МІ́НСКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА РАМЕ́СНЫХ ВУЧНЯЎ.

Існавала ў 1896—1918 у Мінску пры гар. кіраўніцтве. Утрымлівалася за кошт казны і платы за навучанне. Мела 3 аддзяленні: слясарна-кавальскае, сталярна-такарнае і ліцейнае. Апрача слясарнага, сталярнага, чыгуналіцейнага майстэрства вывучаліся рус. і лац. мовы, законавучэнне правасл. і каталіцкага веравызнання, матэматыка, геаграфія, гісторыя, чыстапісанне, спевы, геаметрыя, фізіка, чарчэнне, маляванне. У 1915 вучылася 108 юнакоў. Восенню 1915 эвакуіравана ў Тулу.

т. 10, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ МАСТА́ЦКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя А.​К.​Глебава пры Беларускай акадэміі мастацтваў.

Засн. ў 1947 у Мінску. З 1969 імя Глебава. З 1992 сучасная назва. Рыхтуе скульптараў-выканаўцаў-выкладчыкаў, мастакоў-выкладчыкаў, мастакоў-майстроў (рэзчыкаў па дрэве), дызайнераў (мастакоў-афарміцеляў). Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): жывапіс; скульптура; дэкаратыўна-прыкладное мастацтва; дызайн. Тэрмін навучання 3 гады 10 месяцаў. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 10, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАМВО́ЛЬНЫ КАМБІНА́Т.

Будаўніцтва пачата ў 1951 у Мінску. З 1955 працуюць часальная і прадзільная вытв-сці, з 1956 — ткацкая, з 1959 — аддзелачная. У 1969—78 і 1989—91 рэканструяваны. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Камвольны камбінат», з 1996 — «Камволь». Асн. прадукцыя (1999): шарсцяныя і паўшарсцяныя касцюмныя, сукеначныя і дзіцячыя тканіны, пражы шарсцяныя, паўшарсцяныя і для трыкат. вырабаў. Пры камбінаце тэхн. вучылішча тэкстыльшчыкаў.

т. 10, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСХО́Р,

прыморскі кліматычны курорт на паўд. беразе Крыма (Украіна). За 12 км ад г. Ялта, у складзе г.п. Карэіз. Каля 7 км дробнагалечнага пляжа. Асн. лек. фактар — клімат міжземнаморскага тыпу. Клімата- і таласатэрапія эфектыўныя пры лячэнні функцыян. расстройстваў сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм. Санаторыі, у т. л. «Беларусь», дамы адпачынку, пансіянаты, лячэбныя ўстановы. Помнік М.А.Багдановічу. Паблізу М. арх. помнік «Ластаўчына гняздо», г. Ай-Петры.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 10, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІТКЕ́ВІЧ (Рыгор Мікалаевіч) (6.5.1923, в. Дваранінавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 18.10.1959),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з 1941 на 1-м Бел. фронце. Камандзір стралк. аддзялення сяржант М. вызначыўся на тэр. Польшчы ў жн. 1944 у баях за плацдарм на левым беразе р. Вісла, на тэр. Германіі ў 1945 у лютым пры фарсіраванні р. Одэр і сак. ў баі за населены пункт.

т. 10, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЭ́НДСЭТ»

(англ. Landsat, скарочанае ад Land Satellite спадарожнік для вывучэння Зямлі),

назва амерыканскіх эксперыментальных ШСЗ для даследавання прыродных рэсурсаў.

Маса 891 кг. Складаецца з блока службовых сістэм і блока з карысным грузам. Электрасілкаванне ад сонечных батарэй. Тэлекамеры забяспечваюць аптычнае раздзяленне да 30 м. Інфармацыя, што атрымліваюць пры дапамозе «Л.», выкарыстоўваецца ў геалогіі, сельскай і лясной гаспадарцы, акіянаграфіі, гідралогіі, метэаралогіі і інш. З 1972 запушчаны 4 «Л.».

т. 9, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯМБЛІЁЗ,

інвазійная хвароба чалавека і жывёл, якая выклікаецца жгуцікавымі прасцейшымі — лямбліямі. Характарызуецца пашкоджаннем верхніх аддзелаў тонкай кішкі з развіццём энтэрытаў, энтэракалітаў, астэнізацыяй. Крыніца інфекцыі — хворыя і лямбліяносьбіты, якія выдзяляюць цысты лямблій у навакольнае асяроддзе з калам. Заражэнне адбываецца фекальна-аральным шляхам пры незахаванні сан.-гігіен. правіл. Прыкметы: ныючыя болі ў эпігастральнай вобласці і вакол пупка, метэарызм, няўстойлівы стул і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 9, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ІНСТЫТУ́Т Засн. ў 1961 у Магілёве на базе агульнаадукац. ф-та Бел. політэхн. ін-та. У 1998/99 навуч. г. ф-ты: машынабуд., аўтамех., эканам., буд., электратэхн., завочны, па рабоце з замежнымі студэнтамі, даінстытуцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1972. Пры ін-це створаны Ін-т перападрыхтоўкі кадраў (з 1998), 2 навучальна-навукова-метадычныя аб’яднанні, музей ін-та (з 1981).

т. 9, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНЫ БАРАБА́Н,

носьбіт інфармацыі ў выглядзе цыліндра з немагнітнага сплаву, на бакавую паверхню якога нанесена пакрыццё з магн. ўласцівасцямі. Інфармацыя запісваецца па акружнасці М.б. (пры вярчэнні вакол восі) радамі паралельных дарожак. Магнітныя галоўкі чытання/запісу размешчаны ўздоўж утваральнай цыліндра па адной на кожную дарожку. Выкарыстоўваліся ў запамінальных прыстасаваннях ЭВМ 1-га і 2-га пакаленняў; заменены магнітнымі дыскамі і паўправадніковай аператыўнай памяццю вял. аб’ёму.

т. 9, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУНДЗІ́Р (ад лац. mundus убор, убранне),

1) верхняя частка ваеннага і цывільнага адзення, пры якой належала насіць галаўны ўбор, зброю і ордэны. У пач. 17 ст. тэрмін «М.» абазначаў усё абмундзіраванне вайсковае, а таксама рыштунак салдата і афіцэра (у Расіі — стральцоў).

2) Частка форменнага адзення ваеннаслужачых у арміях шэрагу краін. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь тэрмін «М.» не выкарыстоўваецца. Гл. таксама Форма адзення.

С.​М.​Абрамаў.

т. 11, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)