з’ява неабарачальнага пераходу энергіі гукавой хвалі ў інш.віды энергіі, напр., у цеплату. Залежыць ад прыроды, вязкасці, цеплаправоднасці і шчыльнасці асяроддзя, а таксама ад частаты гукавых ваганняў. Выкарыстоўваецца для даследаванняў унутр. структуры рэчываў, а таксама ў арх. акустыцы.
Калі праходжанне гуку парушае раўнаважны стан асяроддзя, П.г. павялічваецца з-за рэлаксацыйных працэсаў (гл.Рэлаксацыя акустычная) і суправаджаецца дысперсіяй гуку (гл.Дысперсія хваль). П.г. ў газах залежыць ад ціску ў газе; цеплаправоднасць і зрухавая вязкасць даюць прыкладна аднолькавы ўклад. У вадкасцях у асн. вызначаецца вязкасцю, у цвёрдых целах — унутр. трэннем і цеплаправоднасцю, а на высокіх частотах і пры нізкіх т-рах — рознымі працэсамі ўзаемадзеяння гуку з унутр. ўзбурэннямі ў цвёрдых целах (напр, фанонамі, электронамі праводнасці, спінавымі хвалямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСА́ДЫ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 1999 з мэтай захавання рэкрэацыйна- і пейзажна каштоўнага прыроднага комплексу з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 1079 га. Рэльеф узгорысты. Лясны масіў з мноствам крыніц, ручаёў, «вісячых балотцаў» у месцах выкліньвання грунтавых вод. Пашыраны яловыя і хваёвыя (па 34%), бярозавыя (20%), асінавыя (7%) сярэдне- і высокаўзроставыя лясы з дамешкамі дуба, клёна, ліпы. Мноства лек., харч., кветкава-дэкар. і інш. раслін, з якіх баранец звычайны, белакапытнік гібрыдны, званочак шыракалісты, купальнік горны, пярэсна еўрапейская, смярдзюх звычайны, спарасіс кучаравы і інш. занесены ў Чырв. кнігу. У фауне 17 відаў млекакормячых, 82 віды птушак, у т. л. бусел чорны, дзяцел зялёны, зімародак і пустальга звычайныя занесены ў Чырв. кнігу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЁН, ліснік (Solanum),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 1700 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах, большасць у Паўд. Амерыцы. На Беларусі 5 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя П.: жоўты (S. luteum), салодка-горкі, нар. назвы воўчыя ягады, гліснік (S. dulcamara), чорны (S. nigrum). Трапляюцца ў вільготных ярах, хмызняках, па берагах вадаёмаў. Культывуюць баклажан і бульбу.
Адна- і шматгадовыя травы, кусты і паўкусты, часам невял. дрэвы (у тропіках). Сцёблы прамастойныя, лазячыя ці павойныя. Лісце чаргаванае або супраціўнае, чаранковае, лопасцевае ці перыстае. Кветкі адзіночныя або ў завітках. Плод — ягада. Многія віды маюць алкалоіды (саланіны і інш.) і выкарыстоўваюцца як лек. расліны (напр., П. салодка-горкі). Харч., лек., дэкар., меданосныя і фарбавальныя расліны. Есць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́КАРЫЕВЫЯ (Tayassuidae),
сямейства няжвачных парнакапытных кл. млекакормячых. Вядомы з алігацэну (каля 35 млн.г. назад). 2 роды, 3 віды: пекары ашыйнікавы (Tayassu tajacu), белабароды (T. pecari) і чакскі (Catagonus wagneri), які занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Пашыраны ў Амерыцы. Жывуць у разнастайных ландшафтах, ад засушлівых месцаў да вільготных трапічных лясоў. Трымаюцца групамі да 100 галоў і больш.
Даўж. да 115 см, выш. ў карку да 57 см. маса да 50 кг. Афарбоўка шэра-карычневая і Па знешнім выглядзе падобны да дзікоў, але больш лёгкага целаскладу. Ногі тонкія, ва пярэдніх 4, на задніх 3 пальцы. На крыжы ёсць залоза тыпу мускуснай. Усёедныя. Палігамы. Нараджаюць 1—2 (зрэдку да 4) дзіцяняці. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ННІЦЫ,
слінявіцы (Cercopidae, або Aphrophoridae), сямейства сысучых насякомых падатр. цыкадавых атр. раўнакрылых. Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ў тропіках і ўмераных зонах. Жывуць пераважна ва ўвільготненых мясцінах. На Беларусі 8 відаў; найб. пашыраны П. альховая (Aphrophora alni), звычайная, або слінявая (Philaenus spumantis), цвердакрылая (Lepyronia coleoptrata). П. звычайная шкодзіць сцёблам і лісцю пладовых дрэў, пладовых і дэкар. кустоў, суніц і інш.
Даўж. да 12 мм. Афарбоўка зеленаватая, бурая, радзей чорная або плямістая. Спіна апушаная, надкрылы шчыльныя, скурыстыя Заднія ногі скакальныя. Кормяцца сокамі раслін. Лічынкі развіваюцца на раслінах у камяках пенападобнай слізі, т.зв. «зязюліны сліны» (адсюль другая назва). якую выдзяляюць спец. васковыя залозы. У тропіках некат. віды П. утвараюць капеж з выдзяленняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРГА́МЕНТ (ням. Pergament ад грэч. Pergamos Пергам, горад у М. Азіі, дзе ў 2 ст. да н.э. пачалі выраб П.),
від нядубленай спец. апрацаванай скуры. Валодае адносна вял. трываласцю на разрыў (10—12 кгс/мм2). Са стараж. часоў выкарыстоўваўся як асн. матэрыял для пісьма, вырабу калчанаў і шчытоў. Да вынаходства кнігадрукавання на П. былі напісаны асн. пісьмовыя помнікі ў Еўропе 10—пач. 15 ст. На Беларусі з 11 ст. вядомыя ў асн. богаслужэбныя і рэлігійныя кнігі: Тураўскае евангелле, Полацкае евангелле (канец 12 ст.), Аршанскае евангелле, Мсціжскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле, творы Кірылы Тураўскага, «мінеі-чэцці» і інш. Вядомы таксама віды П.: скура для дэталей ткацкага станка, шпагат і муз. П. для барабанаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАЦВЕ́Т, прымула (Primula),
род кветкавых раслін сям. першакветных. Больш за 500 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды П.: веснавы, або баранчыкі, ці ключыкі (P. veris), і высокі (P. elatior), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў мяшаных лясах, на палянах, сухіх лугах, у далінах рэк. Інтрадукавана 5 відаў П.: Воранава (P. woronovii), вушкавы (P. auriculata), дробназубчасты (P. denticulata), звычайны (P. vulgaris), японскі (P. japonica).
Шматгадовыя ранаквітучыя (адсюль назва) травяністыя карэнішчавыя расліны. Лісце суцэльнае, чаранковае ці сядзячае, у прыкаранёвай разетцы. Кветкі правільныя ў парасонавых, галоўчатых або кальчаковых суквеццях жоўтага, бэзавага, белага, ружовага, пурпуровага, фіялетавага колеру. Плод — каробачка. Маладое лісце спажываюць як салату, кветкі і лісце выкарыстоўваюць у лікёра-гарэлачнай вытв-сці. Харч., лек., дэкар., меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІВО́НЯ (Paeonia),
род кветкавых раслін сям. півоневых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных і горных абласцях Еўразіі, Пн Афрыкі і на ЗПаўн. Амерыкі. Трапляюцца ў светлых лясах, на субальпійскіх лугах, а таксама ў лесастэпах і стэпах. На Беларусі інтрадукаваны 3 травяністыя віды П.: адваротнаяйцападобная (P. obovata), адхіленая (P. anomala), малочнакветкавая (P. lactiflora) — родапачынальніца мноства культурных сартоў, і 1 дрэвападобны — П. паўкустовая (P. suffruticosa).
Шматгадовыя (у культуры без перасадкі жывуць да 100 гадоў) травяністыя расліны, радзей кусты і паўкусты з бульба- або верацёнападобнымі каранямі. Лісце чаргаванае, двойчы-, тройчы- або шматрассечанае. Кветкі буйныя, адзіночныя, белыя, ружовыя, чырв., радзей жоўтыя, простыя або махрыстыя. Плод — шматлістоўка. Лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЫВУНЕ́Ц (Utricularia),
род кветкавых насякомаедных раслін сям. плывунцовых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. На Беларусі 4 віды П.: звычайны (U. vulgaris), малы (U. minor), паўднёвы (U. australis), прамежкавы (U. intermedia). Трапляюцца ў старыцах, азёрах, забалочаных лясах, канавах, на балотах.
Шматгадовыя, травяністыя, наземныя, водныя, некат. эпіфітныя, бескаранёвыя расліны. На лісці размешчаны празрыстыя лоўчыя пухіркі — мяшочкападобныя ўздуцці з клапанамі, якія лёгка адкрываюцца толькі ўнутр (дробныя беспазваночныя, напр., дафніі, трапляюць разам з вадой і не могуць выйсці назад). Ферменты, што выдзяляюць сценкі пухірак, ператраўліваюць здабычу. Расліны растуць на бедных азоцістымі злучэннямі субстратах, таму іх недахоп папаўняецца за кошт жывёльнай ежы. Кветкі няправільныя, у рыхлай гронцы на верхавінцы кветаноса над вадой. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́КТЫКА (ад грэч. prakticos актыўны, дзейны),
матэрыяльная мэтазгодная дзейнасць людзей, накіраваная на засваенне і пераўтварэнне аб’ектыўнай рэчаіснасці; працэс пераходу набытага вопыту ва ўмовы жыцця людзей. Як сукупная дзейнасць чалавецтва ў гіст. развіцці з’яўляецца асновай грамадства і пазнання. Асн.віды П. — вытв-сць матэрыяльных даброт і П., накіраваная на сац. пераўтварэнне. Структура П. ўключае патрэбнасць, мэту, матыў, мэтазгодную дзейнасць, прадмет, сродкі і вынік. Разглядаецца ў кантэксце ўзаемаўплываў з тэорыяй. У філасофіі праблема тэорыі і П становіцца актуальнай з 19 ст. Г.Гегель разглядаў П. як «валявую дзейнасць ідэі». Суб’ектыўныя ідэалісты сцвярджалі другаснасць П. ў адносінах да тэорыі. Вял. ролю ў пазнанні адводзілі П. прыхільнікі марксізму, сцвярджаючы дыялект. адзінства тэорыі і П Прагматысты разглядалі каштоўнасць вучэння толькі па яго практ. выніках.