. Мн., 1985 (у сааўт.);

Приготовление кормов для свиней. Мн., 1990 (разам з У.​Б.​Іофе, В.​М.​Гутманам).

В.М.Галушка.

т. 4, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮЛЕ́Н (DuUin) Шарль (12.5.1885, г. Ен, Францыя — 12.12.1949),

французскі рэжысёр, акцёр, педагог. У 1907—21 удзельнічаў у спектаклях парыжскіх т-раў пад кіраўніцтвам рэжысёраў А.​Антуана, Ж.​Капо, Ф.​Жэм’е, Г.​Баці і інш. У 1922 заснаваў у Парыжы т-р «Атэлье», дзе працаваў да 1940. У 1940-я г. акцёр і рэжысёр «Тэатра дэ Пары» і «Тэатра Сары Бернар» (Парыж), «Тэатра Селесцінцаў» (Ліён). Сярод пастановак: «Марыя Магдаліна» Ф.​Гебеля (1912), «Асалода жыцця» Л.​Пірандэла (1922), «Вальпоне» Б.​Джонсана (1928; і гал. роля). З лепшых акцёрскіх работ: Гарпагон («Скупы» Мальера), Смердзякоў («Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага). Выхаваў плеяду выдатных акцёраў і рэжысёраў франц. т-ра (Ж.​Вілар. Ж.​Баро, М.​Марсо, Р.​Руло і інш.). Аўтар кн. «Успаміны і нататкі акцёра» (1946).

т. 6, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫВО́ЦІНАЎ Барыс Уладзіміравіч (н. 14.3.1922, г. Вольск Саратаўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне неўралогіі. Д-р мед. н. (1973), праф. (1976). Ганаровы акад. Бел. акадэміі мед. навук (1997). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1950) і працуе ў ім. Навук. працы па хваробах перыферычнай нерв. сістэмы, астэахандрозе пазваночніка, рэўматызме мозга ў дзяцей, выкарыстанні выліч. метадаў і аўтаматызаваных сістэм для ранняй дыягностыкі, прагназавання неўралагічных праяў астэахандрозу пазваночніка і інш. хвароб нервовай сістэмы. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Неврологические нарушения при поясничном остеохондрозе. Мн., 1979;

Прогнозирование и диагностика дискогенного пояснично-крестцового радикулита. Мн., 1982 (разам з Я.​А.​Луп’янам);

Поражение нервной системы при эндокринных болезнях. Мн., 1989 (разам з М.​З.​Клябанавым).

Літ.:

Б.​В.​Дривотинов: (к 75-летию со дня рождения) // Здравоохранение. 1997. № 4.

т. 6, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ЎСКІ Міхась (Міхаіл Георгіевіч; 3.10.1897, в. Казелле Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 11.9.1983),

бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя В.​Брусава (1925). У 1925—26 навук. супрацоўнік Інбелкульта. У 1926—45 жыў і працаваў у Маскве і ў Башкірыі. З 1945 у Брэсцкім настаўніцкім ін-це, з 1949 у Літ. ін-це імя М.​Горкага (Масква), у 1950—57 у Гродзенскім пед. ін-це. Друкаваўся з 1918. Аўтар вершаў, баек, артыкулаў, лібрэта оперы «Уласнаю рукою» (1928—29, з П.​Шастаковым). Асобным выданнем у перакладзе Д. выйшла «Балада Рэдынгскай турмы» О.​Уайльда (1926). На бел. мову пераклаў асобныя санеты І.​Бехера, А.​Міцкевіча, Ф.​Петраркі, У.​Шэкспіра, вершы П.​Б.​Шэлі, А.​Ч.​Суінберна і інш.

т. 6, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́РКА (Durkó) Жольт (н. 10.4.1934, г. Сегед, Венгрыя),

венгерскі кампазітар. Засл. арт. Венгрыі. Скончыў Вышэйшую муз. школу імя Ф.​Ліста ў Будапешце (1960, клас Ф.Фаркаша). Удасканальваўся ў акадэміі «Санта-Чэчылія» (1961—63). У муз. мове спалучаюцца элементы вербункаша, інтанацыі нар. плачаў з санорыкай, алеаторыкай і інш. Сярод твораў: опера «Майсей» (1977); араторыя «Надмагільнае слова» (1972); 2 кантаты; для аркестра «Эпізоды на тэму ВАСН» (1963), «Арнаменты»; «Венгерская рапсодыя» для 2 кларнетаў і аркестра (1964); Канцэрт для фп. з аркестрам (1981); «Альтаміра» для камернага хору і арк.; 2 стр. квартэты; п’есы для інструментаў сола з арк. ці камерным ансамблем. 1-я прэмія на Міжнар. трыбуне кампазітараў ЮНЕСКА (Парыж, 1975). Прэміі Венгрыі імя Ф.​Эркеля (1968), імя Б.​Бартака і Д.​Пастары (1985).

т. 6, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАМЧУ́ЖНЫ,

пасёлак у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Мышанка, каля аўтадарогі Брэст—Мінск. Цэнтр сельсавета. За 12 км на З ад горада і чыг. ст. Баранавічы, 200 км ад Брэста. 3431 ж., 964 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

Забудоўваецца паводле генплана 1979 і праекта забудовы жылой зоны комплексу «Усходняе» (1980). Вызначаецца кампактнасцю, высокім узроўнем добраўпарадкаванасці. Жылая зона складаецца з малапавярховай секцыйнай (фарміруе грамадскі цэнтр) і сядзібнай забудовы. Шырока выкарыстаны тэрасы, веранды, лоджыі, малыя арх. формы, групы дэкар. дрэў. Кожная з вуліц адметная сваім аб’ёмна-прасторавым і каляровым вырашэннем. Зона адпачынку (скверы са стадыёнам, спарт. пляцоўкамі, малымі арх. формамі) прымыкае да ляснога масіву.

Пасёлак Жамчужны. Фрагмент забудовы.

т. 6, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЎТУ́ШКІ (Colias),

род дзённых матылёў сям. бялянак. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. Жывуць пераважна ў высакагор’ях і ў арктычнай зоне. Некат. трапляюцца на раўнінах: у стэпах, на балотах, лугах, у лясах і інш. На Беларусі 4 віды Ж.: малая, ці лугавая (C. hyale), шафранавая (C. croceus), зяноўцавая (C. myrmidone), тарфянікавая (C. palaeno; занесена ў Чырв. кнігу).

Крылы (размах да 6 см) чырвоныя, аранжавыя, жоўтыя, зеленаватыя, часта з чорным абадком на вонкавым краі. Ніз задніх крылаў жоўты. Выразны палавы дымарфізм або полімарфізм: крылы ў самак святлейшыя, чым у самцоў (звычайна зеленаватыя або белыя). Вусікі кароткія, з прытупленай булавой. Вусені развіваюцца пераважна на бабовых раслінах.

Жаўтушкі: 1 — шафранавая; 2 — лугавая; 3 — тарфянікавая (а — самец; б — самка).

т. 6, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРО́ВІЦКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,

бел. рукапісны помнік 15 ст. Назва ад в. Жыровічы (Слонімскі р-н Гродзенскай вобл.), дзе евангелле захоўвалася да сярэдзіны 19 ст. ва Успенскім саборы. На 376—377-м аркушах па-беларуску зроблены фундушавы надпіс канцлера ВКЛ Льва Сапегі (адсюль другая назва рукапісу — «Евангелле Сапегі»), Пісана ўставам на 404 аркушах. Багата аздоблена застаўкамі, мініяцюрамі з выявамі евангелістаў, шматлікімі ініцыяламі. Мініяцюры абведзены шырокімі залачонымі рамкамі, арнаментаванымі геам. і раслінным узорамі; у іх выкананні адчуваецца сувязь з візант. маст. традыцыяй. Малюнкі вызначаюцца пластычнасцю, выразнай індывідуалізацыяй, жанравасцю задумы і мажорнасцю каларыту (фарбы кадміева-чырвоныя, сінія, зялёныя і вохрыста-залацістыя). Зберагаецца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.

В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Жыровіцкае евангелле. Мініяцюра з выявай евангеліста Матфея.

т. 6, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАК Ісідар Аркадзевіч (н. 14.2.1909, г. Адэса, Украіна),

расійскі дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1976). Вучыўся ў Адэскай (1922—25, клас В.Залатарова), скончыў Ленінградскую (1928, клас М.Малько) кансерваторыю. У 1928—37 дырыжор у оперных т-рах Расіі, Казахстана, Украіны. Адзін з арганізатараў і дырыжор Чэлябінскага (1955—68) і Новасібірскага (1944—49 і з 1968 — галоўны) т-раў оперы і балета. Сярод спектакляў, пастаўленых пад яго кіраўніцтвам: оперы «Скупы рыцар» С.​Рахманінава (1943), «Руслан і Людміла» (1944) і «Іван Сусанін» (1945) М.​Глінкі, «Дударай» Я.​Брусілоўскага (1956), «Далібор» (1950) і «Брандэнбуржцы ў Чэхіі» (1963) Б.​Сметаны, «Мадам Бавары» Э.​Бандэвіля (1982, упершыню), балет «Доктар Айбаліт» І.​Марозава (1948). Выкладаў у Алма-ацінскай кансерваторыі (1952—55). Сярод вучняў Ф.​Мансураў. Дзярж. прэмія СССР 1948.

Я.А.Зайцаў.

т. 6, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́РЫНЬШ (Zariņš) Карліс (н. 6.7.1930, Рыга),

латышскі спявак (драм. тэнар). Нар. арт. Латвіі (1972), нар. арт. СССР (1976). Скончыў Латв. кансерваторыю (1960), з 1972 выкладае ў Латв. муз. акадэміі (праф. з 1983). З 1960 саліст Нац. оперы Латвіі. Сярод партый: Тотс («Іграў я, скакаў» І.​Калніньша), Віжут («Банюта» А.​Калніньша), Кангар («Агонь і ноч» Я.​Медыньша), Рыгор («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Тангейзер, Зігмунд («Тангейзер», «Валькірыя» Р.​Вагнера), Радамес, Атэла, Манрыка («Аіда», «Атэла», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Рудольф, Калаф («Багема», «Турандот» Дж.​Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Пітэр Граймс («Пітэр Граймс» Б.​Брытэна); сола тэнара ў рэквіемах В.​А.​Моцарта і Вердзі, «Месіі» Г.​Ф.​Гендэля, 9-й сімфоніі Л.​Бетховена. Дзярж. прэмія Латвіі 1974.

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)