НЕФЕЛАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. nephelē мутнасць + ...метрыя),

сукупнасць метадаў вымярэння інтэнсіўнасці святла (бачнага ці ультрафіялетавага), рассеянага ў зададзеным асяроддзі, з мэтай вызначэння канцэнтрацыі, формы і памераў дысперсных часцінак.

У Н. вымяраюць інтэнсіўнасць рассеянага святла з дапамогай нефелометраў ці фотаэл. колераметраў з адпаведнымі прыстасаваннямі, адчувальны элемент (дэтэктар) якіх можна размясціць пад рознымі вугламі да напрамку зыходнага светлавога патоку. Метады вымярэння грунтуюцца на залежнасці характару рассеяння святла, а таксама ступені яго палярызацыі ад суадносін паміж памерамі дысперсных часцінак і даўжынёй хвалі зыходнага святла. Напр., калі найб. памер часціц не перавышае 0,1 даўжыні хвалі, рассеянне святла будзе сіметрычным (гл. Рэлееўскае рассеянне святла); часцінкі большых памераў рассейваюць святло мацней і нераўнамерна. Н. выкарыстоўваецца ў хім. аналізе, для даследавання эмульсій ці інш. калоідных сістэм, у метэаралогіі, фізіцы мора, пры вывучэнні некаторых біял. аб’ектаў.

Літ.:

Шифрин К.С. Рассеяние света в мутной среде. М.; Л., 1951.

А.​Б.​Гаўрыловіч.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁГАЛА́КТЫКІ,

разнавіднасць галактык, якія з’яўляюцца крыніцамі магутнага радыёвыпрамянення. Вядома больш за 500 Р.

Практычна ўсе галактыкі выпрамяняюць у радыёдыяпазоне. З прычыны вял. адлегласцей (большых за 5—6 Мпк) радыёвыпрамяненне звычайных галактык вельмі слабае, у сярэднім ў мільён разоў меншае за аптычнае выпрамяненне. Інтэнсіўнасць радыёвыпрамянення Р. на некалькі парадкаў вышэйшая, у большасці выпадкаў іх аптычнае выпрамяненне слабае і не заўсёды можна атаясаміць Р. з аптычнай крыніцай. Радыёвыпрамяненне Р. мае сінхратронную прыроду (гл. Сінхратроннае выпрамяненне). З дапамогай радыёінтэрферометраў устаноўлена, што 75% Р. — падвойныя сістэмы. Самая магутная Р. — Лебедзь A (у сузор’і Лебедзь), у аптычным дыяпазоне мае 18-ю зорную велічыню; вобласць радыёвыпрамянення складаецца з 2 кампанентаў, размешчаных сіметрычна па абодва бакі ад зоны аптычнага выпрамянення. Лінейныя памеры кожнага кампанента 100 тыс. св. гадоў, адлегласць паміж імі 300 тыс. св. гадоў.

Літ.:

Пахольчик А.Г. Радиогалактики: Пер. с англ. М., 1980.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

даве́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; заг. давер; зак., каго-што або з інф.

Аказаўшы давер’е, даручыць каму‑, чаму‑н., перадаць пад чыю‑н. адказнасць. Даверыць таварышу машыну. □ Патрэбен быў памочнік, шчыры і пісьменны чалавек, добра пісьменны, каб яму можна было даверыць любую справу. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аб’е́здка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Дарога, пракладзеная побач, па якой можна аб’ехаць якую‑н. перашкоду. [Абрыцкі:] Наскрозь я бачу службу вашу! Чаму аб’ездак, сцежак многа?.. Колас.

2. Спец. Прывучванне хадзіць пад сядлом, у вупражы (пра коней). Аб’ездка маладых коней.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кругагля́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Прастора, якую можна ахапіць позіркам. Асенняе сонца ўзнялося над зямлёй, і пашырэў кругагляд. Чарнышэвіч.

2. перан. Аб’ём, шырыня ведаў, інтарэсаў і пад. [Лабановіча] цягнула вольная праца ў невядомых прасторах людскога жыцця, яму хацелася пашырыць свой кругагляд. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́йздрасць, ‑і, ж.

Пачуццё незадаволенасці і раздражнення, выкліканае перавагамі, поспехамі, дабрабытам іншых; жаданне мець тое, што маюць другія. — Ты мяне ўсюды абганяеш, — гаварыла Галіна Святлане з лёгкай зайздрасцю. Шахавец.

•••

Лопнуць ад зайздрасці гл. лопнуць.

На зайздрасць — так (такі і пад.), што можна пазайздросціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Разм. Капля, кропля. Чутно ўжо, як пачынаюць за акном падаць капкі са страхі на зямлю. Галавач. На сурдуце былі сякія-такія плямы, паходжанне якіх можна было б вытлумачыць неасцярожна ўпаўшымі капкамі верашчакі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́дна, прысл.

Згодна з модай. На борце самалёта было толькі чатыры пасажыры: савецкі інжынер Міхаіл Ярохін, адзін паважаны, модна апрануты англічанін і маладая канадка з дачкой год чатырох. Шамякін. Вывесілі на вагоне аб’яву, што тут, у цырульні на колах, можна модна пастрыгчыся. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набе́гацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Пабегаць уволю, стаміцца, бегаючы. Я не разумеў, як гэта можна не пад’есці, калі добра набегаешся за цэлы дзень... Ваданосаў. — Навошта так рана.. [Паўліка] будзіш? — запытала маці, якая ўжо завіхалася ля печы. — Набегаецца яшчэ за цэлы дзень... С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накукава́цца, ‑кукуюся, ‑кукуешся, ‑кукуецца; зак.

Разм.

1. Многа пакукаваць. Гнёзд чужых на выбар: ёсць дзе прыстроіць сваё патомства, ды і накукавацца можна ўволю. Якімовіч.

2. перан. Зазнаць гора з якой‑н. прычыны. Ну, думаю сабе, фельчара няма, накукуюся я з ёю [свіннёй]. Стаховіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)