БАРЫ́КІН (Емяльян Ігнатавіч) (2.8.1902, в. Тросная Камарыцкага р-на Бранскай вобл., Расія — 25.3.1951),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў саўпартшколу (1939). З 1937 на парт. рабоце. У 1941 сакратар Гомельскага гаркома КП(б)Б, удзельнічаў у арганізацыі абароны горада ад ням. фашыстаў. У жн. 1941 — ліст. 1943 сакратар Гомельскага падп. гаркома КП(б)Б. Адзін з арганізатараў партыз. атрада «Бальшавік», з ліст. 1942 нач. штаба Гомельскага партыз. злучэння. З 1944 сакратар Гомельскага гаркома, Баранавіцкага абкома КП(б)Б. Дэп. Вярх. Савета БССР з 1947.

Е.І.Барыкін.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАКУ́РЫХА,

горад у Расіі, у Алтайскім краі, у даліне р. Белакурыха. За 250 км ад Барнаула. 13,6 тыс. ж. (1995). Бальнеалагічны курорт у адгор’ях Чэргінскага хрыбта. Развіваецца з канца 19 ст. Вядомасць набыў дзякуючы мясц. крыніцам слабамінералізаваных тэрмальных (28—42 °C) радонавых водаў, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб органаў кровазвароту, руху і апоры, нерв. і гінекалагічных расстройстваў, пры парушэннях у абмене рэчываў. Больш за 10 санаторыяў; пансіянаты, лячэбніцы, месцы для аэрагелія- і клімататэрапіі. Паблізу горада Цялецкае воз., Алтайскі запаведнік.

Літ.:

Казначеев В., Черявский Е. Курорт Белокуриха. 2 Изд. [Барнаул], 1967.

Белакурыха. Санаторый «Катунь».

т. 2, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КЛУБ у Вільні.

Існаваў у 1916—20 пад старшынствам І.​Луцкевіча. У клубе наладжваліся бел. вечарынкі (1-я 17.9.1916) са спектаклямі, дэкламацыяй, музыкай, танцамі. Спектаклі ставіла Беларуская драматычная дружына пад кіраўніцтвам Ф.​Аляхновіча. Паказаны п’есы Аляхновіча «Калісь», «Бутрым Няміра», «Чорт і баба», «На вёсцы», «На Антокалі», «Базілішак», а таксама «Антось Лата» Я.​Коласа, «Хам» паводле Э.​Ажэшкі, «Міхалка» Далецкіх, «Мядзведзь» А.​Чэхава. Ладзілі ў клубе і вечары для дзяцей. Драм. гурток т-ва «Золак» бел. дзіцячага прытулку паставіў невял. п’есу са спевамі «Перахітрылі» С.​Корф, 25.12.1917 паказаў батлейку. Месціўся клуб у розных памяшканнях горада.

т. 2, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАЗКЁЙ (Boğazköy),

рэшткі стараж. сталіцы Хецкай дзяржавы г. Хатусас на тэр. сучаснага г. Багазкёй (Цэнтр. Анатолія, Турцыя). Заснаваны на паселішчы эпохі энеаліту каля 1500 да нашай эры. Агульная пл. больш за 121 га. Быў абкружаны сцяной з каменю і сырцовай цэглы, меў 3 брамы, упрыгожаныя рэльефнымі выявамі воінаў, ільвоў і сфінксаў. Раскопкі выявілі рэшткі 4 храмаў, некалькіх свецкіх будынкаў, сховішча гліняных таблічак з надпісам (больш за 10 тыс.). За сценамі горада размяшчаліся скальнае свяцілішча Язылыкая з выявамі хурыцкіх багоў, іх служак і іерагліфічнымі надпісамі, могільнік з вял. колькасцю трупаспаленняў. Разбураны каля 1200 да нашай эры.

т. 2, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗВІН, Вастан Дзвін,

рамесна-гандл. горад, цэнтр транзітнага гандлю Арменіі ў 4—13 ст. (за 35 км на Пд ад Ерэвана). У 330-я г. арм. цары Аршакіды пабудавалі тут крэпасць і перанеслі туды сваю рэзідэнцыю. Пасля падзення Арм. царства ў 428 Дз. стаў рэзідэнцыяй перс. правіцеляў Арменіі. З 640 — цэнтрам араб. эмірата — Армінія. У 1236 разбураны манголамі. Раскопкі Дз. праводзяцца з 1937. У крэпасці адкрыты руіны палацаў, жылыя дамы і ганчарныя майстэрні 10—13 ст. У цэнтры горада — рэшткі сабора (перабудаваны ў 7 ст.), палац каталікоса (5 ст.), будынак вял. караван-сарая і інш.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОЎСК,

вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог Рагачоў—Слаўгарад і Гомель—Магілёў. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Доўск». За 31 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 90 км ад Гомеля. 1893 ж., 769 двароў (1997). Гомельская абл. с.-г. доследная станцыя. Асфальтавы, цагельны, малочны з-ды, хлебазавод, філіял Рагачоўскага камбіната буд. матэрыялаў, аўтазаправачная станцыя. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, 2 аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква (пач. 20 ст.).

т. 6, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙТАЎСКІ СУД,

мясцовы суд у гарадах ВКЛ. Войт, які ўзначальваў адміністрацыю горада, меў права і ўласнага суда. У грамаце 1390 на магдэбургскае права Брэсту ўпамінаецца толькі адна крыніца ўлады і суда — войт. У грамаце 1498 Полацку гаворыцца, што бурмістры і радцы не маглі судзіць без войта. Каралева Бона ў 1551 запатрабавала, каб у велікакняжацкіх гарадах суд. спрэчкі старосты разглядалі сумесна з гар. войтам. У многіх прыватнаўласніцкіх гарадах, дзе не было ўведзена магдэбургскае права, таксама дзейнічаў або войтаўскі суд, або войтаўска-лаўніцкі суд. Поруч з войтаўскім судом існаваў бурмістраўска-радзецкі суд.

Т.​І.​Доўнар.

т. 4, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́НДЭРЭР (Wunderer) Іаган Давід, нямецкі падарожнік 16 ст., пастар. Вучыўся ў Страсбуры і Ростаку. У 1590 з Ростака праз Кёнігсберг прыбыў у ВКЛ, наведаў Крожы, Вільню, потым Пскоў, Рыгу. У дзённіку падарожжа, які пазней дапоўніў звесткамі з літ. крыніц, даў апісанне Літвы, храмаў, народаў, якія насялялі Вільню, дамоў і крамля ў Пскове, рэшткаў язычніцкага свяцілішча каля горада, побыту рас. войска, манет, гандлю. Дзённік упершыню надрукаваны ў 1812 у Германіі.

Тв.:

Рус. пер. — Иоанна Давида Вундерера путешествия в Данию, Россию и Швецию в 1589 и 1590 гг. // Чтения в О-ве истории и древностей Российских. 1863. Кн. 2.

т. 4, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПРЫ́Т, β,β′-дыхлордыэтылсульфід,

арганічны сульфід аліфатычнага рада, S(CH2CH2Cl)2. Выкарыстаны як атрутнае рэчыва ў 1917 Германіяй каля бельг. горада Іпр (адсюль назва).

Бясколерная масляністая вадкасць з пахам часнаку ці гарчыцы, tпл 14,5 °C, tкіп 217 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1274,1 кг/м³ (20 °C). Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра — у арган. растваральніках. Моцныя акісляльнікі (напр., хлорная вапна, хлораміны) выклікаюць поўную дэструкцыю (гэтыя рэакцыі выкарыстоўваюць для дэгазацыі І.). Протаплазматычны яд (пашкоджвае вочы, скуру, органы дыхання). Смяротная доза пры рэзорбцыі праз скуру 70 мг/кг (мае «скрыты перыяд» дзеяння да 12 гадз і болей).

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́Ў (Міхаіл Эмануілавіч) (23.8.1897, ст. Рамадан Міргарадскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 16.12.1954),

расійскі пісьменнік. Скончыў Петраградскі ун-т (1922). Друкаваўся з 1922. Першая кніга — зб. апавяд. «Папугаева шчасце» (1924). Раман «Дзевяць кропак» (кн. 1—4, 1929—37, поўнасцю апубл. ў 1956 пад назвай «Крушэнне імперыі») пра падзеі 1-й сусв. вайны і Лют. рэвалюцыі — шматпланавы гіст.-быт. і сац. твор. Аўтар рамана «Жыхары гэтага горада» (апубл. 1955), аповесцей «Мешчанін Адамейка», «Паўтара Хама» (абедзве 1927), «Верны ўдар» (1946), «Петраградскія дні» (апубл. 1957), п’ес «Чэкісты» (1939), «Дар’я» (1942), «Яблыня і сякера» (1943), «Няіставы Вісарыён» (1948) і інш.

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)