ВО́СПА ў жывёл,

кантагіёзная вірусная хвароба. Узбуджальнік — ДНК-змяшчальны вірус. Хваробу суправаджае ліхаманка і папулёзна-пустулёзныя высыпкі на скуры і слізістых абалонках. Хварэюць амаль усе віды млекакормячых і птушак. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы і вірусаносьбіты (вірусы ў выдзяленнях з носа, сліне, воспавых скарынках). Інкубацыйны перыяд 4—12 сутак. Хвароба працякае ў абартыўнай (найбольш лёгкай), зліўнай і гемарагічнай (цяжкай) форме.

У авечак воспавыя пашкоджанні на скуры губ, носа, вакол вачэй, на канечнасцях, у кароў — на вымі і сасках, у свіней — па ўсім целе. У птушак бывае скурная (воспіны на грэбені, бародцы, завушніцах, аснове дзюбы) і дыфтэрычная (пашкоджанні ротавай і насавой поласцей) формы. Лятальнасць у авечак ад 2—3% пры дабраякасным да 100% пры злаякасным цячэнні хваробы, у парасят 40—80%, у птушкі 15—60%.

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬМІ́НТЫ [ад грэч. helmins (helminthos) чарвяк, гліст],

глісты, паразітычныя чэрві, узбуджальнікі глісных хвароб (гельмінтозаў) чалавека, жывёл і раслін. Вядома каля 18 тыс. відаў. Паводле цыкла развіцця падзяляюцца на біягельмінты і геагельмінты. Да гельмінтаў адносяцца чэрві тыпаў плоскія чэрві: трэматоды, або смактуны, і стужачныя чэрві, або цэстоды; з трэматод у чалавека часцей трапляюцца апістархіды, з цэстод — шырокі стужачнік, бычыны*, свіны і карлікавы цэпні, лічынкі эхінакока і альвеакока; круглыя чэрві, або нематоды, — аскарыды, воласагаловы, вастрыцы, трыхінелы, анкіластаміды і інш.; скрэбні, або акантацэфалы; кольчатыя чэрві, або анеліды. Прадстаўнікі скрэбняў і кольчатых чарвей у чалавека паразітуюць рэдка. Гельмінты паразітуюць практычна ва ўсіх органах і тканках. Звычайна заражаюцца гельмінтамі праз ежу, ваду, скуру, плацэнту, пры паяданні прамежкавага гаспадара. Вывучае гельмінты і выкліканыя імі хваробы гельмінталогія.

т. 5, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕПТАСПІРО́З,

вострая інфекцыйная хвароба чалавека і жывёл. Узбуджальнікі — лептаспіры, перадаецца ад грызуноў, свойскіх і прамысл. жывёл (лісоў, пясцоў і інш.). Заражэнне адбываецца пры спажыванні прадуктаў ці вады, забруджаных лептаспірамі. У чалавека выяўляецца інтаксікацыяй з паражэннем скуры, нырак, печані, нерв. сістэмы. Адрозніваюць жаўтушны Л. (хвароба Вейла—Васільева) і безжаўтушны Л. (водная ліхаманка). Інкубацыйны перыяд да 20 дзён. Прыкметы: дрыжыкі, болі ў спіне, мышцах, т-ра цела 39—40 °C, галаўны боль, адутлаватасць твару, высыпка на скуры, ірвота, адбываюцца змены ў нырках, печані, нерв. сістэме і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл да Л. схільны буйная раг. жывёла, свінні, козы, свойскія птушкі і інш. Стан жывёл прыгнечаны, у іх павышаецца т-ра цела, рэзка зніжаецца прадукцыйнасць, пры вострым цячэнні хваробы могуць гінуць.

А.​А.​Астапаў.

т. 9, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РПУЦЬ (Іван Мацвеевіч) (н. 1.1.1938, в. Даўбянкі Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1992). Д-р вет. н. (1977), праф. (1979). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1961). З 1964 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (з 1979 заг. кафедры, з 1989 прарэктар). Навук. працы па патамарфалогіі, кроваўтварэнні, імуннай рэактыўнасці здаровых жывёл і хворых на незаразныя, пратазойныя, бактэрыяльныя і вірусныя хваробы, па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя, імуналогіі размнажэння, лактацыі, вітаміна- і антыбіётыкатэрапіі.

Тв.:

Иммунная реактивность свиней. Мн., 1981;

Микроэлементозы сельскохозяйственных животных. Мн., 1986 (у сааўт.);

Незаразные болезни молодняка. Мн., 1989 (у сааўт.);

Внутренние незаразные болезни сельскохозяйственных животных. М., 1991 (у сааўт.);

Иммунология и иммунопатология болезней молодняка. Мн., 1993.

І.М.Карпуць.

т. 8, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВА́ЛЬНАЕ ЗАПАЛЕ́ННЕ ЛЁГКІХ буйной рагатай жывёлы, перыпнеўманія ці плеўрапнеўманія буйной рагатай жывёлы,

высоказаразная інфекц. хвароба, якая выклікаецца грыбападобнай мікаплазмай. Пашкоджвае пераважна лёгкія (крупознае запаленне з захопам міждолькавай злучальнай тканкі і сасудаў, некрозам асобных участкаў) і плеўру (серозна-фіброзны плеўрыт). Найб. пашырана ў Афрыцы, адзначаецца ў Еўропе, Азіі, Аўстраліі. Каранцінная хвароба.

Узбуджальнік выдзяляецца з макротай, выцяканнямі з носа, малаком, мачой хворых жывёл. Заражэнне адбываецца праз бронхі паветрана-кропельным шляхам. Цячэнне звышвострае, вострае, падвострае ці хранічнае, часам абартыўнае (кароткачасовае, з няпоўным развіццём хваробы). Назіраюцца ліхаманка з высокай т-рай, прыгнечанасць, парушэнні дыхання, кашаль, балючасць у вобласці міжрэберных прамежкаў і пазваночніка, выцяканні з носа, расстройствы стрававальнага тракту, бледнасць слізістых абалонак, ацёкі канечнасцей і ніжняга боку цела і інш. Звычайна жывёлы гінуць.

т. 11, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯДЭРМІ́Я (ад грэч. pion гной + дэрма),

гнайнічковыя хваробы скуры, агульная назва пашкоджанняў скуры, выкліканых уздзеяннем гнаяродных мікраарганізмаў (стафілакокаў, стрэптакокаў, зрэдку вульгарнага пратэю, кішачнай і сінягнойнай палачкі і інш.). Бывае першаснай і другаснай (як ускладненне інш. захворванняў скуры). Развіццю П. спрыяюць прафес. і быт. забруджанні скуры, мікратраўмы, пераграванне або пераахаладжэнне, парушэнне функцый унутр. органаў, ц. н. с., абмену рэчываў. Некат. формы часцей назіраюцца ў дзяцей (псеўдафурункулёз), інш. ў дарослых (сікоз). Адрозніваюць стафіла-, стрэпта- і стафіластрэптапіядэрміі. Пры стафілапіядэрміі найчасцей пашкоджваюцца валасяныя фалікулы і потавыя залозы (гідрадэніт, карбункул, фурункул і інш). Стрэптакокапіядэрміі (заеда, імпеціга, хранічная параніхія і інш.) выклікаюць паверхневае або глыбокае запаленне скуры. Да стрэптастафілакокавых адносяць хранічную глыбокую язвавую і язвава-вегетуючую П. Лячэнне: тэрапеўтычнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 12, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дыябе́т

(гр. diabetes)

хваробы, якія суправаджаюцца выдзяленнем вялікай колькасці мачы;

цукровы д. — хвароба, якая характарызуецца павелічэннем узроўню цукру ў крыві і ў мачы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

отарыналарынгало́гія

(ад гр. us, otos = вуха + rhis, rhinos = нос + ларынгалогія)

раздзел медыцыны, які вывучае хваробы вуха, горла, носа і распрацоўвае метады іх лячэння.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

таксікаінфе́кцыі

(ад гр. toksikon = яд + інфекцыя)

вострыя хваробы, якія ўзнікаюць ад спажывання харчовых прадуктаў, інфіцыраваных умоўна-патагеннымі мікраарганізмамі або прадуктамі іх жыццядзейнасці — таксінамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

энзао́тыя

(н.-лац. enzootia, ад гр. en = у, на + zoon = жывёліна)

пашырэнне інфекцыйнай хваробы жывёл на абмежаванай тэрыторыі або акваторыі (параўн. панзаотыя, эпізаотыя).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)