Арда́ ’татарскае войска’, ’саюз плямён, дзяржава ў старажытных усходніх народаў’, ’шумны, неарганізаваны тлум’ (БРС), ’дружына жаніха, што едзе за нявестай’ (таксама ірда — Нікольскі, 55), арду тварыць суматоха, дзіцячыя гульні’ (Нас. Сб.; Янкоўскі, докт. дыс., 1, 333). Старажытнарускае (з 1307) працягваецца ў старабеларускай, дзе таксама горта ’арда’ (Булыка., Запазыч., 228). Рус., укр. орда́ ў розных значэннях. Канчатковая крыніца цюрк. ordu (ortu) ’лагер, стан войска, рэзідэнцыя хана’ ўжо ў старажытнацюркскіх мовах (Др.-тюрк.), вядома ў многіх цюркскіх мовах. Усходнеславянскае слова з цюркскай; ст.-бел. горта (1691) праз польскую з нямецкай (параўн. Брукнер, 381). Фасмер, 3, 150; БМ, 43, Курс суч., 161. Ірда, магчыма, з украінскай. Думка Бугі, 2, 507 (параўн. таксама Жучкевіч, Топон., 159), пра паходжанне бел. арда ’шум, беспарадак’ з літ. ardà ’спрэчка’ малаверагодна: аналагічныя значэнні вядомы і ў іншых славянскіх мовах. Супрун, Зб. Крымскаму, 126–127.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабёла ’пуп, частка жывата ў абсягу пупа’ (Некр.). Паколькі ненаціскное а можа адлюстроўваць розныя гукі, то можна думаць пра сувязь з праслав. bab‑, bob‑, bǫb‑ — асновы для абазначэння розных прадметаў, у прыватнасці круглых (аб гэтай аснове гл. Попавіч, ЈФ, 19, 169–171). Аднак найбольш верагодным здаецца паходжанне ад bǫb‑ (параўн. Бернекер, 78–79), што азначае ’штосьці круглае, надутае’. Тады бел. слова да праформы bǫb‑elъ, bǫb‑elь (параўн. bǫbъlʼь, Бернекер, 78; польск. формы bąbel, bąbol, Слаўскі, 1, 29). Аснова bǫb‑ вельмі разгалінаваная (гл. Бернекер, 78–79; Фрэнкель, 33) і вядома амаль ва ўсіх і.-е. мовах. Да семантыкі параўн. пуп (слав. pǫpъ, глухі варыянт да bǫb‑, таксама ў розных значэннях). Параўн. літ. bámba ’пуп’, bam̃balas таўстун’, нарв. bembel ’пуп’ (Фрэнкель, там жа). Суфіксальная відазмена bǫbelъ > бел. бабёла як у жывёла (параўн. ст.-польск. żywioł, ст.-чэш. živel, zivěl ’animal’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Багаты́р1 ’багацей’ (Нас., Касп., Шат., Янк. 1), багаты́рь ’тс’ (Бяльк.). Рус. богаты́рь, укр. багати́р, багати́рь. Паводле Фасмера, 1, 183, другаснае ўтварэнне ад бага́ты (bogatъ): пад уплывам багаты́р2 (гл.) ’герой, асілак’? Але можна думаць і пра першаснасць утварэння: багаты + суф. ‑(т)ырь (параўн. рус. пуст‑ы́рь, дыял. нем‑ты́рь ’нямы’ і г. д.). Таксама наўрад ці правільна Бернекер, 66, які лічыць, што багаты́р ’багацей’ — гэта багаты́р ’герой’ (з пераасэнсаваннем пад уплывам слова бага́ты).

Багаты́р2 ’волат, герой’ (Бел. казкі). Рус. богаты́рь, укр. багати́р, богати́р ’тс’. Запазычанне з ст.-цюрк. *baɣatur (параўн. і ст.-рус. форму богатур), якое пад уплывам слав. bogatъ змянілася ў богатырь. Адносна паходжання цюрк. слова ёсць розныя думкі. Бернекер, 66; Фасмер, 1, 183; Шанскі, 1, Б, 149 (там і іншая літ-pa). Слова ўжо было ў ст.-бел. мове (богатыр, гл. Гіст. лекс., 138).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Благі́ ’дрэнны, худы’. Рус. благо́й ’дрэнны’, укр. благи́й дрэнны, стары, бедны, слабы’, польск. błahy ’малы, нязначны’ (запазычанае з укр.; Слаўскі, 1, 35). Ёсць некалькі этымалогій: 1) усх.-слав. благъ ’дрэнны’ — запазычанне з ст.-слав. (ц.-слав.) благъ добры’. Значэнне ’дрэнны, бедны і г. д.’ развілося як вынік табуістычнага словаўжывання (Праабражэнскі, 1, 27–28; Фасмер, RS, 5, 125; Слаўскі, там жа, Зяленін, Табу, 2, 155); 2) усх.-слав. благъ дрэнны’ да прасл. blagъ ’дрэнны, слабы’, якое быццам роднаснае з лац. flaccus ’слабенькі’, грэч. βλάξ ’вялы, расслаблены’ (трэба адрозніваць прасл. bolgъ ’добры’ і blagъ дрэнны’). Так Бернекер, 58; Міклашыч, 13 і інш. Першая версія, здаецца, больш абгрунтаваная (паколькі значэнне ’дрэнны’ можа быць секундарным). Слаўскі, 1, 36; Фасмер, 1, 171; Рудніцкі, 140. Да благі́ адносіцца і дзеяслоў блажэ́ць ’худзець’. Фрэнкель (45–46) лічыць, што для благі́ ’дрэнны’ дакладная адпаведнасць — літ. blagnas.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мозг (мозык, мозак, мозаг, мо́зок, мосх), мазгі, мозгі, мозг̌і, мозкі ’мозг у чэрапе і канале пазваночніка’, ’розум’, ’тканка ў поласці касцей, шпік’ (ТСБМ, Нас., Дразд., Мядзв., Янк., Шатал., Бяльк., Грыг., Клім., ТС, Сл. ПЗБ), мазгавіт́ы ’разумны, кемлівы, разважлівы’ (ТСБМ, Бяльк.), мозкова́ть ’думаць, працаваць галавой’ (ТС). Укр. мо́зок, мі́зок, рус. мозг, ст.-рус. мозгъ, польск., н.-луж. mózg, в.-луж. mozh, mozy (мн. л.), чэш. mozek, славац. mozok, славен. mȏzg, mȏzeg, серб.-харв. мо̏зак, макед. мозок, балг. мозък, ст.-слав. можданъ (< mozgěnъ). І.‑е. адпаведнікі: ст.-прус. muzgeno ’касцявы мозг’, літ. smãgenys ’мазгі’, smãgenės, лат. smadzenes, у якіх s‑ паходзіць з s‑ у smãkrės ’мозг’, ст.-інд. smajján‑, smajjā ’касцявы мозг’, авест. mazga‑, ст.-в.-ням. marag, marg, тах. maśśuni ’тс’ < і.-е. *mozg(h)os (Махэк₂, 377; Міклашыч, 203; Траўтман, 172; Фасмер, 2, 638; Бязлай, 2, 118).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мыць, мы́ці, муць, мы́ты, мэ́тэ ’вадой з мылам ці іншай вадкасцю ачышчаць ад бруду’, ’абмываць вадой бераг’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ; драг., Лучыц-Федарэц), мы́цца (мы́ціса, му́цца, мэ́тыся) ’умываць, мыць сябе’ (там жа). Укр. мити, рус. мыть, польск. myć, н.-луж. myś, в.-луж. myć, чэш. mýti, славац. myť, славен. míti, серб.-харв. ми̏ти, макед. мие, балг. мия, ст.-слав. мыти. Прасл. myti, і.-е. адпаведнікамі да якога з’яўляюцца: літ. máudyti ’купаць, мыць’, лат. maût ’плаваць, даваць нырца’, ст.-прус. au‑mūsnan ’умыванне’, ірл. mūn, ст.-інд. mūtram ’мача’, авест. mūϑrəm ’бруд’ < і.-е. *meu‑ ’вільгаць’ (Міклашыч, 207; Траўтман, 191; Мюленбах-Эндзелін, 2, 570; Фасмер, 3, 26; Фрэнкель, 1, 417; Махэк₂, 386; Покарны, 1, 743; Скок, 2, 434; Бязлай, 2, 186). Сюды ж мыцьво ’усё тое, што мыюць’ (гродз., Мат. АС), мыцёха ’жанчына, якая мые бялізну ці посуд’ (КЭС, лаг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Накта́йза ’гальштук’ (воран., Сцяшк.), мікта́йза ’тс’ (гродз., Сцяшк. Сл.), міхта́йка, мыхта́йка ’тс’ (драгіч., Бел.-польск. ізал., З нар. сл.), накта́йза, ната́йза ’тс’ (беласт., Бел.-польск. ізал.), польск. naktajza ’тс’. З англ. necktie ’тс’, якое трапіла ў заходнія раёны Беларусі і ў паўночна-ўсходнюю Полынчу ў пач. XX ст. праз эмігрантаў са Злучаных Штатаў Амерыкі (гл. Стэфэн, JP, 52, 1972, 51–53; Слушкевіч, JP, 1972, 377–378; Глінка, Бел.-польск. ізал., 30). Змяненні ў фанетычным вобліку слова, паводле Лучыца-Федарца, тлумачыцца народнаэтымалагічным збліжэннем з міхтіты (мігтіты) ’мігцець, стракацець’ (БЛ, 9, 1976, 71). Замацаванне слова ў раёне, суседнім з Літвой, тлумачыцца, відаць, блізкасцю да літ. niektauza *пра таго, хто гаворыць глупствы’, што, магчыма, выклікала іранічныя асацыяцыі і садзейнічала экспрэсіўнай маркіроўцы слова, а таксама пераафармленню яго канца; літоўскае слова этымалагізуецца на мясцовай глебе з niekai ’глупства’ і tauzyti, taūzija ’балбатаць, прастарэкаваць’, гл. Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 12.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кро́іць ’разразаць матэрыю і інш. на кавалкі пэўнай формы і памеру, каб пашыць, зрабіць з іх што-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Жд. 2, Янк. I, ТС, Сцяшк., Касп., Сл. паўн.-зах.), разразаць’ (Сержп. Пр., Кліх, Вешт. 1, Гарэц.). Укр. кроіти, рус. кроить, ст.-рус. кроити ’тс’, балг. кроя, макед. крои, серб.-харв. кро̀јити, славен. kròjiti ’тс’, польск. kroić, чэш. krojiti, славац. krojiť, в.-луж. krejić, палаб. krüjĕ ’тс’. Прасл. krojiti — адыменны дзеяслоў, паходзіць ад krojь (Ваян, Gram. comp., 3, 417–418). У сваю чаргу прасл. krojь ад першаснага дзеяслова *kriti, які не мае надзейных балтыйскіх адпаведнікаў (параўн., аднак, Атрэмбскі, SI, 177, які звязвае са славянскім дзеясловам літ. raikýti ’рэзаць’). Іншыя індаеўрапейскія паралелі ўскладнены n‑дэтэрмінатывам: ст.-грэч. κρίνω, лац. cerno < *crino ’раздзяляць’ (Трубачоў, Эт. сл., 12, 181–182). Параўн. асабліва семантычна блізкія лац. cerno ’прасяваю’ і рус. кроить ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Крыло́1 ’орган, які служыць для лятання’ (ТСБМ, Касп., Яруш., Бяльк., Сержп. Грам., ТС, Сцяшк., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.). Укр. крило, рус. крыло, ст.-рус. крило ’тс’, ст.-слав. крило ’тс’, балг. крило ’плаўнік’, серб.-харв. кри́ло ’крыло, плаўнік’, славен. krílo ’тс’, польск. skrzydło, krzydło, чэш. křidlo, славац. krídlo, в.-луж. křidlo, н.-луж. kšidlo, палаб. kréidlü ’тс’. Прасл. kridlo мае празрыстае словаўтварэнне: kri‑dlo. Параўн. літ. skriẽti ’ляцець’, латыш, skrìet ’тс’ (Бернекер, 1, 645; Траўтман, 267; Фасмер, 2, 389).

Крыло́2 ’акладня (у плузе)’ (Касп.). Параўн. рус. крыло ’тс’ і крыло1 (гл.).

Крыло́3 ’пала’ (Кліх., Чуд., Сцяшк., Нар. сл., Сцяц. Нар., Сл. паўн.-зах.), ’парная дэталь адзення, напамінае крыло’ (гл.). Магчыма, уплыў крысо (гл.).

Крыло́4 ’кожная з дзвюх частак сеткі, размешчаных па баках кармы’ (ТСБМ, З нар. сл., ТС). Гл. крыло1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Азяро́д ’прыстасаванне для сушкі снапоў’ (БРС, Янк. I, Гарэц., Шн. смол., Шат., Касп.), азярот (Бір. дыс.), азяроды (КЭС); азярэдзіць ’утыкаць снапы ў прасла для сушкі’ (БРС, Шат., КЭС); азярэдзіна ’жэрдка ў азяродзе, высокая нязграбная жывёліна’ (Янк. I). Агульнаўсходнеславянскае слова (рус. озород, зород, укр. озород). Бліжэйшыя паралелі: літ. žárdas, лат. zards, ст.-прус. sardis ’тс’. Параўн. Коген, Запіскі, II, 9, 84–85, на думку якога азярод < *азерод: і.-е. gʼherdh‑ побач з *gʼhord‑. Адлюстраванне розных ступеняў аблаўта ў генетычна тоесных словах, якія з’яўляюцца назвамі рэалій гістарычнага перыяду няпэўнае. Больш верагодна Зубаты, Studie, 1, 2, 125, які бачыць тут старое запазычанне з бал. моў (перад метатэзай плаўных). Лінгвагеаграфія слова (цэнтральны раён і ўсходняя частка Усходняга Палесся) сведчыць таксама ў карысць балтыйскай крыніцы. Але яе ўсходнебалтыйскі характар давесці цяжка па прычынах фанетычнага характару (мы б чакалі *ажарод). Магчыма, аднак, азʼарод < *ажʼарод, як парсʼук < паршʼук (< paršiúkas).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)