гуллі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Вясёлы, жартаўлівы. Гуллівы настрой. □ Голас у .. [Аксаны] чысты, лёгкі, і песня гэткая ж лёгкая і гуллівая, як бліскучыя чорныя яе вочы. Галавач.
2. Ахвочы пагуляць; гарэзлівы, шустры. Гуллівае дзіця. Гуллівая вавёрка. □ Мігатліва бліскацелі трапяткія крылачкі гуллівых стракоз. Пестрак. // перан. Рухавы, зменлівы. [Жыта] то калышацца вясёлымі гуллівымі хвалямі, то нікне шэрымі каласамі ў нейкай задуме. Дуброўскі. Зіму змыюць паводкі гуллівыя. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гуча́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. гучаць (у 1 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Пераможнаю радасцю гучаць жалезныя колы вагонаў, і гэта гучанне падхоплівае зарэчны чарот, ператвараючы яго ў цэлую мяцеліцу адрывістага смеху. Колас.
2. перан. Кніжн. Значэнне, характар. Я. Купала і Я. Колас яшчэ больш узмацнілі грамадскае гучанне нашай сатыры, падалі ёй выразную рэвалюцыйную накіраванасць. Казека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
глушы́цель, ‑я, м.
1. Прыстасаванне для аслаблення сілы гуку або шуму ад работы рухавіка, механізма і пад. Бурмакоў ўключыў глушыцель, але і прыглушанае выццё, здавалася, урывалася ва ўсе куткі карабля, ледзь не даводзячы людзей да вар’яцтва. Шыцік.
2. Прыстасаванне ў мнагаструнных музычных інструментах для спынення хістання струн; дэмпфер.
3. перан. Той, хто заглушае якія‑н. імкненні або ініцыятыву. Глушыцель крытыкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адкро́іць, ‑крою, ‑кроіш, ‑кроіць; зак., што, чаго.
Адрэзаць ад цэлага ці вялікага кавалка (часцей пра хлеб). А гаспадыня, увесь час шчабечучы, проста не даючы гасцях уставіць і паўслова, як ні спяшалася, а паспела толькі адкроіць ад доўгай белай булкі дзве і яшчэ дзве лустачкі. Брыль. // перан. Сказаць што‑н. рэзкае, грубае. І тут жа сказ адкроіў мудры На гэты конт Лямец Аўген. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адрапартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.
Аддаць рапарт; далажыць пра што‑н. па правілах вайсковай службы. Дзяжурны па часці гучна адрапартаваў палкоўніку і саступіў убок, даючы дарогу. Алешка. — Таварыш камандзір узвода, — адрапартавала Рыма, — заданне выканана, варожы эшалон, які ішоў на фронт, падарваны. Васілеўская. // перан. Разм. Коратка паведаміць пра што‑н. — Ёсць маскоўская, старка, кагор, катлеты і мяса тушанае, — завучаным тонам адрапартавала.. [афіцыянтка] прыезджым. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адта́ць, адтане; зак.
Выйсці з замарожанага стану; вызваліцца ад лёду, снегу пад уздзеяннем цяпла. [Несцер:] — Вось крыху адтане зямля — прынясу з дому шчэпы і пасаджу на гэтым месцы. Кулакоўскі. Праз ноч зямля адтала, зрабілася мяккай. Якімовіч. // перан. Памякчэць, падабраць, пазбыцца суровасці. Сама Волька, заўважаючы ў сабе.. змену, не магла не дзівіцца, як яе жаночае сэрца адтала, сагрэлася і само пачало грэць. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апрану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Адзецца ў якую‑н. вопратку. Папалуднаваўшы, Люба апранулася ў кажушок і сабралася ісці. Мурашка.
2. Забяспечыць сябе неабходнай вопраткай. [Дэвіс:] — Вам трэба.. прыстойна апрануцца, набыць абутак. Васілевіч.
3. Адзецца прыгожа, выстраіцца. — А цяпер — дадому! — падаў каманду Грыб. — Апраніся, як на вяселле! Ваданосаў.
4. перан. Пакрыцца чым‑н. Дрэвы апрануліся ў зялёнае ўбранне. Берагі апрануліся ў бетон і граніт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аступі́цца, аступлюся, аступішся, аступіцца; зак.
Разм.
1. Няёмка, няўдала ступіць. Імкнучыся хутчэй ісці, ён [Клышэўскі] аступіўся і ўляцеў па шыю ў самую багну. Броўка. Я.. пабег у Зачэпічы. Ля Барылавай кузні аступіўся, падвярнуў нагу. Бажко.
2. перан. Памыліцца ў чым‑н. [Старшыня:] — Я наогул думаю: добра чалавек робіць — пахвалі, аступіўся — крытыкуй, не запускай. Прокша. А што, калі ў чым аступішся, не тое скажаш? Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
атама́н, ‑а, м.
1. Выбарны начальнік дружыны.
2. У дарэвалюцыйнай Расіі — назначаны або выбарны начальнік у казацкіх войсках і пасяленнях, які выконваў ваенныя, палітычныя і адміністрацыйныя функцыі. Вайсковы атаман. Казацкі атаман. Станічны атаман. □ Цярпі, казак, атаманам будзеш. Прымаўка.
3. Важак, завадатар (банды, групы, шайкі). Атаман бандытаў. // перан. Завадатар, важак, канавод. У гэтых гульнях дзеці вёскі Чарамхі мелі свайго атамана. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
атру́та, ‑ы, ДМ ‑руце, ж.
1. Ядавітае рэчыва, якое згубна дзейнічае на жывы арганізм; яд. Атрута для мышэй.
2. перан. Тое, што шкодна ўплывае на каго‑, што‑н. [Пан Зяленскі:] — О-о... пан любіць жарты, але старыя жартаў не любяць, навошта яны, яны атрута старому сэрцу. Лынькоў. [Дзядзька:] — Ну ж і балота! Вось атрута, То не работа мне — пакута: Ступіў два крокі і спыняйся. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)