МО́МАНТ (ад лац. momentum рухаючая сіла, штуршок) у філасофіі, вельмі кароткі прамежак часу, міг, імгненне, калі наступае, здзяйсняецца што-н.; істотныя абставіны, састаўная частка, асобны бок якой-н. з’явы (напр., станоўчы М.). Г.Гегель увёў паняцце для абазначэння састаўной часткі вял. цэлага, якая вылучана паводле якаснага ці дынамічнага, але не прасторавага ці мех. прынцыпу (напр., М. светапогляду ў сац. рэвалюцыі). У псіхалогіі М. наз. розныя пачуцці валявога дзеяння. Да іх адносяцца М. вобраза, формы, структуры (гештальта) пры аналізе цэласнай структуры псіхічных працэсаў, якая вызначаецца ўзаемадзеяннем і ўзаемазалежнасцю асобных частак (распазнаванне мелодыі ў розных танальнасцях яе выканання і інш.), а не іх сумай. Гл. таксама Момант у тэорыі імавернасцей, Момант імпульсу, Момант інерцыі, Момант сілы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁТЭР ((Noether) Амалі Эмі) (23.3.1882, г. Эрланген, Германія — 14.4.1935),
нямецкі матэматык, адна з заснавальнікаў абстрактнай алгебры. Скончыла Эрлангенскі ун-т (1902), дзе першай з жанчын Германіі атрымала ступень д-ра навук (1907). У 1922—33 праф. Гётынгенскага ун-та, у 1928—29 выкладала ў Маскоўскім ун-це. З 1933 праф. жаночага каледжа ў г. Брын-Мор (ЗША). Навук. працы па алгебры (тэорыі ідэалаў, гіперкамплексных сістэм, дыферэнцыяльных інварыянтаў і інш.). Увяла паняцце групы з аператарамі, даказала тэарэму аб гомеамарфізмах і ізамарфізмах, развіла агульную тэорыю выключэння і тэорыю алгебраічных мнагастайнасцей. Сфармулявала адну з фундаментальных тэарэм тэарэт. фізікі (гл.Нётэр тэарэма).
Літ.:
Вейль Г. Математическое мышление: Сб.: Пер. с англ. и нем. М., 1989. С. 274—292.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНКО́Ў (Аляксандр Альбертавіч) (н. 1.2.1953, г. Гомель),
бел. вучоны ў галіне фізікі высокіх энергій. Д-ртэхн.н. (1994), праф. (1997). Скончыў Гомельскі ун-т (1976) і працаваў у ім. З 1983 у Гомельскім тэхн. ун-це імя П.В.Сухога. Навук. працы па фенаменалагічным аналізе прадказання электраслабай тэорыі элементарных часціц, па пошуку новых фіз. аб’ектаў і з’яў нестандартнай фізікі на электрон-пазітронных і адронных калайдэрах.
Тв.:
О новой возможности исследования эффектов дополнительных калибровочных Ζ′-бозонов в процессе e+e− → l+l− на установке TRISTAN (разам з І.С.Сацункевічам) // Ядерная физика. 1988. Т. 47, вып. 5;
0 механизме усиления эффектов новой физики в процессе e+e− → W+W− // Там жа. 1992. Т. 55, вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Васіль Васілевіч) (7.2.1887, с. Няўзорава Пронскага р-на Разанскай вобл., Расія — 29.11.1955),
бел. геадэзіст. Акад.АН Беларусі (1950, чл.-кар. 1940), д-ртэхн.н. (1938), праф. (1939). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1954). Скончыў Маскоўскі межавы ін-т (1911). У 1928—41 праф., заг. кафедры ў Бел.с.-г. акадэміі. З 1942 заг. кафедры Новасібірскага ін-та інжынераў геадэзіі, аэрафотаздымкі і картаграфіі. З 1949 у Бел. лесатэхн. і політэхн. ін-тах. Адначасова (з 1951) акад.-сакратар Аддз.фіз.-матэм. навук АН Беларусі. Навук. працы па паліганаметрыі, базісных вымярэннях, тэорыі спосабу найменшых квадратаў. Арганізатар работ па здымцы гарадоў, пракладванні прэцызійных траверсаў у Беларусі і Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РКІНЕ, Пуркінье (Purkyně) Ян Эвангеліста (17.12.1787, Лібахвіцы, Чэхія — 28.7.1869), чэшскі вучоны-біёлаг і грамадскі дзеяч. Ганаровы чл.Пецярб. медыка-хірург. акадэміі. Бацька К.Пуркіне. Скончыў Пражскі ун-т (1818). З 1823 праф. ун-та ў г. Брэслаў, у 1839 заснаваў тут першы ў свеце фізіял.ін-т: З 1850 праф. Пражскага ун-та; у 1851 заснаваў фізіял.ін-т пры гэтым ун-це. Навук. працы па фізіялогіі, цыталогіі, анатоміі, эмбрыялогіі. Адкрыў ядро яйцаклеткі, рух раснічак мігальнага эпітэлію, апісаў нейроны ц. н. с. пазваночных, шэраг гісталагічных структур, названых яго імем (клеткі і валокны П.), прапанаваў тэрмін «пратаплазма». Сканструяваў мікратом, удасканаліў мікраскапічную тэхніку. Падышоў да фармулявання клетачнай тэорыі. Змагаўся за ўвядзенне чэшскай мовы ў ВНУ, за стварэнне Нац.АН, нац.т-ра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Васіль Уладзіміравіч) (19.7.1761, г. Абаянь Курскай вобл., Расія — 3.8.1834),
рускі фізік і электратэхнік. Акад.Пецярб.АН (1809, чл.-кар. з 1802). Скончыў Харкаўскі калегіум (1785), вучыўся ў Пецярб. настаўніцкай семінарыі. У 1795—1833 праф.пецярб. Медыка-хірургічнай акадэміі. Раннія работы па тэорыі гарэння, потым адзін з першых у Расіі вёў даследаванні па электратэхніцы. Стварыў найбуйнейшую гальванічную батарэю (1802), з дапамогай якой адкрыў электрычную дугу. Паказаў магчымасць яе выкарыстання для асвятлення, электраплаўлення, зваркі і аднаўлення металаў з вокіслаў. Устанавіў залежнасць сілы току ад плошчы папярочнага сячэння правадніка. Прапанаваў пакрываць праваднікі ізаляцыйным слоем. Даследаваў электралітычнае дзеянне эл. току, разрады ў газах, электрызацыю трэннем, люмінесцэнцыю. Стварыў шэраг эл. прылад. Яго даследаванні паклалі пачатак практычнаму выкарыстанню электрычнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЛІ́К ЗБУДАВА́ННЯЎ,
вызначэнне размеркавання прыкладзеных сіл, дэфармацый, перамяшчэнняў, што ўзнікаюць у элементах збудаванняў пры статычных, дынамічных, тэмпературных і інш. нагрузках.
Мэта Р.з. — забеспячэнне надзейнасці і даўгавечнасці збудавання ў адпаведнасці з умовамі трываласці, жорсткасці і ўстойлівасці найб. напружаных яго элементаў пры мінім. расходзе матэрыялаў, а таксама ацэнка параметраў гранічнага стану канструкцый. У залежнасці ад тыпу збудавання і віду нагрузкі для Р.з. выкарыстоўваюць розныя разліковыя схемы і метады разліку. Праводзіцца на аснове законаў будаўнічай механікі, супраціўлення матэрыялаў і тэорыі пругкасці. У разліках жалезабетонных збудаванняў, фундаментаў улічваюць і рэалагічныя ўласцівасці матэрыялаў (гл.Рэалогія). Збудаванні, што трапляюць пад уздзеянне выпадковых нагрузак (марскіх хваль, сейсмічных сіл), разлічваюць статыстычнымі метадамі. Для Р.з. выкарыстоўваюць лікавыя метады ў матэматыцы і сродкі вылічальнай тэхнікі. Гл. таксама Дынаміка збудаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕ́НТНАСЦЬ (ад лац. valentia сіла),
здольнасць атама хім. элемента ўтвараць пэўную колькасць хімічных сувязяў з інш. атамамі. Паняцце «валентнасць» увёў англ. хімік Э.Франкленд (1853). Велічыня валентнасці атама хім. элемента вызначаецца колькасцю атамаў вадароду (прынята лічыць аднавалентным), якія ён далучае пры ўтварэнні гідрыдаў (злучэнні з вадародам). Напр., атам хлору далучае 1 атам вадароду (хлорысты вадарод HCl), атам кіслароду — 2 атамы (вада H2O), таму валентнасць хлору і кіслароду ў гэтых злучэннях адпаведна 1 і 2. Паняцце «валентнасць» атрымала развіццё ў квантава-хім. тэорыіхім. сувязі. Паводле гэтай тэорыі велічыня валентнеасці атама (спін-валентнасць) вызначаецца колькасцю электронных пар, якія фарміруюцца пры ўтварэнні хім. сувязяў паміж дадзеным і інш. атамамі за кошт абагульнення іх электронаў з няспаранымі спінамі. Электроны атама, якія могуць удзельнічаць у фарміраванні агульных электронных пар, наз. валентнымі (электроны вонкавых электронных слаёў). У атамах элементаў з недабудаваным перадапошнім слоем (напр., у атамаў жалеза Fe, марганцу Mn, вальфраму W) валентнымі могуць быць і некаторыя электроны гэтага слоя. Многія элементы маюць пераменную валентнасць (напр., у серавадародзе H2S, аксідах SO2 і SO3 валентнасць серы адпаведна 2, 4, 6).
Валентнасць вызначаецца толькі колькасцю кавалентных сувязяў. Для злучэнняў з іоннай сувяззю выкарыстоўваецца паняцце акіслення ступень, якая колькасна роўная валентнасці, але дадаткова характарызуецца дадатным ці адмоўным знакам. У комплексных злучэннях і іонных крышталях каардынацыйны лік атамаў (іонаў) перавышае велічыню спін-валентнасці, таму карыстаюцца паняццем каардынацыйнай валентнасці, якая колькасна роўная суме спін-валентнасці і колькасці атамаў (іонаў), дадаткова звязаных з валентнанасычаным атамам. Напр., у комплексным злучэнні гексафтораалюмінат (III) натрыю Na3[AlF6] спін-валентнасць атама алюмінію 3, ступень акіслення +3, але пры ўтварэнні злучэння з AlF3 і NaF атам валентнанасычанага Al дадаткова хімічна звязваецца з 3 іонамі F−, таму каардынацыйная валентнасць алюмінію ў гэтым злучэнні 6. Гл. таксама Комплексныя злучэнні, Малекула, Крышталі.
Літ.:
Чаркин О.П. Проблемы теории валентности, химической связи, молекулярной структуры. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
раздзел геаметрыі, у якім геам. вобразы (крывыя і паверхні) вывучаюцца метадамі матэм. аналізу, у першую чаргу — дыферэнцыяльнага злічэння. Аб’екты Д.г. — крывыя і паверхні эўклідавай прасторы, іх сем’і (неперарыўныя сукупнасці крывых і паверхняў). У Д.г. даследуюцца ўласцівасці, характэрныя бясконца малой частцы геам. вобразаў (дыферэнцыяльныя ўласцівасці). У адрозненне ад элементарнай і аналітычнай геаметрыі, якія вывучаюць асобныя крывыя і паверхні ці спец. класы крывых і паверхняў, Д.г. разглядае крывыя і паверхні наогул.
Класічная Д.г. вывучае дыферэнцыяльныя ўласцівасці геам. вобразаў звычайнай трохмернай прасторы, якія не залежаць ад становішча ў прасторы. Асобныя паняцці Д.г. сустракаюцца ў 2-й пал. 17 ст. ў працах англ. вучонага І.Ньютана, ням. матэматыка Г.Лейбніца і інш. Асновы тэорыі паверхняў закладзены ў канцы 18 ст. працамі ням. вучонага Л.Эйлера і франц. вучонага Г.Монжа. Значны ўклад у развіццё Д.г. зрабілі К.Гаўс, рус. матэматыкі К.М.Петэрсон (пабудаваў асновы класічнай тэорыі паверхняў) і М І.Лабачэўскі, ням. матэматык Б.Рыман. Асн. кірункі сучаснай Д.г.: геаметрыя аднародных прастораў, у якіх дзейнічае некат. сукупнасць (група) пераўтварэнняў (у класічнай Д.г. — група рухаў) і вывучаюцца ўласцівасці геам. вобразаў, што не мяняюцца пры пэўных пераўтварэннях; геаметрыя абагульненых прастораў, якія будуюцца на аснове дыферэнцаванай разнастайнасці, што ўключае як прыватны выпадак паняцці крывой і паверхні класічнай Д.г. Асобнае месца займае «геаметрыя ў цэлым», якая даследуе геам. вобразы, што не могуць быць вырашаны сродкамі дыферэнцыяльнага злічэння.
На Беларусі сістэматычныя даследаванні па сучаснай Д.г. пачалі праводзіцца з канца 1960-х г. Пабудавана глабальная тэорыя нармалізаваных і спалучаных звязнасцей у галоўных расслаеннях, праведзена даследаванне сіметрычных прастораў і шэрагу іх абагульненняў (В.І.Вядзернікаў, А.С.Фядэнка).
Літ.:
Погорелов А.В. Дифференциальная геометрия. 5 изд. М., 1969;
Дифференциальная геометрия. Мн., 1982;
Феденко А.С. Пространства с симметриями. Мн., 1977;
История отечественной математики. Т. 3. Киев, 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ФІ́ЗІКА-ТЭХНІ́ЧНЫНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1931 у Мінску (існаваў да 1938). У 1945 у АНБССР створаны фізіка-тэхн. сектар, які ў 1947 рэарганізаваны ў Фізіка-тэхн. ін-т. З 1970 працавала Магілёўскае аддзяленне ін-та (з 1992 самаст.Інстытут тэхналогіі металаўНац.АН Беларусі). У складзе ін-та (1998): эксперым. аддзел з доследнай вытв-сцю, 21 навук. лабараторыя. Аспірантура з 1950 па 6 спецыяльнасцях.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: фізіка трываласці і пластычнасці; узаемадзеянне лазернага і плазменнага выпрамянення з рэчывам; лазерныя, электраэразійныя і пучковыя (вакуумныя, іонаплазменныя) тэхналогіі; кампазіцыйныя матэрыялы; малаадходныя тэхналогіі і абсталяванне для машынабудавання і электронікі; камп’ютэрная мультыплікацыя. Распрацаваны: метады фотапластычнасці і муаравых палос; навук. асновы цеплавой тэорыі ліцейных працэсаў, тэрмадынамікі абарачальных і неабарачальных працэсаў; тэорыя, агульная структура і класіфікацыя працэсаў формаўтварэння; тэорыі асобных тэхнал. працэсаў апрацоўкі металаў, асновы тэхнал. працэсаў сінтэзу высакаякасных дыэлектрыкаў рознай таўшчыні і метадаў іх кантролю. Устаноўлены шэраг заканамернасцей пластычнага формаўтварэння; даследаваны фазавыя і структурныя пераўтварэнні, фізіка-мех. ўласцівасці сталей і сплаваў, абгрунтаваны крытэрыі выбару рэжымаў правядзення базавых працэсаў інтэгральных тэхналогій; створаны шэраг новых, у т. л. кампазіцыйных, матэрыялаў. Распрацаваны і асвоены прам-сцю: аўтаматызаваныя комплексы папярочна-клінавой пракаткі; аўтаматызаваныя камп’ютэрныя лазерныя комплексы для тэрмічнай апрацоўкі, рэзкі і зваркі матэрыялаў; тэхналогіі і абсталяванне для імпульснай і магнітна-абразіўнай апрацоўкі, нанясення каразійнаўстойлівых, гарачатрывалых і дэкар. пакрыццяў, вырабу інструменту рознага прызначэння; бранявыя матэрыялы для асабістай засцярогі і аховы спецтэхнікі, бязнікелевыя высокатрывалыя чыгуны, літыя эўтэктычныя і валакністыя кампазіцыйныя, антыфрыкцыйныя алюміній-графітавыя матэрыялы. Дасягненні супрацоўнікаў ін-та адзначаны Дзярж. прэміяй СССР, 10 Дзярж. прэміямі Беларусі і інш. У ін-це працавалі акад.АНБССР М.С.Акулаў, Г.А.Анісовіч, Ц.Л.Бурстын, К.В.Гораў, С.І.Губкін, А.І.Кайгарадаў, Я.Р.Канавалаў, В.П.Севярдэнка, А.Н.Сеўчанка, М.М.Сірата, Б.І.Сцяпанаў, В.М.Чачын, чл.-кар. М.М.Бадзяка, А.В.І.Вейнік, М.У.Румак; працуюць акад.Нац.АН Беларусі С.А.Астапчык (дырэктар з 1983), А.В.Сцепаненка, П.І.Яшчарыцын. чл.-кар. А.І.Гардзіенка, Л.І.Гурскі.