Апраме́тная ’пекла’, апраметны ’пякельны, сапраўдны’ (БРС), вопрамець ’хутка’ (Бяльк.); рус. опрометный ’легкадумны’, опрометью ’хутка, шпарка’, опрометывать ’не папасці ў цэль, кінуць няўдала’, опрометнуться ’кінуцца, пабегчы’, смален. вопрымя ’хутка’ (Дабр.), укр. промітний ’спрытны’. Бернекер (2, 40) высунуў думку пра сувязь рус. опрометью з метать, як прымае Фасмер (3, 146) і з пэўнымі ўдакладненнямі Шанскі (КЭСРЯ, 234). Бел. семантыка, аднак, патрабуе далейшых удакладненняў для апраметны, апраметная. Магчыма, з *окромѣшная < кромѣшная; у выніку дээтымалагізацыі. Тьма кромѣшьная ’знешняя цемра’ (адзначаецца ўжо ў Астраміравым евангеллі (1056)), ’месца пакарання нягоднага раба, пекла’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́стра ’садова-дэкаратыўная расліна Aster L.’ (БРС). Рус., балг. астра, укр. айстра, гайстра, польск. aster, чэш., славац., славен. astra. З рускай (Крукоўскі, Уплыў, 88), дзе з канца XVIII ст. (Шанскі, 1, А, 166). Рускае слова лічаць запазычаным з ням. Aster ці франц. aster (Фасмер, 1, 94), што, аднак, не тлумачыць рускія формы. Хутчэй трэба лічыць непасрэдным запазычаннем з лацінскай, дзе astrum, aster мае ў множным ліку форму astra, якая і была запазычана. Лацінскае з грэч. ἀστήρ ’зорка’; назва кветкі паводле яе формы ўжо ў грэчаскай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

База́р1 ’рынак, базар’ (БРС, Бяльк.). Рус. база́р, укр. база́р. Запазычанне з цюрк. моў (з цюрк. дыял. bazar, параўн. тур. і г. д. pazar < перс. bāzār). Гл. Праабражэнскі, 1, 12; Локач, 23; Фасмер, 1, 106. Параўн. таксама Шанскі, 1, Б, 10, дзе ўказваецца на тат. мову як на крыніцу запазычання.

База́р2 ’плошча, пляц’ (Яшкін, Лысенка, ССП). Таго ж паходжання, што і база́р1 (гл.). Семантычны зрух такі ж, як і ў рус. дыял. база́р ’вуліца’. У правінцыі базары раней заўсёды былі і цэнтрам «грамадскага» жыцця.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бакаля́р дзяк, дзячок; школьны настаўнік’ (Нас.); ст.-бел. бакаляр, бакалар, бокалар (з XVI ст.; Нас. гіст.; Гіст. лекс., 107, 222–223), гл. яшчэ Булыка, Запазыч. Укр. бакаля́р ’вучань, шкаляр, дзячок, бакалаўр’ (з XVI ст.). Відавочна, з польск. bakalarz, bakałarz (апошнюю форму адлюстроўвае ст.-бел. бакалар, ст.-укр. бакалар) < лац. baccalaureus (< baccā laureatus ’увенчаны лаўрам’). Гл. Цімчанка, 51; Брукнер, 12; Фасмер, 1, 109; Рыхардт, Poln., 32; Булыка, Запазыч., 35. Бел. бакала́ўр, рус., укр. бакала́вр з лац. baccalaureus (гл. Фасмер, 1, 109; Шанскі, 1, Б, 13–14).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Балага́н (БРС) ’будова для хавання бульбы’ (Шушк.), балага́нчик (Касп.). Рус. балага́н, укр. балага́н. Запазычанне (праз цюрк. мовы) з перс. balaχanä ’верхні пакой, пакой над галоўным уваходам’. Локач, 17; Фасмер, 1, 112. Параўн. яшчэ Шанскі, 1, Б, 18–19.

Бала́ґан ’беспарадак’ (тураў., Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.). Націск і выбухное ґ сведчаць аб запазычанні з польск. дыял. bałagan. Але (паводле Варш. сл.) у польск. няма такога значэння. Таму лепш лічыць запазычаннем з рус. мовы. Аб паходжанні слова гл. балага́н (якое таксама мае пераноснае значэнне ’беспарадак’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кавале́р ’мужчына, які танцуе з дамай, суправаджае яе на гулянні і пад.’ (БРС, ТСБМ), ’малады чалавек; халасты мужчына’ (ТСБМ, Бяльк., З нар. сл., Панюц., Шат.). У бел. літар. мове з рус. кавалер: у гаворках — польск. kawaler націск параўн. кава́ляр ’халасты мужчына, малады чалавек’ (Мал.). Польск. kawaler ’халасты мужчына, малады чалавек і інш.’ Зыходная форма для шэрагу еўрапейскіх моў — італ. cavaliere ’кавалерыст’, якое да cavallo ’конь’ (лац. caballus ’тс’). Для польск. мовы ўказваюць на магчыма ням. або франц. пасрэдніцтва, гл. Шанскі, 2, 8, с. 9.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капу́т ’канец, смерць’ (ТСБМ). Паходзіць з нямецкай мовы (праз польскую ці рускую), параўн. н.-в.-ням. kapútt ’сапсаваны, разбіты, зламаны’, ’які загінуў’ < франц. capot ’прапаў, праіграў’ у выразе être (або faire) capot ’вашы карты пабіты’; аналагічна ням. kaputt machen (Фасмер, 2, 188; Клюге, 350–351; ЕСУМ, 2, 379). Даза (139) дапускае генетычную сувязь франц. capot з праванс. cap, якое з нар.-лац. capus, лац. caput ’галава’. У Вялікую Айчынную вайну лексема набыла значэнне ’капец, смерць’ — у выніку другаснага запазычання (Шанскі, 2 (К), 59–60).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катава́сія ’катавасія, беспарадак, шум, гоман і да т. п.’ (ТСБМ, БРС). Рус. катава́сия, укр. катава́сія, балг. катавасия, серб.-харв. катавасіја. Спачатку гэта слова мела значэнне ’царкоўны спеў, што выконваўся абодвума клірасамі, якія сходзіліся на сярэдзіне царквы’. Потым, пераносна, яго пачалі ўжываць для абазначэння шуму, гоману і да т. п. Звычайна лічыцца запазычаннем са с.-грэч. καταβάσιον ’hymnus ecclesiasticus’. Так у Фасмера, 1, 209; Праабражэнскага, 1, 301 і інш. Шанскі (2, К, 89) удакладняе, што для слова катавасія з яго семантыкай трэба ўлічваць і грэч. форму καταβασία ’сашэсце’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́тэр ’катэр’ (ТСБМ, БРС). Рус. ка́тер, укр. ка́тер. У рус. мове запазычанне з англ. cutter ’тс’ у Пятроўскую эпоху азначала ’вялікая вёславая лодка, аднамачтавае судна’. Англ. cutter вытворнае ад cut ’рэзаць’; першапачаткова катэр ’судна, якое рэжа хвалі’. Упершыню фіксуецца ў пісьме князя Далгарукава Пятру I у 1714 г. Неабгрунтаваным было меркаванне Міклашыча аб магчымым паходжанні слова ка́тэр ад назвы галеры ка́торга (< с.-грэч. κάτεργον). Таксама няпэўнымі трэба лічыць параўнанні з гал. kotter або ням. Kutter (з фанетычных прычын). Параўн. Фасмер, 2, 210; Шанскі, 2, К, 95–96.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іспы́т ’праверка ведаў, экзамен’, ’выпрабаванне, праверка’ (ТСБМ, Гарэц.). Рус. испыта́ние ’праверка, даследаванне’, ’экзамен’, ’цяжкае перажыванне, няшчасце, жыццёвая нягода’, дыял. испы́т ’спроба, проба’, испы́тка ’выпрабаванне, праверка’, ’спроба’, укр. і́спит ’выпрабаванне’, ’экзамен’, іспіта́ння ’выпрабаванне’, серб.-харв. ѝспит ’экзамен’, ’допыт’, ’заручыны’, балг. и́зпит ’экзамен’, ’выпрабаванне’, макед. испит ’тс’. Ст.-рус. испытъ ’расследаванне, дазнанне’, ’проба, праверка’ < ст.-слав. испытъ ’выпрабаванне, даследаванне’ поруч з испытание ’выпрабаванне, даследаванне, расследаванне’. Бязафікснае ўтварэнне ад испытати (відаць, калька ст.-грэч. ἐξ‑ετάξω ’даследаваць, выпрабоўваць’ з ἐξ‑ ‑ис, ἐτάξω‑ пытаю), гл. Шанскі, 2, I, 128.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)