ВА́КУУМНАЯ ЗБРО́Я,

боепрыпасы з выбуховым рэчывам аб’ёмна-дэтанацыйнага дзеяння. Прызначана для паражэння цэляў са складкамі мясцовасці, у збудаваннях адкрытага тыпу, мінных палёў. Утварае газападобнае або дробнадысперснае аэразольнае воблака значных памераў. Асн. паражальны фактар — ударная хваля, якая ўтвараецца пры падрыванні гэтага воблака (ціск у цэнтры воблака прыкладна ўтрая перавышае нармальны атмасферны). За зонай лішкавага ціску ўтвараецца працяглая зона разрэджання (адсюль назва).

т. 3, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЧЭ́ЦКІ (Леанід Паўлавіч) (18.9.1913, в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 30.10.1991),

бел. тэатр. дзеяч. Засл. дз. культ. Беларусі (1963). Скончыў Мінскі пед. тэхнікум (1931), тэатр. студыю пры Бел. дзярж. т-ры ў Віцебску (1933), дзе працаваў з 1931. У 1951—74 дырэктар Брэсцкага абл. драм. т-ра імя Ленінскага камсамола Беларусі. Аўтар кн. «Гады, спектаклі, ролі...» (1974), артыкулаў па праблемах т-ра.

т. 3, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІГУ́РСКАЯ (Галіна Васілеўна) (28.6.1909, с. Юлінцы Вінніцкай вобл., Украіна — 1.8.1990),

украінская перакладчыца, літ.-знавец. Скончыла ін-т педагогаў для дашкольнікаў пры Кіеўскім ун-це (1936). Даследавала ўкр.-бел. літ. і культ. ўзаемасувязі. Пераклала на ўкр. мову асобныя творы Я.​Коласа, П.​Броўкі, М.​Гарэцкага, У.​Карпава, І.​Шамякіна, М.​Лынькова, В.​Быкава, І.​Мележа, Я.​Брыля, п’есы К.​Крапівы, В.​Вольскага і інш.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДЭАФАНАГРА́МА,

спецыяльны носьбіт з запісам відэаакустычнай інфармацыі. Мае дарожкі запісу — сляды (канаўкі ў носьбіце, намагнічаныя або наэлектрызаваныя вобласці і інш.), пакінутыя запісвальным прыстасаваннем на рухомым носьбіце ў працэсе запісу. Бывае аналагавая і лічбавая. Атрымліваецца пры запісе тэлевізійных сігналаў на магнітную стужку (напр., на відэамагнітафоне), аптычны дыск, кінаплёнку і інш. Выкарыстоўваецца для захоўвання і ўзнаўлення тэлевізійнай, кінатэлевізійнай і інш. інфармацыі. Гл. таксама Сігналаграма.

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСОКАТРЫВА́ЛЫ ЧЫГУ́Н,

чыгун высокай (400—1500 МПа) трываласці і пластычнасці. Атрымліваецца пераважна мадыфікаваннем вадкага чыгуну прысадкамі магнію, кальцыю, цэрыю, ітрыю і інш. элементаў. Мае значную зносаўстойлівасць, высокія ліцейныя якасці, добра паддаецца мех. апрацоўцы. Выкарыстоўваецца замест сталі для вырабу каленчатых валоў, зубчастых колаў, шатуноў, муфтаў і інш. важных дэталей, а таксама замест коўкага чыгуну пры вырабе задніх мастоў аўтамабіляў, калодак, картэраў, фітынгаў.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯНЦЫ́,

рознакаляровыя кольцы вакол Сонца, Месяца або яркіх зорак. Утвараюцца ў выніку дыфракцыі святла пры праходжанні яго праз кроплі вады або ледзяныя крышталікі ў тонкіх вадзяных або ледзяных воблаках. Вуглавая адлегласць паміж кольцамі адваротна прапарцыянальная радыусу кропляў: чым драбнейшыя кроплі, тым большыя вянцы. Адрозніваюцца ад гало меншым радыусам кольцаў (не больш за 5°). У метэаралогіі вянцы выкарыстоўваюць для вывучэння воблакаў і туманаў.

т. 4, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МА-ДЭФЕКТАСКАПІ́Я,

метад неразбуральнага кантролю якасці вырабаў пры прасвечванні іх гама-выпрамяненнем. Заснаваны на залежнасці паглынання пранікальнага выпрамянення ад структуры матэрыялу. Дазваляе выявіць унутр. будову, наяўнасць, канфігурацыю і каардынаты дэфектаў у вырабах таўшчынёй да 250 мм. Вымярэнні праводзяць фотарадыеграфічным (найб. пашыраны), іанізацыйным, тэлевізійным і інш. метадамі. Выкарыстоўваецца ў судна- і авіябудаванні, металургіі, на буд-ве нафта- і газаправодаў і інш. Гл. таксама Дэфектаскапія.

т. 5, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ННА СЦЮ́АРТ ((Anne Stuart)) (6.2.1665, Лондан—1.8.1714),

каралева Англіі, Шатландыі і Ірландыі з 1702, з 1707 Вялікабрытаніі; апошняя з дынастыі Сцюартаў. Дачка караля Якава II. Узышла на прастол у адпаведнасці з актам аб прастоланаследаванні (1701), які значна абмяжоўваў правы кароны. Пры ёй пачаў усталёўвацца парадак, паводле якога ўрад фарміраваўся з дзеячаў партыі (вігі або торы), якая мела большасць у палаце абшчын.

т. 5, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЛІКАВА (Таццяна Іванаўна) (н. 28.11.1947, в. Патапаўка Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. празаік. Скончыла БДУ (1970). Друкуецца з 1962. Аўтар кніг апавяданняў і аповесцей «Дзе лес шуміць» (1978), «Пры святле расстанняў» (1985) і інш. Асноўнае ў яе творах — маральна-этычныя аспекты грамадства, духоўныя пошукі героя. Адметнае ў маст. манеры — аўтарская занепакоенасць людскімі лёсамі, шматграннасць чалавечай душы, клопат пра заўтрашні дзень Сусвету.

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСТРАПТО́З (ад гастра... + птоз),

апушчэнне страўніка ніжэй за нармальнае яго месцазнаходжанне. Адрозніваюць гастраптоз канстытуцыянальны (ад нараджэння, або прыроджаны) і набыты. Прычынай канстытуцыянальнага бывае слабае развіццё падтрымліваючага звязачнага і мышачнага апарата страўніка, набытага — яго аслабленне ці расцяжэнне пры працяглых цяжкіх фіз. нагрузках, рэзкім схудненні арганізма, паўторных цяжарнасцях. Выяўляецца непастаянным адчуваннем цяжару пад лыжачкай у верт. становішчы, уздуццямі жывата, адрыжкамі. Зрэдку ўзнікае неабходнасць хірург. лячэння.

т. 5, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)