мнагазначнае паняцце для характарыстыкі новага перыяду і тыпу культуры, новых маст. стыляў, кірункаў, сістэм, што склаліся ў архітэктуры, жывапісе, л-ры і г.д. у 2-й пал. 20 ст., стылю навук. мыслення і тэарэт. рэфлексій на гэтыя з’явы ў філасофіі, эстэтыцы. Тэрмін «П.» — вытворнае ад паняцця постмадэрн (літар. тое, што пасля мадэрну). У значнай ступені з’яўляецца вынікам развіцця найноўшых сродкаў масавай камунікацыі (тэлебачання, відэа- і камп’ютэрнай тэхнікі). Тэорыя П. пачала складвацца ў ЗША, куды ў 1970-я г. праніклі філас., постфрэйдысцкія і літ.-знаўчыя канцэпцыі франц. постструктуралістаў (Ж.Бадрыяр, Ж.Дэрыда, Ж.Ф.Ліятар). 1980-я г. лічаць часам узлёту П. Паняцце «П.» суадносіцца таксама з паліт. ладам, стандартамі паводзін, сродкамі масавай інфармацыі, мараллю (гуманіст. бок культуры і яе парадыгма), тыпам усведамлення, які рэалізуе пэўную сістэму духоўных каштоўнасцей. Для П. характэрна адмаўленне ўстаноўкі на строга навук. мысленне, успрыманне свету як самаарганізаванага хаосу, як тэксту, што прыводзіць да плюралізму ідэалогій у культуры, дэанталагізацыі мыслення. Культура П. характарызуецца адмаўленнем усякіх абмежаванняў — нарматыўнасці, традыцыі, рэгламенту, парадку. Постмадэрнісцкія творы ствараюцца пры дапамозе мадэліравання штучнай рэальнасці і дэканструкцыі т.зв. інтэртэксту культуры. У літаратуры вызначальнымі рысамі паэтыкі П. з’яўляюцца: «шматадраснасць» л-ры (зварот адначасова да розных чытачоў: ад высокаінтэлектуальнага да масавага), гібрыднасць (у аснове якой — кадзіраванне, што параджае прынцыпова новую літ. мову), мутантная змена жанраў, інтэртэкстуальнасць, дэкананізацыя, іронія, безасабовасць, карнавалізацыя, прынцып множнасці ісціны і множнасці яе інтэрпрэтацый. Сярод прадстаўнікоў П.Дж.Барнс, Дж.Барт, К.Вонегут, Х.Картасар, Г.Мюлер, М.Павіч, Т.Пінчан, С.Рушдзі, Т.Стопард, Дж.Фаўлс, У.Эка, А.Бітаў, В.Ерафееў, У.Набокаў і інш. Элементы постмадэрнісцкай паэтыкі сустракаюцца ў творчасці паэтаў-маладнякоўцаў М.Танка, А.Вярцінскага, А.Разанава, некат. маладых пісьменнікаў. У выяўленчым мастацтве (пераважна ў жывапісе) і архітэктуры для П. характэрна аб’яднанне ў адным творы сродкаў розных стыляў, гіст., традыцый і нац. школ. У жывапісе П. адвяргае імкненне мадэрнізму да захавання чысціні маст. форм і метадаў, проціпастаўляе абнаўленню маст. мовы перайманне і змешванне асобных элементаў з існуючых маст. сістэм (С.Кія, Ф.Клементэ, Э.Кукі, М.Паладзіна ў Італіі, Г.Базеліц у Германіі і інш.). У архітэктуры П. — супастаўленне элементаў гіст. стыляў у нязвыклым кантэксце стварае тэатралізаванае эстэт. асяроддзе, часта з элементамі іроніі і гратэску. З канца 1970-х г. будаваліся грамадскія цэнтры, акружаныя ярка расфарбаванымі аркадамі і калонамі, дзе арх. формы пераасэнсаваны і дапоўнены нетрадыц. матэрыяламі: анадзіраваны алюміній, нержавеючая сталь, неонавыя трубкі і інш. («П’яцца д’Італія ў г. Нью-Арлеан, ЗША, арх. Ч.Мур); гарады-спадарожнікі з восевай планіроўкай, забудаваныя дамамі з цяжкімі карнізамі і франтонамі, магутнымі дэкар. калонамі на руставаных стылабатах (гарады-спадарожнікі Парыжа, ісп.арх. Р.Банфілья); асабнякі з развітымі схільнымі дахамі і звісаючымі карнізамі, дахавымі вокнамі і дымавымі трубамі (праекты амер.арх. Р.Вентуры) і інш. У кінематографе ў рознай ступені да прадстаўнікоў П. належаць П.Грынуэй, Д.Джармен, Р.В.Фасбіндэр, Ф.Феліні, А.Сакураў, А.Таркоўскі; у музыцы — Л.Доўсан, Р.Хайнарэ, А.Шнітке; у тэатры — А.Хэйге, Р.Вікцюк, Б.Юханаў.
Літ.:
Иконников А.В. Зарубежная архитектура: От «новой архитектуры» до постмодернизма. М., 1982;
Дженкс Ч.А. Язык архитектуры постмодернизма: Пер. с англ.М., 1985;
Барт Р. Избр. работы: Семиотика. Поэтика: Пер. с фр.М., 1994;
Философия эпохи постмодерна. Мн., 1996;
Ильин И.П. Постмодернизм от истоков до конца столетия: Эволюция науч. мифа. М., 1998;
Лиотар Ж.Ф. Состояние постмодерна. СПб., 1998;
Скоропанова И.С. Русская постмодернистская литература. М., 1999;
Курицын В. Русский литературный постмодернизм. М., 2000;
Эпштэйн М. Постмодерн в России: Лит. и теория. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФЕСІ́ЙНЫЯ САЮ́ЗЫ, прафсаюзы,
масавыя добраахвотныя арг-цыі працоўных (звычайна паводле галіновага прынцыпу) вытв. і невытв. сфер для абароны сац.-эканам. правоў і інтарэсаў іх членаў. Першыя П.с. ўзніклі ў канцы 18 ст. ў Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША.
Да сярэдзіны 19 ст. П.с. аформіліся ў Італіі, Германіі, Бельгіі і інш. краінах. У Рас. імперыі П.с. ўзніклі ў канцы 19 — пач. 20 ст., легалізаваны ў час рэвалюцыі 1905—07 (1906). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 П.с. ў СССР былі часткай парт.-сав. сістэмы ўлады. У 1-й чвэрці 20 ст. ў выніку абвастрэння сац. праблем і ўздыму рэв. руху П.с. кансалідуюцца на міжнар. ўзроўні. Найб. буйнымі і ўплывовымі міжнар.прафс. аб’яднаннямі сталі Амстэрдамскі інтэрнацыянал прафсаюзаў (1919—45), Міжнар. канфедэрацыя хрысц. прафсаюзаў (1920, з 1968 Сусветная канфедэрацыя працы), Чырвоны інтэрнацыянал прафсаюзаў (1921—37). Сац.-паліт. канфлікты 20 ст. сталі прычынай расколу міжнар.прафс. руху, як і рабочага руху ў цэлым, на 2 асн. плыні: сацыял-дэмакр. (рэфармісцкую) і камуніст. (рэвалюцыйную). У 1945 большасць П.с. свету стварыла Сусветную федэрацыю прафсаюзаў (СФП), з якой у 1949 вылучылася рэфармісцкая Міжнародная канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў (МКСП).
На Беларусі прафс. рух пачаўся ў канцы 19 ст. Сярод першых узніклі П.с. шчаціншчыкаў (1894), гарбароў Смаргоні, Беластока, Вільні, Ашмян і Крынак (1898), друкароў Гомеля (1901), гарбароў Віцебска (1904). Масавы прафс. рух разгарнуўся на Беларусі ў рэвалюцыю 1905—07. У маі 1907 тут зарэгістраваны 101 прафсаюз (14,5 тыс.чл.). Пасля Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, у перыяд замежных інтэрвенцый і грамадз. вайны (1918—20) П.с. былі арэнай барацьбы розных паліт. сіл, але да пач. 1920-х г. у іх перамагла бальшавіцкая тэндэнцыя. 1-ы Усебел. з’езд П.с. (7—13.5.1921) завяршыў арганізац. афармленне бел. П.с. як ч.сав. грамадска-паліт. сістэмы, 4-ы з’езд (14—18.6.1924) стварыў Цэнтр. савет П.с. Беларусі. У 1937 П.с. БССР аб’ядноўвалі больш за 500 тыс.чл. Парушэнне дэмакр. прынцыпаў кіраўніцтва П.с. праявілася ў нескліканні з 1932 да 1958 прафс. з’ездаў. П.с. Зах. Беларусі (у складзе Польшчы) знаходзіліся пад уплывам розных паліт. сіл і былі нешматлікімі (каля 18 тыс.чл. у 1935). У перыяд ням.-фаш. акупацыі Беларусі (1941—44) з 1942 існавалі створаныя акупантамі і калабарацыяністамі прафаш. П.с. Пасля вызвалення рэспублікі (1943—44) адноўлена структура сав. П.с. На 1-й Бел. міжсаюзнай канферэнцыі П.с. (ліст. 1948) утвораны Бел.рэсп. савет прафсаюзаў (Белсаўпроф). З 1954 П.с. ўдзельнічаюць ў рабоце Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). У 1980 П.с. БССР аб’ядноўвалі да 5 млн.чл. У 1960—80-я г. ўзмацнілася адзяржаўленне П.с., наданне ім некат. дзярж. функцый: яны займаліся вытв.-эканам., абарончай, культ.-выхаваўчай, нарматыўнай (па працоўных адносінах), міжнар. дзейнасцю, аздараўленнем працоўных, кіравалі бюджэтам дзярж.сац. страхавання. Ва ўмовах перабудовы з канца 1980-х узнікалі апазіц. да камуніст. улад свабодныя або незалежныя П.с. 17-ы з’езд П.с. Беларусі (5—6.10.1990) скасаваў Белсаўпроф, абвясціў стварэнне на яго базе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), а сябе — 1-м з’ездам. У 1990-я г. ва ўмовах змены эканам. адносін і паліт. сістэмы грамадства П.с. пазбаўлены дзярж. функцый і засяродзілі ўвагу на абароне сац.-эканам. правоў працоўных. У Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны (2000) 2 прафс.цэнтры: ФПБ (32 галіновыя прафсаюзы, 2 прафсаюзы прадпрыемстваў, 6 абл. аб’яднанняў, больш за 4,2 млн.чл.) і Бел. кангрэс дэмакр. П.с. (5 П.с., каля 15 тыс.чл.). П.с. Беларусі падтрымліваюць сувязі з прафс. цэнтрамі СНД, Еўропы, Азіі, Амерыкі, з МКСП, удзельнічаюць у рабоце МАП.
Літ.:
«Профсоюзы Беларуси: история и современность»: Материалы респ. науч.-практ. конф., посвящ. 90-летию профсоюз. движения в Беларуси, 75-летию 1 Всебел. съезда профсоюзов. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУЖА́НСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПнЗ Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,8 тыс.км². Нас. 64,3 тыс.чал. (2000), гарадскога 40,3%. Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Пружаны. Уключае г.п.Ружаны і Шарашова, 243 сельскія населеныя пункты, Ружанскі і Шарашоўскі пасялковыя Саветы, 20 сельсаветаў: Бакунскі, Варанілавіцкі, Велікасельскі, Гарадзечанскі, Зеляневіцкі, Крыніцкі, Лінаўскі, Лыскаўскі, Мокраўскі, Навазасімавіцкі, Паўлаўскі, Пружанскі, Роўбіцкі, Ружанскі, Смалянскі, Старавольскі, Сухопальскі, Хараўскі, Шаняўскі, Шчарчоўскі.
Большая ч.тэр. раёна ў межах Прыбугскай раўніны. Паверхня раўнінная, на асобных участках спадзістахвалістая, 80% яе на выш. 150—170 м, 17% вышэй за 170 м, найвыш. пункт 202 м (за 6 км на ПнУ ад г.п. Ружаны). Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -5,1 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 572 мм за год. Вегетац. перыяд 200 сут. Найб. рэкі Ясельда. Зальвянка, Нараў, Нараўка, Левая Лясная. Каналы Вінец і Мухавец. Вадасх. Гута, Паперня, Руднікі, Залессе. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (32%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (29%), тарфяна-балотныя (28%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,8%). Пад лесам 43,6%. Лясы пераважна хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, яловыя, трапляюцца дубовыя, асінавыя, грабавыя. Найб. лясныя масівы Белавежская пушча і Ружанская пушча. Каля 40% штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Пад балотамі 3,3%. Найб. балота Дзікае. На тэр. раёна ч.нац. парку Белавежская пушча, заказнікі рэсп. значэння: біял. — Міхалінска-Бярозаўскі. Ружанская пушча, Буслаўка, гідралагічны — Дзікае. Заказнікі мясц. значэння: біял. Выдранка, Папялёва і гідралагічны Зальвянка.
Ахоўныя тарфянікі: Гай, Лібертполь, Парасліна, Ясенец. Помнікі прыроды рэсп. значэння: піхты белыя Лінаўскія і насаджэнне хвоі веймутавай у Лінаўскім лясніцтве; мясц. значэння: парк «Пружаны» ў г. Пружаны і школьны дэндрарый у г.п. Ружаны.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 131,6 тыс.га, з іх асушаных 47,6 тыс.га. На 1.4.2001 у раёне 23 калгасы, 5 саўгасаў, 34 фермерскія гаспадаркі, Аранчыцкая птушкафабрыка, эксперым. базы «Белавусаўшчына» і «Светлы шлях». Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на малочна-мясной жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, лён, бульбу. Прадпрыемствы харч. (сыр, масла, цэльнамалочныя прадукты, сухое абястлушчанае малако, плодаагароднінныя кансервы і інш.), мэблевай, кааператыўнай, першаснай апрацоўкі лёну, буд. матэрыялаў прам-сці, з-д радыёдэталей, лясгас. Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Брэст—Масква, аўтадарогі Слонім—Высокае, Пружаны—Бяроза, Свіслач—Поразава—Пружаны, Гродна—Ваўкавыск—Івацэвічы, Пружаны—мяжа Польшчы. У раёне 31 сярэдняя (у т. л. 1 вячэрняя), 8 базавых, 4 пач. школы, школа мастацтваў, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж, 2 цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, цэнтр сучасных сродкаў навучання, турыстычная база, 36 дашкольных устаноў, 60 дамоў культуры і клубаў, 62 б-кі, 7 бальніц, 3 амбулаторыі, 35 фельч.-ак. пунктаў, абласная псіхіятрычная бальніца. Музеі: народны музей-сядзіба «Пружанскі палацык», нар. музей славы, працы, краязнаўства ў аграрна-тэхн. каледжы ў г. Пружаны. Помнікі архітэктуры: цэрквы — Крыжаўзвіжанская (1914) у в. Аранчыцы, Аляксандра Неўскага (1888) у в. Блізная, Мікалаеўская (1799) у в. Вяжное, Пакроўская (1825) у в. Гарадзечна, Мікалаеўская (1811) у в. Засімавічы, Крыжаўзвіжанская (1878) у в. Зельзін, Прачысценская (1834) у в. Круглае, касцёл (пач. 20 ст.) у в. Лінава 1-е, кляштар місіянераў (1763—85) і царква Раства Багародзіцы (1930) у в. Лыскава, Петрапаўлаўская царква (2 пал. 19 ст.) у в. Мокрае, царква (1903) у в. Смаляніца, Крыжаўзвіжанская царква (пач. 20 ст.) у в. Сухопаль, царква (19 ст.) у в. Ялова. Гіст. помнік — рэшткі каралеўскага замка (15—18 ст.) каля в. Лыскава, археал. помнік — каменны ідал у в. Буцькі. На тэр. раёна ў Белавежскай пушчы ўрадавая рэзідэнцыя Віскулі. Выдаюцца газ. «Раённыя будні», «Голас Пружаны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛІ́ГІЯ (ад лац. religio набожнасць, святыня, прадмет культу),
сістэма тэалагічных дактрын, уяўленняў, культавых рэчаў і дзеянняў, а таксама арг-цый, накіраваная на абгрунтаванне існавання Бога або наогул звышнатуральнага пачатку. Існуе шмат падыходаў у вырашэнні пытанняў сутнасці і генезісу Р. Прадстаўнікі этналагічнага кірунку (Э.Тайлар, Дж.Дж.Фрэйзер, К.Леві-Строс) узнікненне Р. ставілі ў залежнасць ад прымітыўнага ўзроўню вытв-сці і духоўнай культуры. Марксізм лічыў Р. адлюстраваннем у свядомасці чалавека з’яў навакольнага свету. Псіхалагічныя канцэпцыі паходжання Р. трактуюць яе як выяўленне асобных станаў псіхікі чалавека (У.Джэмс, З.Фрэйд, К.Г.Юнг, Л.Леві-Бруль). П.А.Фларэнскі, Г.Лейв, Р.Ота вызначалі сутнасць Р. як агульначалавечае імкненне да свяшчэннага, трансцэндэнтнага аб’екта. Сац. змест Р. грунтуецца на пэўнай сістэме каштоўнасцей (этнічных, паліт., бытавых), якой надаецца эталонны статус, замацаваны аўтарытэтам Бога. Сярод асн. функцый Р. інтэграцыйная (аб’яднанне няўстойлівых сац. суполак на аснове рэліг. ідэалогіі) і выхаваўчая (перадача з пакалення ў пакаленне ведаў, духоўных каштоўнасцей, жыццёвага вопыту і інш.). Гал. элементам Р. з’яўляецца ідэалогія (веравызнанне), якая складаецца з комплексу догматаў і дактрын і канцэнтруе ў сабе сац. вопыт. Веравызнанне вызначае належнасць этнасу да пэўнай цывілізацыі (М.Я.Данілеўскі, О.Шпенглер, Э.Хантынгтан). Т.ч., Р. выступае не толькі модусам этнаўтварэння, але і дамінантай духоўнай культуры. Значнае месца ў Р. займае культ рэлігійны, дзякуючы якому ў грамадстве ўзнаўляюцца і захоўваюцца пазітыўныя традыцыі. Рэліг. арг-цыі складаюць такія ін-ты, як царква, секта, дэнамінацыя (рэліг.арг-цыя ў стадыі станаўлення), а таксама рэліг. суполкі (брацтвы, місіі, цэнтры і інш.). Р. з’яўляецца ч. натуральна-гіст. эвалюцыі грамадства, і таму спробы вывесці яе па-за межы сац. працэсу (як, напр., у СССР) адбываліся ў адм., прымусовай і нават гвалтоўнай формах. Найб. раннімі выяўленнямі Р. былі магія, татэмізм, анімізм і інш. Для стараж. Р. характэрны політэізм (мнагабожжа), які змяніўся монатэізмам (адзінабожжам). Вылучаюць розныя гіст. формы і тыпы Р.: родава-пляменныя (язычніцтва), нац.-дзярж., ці этнічныя, прыхільнікамі якіх з’яўляюцца прадстаўнікі адной нацыянальнасці (даасізм, індуізм, іудаізм, сінтаізм і інш.); сусветныя, якія набылі наднац. характар і атрымалі паўсюднае пашырэнне (будызм, хрысціянства, іслам). Апошнім часам у свеце набывае дынаміку працэс стварэння адзінай глабальнай Р. ў межах экуменічнага руху на аснове ідэй і прынцыпаў розных Р. (гл.Экуменізм).
На Беларусі ў стараж. перыяд рэліг. вераванні існавалі ў форме язычніцтва. У канцы 10—пач. 11 ст.дзярж. рэлігіяй на бел. землях стала хрысціянства ва ўсх. форме (з 1054 праваслаўе), а пасля Крэўскай уніі 1385 і каталіцызм (гл.Беларуская праваслаўная царква, Рымска-каталіцкая царква на Беларусі). З 14—15 ст. са з’яўленнем у ВКЛ татар і яўрэяў на Беларусі пашырыліся іслам і іудаізм. У 16 ст. ўзнік пратэстантызм і яго кірункі — кальвінізм, лютэранства, арыянства і інш. З 1569 дзейнічала уніяцкая царква (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква). На 1.1.2001 на Беларусі дзейнічае 26 канфесій (2663 абшчыны), у т. л. 1172 правасл. абшчыны, 417 рымска-каталіцкіх, 13 грэка-каталіцкіх, 34 стараабрадніцкія, 470 хрысціян веры евангельскай, 268 — евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 22 — іудаістаў, 24 абшчыны мусульман і інш.
Літ.:
Никольский Н.М. Избранные произведения по истории религии. М., 1974;
Фрэйзер Дж.Дж. Золотая ветвь: Пер. с англ. 2 изд. М., 1986;
Иллюстрированная история религий. Т. 1—2. 2 изд. М., 1992;
Митрохин Л.Н. Философия религии. М., 1993;
Религиозные традиции мира: Пер. с англ. [Т. 1—2] М., 1996;
Росс Ф., Хиллс Т. Великие религии человечества: Пер. с англ. М;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЯО́Н ПО́ЛАЦКІ (сапр.Пятроўскі-Сітніяновіч Самуіл Емяльянавіч, паводле некат. звестак — Гаўрылавіч; 1629, г. Полацк Віцебскай вобл. —25.8.1680),
бел. і рус. паэт, драматург, перакладчык, педагог, рэліг. і грамадскі дзеяч. Скончыў Кіева-Магілянскі калегіум (каля 1650), вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі (да 1653). У 1654—64 настаўнік брацкай школы Полацкага Богаяўленскага манастыра. У 1656 прыняў манаства пад імем Сімяон. Прапагандаваў ідэю ўз’яднання хрысціян пад духоўнай эгідай рымскага папы і пад дзярж. патранатам маскоўскага цара. У полацкі перыяд творчасці пісаў на бел., польскай, лац. мовах, раннія вершы («Акафіст», «Канон», 1648) маюць рэліг., павучальны характар, вытрыманы ў духу тагачаснай панегірычнай паэзіі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вітаў цара Аляксея Міхайлавіча ў Полацку дэкламацыяй «Метры», прысвяціў яму шэраг віншаванняў з выпадку ўзяцця пэўных гарадоў і інш.: «Вершы на шчаслівы зварот літасцівага цара з-пад Рыгі», «Віншаванне з выпадку ўзяцця Дэрпта», «Віншаванне з выпадку абрання на польскае каралеўства» і інш. Тады ж напісаў шэраг паліт.-сатырычных твораў, у якіх выкрываў захопніцкія войны швед. караля Карла X Густава: «Кароль шведскі шукае сваіх афіцэраў...», «Адчай шведскага караля...», а таксама іранічнае «Віншаванне... Амфінагену Крыжаноўскаму, вандруючаму псеўдаепіскапу». З 1664 жыў у Маскве. Арганізаваў «лацінскую» школу пры Заіконаспаскім манастыры, заснаваў незалежную ад патрыяршай цэнзуры Верхнюю друкарню, быў першым прыдворным паэтам рас. цароў, выхавацелем дзяцей Аляксея Міхайлавіча. Прыхільнік асветнага абсалютызму, быў у цэнтрыдзярж. і рэліг. праблем Маскоўскай дзяржавы. Прапаведніцкая дзейнасць С.П. адлюстравана ў 2 зборніках яго пропаведзей: «Абед душэўны» (1675, выд. 1681) і «Вячэра душэўная» (1676, выд. 1683). Аснову яго літ. спадчыны складаюць 2 манументальныя зб-кі, падрыхтаваныя ў 1670-я г., але выдадзеныя пасмяротна: «Вертаград мнагацветны» і «Рыфмалагіён» (1678, выд. 1681). Яшчэ пры жыцці першы яго зборнік быў ацэнены як энцыклапедыя, з якой чэрпалі веды па хрысц. сімволіцы, гісторыі, ант. міфалогіі, тэалогіі. У другім зборніку змешчаны драм. творы «Камедыя прытчы пра блуднага сына...» і «Пра Навухаданосара цара...», якія ставіліся ў прыдворных тэатрах Крамля. Як перакладчык пазнаёміў чытачоў з многімі шырокавядомымі тагачаснымі творамі: «Казанне пра Магамета», «Тастамент, або Запавет Васіля, цара грэчаскага», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і інш. Значнае месца ў паэзіі С.П. займалі і сатыр. матывы, выкрыццё каставых заган, кар’ерызму, прыстасавальніцтва («Клятва», «Жонка», «Помста» і інш.). У многіх выказваннях С.П. прыкметны ўплыў натурфілас. поглядаў ант. аўтараў Арыстоцеля і Плінія, а таксама здабыткаў сярэдневяковай навукі. Панегірычны дух яго паэзіі выявіўся ў некат. структурных асаблівасцях сілабічных вершаў: ён звяртаўся да зрокава-графічных эфектаў і прыёмаў (каляровае пісьмо, новыя страфічныя формы і інш.), распрацоўваў чыста барочныя формы ўскладненых метафар, мудрагелістых алегорый, сімвалаў, гіпербал і інш. Паводле рашэння ЮНЕСКА імя С.П. было ўнесена ў каляндар памятных дат 1980.
Тв.:
Избр. соч. М.; Л., 1953;
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — начала XIX в. Мн., 1962;
У кн.: Русская силлабическая поэзия XVII—XVIII вв. Л., 1970;
Вирши. Мн., 1990.
Літ.:
Татарский И. Симеон Полоцкий: (Его жизнь и деятельность). М., 1886;
Майков Л.Н. Симеон Полоцкий // Майков Л.Н. Очерки из истории русской литературы XVII и XVIII столетий. СПб., 1889;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд.Мн., 1985;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Панченко А.М. Русская стихотворная культура XVII в. Л., 1973;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Симеон Полоцкий и его книгоиздательская деятельность. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЯПаўднёвая,
Рэспубліка Карэя (РК, кар. Тэхан мінгук), дзяржава ва Усх. Азіі, займае паўд.ч.Карэйскага паўвострава і суседнія астравы, у т. л.Карэйскі архіпелаг. На Пн аддзяляецца дэмаркацыйнай лініяй ад Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (гл.Карэя Паўночная), на З абмываецца Жоўтым, на У — Японскім морамі, на Пд — Карэйскім пралівам. Пл. 99,3 тыс.км². Нас. 45 948 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — карэйская. Сталіца — г.Сеул. Падзяляецца на 9 правінцый і 6 гарадоў цэнтр. падпарадкавання. Нац. святы: Дзень абвяшчэння Рэспублікі (15 жн.), Дзень заснавання дзяржавы (3 кастр.). Гл. карту да арт.Карэя.
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1988 кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў (паводле канстытуцыі не можа быць перавыбраны на другі тэрмін). Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход (299 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — Дзярж. савет, у які ўваходзяць прэзідэнт (старшыня), прэм’ер-міністр (нам. старшыні) і члены савета (ад 15 да 30). Прэм’ер-міністра, членаў савета, губернатараў правінцый, мэраў гарадоў і інш. высокапастаўленых службоўцаў мясц. улады назначае прэзідэнт. Вышэйшы суд. орган — Вярх. суд на чале з яго старшынёй, дзейнічае 6 гадоў (старшыню і членаў суда назначае прэзідэнт). Дзейнічае Канстытуцыйны суд. У суд. сістэму ўваходзяць апеляцыйныя, раённыя і сямейныя суды.
Прырода. Пераважна горная краіна. Горы і перадгор’і займаюць 80% тэрыторыі. На УУсх.-Карэйскія горы (г. Сараксан, 1708 м), на Пд і ПдЗПаўд.-Карэйскія горы (г. Чырысан, 1915 м). Раўнінныя і нізінныя ўчасткі на З і Пд. Разнастайны рэльеф і на астравах. На найб. в-ве Чэджудо вулкан Халасан — найвыш. пункт краіны (1950 м). З карысных выкапняў вылучаюцца вальфрамавыя руды (запасы адны з найбуйнейшых у свеце), ёсць радовішчы бурага вугалю, антрацыту, жал., свінцова-цынкавых, медных, залатых, сярэбраных, малібдэнавых руд. Клімат умераны (на Пн) і субтрапічны (на Пд), мусонны. Зімовы мусон прыносіць халаднаватае сухое кантынент. паветра, летні — цёплае і вільготнае з акіяна. Т-ра паветра ў студз. ад 0°C да 4°C, у жн. каля 25—26 °C. Ападкаў ад 800 мм на У і ў цэнтры да 1400 мм на Пд і З; 70% ападкаў выпадае ў ліп.—верасні. Летам (чэрв.—вер.) бываюць тайфуны. Рэкі горныя, выкарыстоўваюцца для буд-ваГЭС і арашэння; найб. з іх Кымган, Нактанган, Ханган. Лясы займаюць каля 7 млн.га, пераважна ў гарах. Растуць таполя, некалькі відаў хвоі і вярбы, піхта, граб, ціс. На Пд субтрапічныя лясы з бамбукам. Жывёльны свет (горны мядзведзь, плямісты алень і інш.) захаваўся ў гарах. Мора багатае рыбай і морапрадуктамі. Нац. паркі — Ханро, Чырысан, Сараксан і інш.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — карэйцы. Вернікі пераважна хрысціяне (48,6%, католікі, англікане і інш.) і будысты (47,4%), ёсць канфуцыянцы і інш. Сярэднегадавы прырост каля 1,1%. Сярэдняя шчыльн. 463 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы на З і Пд (да 1000 чал. на 1 км²). У гарадах больш за 80% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж., з прыгарадамі, 1997): Сеул — 11 609, Пусан — 4038, Тэгу — 2432; у гарадах Інчхон, Кванджу і Тэджон больш за 1 млн.ж. У прам-сці занята 27% працаздольнага насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы, марскіх промыслах — 21%, у транспарце, сувязі і буд-ве — 9%, у гандлі і паслугах — 21%.
Гісторыя. Рэспубліка Карэя абвешчана 15.8.1948. На працягу наступных 40 гадоў у краіне захоўваўся дыктатарскі рэжым. Прэзідэнт Лі Сын Ман (з 1948, скінуты ў крас. 1960) устанавіў цесныя сувязі з ЗША (дагавор 1948 аб эканам. дапамозе і дагавор 1950 аб ваен. дапамозе). Пасля заканчэння Карэйскай вайны 1950—53 РК заключыла з ЗША дагавор аб узаемнай абароне (1953), паводле якога на яе тэр. размешчаны амер. базы. У выніку ваен. перавароту 1961 да ўлады прыйшоў ген. Пак Чжон Хі (прэзідэнт з 1961, з 1972 — пажыццёва), які напачатку праводзіў рэпрэсіўную палітыку, але пазней распачаў працэс пэўнай лібералізацыі эканам. і паліт. жыцця. На рэферэндуме 1972 прынята новая канстытуцыя; у гэтым жа годзе пачаліся перагаворы з Паўн. Карэяй па пытанні аб’яднання краіны. У 1974—79 у РК адбыліся масавыя дэманстрацыі супраць ваен. дыктатуры. Пасля забойства Пак Чжон Хі (1979) да ўлады прыйшоў ген.Чон Ду Хван (з 1980 прэзідэнт), які працягваў рэформы свайго папярэдніка і паступова змякчаў паліцэйскі рэжым. Яго пераемнік ген.Ро Дэ У (прэзідэнт з 1988) яшчэ больш спрыяў лібералізацыі паліт. жыцця. У 1988 увайшла ў дзеянне дэмакр. канстытуцыя (прынята на рэферэндуме), адбыліся свабодныя парламенцкія выбары. У 1990 РК устанавіла дыпламат. адносіны з СССР і інш. краінамі сацыяліст. блока. У снеж. 1991 абедзве карэйскія дзяржавы заключылі мірны дагавор, скасаваны РК у лют. 1992 з-за супрацьдзеяння Паўн. Карэі міжнар. кантролю за яе ядз. аб’ектамі. У 1992 адбыліся дэмакр. парламенцкія і прэзідэнцкія выбары; прэзідэнтам краіны стаў Кім Ен Сам — першы цывільны палітык, які выступае з антыаўтарытарных пазіцый.
У краіне існуе шматпарт. сістэма; найб. ўплыў маюць Партыя новай Карэі, Дэмакр. партыя, Аб’яднаная нар. партыя. РК — чл.ААН (з 1991). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Гаспадарка. РК — індустрыяльна-агр. краіна. Яна займае адно з вядучых месцаў сярод т.зв. «азіяцкіх тыграў» — новых індустр. краін. Тэмпы росту былі максімальныя ў 1980-я г. і дасягалі 10% за год. Характэрны экспартны кірунак эканомікі. Валавы ўнутр. прадукт у 1995 склаў 591 млрд.дол. (каля 13 тыс.дол. на 1 чал.). Прамысловасць працуе пераважна на імпартнай сыравіне, дае каля 45% нац. даходу. Здабыча каменнага вугалю меншае з-за вычарпання запасаў; у 1980 здабыта 18,6 млн.т, у 1994—7,4 млн.т. Здабываюць таксама руды вальфраму (каля 1 млн.т штогод), золата (каля 10 т), серабро (каля 215 т), буд. матэрыялы, цэм. сыравіну, каалін, каменную соль, графіт. Энергетыка заснавана на выкарыстанні мясц. вугалю, імпартаваных нафты і ядз. паліва (6 АЭС даюць палавіну электраэнергіі краіны). Вытв-сць электраэнергіі 186 млрд.кВт∙гадз (1995). Вытв-сць чыгуну 22,6 млн.т, сталі 36,6 млн.т (1995). Выпускаюцца розныя гатункі сталі (8-е месца ў свеце), трубы, рэйкі і інш. Металургічны комплекс у г. Пхахан — 2-і па магутнасці ў свеце. У 1995 атрымана (тыс.т): вальфраму 4,7, медзі рафінаванай 233, свінцу 102, цынку 270. РК займае адно з першых месцаў у свеце па вытв-сці сталі, суднаў, аўтамабіляў, выпуску электронікі і электратэхнікі. Вядуцца распрацоўкі ў галіне аэракасм. прам-сці, біятэхналогіі, геннай інжынерыі, лазераў, кампазіцыйных матэрыялаў і інш. Машынабудаванне дае каля 27% аб’ёму прам-сці і 40% экспарту. Цяжкае машынабудаванне спецыялізуецца на вытв-сці металаапр. станкоў, канвеернага абсталявання, хім. машынабудавання, машын для апрацоўкі гумы і пластмас, экскаватараў, мех. прэсаў. Самыя значныя прадпрыемствы аўтамабілебудавання належаць фін.-прамысл. групоўкам «Хёндэ», «Дэу», «Кія» і інш. У 1995 выпушчана 1756 тыс. легкавых, 491 тыс. грузавых машын і аўтобусаў; гал.цэнтры — Сеул, Пусан, Чханджу. РК належыць 2-е месца ў свеце па валавым выпуску электроннай прадукцыі, 3-е — па выпуску паўправаднікоў. У краіне вырабляецца каля 40% сусв. вытв-сці быт. электронных вырабаў. У 1995 выпушчана 15 956 тыс. тэлевізараў, 3585 тыс. халадзільнікаў і маразільнікаў. Выпускаюцца таксама тэлефонныя апараты, відэамагнітафоны, мікрахвалевыя печы, камп’ютэры, кінакамеры і інш.; гал.цэнтры — Сеул, Пусан, Інчхон. Суднабудаванне спецыялізуецца на буд-ве кантэйнеравозаў, суднаў для перавозкі звадкаванага газу і рыбалоўных, марскіх буравых платформаў; найбуйнейшыя верфі ў Пусане, Інчхоне, Ульсане, Масане. У 1995 пабудавана суднаў агульнай грузападымальнасцю 6,2 млн. брута рэг. т. Па вытв-сці хім. прадукцыі (штучныя ўгнаенні, пестыцыды, гумавыя вырабы, аўтапакрышкі — 53,5 млн. ў 1995, лакі, фарбы і інш.) краіна займае 10-е месца ў свеце. У 1994 атрымана сінт. і штучных валокнаў 1,7 млн.т, пластмас 6,6 млн.т, сінт. каўчуку 340 тыс.т. Буйныя нафтаперапр. з-ды ў Пусане, Ульсане, Інчхоне. Развіты фармацэўтычная, парфумерная, дрэваапр.прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, цэменту (56,1 млн.т, 1995), жалезабетонных вырабаў, цэглы, шкла і інш. Лёгкая прам-сць спецыялізуецца на вытв-сці баваўняных (480 млн.м², 1995) і сінт. тканін, трыкат. і швейных вырабаў, абутку. Развіта вытв-сць цацак, галантарэйна-прыкладных тавараў, біжутэрыі, канцылярскіх вырабаў. Харч.прам-сць забяспечвае ўнутр. патрэбы краіны. Вылучаюцца рысаачышчальная, мукамольная, хлебапякарная, алейная, тытунёвая і рыбаперапрацоўчая галіны. Сельская гаспадарка дае каля 9% нац. даходу. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2,3 млн.га. Арашаецца 1353 тыс.га (1995). Збіраюць 2—3 ураджаі за год. Вядучая галіна — раслінаводства, спецыялізуецца на вытв-сці збожжавых культур. Гал. культура — рыс (пасяўная пл. 1055 тыс.га, збор 6519 тыс.т, 1995); вырошчваюць ячмень, пшаніцу, проса, сорга, кукурузу, бабовыя (пераважна сою), агародніну (батат, бульба, агуркі, памідоры, капуста), тэхн. культуры (бавоўна, тытунь, каноплі, рамі). Садоўніцтва і шаўкаводства. Культывуюць плантацыйны жэньшэнь. Пагалоўе буйн. раг. жывёлы 3,5 млн., свіней 6,95 млн. галоў (1996). Прамысл. птушкагадоўля. Улоў рыбы 2,7 млн.т (1994). Збор морапрадуктаў, марыкультура. Развіты чыг. і аўтамаб.транспарт. Даўж. чыгунак 3,1 тыс.км, аўтадарог 61,3 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 51,9 тыс.км. У знешніх сувязях гал. роля належыць марскому і авіяц. транспарту. У краіне 16 марскіх партоў, галоўныя — Інчхон, Пусан, Ульсан, Масан. Марскі гандл. флот грузападымальнасцю 6,1 млн.т. 105 аэрапортаў і аэрадромаў. У 1995 экспарт склаў 125 млрд.дол., імпарт — 135 млрд. долараў. 95% экспарту прыпадае на прамысл. прадукцыю (судны, аўтамабілі, электроніка, выліч. тэхніка, тэлевізары, магнітафоны, хімікаты, тэкстыль, абутак і інш.). У імпарце значную долю складаюць сыравінныя прадукты (нафта, руды металаў, збожжа), а таксама машыны, трансп. сродкі і інш.Гал.гандл. партнёры: ЗША (19% экспарту, 23% імпарту), Японія (адпаведна 14 і 24%), краіны ЕС (адпаведна 13 і 13%), Кітай, краіны Паўд.-Усх. Азіі. Штогод РК наведвае каля 3,5 млн. замежных турыстаў, даход ад турызму 3,5—4 млрд. долараў. Грашовая адзінка — вона Рэспублікі Карэя.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 672 тыс.чал., рэзерву 4,5 млн.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне па прызыве. У сухап. войсках 560 тыс.чал., на ўзбраенні 2130 танкаў, 2460 баявых браніраваных машын, больш за 3,5 тыс.артыл. гармат, 6 тыс. мінамётаў, больш за 700 пераносных зенітных ракетных комплексаў, 600 установак зенітнай артылерыі, 500 верталётаў і інш. У ВПС 52 тыс.чал., 461 баявы самалёт. У ВМС 60 тыс.чал. (з іх 25 тыс. у марской пяхоце), 6 падводных лодак, 61 баявы карабель (з іх 33 фрэгаты і 17 дэсантных), больш за 100 катэраў, 23 баявыя самалёты і 47 баявых верталётаў марской авіяцыі.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70, жанчын 77,7 года. Смяротнасць — 6 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 244 чал., урачамі — 1 на 817 чал. Узровень нараджальнасці — 16 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,1%. Дзіцячая смяротнасць — 8 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы (пераважна прыватныя), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Сістэмай навуч. устаноў кіруе Мін-ва адукацыі. Паводле закону аб адукацыі 1949 у краіне ўстаноўлена 12-гадовая школьная сістэма. Існуюць дзярж., муніцыпальныя і прыватныя школы. Пач. 6-гадовая школа абавязковая, у яе прымаюцца дзеці ва ўзросце 6 гадоў. Пэўную частку выдаткаў на адукацыю ў пач. школе аплачваюць бацькі. Пасля пач. школы кошт навучання павялічваецца, аднак каля 75% дзяцей ва ўзросце 12—17 гадоў вучацца ў школе. Сярэдняя школа 6-гадовая, уключае няпоўную (прамежкавую) 3-гадовую школу і поўную (старшую) 3-гадовую. Прафес. адукацыю на базе пач. або няпоўнай сярэдняй школы даюць прафес. вучылішчы (тэрмін навучання 1—3 гады), на базе поўнай сярэдняй школы — 3-гадовыя прафес. каледжы (даюць сярэднюю адукацыю і права навучання ў ВНУ). Больш за 1 млн. студэнтаў вучацца ва ун-тах, каледжах, малодшых каледжах (1994). Больш палавіны ВНУ прыватныя, навучанне платнае. Буйнейшыя ун-ты: Нац.дзярж.ун-т (з 1946), ун-т «Ёнсе» (з 1885), Карэйскі ун-т (з 1905) — усе ў Сеуле, Нац.ун-т (з 1946) у Пусане, ун-т «Ёнам» у Тэгу і інш. Буйнейшыя б-кі і музеі РК у Сеуле: Нац.цэнтр.б-ка, б-каНац.дзярж. ун-та; нац. музей і Маст. галерэя палаца Кёнбакун (з 1916). Н-д. ўстановы сканцэнтраваны пераважна пры ун-тах: пры Нац. ун-це ў Пусане Ін-т даследаванняў крыві (з 1964), Ін-т тэхналогіі (з 1965); пры ун-це «Ёнам» даследчыя цэнтры. Найвышэйшая навук. ўстанова і каардынацыйны навук. цэнтр — Нац.АН у Сеуле (з 1954, створана на ўзор Нац.АН ЗША). У межах акадэміі дзейнічае савет па навук. даследаваннях, які плануе і каардынуе даследчую дзейнасць. Акрамя акадэміі працуе 10 буйных н.-д. цэнтраў і ін-таў. У 1958 у РК створана Упраўленне па атамнай энергіі.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца каля 70 штодзённых газет, агульным тыражом каля 13 млн.экз. (1997). Найб. тыраж маюць штодзённыя незалежныя газеты на карэйскай мове «Часон ільбо» («Газета Карэі», з 1920) і «Хангук ільбо» («Карэйская газета», з 1954, абедзве ў Сеуле). На англ. мове выходзяць газ. «The Korea Herald» («Карэйскі веснік») і «The Korea Times» («Карэйскі час»). Інфарм. агенцтвы: Ёнхап Ньюс Эйджэнсі (афіц., з 1980) і Рыён Хап (з 1981). Радыёвяшчанне з 1926, падпарадкавана дзяржаве. Дзейнічаюць прыватныя і канфесійныя радыёстанцыі. Найбуйнейшыя: Крысчыян бродкастынг сістэм, Кыктон бродкастынг сістэм, Асія бродкастынг сістэм (трансляцыя на краіны Д. Усходу). Тэлебачанне з 1961. Буйнейшыя карпарацыі радыё- і тэлевяшчання; Карыян бродкастынг сістэм і Мунхва бродкастынг карпарэйшэн. Дзейнічаюць сеткі радыё- і тэлестанцый амер.узбр. сіл.
Літаратура. У першыя гады пасля выгнання яп. каланізатараў у л-ры РК распрацоўваліся тэмы аб’яднання і незалежнасці краіны (паэзія Лі Хаюна, Кім Гвансопа і інш). З канца 1940-х г.л-ра развівалася пад моцным уплывам зах.-еўрап. плыней. Проза старэйшага пакалення пісьменнікаў прадаўжала традыцыі натуралізму і дэкадэнцкай л-ры (Ём Сансоп, Чу Ёсоп, Лі Муён). У 1950-я г. выступіла новае пакаленне празаікаў, якія знаходзіліся пад моцным уплывам экзістэнцыялізму, канцэпцыі «новай крытыкі», тэорыі антырамана. Пераважалі тэмы вайны, абсурду і адзіноты (проза Кім Санхана, Чан Ёнхака, Сону Хві, паэзія Кім Гірына, Чо Бёнхва). Містыцызм і пошукі спецыфікі «ўсходняга стылю» характэрныя для твораў Лі Данджы і Лі Хёнгі. У 1970-я г. развівалася т.зв.л-ра ўдзелу з крытыкай паўн.-кар. рэчаіснасці (проза Кім Санхана, паэзія Кім Джыха). У сучаснай л-ры пануюць эксперыменталісцкія кірункі, робяцца спробы адраджэння традыц. вершаваных прыёмаў.
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. У 1950—80-х г. грамадскія будынкі ўзводзілі пераважна ў формах зах.-еўрап. стыляў, у т. л. функцыяналізму (авіякампанія «Карыя эр лайнс» у Сеуле, 1969). Некат. пабудовы спалучаюць элементы нац. дойлідства (дахі з крыху загнутымі ўверх канцамі, разны дэкор) з новымі канстр. вырашэннямі (цэнтр відовішчаў «Уокер-Хіл» каля Сеула, Гал. Алімпійскі стадыён спарт. комплексу ў Сеуле). Жыллёвае буд-ва вядзецца па тыпавых праектах. У выяўл. мастацтве 1950—80-х г. суіснуе мноства плыней. Рэаліст. кірунак еўрап. тыпу прадстаўляюць жывапісцы Кім Інсын, Лі Джунсоп. Уплыў еўрап. мадэрнісцкіх плыней уласцівы жывапісцам Кім Хвангі, Нам Гвану, скульпт. Кім Ёнхаку, Чон Санбому. У нац. традыцыях працуюць жывапісец Хо Бэнён, скульпт. Кім Гёнсын і інш. Прыёмы нац. і еўрап. жывапісу спалучаюцца ў творчасці Кім Гіўхана, Пак Нэхёна. Захоўваюцца традыцыі вытв-сці вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Музыка. Муз. жыццё РК развіваецца пад моцным уплывам муз. культуры ЗША. Працуюць сімф. аркестры, у рэпертуары т-раў творы зах.-еўрап. опернай класікі. У 1970—80-я г. пашырыліся формы поп-музыкі. Сярод кампазітараў — Юн Ісан, Кім Сехён, Лі Хынёль, Кім Сунэ, музыказнаўцаў — Сон Бансон, Лі Хёпо, спевакоў у традыц. стылі — Чу Ванлі, Ан Пічхві, Кім Аксім, музыкантаў — Хан Танір (фп.), Ян Укхім (скрыпка), Хван Б’ёнкі, Сен Кымрэн, Сін Кведон (каягым), Сон Кёлі (тэгым). Працуюць Нац. оперная трупа і шэраг прыватных оперных труп, хар. калектывы «Пхадо», «Тэхан» і інш., імператарскі аркестр нац. інструментаў, Седжонаўскі культ. цэнтр (канцэртная зала з арганам), Нац.ін-т класічнай музыкі ў Сеуле, Нац.АМ, Асацыяцыя музыкантаў К., Кар.нац.муз. асацыяцыя, Т-ва сучаснай музыкі, Кар. музыказнаўчае муз.т-ва. Кансерваторыя ў Сеуле, муз. каледжы.
Тэатр. У 1945 створаны Карэйскі і Сеульскі маст. т-ры, Вольны т-р, у 1948 — Нац.т-р сучаснай драмы, якія ў хуткім часе былі закрыты. У 1950-я г.тэатр. мастацтва сутыкнулася з канкурэнцыяй кінематографа. У 1960—70-я г. працавалі т-ры «Мінджун», «Тан’ян», Эксперым.т-р, невял. тэатр. трупы. Для тэатр. мастацтва 1970—80-х г. характэрны ўплыў мадэрнізму і адраджэнне традыц.тэатр. форм. Працуюць Ін-т драмы, Дзярж. і Малы т-ры, існуюць невял. мабільныя тэатр. трупы. Акрамя п’ес кар. аўтараў шырока ставіцца зах.-еўрап. драматургія. Некат. тэатр. калектывы ставяць п’есы на англ. і франц. мовах.
Кіно. Тэматыка фільмаў канца 1940-х г. — вызваленне ад яп. прыгнёту. Для 1950—60-х г. характэрна сац.-паліт. скіраванасць: «Жахлівая ноч» (1953), «Лішні чалавек» (1965). Сярод кінадзеячаў: Сін Сарок, Ю Хёнмок, Юн Банчхун, Лі Гюхван, Сін Ёнгюя, Хан Хёнмо і інш.Дзярж. палітыку ў галіне кінематаграфіі праводзіць Мін-ва культуры і інфармацыі. У краіне дзейнічаюць 79 кампаній-дыстрыб’ютэраў кіна- і відэафільмаў. У пракаце пераважаюць амер. і ганконгскія фільмы. З пач. 1990-х г. урад РК значна павялічыў адм. і фін. дапамогу кінавытворцам, здымалася каля 30 фільмаў у год. Самым касавым у 1990—91 быў фільм рэж. Ім Квантака «Сын генерала». Самая буйная кампанія па выпуску кінафільмаў у краіне — «Моўшэн Пікчэр Прамоўшэн Карпарэйшэн», сярод інш. кінакампаній «Хань Цзын» і «Тае Хунг». Сярод сучасных рэжысёраў: Ім Квантак («Сапаіаджэ»), Ён Цзыян («Намбуган»), Іон Сам’ёк («Я выжыву»), Чанг Сунву («Хваом каунг»), Баек Ілаенг («У трывожны час»), Кім Уйсук («Шлюбная гісторыя», «Жанчына і мужчына»), Створаны асацыяцыі кінадыстрыб’ютэраў, кінапрадзюсераў, Федэрацыя ўладальнікаў кінатэатраў. Гал.нац. ўзнагарода ў галіне кінамастацтва «Вялікі звон» прысуджаецца штогод Асацыяцыяй кінапрадзюсераў.
Герб і сцяг Карэі (Рэспубліка Карэя).Да арт.Карэя Паўднёвая. Марское ўзбярэжжа каля горада Пусан.Да арт.Карэя Паўднёвая. Рака Ханган у цэнтры горада Сеул.Да арт.Карэя Паўднёвая. Панарама Сеула.Да арт.Карэя Паўднёвая. Галоўны Алімпійскі стадыён спартыўнага комплексу ў Сеуле.Да арт.Карэя Паўднёвая. Сялянскі танец «Нанак».Да арт.Карэя Паўночная. Порт Начжын на ўзбярэжжы Японскага мора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Кала́ч1 ’круг’ (лельч., Нар. лекс.), магчыма, другаснае, параўн. ілюстрацыю: «Калач коубасы купіў», с. 131, да таго ж незразумелая наяўнасць слоў з оканнем і без, ’пятля (з вяроўкі або прутоў)’ (БРС), ’круглае рабро ў рыбалоўнай прыладзе’ (Пал. Крыв.), ’заверцень з вяроўкі ці звіткі ў форме абаранка’ (ганц., пух., Сл. паўн.-зах.), ’абруч’, ’завязванне хусткі абручом’ (ТС), ’кальцо (жалезнае, драўлянае, вяровачнае або з лазы) на «ярме», у якое ўстаўляецца канец дышля’, колач ’тс’ (Маш., але рэалія некалькі іншая: «прывязь, якая прымацоўвае ярмо да рагача сахі», с. 59), колач, колачык, колачы, калачы ’частка бараны: пруты, у якія ўстаўляюцца зубы’, калачы, калачыкы ’25 парна сплеценых драўляных прутоў на баране’ (Сержп. Грам., Сержп. Земл.); з пераносам назвы абруча на рэалію, замацаваную такім абручом, ‑калач ’дровы, пакладзеныя на дзве жэрдкі зверху і знізу і прывязаныя да іх’ (навагр., Нар. лекс.). Звяртаюць на сябе ўвагу адзначаныя ў окаючых гаворках Палесся формы з аканнем, што, магчыма, неабходна тлумачыць пашырэннем слова з адпаведных гаворак. Параўн. яшчэ калач2. Укр.усх.-палес.калач ’кальцо ў ярме валовай вупражы, у якое ўстаўляецца дышаль’, ’кальцо з вяроўкі і да т. п., дэталь у возе’, колач ’кальцо з лазы, якім прымацоўваюцца аглоблі да саней’, калач ’дзіцячая гульня з кальцом’ (Чуб. 3), колач (у Шухевіча) ’разнавіднасць посуду: гліняная труба, сагнутая ў выглядзе кальца, з рыльцам, ужываецца для гарэлкі і носіцца на шнурку на плячы’ і ’доўгі скрутак з сена на вяршыні стажка, каб дождж не трапіў у сярэдзіну’, рус.наўг., валаг., ярасл.калач і колач ’драўлянае або металічнае кальцо, з дапамогай якога зацягваюць вяроўку, што замацоўвае сена на возе’, ’частка хамута; набітая саломай кожаная падушка…’, дан., цвяр.калачы ’выпадковыя вузлы на ніжняй вяроўцы невада’, ’кольцападобная рачная пратока і інш.’, польск.kołaczek ’круглы гаючы пластыр’ (з XV ст.), чэш.koláček ’круглы чапец’, серб.-харв.ко̀љач ’некалькі звязаных разам абручоў’, ’звітая ў кальцо вяроўка’, ’зруб у студні’, ’кружок у ланцужку’ і інш., славен.koláč ’маток дроту’, ’посуд для віна’, ’круг’. Некаторым з прыведзеных лексем лічацца (Слаўскі, 2, 363, RHSJ, 5, 179) другаснымі, пераноснымі ад kolačь ’печыва ў выглядзе кола’. Думаецца, што няма патрэбы ў гэтым, паколькі значэнне ’круг, кольца’ з’яўляецца этымалагічна натуральным, калі меркаваць, што калач1, як і калач2, ад прасл.kolo. Гл. Мартынаў, Ареальн. иссл. в языкозн. и этнографии. Л., 1975, с. 24. Не выключана, што першаснае значэнне ’зроблены (скручаны) у выглядзе кола’ для прасл. дэрывата kolačь датычыць і kolačь ’круглы хлеб’, якое ўжо пазней спецыялізавалася.
Кала́ч2 ’круглая булка пшанічнага хлеба’ (БРС, ТСБМ), ’абаранак’ (Пятк.), калачы ’тс’ (Кольб., Маш.), (на крайнім захадзе палескай тэрыторыі) колач, калач ’пірог’, ’вясельны пірог прадаўгаватай формы’, ’прадаўгаваты жытні пірог, які нясе ўнук сваей бабцы-павітусе’, (на захадзе, цэнтры і ўсходзе Палесся) ’вялікі баранак’ (Вешт.). Адзінкава ў цэнтры Палесся зафіксавана значэнне ’блін’ (Вешт.). Укр.усх.-палес.калач ’баранак’, укр.калач і колач ’крэндзель і наогул белы хлеб’, дыял.колач сирний (у Шухевіча) ’авечы сыр, злеплены ў выглядзе круглага хлеба з адтулінай пасярэдзіне, які смажыцца ў масле’, рус.калач і колач ’белы хлеб’, ’печаныя вырабы з мукі (у выглядзе жгутоў, кольцаў і да т. п.)’, ’абаранак’, польск.kołacz ’пірог з найлепшай пшанічнай мукі і інш.’, дыял. ’буханка хлеба круглай або падоўжанай формы; белы хлеб, булка’, н.-луж.kółac ’круглы хлеб, велікодны пірог’, в.-луж.kołač ’круглае печыва’, чэш.koláč ’круглы пірог і да т. п.’, славак. koláč ’печыва з белага квашанага цеста’, славен.koláč ’круглы велікодны пірог, круглы пірог наогул, каравай белага хлеба і інш.’, серб.-харв.ко̀лач ’хлеб, звычайна белы, з лепшай мукі, салодкі, спечаны ў форме кола’, макед.колач ’абрадавы хлеб’, балг.колач ’асобы абрадавы хлеб, звычайна з адтулінай пасярэдзіне’. Прасл.kolačь, дэрыват ад kolo (гл. далей кола), Слаўскі (2, 364) мяркуе, што першасным значэннем было ’печыва ў форме кола’, што, на яго думку, пацвярджаецца чэш.дыял.kolo, балг.дыял.коло, рус.дыял.колесо, усё ў значэннях ’калач і да т. п.’ Калі прыняць такі пункт гледжання, неабходна і для kolo, колесо меркаваць аб першасным значэнні ’хлеб’. Не выключана, што прасл. дэрыват ад kolo меў больш дыфузную семантыку, накшталт ’зроблены (скручаны) у форме кола’, а ’хлеб у выглядзе кола’ было другаснай спецыялізацыяй. Параўн. калач1, дзе шэраг значэнняў ніяк нельга вытлумачыць як другасныя намінацыі ад kolačь ’пірог’. Аб прасл.kolačь ’прадмет, які нагадвае па форме кола’, пісаў Трубачоў, Ремссл. терм., 225. Трубачоў (там жа, 256) мяркуе аб магчымасці генетычнай сувязі назвы посуду для выпечкі хлеба (маецца на ўвазе славен.дыял.kolač ’асобая глыбокая патэльня, вялікая гліняная міска з адкрытым або закрытым круглым канічным узвышэннем пасярэдзіне для выпечкі вялікіх хлябоў’), што, відавочна, неабходна разумець як перанос назвы пасудзіны на выпечаны хлеб. Гэта не вельмі добра абгрунтавана ў тым, што датычыць рэалій, хоць шэраг славянскіх значэнняў (’вялікі абаранак’ і інш.) указваюць быццам бы на магчымасць ужывання спецыяльнай формы, а сам спосаб выпечкі вырабаў з мукі ў формах можа быць старажытным. Вештарт (Лекс. Пал., 119) лічыць, што палескія гаворкі крайняга захаду адлюстроўваюць уплыў польскіх абрадавых і моўных звычаяў.
Кала́ч3 ’расліна рагоз, Typha’, ’насенная шышка рагозу’, ’кіях кукурузы’ (лях., лід., Сл. паўн.-зах.), калачы ’каташкі (на бярозе)’ (свісл., Шатал.), магчыма, сюды ж і драг.калачык ’пакаёвая кветка’. Укр. усх.-пал. калач ’кіях кукурузы’, калачики (уст.) ’кукуруза’. Непасрэдная сувязь з калач2 або калач1 здаецца немагчымай, паколькі для бел. рэалій нельга дапусціць перанос гэтых назваў паводле падабенства. Магчыма, першапачаткова назва частак расліны, падобных на калач, параўн. рус., укр.мар. назву калачик ’расліна Malva’. Наступны этап — перанос назвы на круглыя плады або кветкі іншых раслін, параўн. рус.дыял.калачики ’расліны розных відаў Trifolium’ і калачики ў наступным кантэксце: «Трава растёт калашнік, красненьки калачики и беленьки калачики у нее, сверху, … калашник похож на клевер, но это не клевер» (СРНГ, 12, 339). Такую у прынцыпе магчымую версію прыняць нельга, паколькі на бел. тэрыторыі наогул не засведчана слядоў падобнага працэсу. У бел. назвах для Typha адзначаны кіеўка, катке, кіёўка, кіёўнік, укр.палки, палочник, бел.дыял.калачык ’песцік’ і ’пладаносная частка сцябла некаторых раслін’ можна параўнаць з бел.таўкачык ’назва хвашчу’, а бел.дыял.калатоўка ’рагоз’ нельга не суаднесці з калатоўка ’мяшалка’. Іншымі словамі, найбольш імаверна параўнаць разглядаеце слова з дзеясловам калаціць (аснову колот‑). Пры гэтым, калі дапускаць аналагічны па ўтварэнню працэс (назва прылады, якой калоцяць > назва расліны), неабходна рэканструяваць калач (магчыма, як сінонім да калатоўка) як назву прылады, ужытую пазней для расліны, або хутчэй для насеннай шышкі рагозу і да т. п. Такі варыянт тлумачэння ўяўляецца не вельмі надзейным, паколькі мяркуемы дэрыват ад калаціць не засведчаны (параўн., аднак, рус.дыял.колот ’песцік у маслабойнай ступе’). Аб іншай версіі сведчаць такія формы, як бел.дыял.калачонік ’стрэсены арэх’, калачанка ’стрэсенае сена з саломай’, калачынка ’амлет’, колотуша ’тс’, дзе ‑ч‑ заканамернае. Аднак спосаб утварэння ад асновы калач‑ няясны. Калі звярнуць увагу на такі сінонім для Typha, як катке (мн. ад каток), мяркуючы пры гэтым, што каток тут не ад кот (у сувязі з мяккасцю, пухаўка ’рагоз’), а дэрыват ад каціць і калачы і каташкі (на бярозе), можна прапанаваць і такі варыянт тлумачэння, пры якім калач — метатэза з качая, якое, у сваю чаргу, зваротны дэрыват ад качалка, качалкі. Параўн. рус.смал., росл.качалка ’шышка (лопуху?), якой кідаюць на вяселлі ў жаніха і шафера’. Аднак такая версія найменш імаверная.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БЕ́ЛЬГІЯ (франц. Belgique, флам. België),
Каралеўства Бельгія (франц. Royaume de Belgique, флам. Keninkrijk België), дзяржава ў Зах. Еўропе, на паўд. узбярэжжы Паўночнага м. Мяжуе на Пн з Нідэрландамі, на У з ФРГ і Люксембургам, на Пд і ПдЗ з Францыяй. Пл. 30,5 тыс.км². Нас. 10,1 млн, чал. (1994). Афіц. мовы — нідэрландская (фламандская), франц., нямецкая. Сталіца — г.Брусель. Падзяляецца на 9 правінцый. Існуе падзел на 3 рэгіёны: Фландрыю (Пн), Валонію (Пд), Брусель з ваколіцамі (цэнтр). Нац. свята — Дзень прынясення каралём прысягі (21 ліп.).
Дзяржаўны лад. Бельгія — канстытуцыйная манархія з наследаваннем па мужчынскай лініі. Дзейнічае канстытуцыя 1831 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе парламент у складзе палаты прадстаўнікоў і сената (тэрмін паўнамоцтваў 4 гады), выканаўчую — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Міністраў прызначае і вызваляе кароль. Кіраванне ў правінцыях ажыццяўляюць губернатары. У правінцыях ёсць выбарныя муніцыпальныя органы — правінцыяльныя рады. Судовая сістэма ўключае суды касацыйны, апеляцыйны, 1-й інстанцыі, прысяжных і міравых суддзяў. Усе суддзі прызначаюцца пажыццёва каралём.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. На ПдУстараж. (герцынскі) масіў Ардэны (г. Батранж, 694 м). На Пн ад яго нешырокая паласа раўнін і плато, складзеных з палеагенавых глін і пяскоў. Паўн.ч. займаюць плоскія нізіны Фландрыі і Кампіна, укрытыя чацвярцічнымі рачнымі і марскімі адкладамі. Уздоўж узбярэжжа паласа польдэраў (шыр. да 15 км), якая часткова знаходзіцца на 2 м ніжэй за ўзровень мора і засцерагаецца ад затаплення пясчанымі дзюнамі і дамбамі. З карысных выкапняў найб. значэнне мае каменны вугаль (запасы каля 6 млрд.т), ёсць прыродны газ, буд. матэрыялы. Клімат марскі, умерана цёплы. Сярэдняя т-растудз. 3 °C (у Ардэнах да -1 °C), ліп. 18 °C (у Ардэнах 14 °C). Ападкаў 700—900 мм за год, у гарах 1200—1500 мм. Рэкі паўнаводныя, не замярзаюць. Галоўныя: Шэльда і Маас з шматлікімі прытокамі. Б. ч. краіны мае культ. ландшафт. Прамысл.цэнтры злучаны рэкамі і суднаходнымі каналамі. Лясы (дуб, бук, граб) разам з лесапалосамі займаюць каля 21% тэрыторыі. Натуральныя лясы захаваліся ў Ардэнах. Фауна (дзік, лань, казуля, вавёрка, заяц, курапаткі, фазаны) і ландшафты зберагаюцца ў шматлікіх рэзерватах і прыродных парках (буйнейшыя От-Фань, Калмтхаўт).
Насельніцтва. Каля 55% — фламандцы (на Пн краіны), каля 33% — валоны (на Пд). У Бруселі і ваколіцах змешанае двухмоўнае насельніцтва. У краіне каля 1 млн. іншаземцаў — французаў, немцаў, італьянцаў, мараканцаў і інш. Паводле веравызнання 75% католікі, 25% пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. 331 чал. на 1 км². Асабліва густа населена цэнтр.ч. — да 665—800 чал. на 1 км², у Ардэнах да 50—100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 96,3% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1993): Брусель — 949, Антверпен — 463, Гент — 228, Шарлеруа — 207, Льеж — 195, Бруге — 117, Намюр — 105.
Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек, на тэр. Бельгіі жыў з часоў палеаліту. Каля 3 ст. да н. э. яе пачалі засяляць кельцкія плямёны белгаў, (адсюль назва краіны). У 57 да н.э. землі белгаў заваяваў Юлій Цэзар і ўключыў іх у Рым. дзяржаву. У 1—4 ст.н.э. на тэр. Бельгіі фарміраваўся рабаўладальніцкі ўклад. У выніку далейшага яе засялення (3 ст.) герм. плямёнамі франкаў, фрызаў і саксаў, змяшання плямёнаў пачалі складвацца 2 народнасці: валоны (патомкі раманізаваных белгаў) і фламандцы (патомкі герм. плямёнаў). У 5—9 ст.тэр. Бельгіі ў складзе Франкскай дзяржавы, а пасля распаду імперыі Каралінгаў (843) падзялілася на шэраг феад. уладанняў. З 10 ст. развіваюцца гарады Гент, Бруге, Іпр, з 11—12 ст. — Антверпен, Брусель і інш. У 12—13 ст. у графстве Фландрыя і герцагстве Брабант хутка расла прам-сць, і яны сталі цэнтрамі міжнар.гандл. сувязяў. Рост таварна-грашовых адносін і сярэдневяковай гар. культуры спрыяў больш ранняму, чым у інш. краінах Еўропы, разлажэнню феад. адносін. У 15 ст.тэр. Бельгіі адышла да Бургундскага герцагства, потым да Нідэрландаў, у 1477—82 — да імперыі Габсбургаў. З 1555 уладанне ісп. манархіі. Ранняя бурж. рэвалюцыя 16 ст. ў Нідэрландах (гл.Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя) на тэр. Бельгіі не мела поспеху, і там было адноўлена ісп. панаванне. У 1714 Ісп. Нідэрланды (тэр. Бельгіі) адышлі да Аўстр. манархіі. Палітыка нац. прыгнёту насельніцтва Бельгіі стала прычынай нац.-вызв. руху, які перарос у Брабанцкую рэвалюцыю 1789—90. У ходзе яе было вызвалена некалькі бельг. правінцый. 11.1.1790 Нац. кангрэс, скліканы ў Бруселі, абвясціў незалежнасць Злучаных Штатаў Бельгіі. Скарыстаўшы ўнутр. барацьбу, аўстр. Габсбургі з дапамогай арміі аднавілі (1791) сваю ўладу ў бельг. правінцыях. Пасля перамогі франц.рэв. войскаў над аўстрыйскімі (1792) тэр. Бельгіі зноў вызвалена. Паўторна рэстаўрыраваная ў Бельгіі ўлада Аўстрыі (сак. 1793) скончылася ў выніку паражэння аўстрыйцаў у бітве з франц. Войскам. 26.6.1794 пры Флёрусе. 1.10.1795 абвешчана далучэнне Бельгіі да Франц. рэспублікі. Аўстрыя прызнала гэты акт у 1797 (Кампафармійскі мір). Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15бельг. правінцыі штучна аб’яднаны ў 1815 з Галандыяй у Каралеўства Нідэрланды. Незадаволенасць мясц. насельніцтва галандскім панаваннем вылілася ў Бельгійскую рэвалюцыю 1830, у выніку якой Бельгія стала незалежнай. У сярэдзіне 19 ст. тут узніклі рабочыя арг-цыі; працоўныя дамагліся права на забастоўкі (1866), адмены забароны рабочых саюзаў (1867). Незалежнасць Бельгіі спрыяла хуткаму развіццю капіталізму. У канцы 19 — пач. 20 ст. яна стала развітой дзяржавай, буйным экспарцёрам прамысл. тавараў і капіталу (толькі ў Расію да 1914 вывезена 6 млрд. франкаў). У 1870—80-я г.бельг. каланізатары захапілі частку бас. Конга (з 1908 афіц. калонія Бельгіі). У 1-ю сусв. вайну Германія парушыла нейтралітэт Бельгіі і акупіравала амаль усю яе тэрыторыю. За 4 гады акупацыі эканоміцы краіны нанесены вял. страты. Бельг. войскі разам з англ. і франц. ўдзельнічалі ў вайне ў Еўропе і ў захопе герм. уладанняў у Афрыцы. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 Б. атрымала герм. акругі Эйпен і Мальмеды, у Афрыцы — мандат на Руанда-Урундзі, а таксама права на рэпарацыі. Бельгія адыгрывала важную ролю ў Версальскай сістэме, як партнёр Францыі ўдзельнічала ў акупацыі Рура. Міжваенны перыяд характарызаваўся ўздымам рабочага руху, што вымусіла ўлады палепшыць умовы жыцця працоўных, расшырыць выбарчыя правы.
Сусв.эканам. крызіс 1929—33 выклікаў заняпад эканомікі Бельгіі. Зменшыліся вытв-сць і экспарт, зарплата рабочых, павялічылася колькасць беспрацоўных. У знешняй палітыцы ўрад Бельгіі пайшоў на збліжэнне з Германіяй і Італіяй, адмовіўся ад стварэння сістэмы калект. бяспекі ў Еўропе. 10.5.1940 герм. войскі ўварваліся на тэр. Бельгіі. Па просьбе яе ўрада Англія і Францыя накіравалі туды свае войскі, але 28 мая бельг. кароль Леапольд III падпісаў акт аб капітуляцыі. У гады акупацыі ў краіне дзейнічаў Рух Супраціўлення. Бельгія вызвалена англа-амер. войскамі ў вер. 1944. Згодніцкая палітыка Леапольда III у час вайны выклікала агульную незадаволенасць насельніцтва і прывяла ў 1944 да ўстанаўлення рэгенцтва. У 1951 Леапольд III адрокся ад прастола на карысць сына Бадуэна I. У 1948 Бельгія заключыла мытны, у 1960 — эканам. саюз з Нідэрландамі і Люксембургам (гл.Бенілюкс). Нац.-вызв. барацьба народаў Афрыкі прымусіла Бельгію даць у 1960 паліт. незалежнасць Конга (Кіншаса), у 1962 — Руанда-Урундзі, на тэр. якой утварыліся 2 дзяржавы: Руанда і Бурундзі.
Развіваючыся на стыку раманскай і германскай культур, Бельгія складаецца з 2 асн. частак: паўн. — Фландрыі і паўд. — Валоніі. Да пач. 20 ст. ў паліт., эканам., культ. плане дамінуючым рэгіёнам была Валонія, якая пазней саступіла першынство Фландрыі. Пастаяннае саперніцтва гэтых 2 рэгіёнаў — асн. фактар унутрыпаліт. нестабільнасці ў краіне ў апошнія дзесяцігоддзі, прычына шматлікіх выступленняў і ўрадавага крызісу. У 1970—71 кааліцыйны урад Г.Эйскенса з мэтай вырашэння моўнага канфлікту ініцыіраваў змены ў канстытуцыі і прыняцце законаў аб эканам. і культ. дэцэнтралізацыі, свабодзе выбару мовы навучання. Пасля шматгадовых дэбатаў у 1980 бельг. парламент пачаў правядзенне дзярж. рэформаў — прыняў закон аб рэгіяналізацыі краіны і прызнанні шырокіх паўнамоцтваў Фландрыі і Валоніі ў справе самакіравання. Паводле канстытуцыі насельніцтва Бельгіі падзелена на 3 лінгвістычныя садружнасці: франц., флам. і германамоўную; тэрытарыяльна — на 3 рэгіёны: Валонію, Фландрыю і Брусельскі рэгіён. Садружнасці займаюцца пытаннямі культ. развіцця, сродкаў масавай інфармацыі, турызму, асветы, спорту; маюць права заключаць пагадненні аб супрацоўніцтве па гэтых пытаннях з інш. садружнасцямі і замежнымі дзяржавамі. У кампетэнцыі рэгіёнаў знаходзяцца і сац.-эканам. пытанні. За цэнтр. урадам захоўваюцца паўнамоцтвы ў галіне знешняй палітыкі, абароны, бяспекі, валютна-фін. палітыкі. У 1988 парламент прыняў рашэнне аб чарговых зменах у канстытуцыі, якія больш шырокія паўнамоцтвы перадаюць рэгіянальным уладам Фландрыі, Валоніі і Бруселя. Гэтая праграма федэралізацыі засн. на канцэпцыі паступовай трансфармацыі дзяржавы з унітарнай у федэратыўную. Яе мэта — юрыд. замацаванне раздзялення кампетэнцыі органаў улады краіны, рэгіёнаў і садружнасцяў. 1.1.1989 Бельгія канстытуцыйна абвешчана федэрацыяй. У выніку ўрадавага крызісу ў кастр. 1991 парламент распушчаны. На парламенцкіх выбарах 24.12.1991 поспехаў дамагліся правыя флам.нацыяналіст. сілы і партыі экалагістаў. Але гэта не змяніла становішча буйнешых партый — флам.Хрысц.нар. партыі і сацыяліст. партый Фландрыі і Валоніі, якія захавалі вядучае становішча ў парламенце. У ліп. 1992 парламент зацвердзіў Маастрыхцкія пагадненні 1992 аб утварэнні Еўрап. саюза. У крас. 1993 парламент прыняў папраўку да канстытуцыі, якая завяршыла дзярж. рэформу федэралізацыі краіны. Пасля смерці Бадуэна I (ліп. 1993) новым каралём Бельгіі стаў Альберт II. З 1955 Бельгія — чл.ААН, чл.Зах.-еўрап. саюза, з 1957 чл. «Агульнага рынку» (гл.Еўрапейскае эканамічнае супольніцтва). Бельгія — чл. Бельгійска-Люксембургскага эканам. саюза (БЛЭС), Бенілюкса і шэрагу інш.паліт. і эканам. саюзаў. Дыпламат адносіны з Беларуссю ўстаноўлены 10.3.1992.
У 1947 — пач. 1960-х г. дзейнічаў Саюз беларусаў Бельгіі, створаны бел. дыяспарай. У кастр. 1949 у г. Лёвен адбыўся з’езд бел. каталіцкай інтэлігенцыі Вялікабрытаніі, Бельгіі, Германіі. Францыі, на якім створана Бел.акад. каталіцкае аб’яднанне «Рунь» (існавала да канца 1960-х г.).
Палітычныя партыі. Буйнейшыя паліт. партыі падзелены паводле нац. прынцыпу: 2 сацыялістычныя партыі — СП (фламандцы) і СП (франкафоны); 2 дэмакр.-хрысціянскія — Хрысц.нар. (фламандцы) і Сац.-хрысц. (франкафоны); 2 ліберальныя — флам. лібералаў і дэмакратаў і Рэфармісцкая ліберальная (франкафоны), а таксама партыі «зялёных» і інш. Буйнейшыя прафс.цэнтры: Канфедэрацыя хрысц. прафсаюзаў, Усеагульная федэрацыя працы Бельгіі, Ген. цэнтр ліберальных прафсаюзаў.
Гаспадарка. Бельгія — высокаразвітая краіна з інтэнсіўнай сельскай гаспадаркай і шырокімі знешнеэканам. сувязямі. На яе прыпадае прыкладна ⅓ сусв. экспарту дываноў, шкла, брыльянтаў, 1/5 — каляровых цяжкіх металаў, 1/7 — чорных металаў і кінаплёнкі. Прамысловасць — аснова бельг. эканомікі. Развіты чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, электроніка, вытв-сць камунікацыйнага абсталявання. Вял. значэнне маюць шкляная прам-сць, агранка алмазаў і вытв-сць зброі. Здабываецца каменны вугаль (каля 5 млн.т штогод). У энергет. балансе больш як ⅔ складаюць нафта (з Паўн. Афрыкі і Б. Усходу) і прыродны газ (пераважна з Нідэрландаў). Агульная магутнасць нафтаперапр. з-даў каля 57 млн.т (Гент, Антверпен), каля палавіны нафтапрадуктаў ідзе на экспарт. Вытв-сць электраэнергіі складае 68 млрд.кВт∙гадз (1993), каля 70% даюць АЭС (Дуль, Тыянж, Мале). Адна са старэйшых галін прам-сці — чорная металургія. Выплаўка чыгуну 8,2 млн.т, сталі 10,1 млн.т (1993). Асн. прадпрыемствы знаходзяцца вакол Шарлеруа і Льежа ў т.зв. «чорным поясе». Каляровая металургія развіваецца пераважна на прывазной сыравіне, асн. прадпрыемствы ў раёне ад Антверпена да Льежа. Бельгія ўваходзіць у першую пяцёрку краін па вытв-сці і экспарце цяжкіх каляровых металаў. Вытв-сць складае (тыс.т, 1993): медзі 455, свінцу 131, цынку каля 53, волава 7. Краіна падзяляе 1—2-е месцы ў свеце па вытв-сці германію, кобальту, радыю, танталу, ніобію, селену, кадмію. Важнае месца ў прам-сці займае машынабудаванне; найб. развіты аўтазборачная (каля 1 млн. легкавых аўтамабіляў штогод, асн.цэнтры Антверпен, Гент, Брусель), эл.-тэхн. і радыёэлектронная (Шарлеруа, Брусель, Антверпен, Бруге, Лёвен) галіны, вытв-сць пад’ёмна-трансп. абсталявання, авіярухавікоў, абсталявання для металургічнай, хім., тэкст. прам-сці. Традыцыйна развіта зброевая прам-сць (Льеж), у хім. прам-сці — вытв-сць пластмасаў, сінт. валокнаў і каўчуку, угнаенняў, мыйных сродкаў, соды. Асн.цэнтры нафтахім. прам-сці — Льеж і Антверпен. Вытв-сць медыкаментаў (Брусель, Антверпен, Брэн-л’Алё), кінафотаматэрыялаў (у прыгарадзе Антверпена). Старэйшая галіна — тэкст.прам-сць (больш за 3/4 вытв-сці ў Фландрыі). Цэнтры баваўнянай прам-сці — Гент, Мускрон, Кортрэйк, шарсцяной — Верв’е, Мускрон, Ронсе, Турнэ, ільняной — Гент, Кортрэйк, Ронсе, Руселарэ. Вылучаюцца вытв-сць карункаў і аксаміту, шарсцяных і сінт. дываноў, трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, а таксама мэблевая, шкляная прам-сць. Алмазагранільная справа і гандаль брыльянтамі — у Антверпене. Сярод галін харч. прам-сці — вытв-сць цукру, піва, шакаладу, мясных і малочных кансерваў. Сельская гаспадарка высока інтэнсіўная. С.-г. ўгоддзі займаюць 1350 тыс.га (44% тэр.), у т. л. пад ворывам 620 тыс.га, пад лугамі і пашай 730 тыс.га. Пераважаюць фермерскія гаспадаркі па 10—50 га. Усе яны ахоплены кааперацыяй. Асн. галіна — мяса-малочная жывёлагадоўля (70% прыбытку), агародніцтва і пладаводства (20%), паляводства (10%). Пагалоўе (млн. галоў, 1993) буйн. раг. жывёлы 3,1, свіней 6,9. Птушкагадоўля. Вырошчваюць (млн.т, 1993) пшаніцу — 1,4, ячмень — 0,4, бульбу — 2,2, цукр. буракі — 6,3, лён-даўгунец, тытунь. Самазабяспечанасць малаком, мясам, малочнымі прадуктамі, яйцамі, агароднінай, бульбай, цукрам больш як 100%. Транспарт. Бельгія мае густую сетку шляхоў зносін. Даўж. чыгунак 3,4 тыс.км, аўтадарог 15,1 тыс.км, унутр. водных шляхоў каля 1,8 тыс.км. Па гушчыні чыгунак і аўтадарог краіна займае 1-е месца ў свеце. Праз Бельгію праходзяць 5 міжнар. чыгунак, тры з іх пачынаюцца ў Астэндэ (злучаны паромамі з Вялікабрытаніяй) і ідуць на Рым, Бухарэст, Варшаву. Аўтапарк каля 4 млн. машын, у т. л. 3,5 млн. легкавых. Суднаходства па рэках Шэльда, Маас, каналах. Танаж марскога гандл. флоту каля 3 млн. брута рэг. т. Гал. парты Антверпен, Зебруге, Бруге (грузаабарот разам каля 120 млн.т штогод), а таксама Гент, Астэндэ. Экспарт складае 117,7, імпарт — 120,7 млрд. долараў (1991). Бельгія — адзін з вядучых сусв. экспарцёраў чорных і каляровых металаў, машын і абсталявання, каштоўных камянёў (у т. л. ювелірных алмазаў), тэкстылю, сінт. каўчуку, шкла; імпартуе пераважна збожжа, нафту, канцэнтраты каляровых металаў, машыны. Гал.гандл. партнёры: ФРГ, Францыя, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Італія, Заір. Беларусь экспартуе ў Б. грузавыя аўтамабілі, трактары, калійныя і азотныя ўгнаенні, імпартуе металарэзныя станкі, медыкаменты, каўчук натуральны, цукар. Штогод Бельгію наведвае каля 10 млн. турыстаў. У краіне каля 2,2 тыс. гасцініц і атэляў. Грашовая адзінка — бельгійскі франк.
Узброеныя сілы. Агульная колькасць ваеннаслужачых 83,35 тыс.чал. (1991), з іх сухапутныя войскі складаюць 62,7 тыс., авіяцыя — 18,2 тыс., ВМФ — 4,45 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Вышэйшыя органы кіравання — мін-ва абароны (узначальвае цывільная асоба), ген. штаб. 3 ваен. акругі і 1 ваенна-марскі раён. Бельгія — член ваен. арг-цыі НАТО (з 1949), на яе тэр. штаб-кватэра НАТО (Брусель) і камандаванне ўзбр. сіламі НАТО у Еўропе (Монс). У Бельгіі базіруецца 2,7 тыс. ваеннаслужачых ЗША; 22,8 тыс.бельг. ваеннаслужачых знаходзяцца ў Германіі. Бельгія — удзельнік пагаднення аб звычайных узбраеннях (1990) і пагаднення аб колькасці ваеннаслужачых (1992), паводле якіх бельг. армія будзе складацца з 70 тыс.чал., а на ўзбраенні мець 344 танкі, 1099 баявых машын пяхоты, 320 адзінак артылерыі, 232 баявыя самалёты, 46 верталётаў. У аснове ваен. дактрыны Бельгіі канцэпцыя кааліцыйнай стратэгіі НАТО.
Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне прыватнае. Праз сістэму сац. страхавання кампенсуецца 75% кошту ўрачэбных паслуг. Поўную кампенсацыю атрымліваюць удовы, сіроты, пенсіянеры і інваліды. Бясплатным з’яўляецца лячэнне сац. хвароб і рэабілітацыя, а таксама знаходжанне ў шпіталі ў пасляродавы перыяд. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 74 гады, у жанчын 80 гадоў. Смяротнасць складае 10 на 1 тыс.чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 103 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 298 чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць складае 7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Бельгіі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей да 6 гадоў; 6-гадовую пач. школу (узрост навучання 6—11 гадоў); 6-гадовую сярэднюю школу, што складаецца з 3 двухгадовых цыклаў: пед. назірання, арыентацыі, спецыялізацыі; прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. ВНУ падзяляюцца на 3 тыпы: ун-ты (тэрмін навучання 5 і болей гадоў), ВНУ з 4-гадовай (ін-ты, вышэйшыя школы) і скарочанай (3 гады) праграмамі навучання. Дзейнічаюць 2 сістэмы адукацыі — дзярж. і прыватная. Сярод прыватных навуч. устаноў 95% — канфесійныя. Буйнейшыя ун-ты: каталіцкі ў Лёвене (з 1425, у 1970 падзелены паводле мовы навучання на 2 аўтаномныя); 2 дзярж. ун-ты — валонскі ў Льежы, фламандскі ў Генце (абодва з 1817), свабодны ў Бруселі (з 1834, у 1970 таксама падзелены паводле мовы навучання). ВНУ 2-га тыпу: мед. і вет. вышэйшыя школы ў Кюрэгхайме, агр.ін-т у Жамблу і інш. Буйныя б-кі: Бельгійская нац. ў Бруселі (з 1837), універсітэцкія ў Бруселі, Генце, Льежы, Лёвене. Музеі: Каралеўскія музеі — прыгожых мастацтваў у Антверпене (з 1890), прыгожых мастацтваў Бельгіі (з 1830, у т. л. старадаўняга мастацтва і Музей сучаснага мастацтва), музеі мастацтва і гісторыі ў Бруселі (з 1835), Цэнтр. Афрыкі ў Тэрвюрэне (з 1897); Муніцыпальная маст. галерэя ў г. Бруге (з 1930). Навук. даследаванні вядуцца ва ун-тах, ін-тах, абсерваторыі, н.-д. цэнтрах, галіновых асацыяцыях прамысл. даследаванняў і інш. У Бельгіі 8 валонскіх і флам. акадэмій, найстарэйшыя каралеўскія валонская — Бельг. акадэмія л-ры і прыгожых мастацтваў (з 1772), флам. — акадэмія флам. мовы і л-ры (з 1886) і Бельг.мед. акадэмія.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць 35 штодзённых газет (19 на франц., 15 на флам. і 1 на ням. мовах), агульны тыраж 2,1 млн.экз., 1991). Буйнейшыя з іх: «De Standaard» («Сцяг», з 1914, на флам. мове), «Het Laatste Nieuqs» («Апошнія навіны», з 1888, на флам. мове), «Le Soir» («Вечар», з 1887, на франц. мове). Агенцтвы друку: Агенсе Белга (з 1920), Сантр д’Энфармасьён дэ Прэс (з 1946), Агенсе Эўропе (з 1952). Радыёвяшчанне з 1924, тэлебачанне з 1953. Дзярж. тэле- і радыёстанцыі трансліруюць праграмы на франц. (Радыё-Тэлевізьён Бельж дэ ла Камюнатэ Кюльцюрэль Франсэз), флам. (Бельгісе Радыё эн Телевізі) і ням. (Бельгішэс Рундфунк-унд Фэрнзехцэнтрум дэр Дойчшпрахіген Гемайншафт) мовах. Найб. папулярныя прыватныя станцыі: Канал Плю Бельжык, Тэлевізьён Эндэпэндант (камерцыйныя, на франц. мове), Вламсе Тэлевізі Матсапей (камерцыйная, на флам. мове).
Літаратура. Развіваецца пераважна на дзвюх мовах: у паўд. правінцыях на франц., у паўн. — на нідэрл. (флам.). Першыя помнікі пісьменнасці на франц. мове ўзніклі ў 1200-я г.: гіст. хронікі, эпічныя казанні пра крыжацкія паходы. У 13—14 ст. развіваліся жанры агіяграфіі, пропаведзі, маралітэ. У 14 ст. напісана «Хроніка Фландрыі» Ж.Фруасара. У эпоху Адраджэння (16 ст.) бельг. паэзія знаходзілася пад уплывам франц. «Плеяды». З сярэдзіны 18 ст. ў л-ры ўзніклі асветніцкія матывы. У 1801—18 у Бруселі выходзілі «Паэтычныя альманахі», прасякнутыя вальтэр’янскімі ідэямі. У пач. 19 ст. з’явіліся творы бельг. рамантыкаў, што знаходзіліся пад моцным уплывам Дж.Байрана, а потым В.Гюго (зб. вершаў «Прымулы» А. ван Гасельта, творы Ш.Патвена), фарміруецца жанр. гіст. рамана («Марскія гёзы...» А.Мока), гераічныя трагедыі. Дэмакр. духам прасякнуты раманы «Ціхі дом» Э.Леклерка, «Медзяніца» Ж.Дэмулена; найб. выдатны твор эпохі — «Легенда пра Уленшпігеля» (1867) Ш.дэ Кастэра. У 1880-я г. за нац. самабытнасць бельг. культуры змагаліся пісьменнікі аб’яднання «Маладая Бельгія»; К.Леманье (раман «Крывасмок») і Ж.Экаўт (раман «Новы Карфаген»), М.Метэрлінк з сімвалісцкімі драмамі («Сляпыя») і п’есай-казкай «Сіняя птушка», Ж.Радэнбах з раманам «Царства маўчання», Э.Верхарн з паэт.зб. «Гарады-спруты» і «Буйныя сілы». У 1920—30-я г.сац. раманы характэрны для творчасці К.Бюрньё, Ф.Эленса. Псіхал. драмы Ф.Кромелінка («Велікадушны раганосец») спалучаюць фарс і трагедыю. У час гітлераўскай акупацыі ствараецца паэзія супраціўлення. Сац. раманы Д.Жылеса («Купон 44») малююць норавы буржуазіі ў час вайны, Д.Шайнерт («Даўгавухі фламандзец») расказвае пра барацьбу бельг. народа з акупантамі. Сучасным праблемам прысвечаны раманы Ж.Ленза, А.Карнелюса, Ж.Сіменона, п’есы П.Вілемса. У пасляваен. бельг. паэзіі вылучаецца лірыка Ж. дэ Башэра, М.Тыры, М.Карэма, Ленза, Ж.Норжа, А.Шавэ. Літаратура на нідэрландскай мове да пач. 17 ст. была часткай нідэрл. л-ры (гл. ў арт.Нідэрланды). З канца 16 ст. цэнтр нідэрл. культуры перамясціўся на Пн, аднак у Паўд. Нідэрландах (сучасная Бельгія) працягвала развівацца л-ра на нідэрл. мове. Ю. дэ Хардэйн у цыкле «Хвалебныя песні Богу» спалучаў рэліг. і рэнесансавыя матывы. В.Агір пісаў сатырыка-быт. камедыі з жыцця гараджан. Вясёлыя клухты (фарсы) ствараў М. дэ Сван. Па меры ўсталявання ў Бельгіі франц. культуры ў 18 ст. паглыбляецца крызіс нідэрл. культуры. Нац.-дэмакр. ўздым 1830 выклікаў рух за яе адраджэнне. Паэт і гісторык Я.Ф.Вілемс у патрыят. вершах услаўляў гераічнае мінулае свайго народа. Нідэрл. рамантыкі былі адначасова і асветнікамі і гарачымі прыхільнікамі развіцця нац.літ. мовы (Х.Кансіянс, К.Л.Ледэганк). З першым у бельг. л-ры на нідэрл. мове псіхал. раманам выступіў Э. дэ Бом («Абломкі»). Кумірам флам. дэкадэнтаў быў паэт-сімваліст К. ван дэ Вустэйне. З містыка-сімвалісцкім раманам «Вечны жыд» выступіў А.Вермейлен. У развіцці крытычнага рэалізму важнае месца займае творчасць паэта і раманіста В.Элсхата. Пасля 2-й сусв. вайны з’явіліся антыфаш. раманы «Свяшчэнны гнеў» М.Дэйзе і «Толькі мёртвыя выратуюцца» П. ван Акена. Антыімперыял. і антыклерыкальная накіраванасць характэрная для твораў Х.Клаўса 1960—70-х г., пазначаных рысамі авангардызму. Пісьменнікі-рэалісты В.Ройслінк, Х.Лампа, Х.Рас раскрываюць адчужанасць чалавека ў сучасным цывілізаваным грамадстве.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Бельгіі захаваліся помнікі мастацтва кельтаў і стараж. рымлян. У сярэднявеччы багатыя гарады Бельгіі былі буйнымі цэнтрамі маст. культуры: у 11—12 ст. — раманскага стылю (цэрквы ў Льежы і Турнэ), у 13—14 ст. — готыкі (саборы ў Бруге, Генце, Бруселі, Антверпене, Мехелене). З аб’яднаннем на рубяжы 14 і 15 ст.Паўд. (сучасная Бельгія) і Паўн. Нідэрландаў фарміруецца нідэрл. мастацтва (гл. ў арт.Нідэрланды). У 15—16 ст. росквіту дасягнула свецкая архітэктура позняй, т.зв. «палымянай», готыкі (ратушы ў Бруселі, Генце, Лёвене). Адначасова склаліся гал.цэнтрынідэрл. жывапісу Адраджэння, заснавальнікам якога стаў Я. ван Эйк. У 16 ст. рэнесансавыя формы панавалі ў архітэктуры, скульптуры і дэкар. мастацтве. У 17—18 ст. сфарміравалася флам. мастацтва, якое спалучала пышнасць і параднасць барока з нар.-рэаліст. тэндэнцыямі (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк, Ф.Снейдэрс, Я.Іорданс, А.Браўэр, Д.Тэнірс, Я.Брэйгель «Аксамітны» і інш.). Флам. карціны віртуозна ўзнаўляліся ў шматлікіх гравюрах, дрэве, шпалерах. Шырокую вядомасць набылі плеценыя і вышываныя карункі Фландрыі і Брабанта. Архітэктуры 17 ст. ўласцівы барочная ўрачыстасць, класічны дэкор (дамы гільдый на Вял. плошчы ў Бруселі, Дом Рубенса ў Антверпене). У канцы 18 ст. ў флам. барока з Францыі і Аўстрыі пранікае класіцызм (Верхні горад, Каралеўская пл., парк, палац у Бруселі, замак Сенеф у прав. Эно; партрэтныя бюсты Ж.Л.Гадшарля, інтэр’еры Л.Дэфранса і інш.). У 19 ст. складваецца ўласна бельг. мастацтва (пабудовы арх. Л.Руланта, гіст. карціны і рэаліст. партрэты Ф.Ж.Навеза). Рамант. кірунак у жывапісе (Г.Ваперс, Л.Гале, В.Гефс, Х.Лейс, Т.Фурмуа) паступова ператварыўся ў салонны акадэмізм. Пашырэнне рэалізму у 2-й пал. 19 ст. і адыход ад салоннага мастацтва звязаны з творчасцю мастакоў Ш. дэ Гру, Х. дэ Бракелера, Л.Дзюбуа, І.Буланжэ і інш. Скульптар К.Менье адзін з першых у зах.-еўрап. мастацтве звярнуўся да тэмы працы і жыцця рабочых. Да канца 19 ст. Бельгія становіцца радзімай стылю мадэрн у архітэктуры (заснавальнік і тэарэтык Х. ван дэ Велдэ). Выяўл. мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. характарызуецца пераходам да містычнай сімволікі і алегарызму (Дж.Энсар, Ф.Ропс, Э.Ларманс, майстры «1-й латэмскай групы» — скульпт. Ж.Міне, В. дэ Садэлер), драм. экспрэсіі (скульпт. Р.Ваўтэрс, майстры «2-й латэмскай групы» — К.Пермеке, Г. дэ Смет). Пошукі рацыянальных рашэнняў у архітэктуры пачаліся пасля 1-й сусв. вайны (арх. Х.Хостэ, Л. ван дэр Свалмен, В.Буржуа, Э. ван Авербеке і інш.). У 1920—30-я г. панаваў неакласіцызм. Прынцыпы сучаснай архітэктуры выявіліся ў буд-ве жылых раёнаў, трансп., прамысл. і грамадскіх збудаванняў (арх. Х. ван Кёйк, Р.Брам, М.Брэнфо і інш.). У выяўл. мастацтве 20 ст. значнае месца займаюць фармальныя стылістычныя пошукі (Я.Бруселманс), сюррэалізм (П.Дэльво, Р.Магрыт), абстрактнае мастацтва. Рэаліст. кірунак уласцівы творчасці скульптараў Ф.Мазерэля, Ш.Лепле, мастакоў І.Опсамера, К.Пейзера, П.Палюса, Р.Самвіля. У дэкар. мастацтве 20 ст. вылучаюцца вырабы ў стылі мадэрн (Велдэ, Арта), керамічная скульптура (П.Кай), дываны (Э.Дзюбрэнфо, Л.Дэльтур).
Музыка. У сярэднявеччы Бельгія была часткай Нідэрландаў — краіны развітых муз. традыцый. У запісах зберагліся песні фагеланаў — удзельнікаў антыфеад. і антыкаталіцкіх рухаў 15 ст. Асновы музыкі Бельгіі закладзены ў 15—16 ст. у рэчышчы Нідэрландскай школы. Цэнтрамі муз. адукацыі былі т.зв. метрызы — муз. школы пры каталіцкіх храмах, дзе рыхтавалі царк. пеўчых. Сучасная прафес. музыка пачала фарміравацца ў 2-й пал. 19 ст. Развіваліся оперны, кантатна-аратарыяльны і камерна-інстр. жанры. Склаліся 2 кампазітарскія школы — валонская, якая зазнала ўплыў франц. музыкі і творчасці С.Франка (Ж. і Л.Іонгены, Г.Лекё, В.Врольс), і флам., набліжаная да ням. музыкі і творчасці Р.Вагнера (П.Бенуа, Я.Блокс). Сярод кампазітараў 20 ст. П.Жыльсон і Ж.Абсіль. У 1920—40-я г.муз. мастацтва развівалася пераважна ў рэчышчы агульнаеўрап. неакласіцызму. Пасля 2-й сусв. вайны пашырыліся авангардысцкія плыні. Сусв. прызнанне атрымалі бельг. музыказнаўчая школа (Ф.Ж.Фетыс, Ф.А.Геварт, П.Калар) і выканальніцкае мастацтва скрыпачоў Ш.Берыё, А.В’ётана, Э.Ізаі. Дзейнічаюць оперныя т-ры ў Бруселі, Антверпене, Генце і інш., Нац.сімф. аркестр, сімф. аркестры і хары Бельгійскага радыё і тэлебачання, «Фламандскі камерны аркестр», «Капэла Бургундскага двара», кансерваторыі ў Антверпене, Бруселі, Льежы, муз. акадэміі ў Турнэ, Шарлеруа, ін-т музыказнаўства ў Монсе. Праводзяцца міжнар. конкурсы імя каралевы Лізаветы (з 1951, Брусель), імя І.С.Баха (з 1958, Гент), струнных квартэтаў (з 1951, Льеж).
Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва Бельгіі ў рэлігійных абрадах сярэднявечча. У 13—15 ст. ставіліся літургічныя драмы (на лац. мове), маралітэ і містэрыі (на франц. і нідэрл. мовах). У 15—16 ст.т.зв. камеры рытараў (аб’яднанні цэхавага тыпу, члены якіх выконвалі вершы і п’есы, што складалі самі) у сваіх пастаноўках (пераважна фарсах і маралітэ на нідэрл. мове) праводзілі ідэі дзярж. незалежнасці. У 16—17 ст. па Бельгіі гастралявалі франц., ісп. і інш.тэатр. трупы. Першы бельг. «Тэатр дэ ла Манэ» адкрыты ў 1700 у Бруселі, меў оперную і драм. трупы. Пасля 1830 створаны т-ры ў Генце, Антверпене, Бруселі (на нідэрл. мове). Ставіліся рамант. драмы, вадэвілі, развесяляльныя п’есы. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўплыў на т-р Бельгіі зрабілі творчасць і эстэтыка Метэрлінка, Ш. ван Лерберга і інш. У гады ўздыму рабочага руху літ.-маст. секцыя Бельг.нар. дома паставіла рэв. Драму Э.Верхарна «Зоры» (1898). У 1920—30-я г. пашырыліся самадз. калектывы. У гады ням.-фаш. акупацыі (1940—44) браты Ж. і М.Хойсманы арганізавалі вандроўны «Тэатр Супраціўлення». У Бельгіі каля 50 прафесійных т-раў, у т. л. каля 20 у Бруселі. Найб. значныя: «Тэатр дэ ла Манэ», «Дзю Парк», «Дэ Галеры», «Каралеўскі нацыянальны тэатр», «Дзю Рыдо», «Дэ Пош». Тэатр. дзеячаў рыхтуюць Каралеўская кансерваторыя ў Бруселі, школа драм.маст. Каралеўскай флам. кансерваторыі і інш.
Кіно. Вытворчасць фільмаў, распачатую ў 1908, спыніла 1-я сусв. вайна. У 1919 арганізавана «Бельгійская кінакампанія», у 1922 — кінастудыя «Бельгійскі фільм». У 1920-я г. знята каля 20 ігравых фільмаў. Вядомасць атрымалі відавыя, мастацтвазнаўчыя і этнагр. фільмы рэжысёраў А.Сторка, П.Хасартса і інш. Пасля 2-й сусв. вайны кінавытворчасць аднавілася ў пач. 1950-х г. Зняты маст. фільмы: «Чайкі паміраюць у гавані» (1957), «І ўжо ападае кволая кветка» («Дзеці Барынажа», 1960), «У цягніку аднойчы вечарам...» (1969), «Дом, мілы дом» (1973), «Вялікі пейзаж Алексіса Дрэвена» (1981). У 1980-я г. развіваецца дакумент. і анімацыйнае кіно, здымаюцца тэлевізійныя серыялы. Кінематаграфістаў рыхтуюць у 7 ВНУ.
Літ.:
Аксенова Л.А. Бельгия. М., 1982;
Мицкевич Б.П. Шарль де Костер и становление реализма в бельгийской литературе. Мн., 1960;
Фромантен Э. Старые мастера: Пер. с фр.М., 1966;
Ecmans M. L’art vivant en Belgique. Bruxelles, 1972;
Грубер Р.П. Всеобщая история музыки. Ч. 1. 3 изд. М., 1965;
Mertens C. Hedendaagse muziek in Belgie. Bruxelles, 1967.
П.І.Рогач (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Бельгіі.Да арт.Бельгія. П.П.Рубенс. Саюз Зямлі і Вады. Каля 1618.Да арт.Бельгія. Святыя Фама і Матфей. Фрагмент габелена. Брусель. Канец 15 ст.Да арт.Бельгія. К.Пермеке. Заручаныя. 1923.Да арт.Бельгія. Царква Сінт-Міхілскерк у Лёвене. 1650—71.Да арт.Бельгія. Ж.Міне. Чалавек, які моліцца. 1901.
Да арт.Бельгія. Дж.Энсар. Дзіўныя маскі 1892.Да арт.Бельгія. Ратуша на плошчы Гротэ-маркт у Антверпене. Арх. К.Флорыс. 1561—65.Да арт.Бельгія. У цэнтры Бруселя.Да арт.Бельгія. Фантан Брабо на плошчы Гротэ-маркт у Антверпене.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛАНТЫ́ЧНЫ АКІЯ́Н (лац. Mare Atlanticum, грэч. Atlantis),
частка Сусветнага ак. паміж Еўропай, Афрыкай, Антарктыдай, Паўд. і Паўн. Амерыкай. Другі па велічыні і глыбіні (пасля Ціхага акіяна) на Зямлі. Працягласць Атлантычнага акіяна з Пн на Пд каля 15 тыс.км. Пл. 91,6 млн.км², аб’ём вады 329,7 млн.м³. Сярэдняя глыб. каля 3600 м, найб. — 8742 м (жолаб Пуэрта-Рыка).
Берагі. Берагавая лінія моцна расчлянёная ў Паўн. паўшар’і, дзе размешчаны амаль усе моры і вял. залівы Атлантычнага акіяна (Балтыйскае, Паўночнае, Міжземнае, Карыбскае моры і інш. і буйн. залівы Біскайскі і Гвінейскі), і слаба парэзана ў Паўднёвым (мора Уэдэла, Скота, Лазарава — каля Антарктыды). Важная асаблівасць Атлантычнага акіяна — наяўнасць міжземных мораў (Мексіканскі заліў і Карыбскае м. на З і Сярэднеземнаморскі бас. на У).
Астравы. Агульная пл. астравоў 1070 тыс.км². Асн. група мацерыковага паходжання: Брытанскія, Канарскія, Зялёнага Мыса, Фалклендскія (Мальвінскія), В. Антыльскія, Ньюфаўндленд і часткова М. Антыльскія. Ёсць вулканічныя (Азорскія, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.) і каралавыя (Багамскія і інш.).
Рэльеф дна і тэктанічная будова. У будове дна вылучаюцца падводная ўскраіна мацерыкоў (шэльф), мацерыковы схіл і ложа акіяна. Шэльф займае каля 10,3% пл. дна, мае слабы нахіл у бок адкрытага акіяна. Каля берагоў в-ва Грэнландыя, п-ва Лабрадор шырыня шэльфа дасягае 300—400 км. Параўнальна вузкая шэльфавая зона акаймоўвае Зах. Еўропу і берагі Зах. Афрыкі. Уздоўж аргенцінскага берага шырыня шэльфа 400 км і глыб. 140—150 м; каля вусця Амазонкі 300 км; уздоўж гвіянскага ўзбярэжжа 90 км. Шэльфавая зона ў паўд.ч. Карыбскага м. і ў раёне Антыльскіх а-воў развіта слаба. Мацерыковы схіл стромкі, парэзаны падводнымі каньёнамі, самы вял. з іх — Гудзон. Рэльеф ложа — спалучэнне падводных хрыбтоў, падняццяў і катлавін. У цэнтр.ч. акіяна ад в-ва Ісландыя да в-ва Буве на 18 тыс.км цягнецца S-падобны мерыдыянальны Сярэдзінна-Атлантычны хрыбет, які падзяляе Атлантычны акіян на ўсх. і зах. часткі (з глыбінёй над ім каля 3000 м; на У і З ад яго — 5000—6000 м). На Пн (каля Ісландыі) хрыбет мае назву Рэйк’янес, на Пд каля в-ва Буве хрыбет паварочвае на У і пераходзіць у Афрыканска-Антарктычны хрыбет. Там, дзе хрыбет уздымаецца на ўзр. мора, — астравы вулканічнага паходжання (Ісландыя, Азорскія, Сан-Паўлу і інш.). Важнейшая рыса будовы Сярэдзінна-Атлантычнага хр. — папярочныя разломы (Чарлі Гібса, Атлантыс, Кейн, Віма, Романш, Сан-Паўлу, Св. Алены і інш.), якія разбіваюць асн. хрыбет на асобныя блокі з шыротным зрушэннем іх адносна восі. На З і У ад Сярэдзінна-Атлантычнага хр. размешчаны падводныя ўзвышшы (Рыу-Гранды, Бермудскае), плато (Хатан, Зялёнага Мыса), хрыбты (Кітовы хрыбет, Паўднёва-Антыльскі хрыбет) і ўзвышшы, якія раздзяляюць катлавіны Паўночна-Амерыканскую, Бразільскую, Аргенцінскую, Заходне-Еўрапейскую, Канарскую, Ангольскую, Капскую і інш. з глыб. больш за 3000 м.
Донныя адклады. Найб. пашыраны арганагенныя адклады (фарамініферавыя ці глабігерынавыя глеі), якія займаюць 67,5% плошчы дна ад Ісландыі да 57—58°паўд. шыраты. Чырвоныя гліны (каля 25% плошчы) высцілаюць днішчы амаль усіх глыбакаводных катлавін. Тэрыгенныя адклады (жвірова-галечны матэрыял, гліны) пашыраны на шэльфе, мацерыковым схіле і шырокай паласой акаймоўваюць ложа акіяна каля ўзбярэжжаў ЗША, Бразіліі, Аргенціны, Антарктыды. Карысныя выкапні: золата і алмазы (у рачных вынасах паўд.-ўсх. часткі), фасфарыты (на шэльфе), нафта і газ (Венесуэльскі зал., Мексіканскі зал., Паўночнае м.), жал. руда (каля Ньюфаўндленда і інш.), алавяныя руды (каля берагоў Вялікабрытаніі), жалеза-марганцавыя канкрэцыі (каля Фларыды, Паўд. Афрыкі) і інш.
Клімат. Атлантычны акіян размешчаны з Пн на Пд амаль ва ўсіх кліматычных паясах — ад экватарыяльнага да субарктычнага на Пн і антарктычнага на Пд. Над ім развіваюцца 4 асн.цэнтры дзеяння атмасферы — Ісландскі і Антарктычны мінімумы, Паўн.-Атлантычны (Азорскі) і Паўд.-Атлантычны максімумы, якія ў раёне экватара падзелены зонай паніжанага ціску. Гэтыя цэнтры пры ўзаемадзеянні з іншымі абласцямі атм. ціску абумоўліваюць панаванне моцных зах. вятроў ва ўмераных шыротах і паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. вятроў (пасатаў) у субтрапічных і трапічных шыротах, адпаведна Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Найб. моцныя вятры ва ўмераных шыротах Паўд. паўшар’я («равучыя саракавыя»). Для паўн. трапічных шырот характэрны т.зв. вест-індскія ураганы, якія пануюць з чэрв. да ліст. і перасякаюць акіян з У на З.
Гідралагічны рэжым. Паверхневыя цячэнні пад уплывам цыркуляцыі атмасферы ўтвараюць у субтрапічных і трапічных шыротах антыцыкланальны, а ў паўн. умераных і паўд. высокіх — цыкланальны кругаварот. Характэрная рыса Атлантычнага акіяна — магутная сістэма Гальфстрыма. Гальфстрым і яго працяг — Паўночна-Атлантычнае цячэнне — утвараюць адпаведна зах. і паўн. перыферыі паўн. антыцыкланальнага кругавароту, у якім усх. перыферыя — халоднае Канарскае цячэнне, паўд. — цёплае Паўночнае Пасатнае цячэнне. Паўночны цыкланальны кругаварот складаецца цячэннямі — цёплымі Паўн.-Атлантычным і Ірмінгера і халодным Лабрадорскім, якое паступае з м. Бафіна. У паўд. частцы атлантычны антыцыкланальны кругаварот утвараецца на Пн з З цёплымі Паўд. Пасатным і Бразільскім. Цыкланальны кругаварот развіваецца каля 50°паўд. ш. з цэнтрам у м. Уэдэла. Атлантычныя цыркуляцыі паўн. і паўд. частак Атлантычнага акіяна падзяляюцца летам на Пн ад экватара Міжпасатным (Экватарыяльным) проціцячэннем, якое зімой зменьваецца агульным зах. пераносам паверхневых водаў. Больш пастаяннай мяжой з’яўляецца на экватары падпаверхневае проціцячэнне Ламаносава. Т-ра вады на паверхні Атлантычнага акіяна зімой (у лютым у паўн., у жніўні ў паўд. частцы) ад 28 °C на экватары да 6 °C на 60°паўн. ш. І -1 °C на 60°паўд. ш., летам (у жніўні ў паўн., у лют. у паўд. частцы) адпаведна ад 26 °C да 10 °C і каля О °C. Салёнасць 34—37,3‰. Самая вял. шчыльнасць вады больш за 1027 кг/м³ на ПнУ і Пд; да экватара змяншаецца да 1022,5 кг/м³. Прылівы пераважаюць паўсутачныя (да 18 м у зал. Фанды). У асобных раёнах прылівы мяшаныя і суткавыя (ад 0,5 да 2,2 м). Ільды ў паўн. частцы Атлантычнага акіяна ўтвараюцца толькі ва ўнутр. морах умераных шырот (Балтыйскім, Паўночным, Азоўскім і інш.). Вялікая колькасць ільдоў і айсбергаў выносіцца ў адкрыты акіян з Паўн. Ледавітага ак. (да 30°паўн. ш.), утвараецца каля Антарктыды і ў м. Уэдэла, дасягаючы 35°паўд. ш.
Флора і фауна. Атлантычны акіян насяляюць каля 2000 тыс. відаў раслін і жывёл. Да глыб. 100—200 м донная расліннасць (ламінарыі, зялёныя і чырв. водарасці). У трапічным поясе сіне-зялёныя, у палярным — дыятомавыя водарасці, у Саргасавым м.вял. колькасць саргасавых. Значную масу планктону складаюць ракападобныя — амфіподы і эраўзііды, крыль Кітоў і ластаногіх каля 100 відаў. Агульная колькасць відаў рыб перавышае 15 тысяч. Фауна трапічных шырот — радыялярыі, сіфанафоры, медузы, крабы, лятучыя рыбы, акулы, марскія чарапахі і кашалоты; умераных і палярных — весланогія ракападобныя і крыланогія малюскі, селядзец, трасковыя і камбалавыя рыбы, кіты, ластаногія і інш. Глыбакаводная фауна — ігласкурыя рыбы, губкі, гідроіды. Марскіх птушак мала; у Антарктыцы — фрэгаты, альбатросы, пінгвіны і інш.
Гаспадарчае выкарыстанне. Атлантычны акіян дае 35% сусв. ўлову рыбы. Гал. прамысловыя віды: траска, мойва, селядзец, стаўрыда, марскі акунь, скумбрыя, тунец; значнае месца належыць беспазваночным (крэветкі, вустрыцы, мідыі, кальмары). Прамысловыя раёны: паўн.-ўсх., цэнтр.-ўсх. і паўд.-заходні. Вядзецца здабыча нафты і газу (Венесуэльскі, Мексіканскі, Гвінейскі залівы, Паўн. і Міжземнае моры), серы (Мексіканскі зал.), жал. руды (каля п-ва Ньюфаўндленд, Фінляндыі і інш.), каменнага вугалю (прыбярэжныя раёны Канады і Вялікабрытаніі) і інш. Прыліўная электрастанцыя ў вусці р. Ранс (Францыя). На долю Атлантычнага акіяна прыпадае прыблізна 2/3 аб’ёму сусв. марскога гандлю. Самая шчыльная сетка акіянскіх шляхоў паміж 35—40 і 55—60°паўн. ш. (маршруты паміж партамі Еўропы і Паўн. Амерыкі). Над паўн. часткай Атлантычнага акіяна пралягаюць асн. трансатлантычныя авіялініі, па дне пракладзены тэлеграфныя кабелі (агульная даўж. каля 200 тыс.км). Развіты прыморская рэкрэацыя і марскі турызм. Важнейшыя парты: Ротэрдам (Нідэрланды), Антверпен (Бельгія), Марсель, Гаўр (Францыя), Гамбург (Германія), Лондан (Вялікабрытанія), Генуя (Італія), Новарасійск, Санкт-Пецярбург (Расія), Ільічоўск, Адэса (Украіна), Рыга (Латвія), Дакар (Сенегал), Кейптаун (ПАР), Буэнас-Айрэс (Аргенціна), Нью-Йорк, Х’юстан, Новы Арлеан, Філадэльфія (ЗША).
Літ.:
Леонтьев О.К. Физическая география Мирового океана. М., 1982;
Слевич С.Б. Океан: ресурсы и хозяйство Л., 1988;
Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI века. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ СПА́СА-ЕФРАСІ́ННЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р, Полацкі Спаскі манастыр,
помнік архітэктуры 12 — пач. 20 ст. ў г. Полацк Віцебскай вобл. Знаходзіцца на ўскраіне горада, на правым беразе р. Палата. Засн. ў пач. 12 ст. князёўнай Ефрасінняй Полацкай як абарончы фарпост Полацка (з Пн), за 2 км ад горада, у в. Сяльцо, на месцы, дзе знаходзілася драўляная царква Спаса. У 1579 кароль Рэчы Паспалітай Стафан Баторый заняў Полацк і заснаваў у манастыры сваю рэзідэнцыю, потым перадаў яе езуітам. У 1656 паводле загаду рас. цара Аляксея Міхайлавіча манастыр пераасвячоны і вернуты праваслаўным. З 1667 зноў належаў езуітам, пасля 1820 перайшоў да піяраў. З 1832 вернуты праваслаўным, з 1841 жаночы манастыр. У 1844 пры манастыры адкрыта 3-класнае жан. вучылішча, сіроцкі прытулак, багадзельня. Найб. росквіту манастыр дасягнуў у канцы 19 ст. пры ігуменні Яўгенні (Гаваровіч). У 1910 сюды з Кіева перавезены мошчы св. Ефрасінні Полацкай. У пач. 20 ст. ў манастыры былі мураваныя храмы, якія ўтваралі невял. плошчу пры ўваходзе, а таксама каля 20 драўляных і мураваных жылых і гасп. пабудоў, сад, агарод. У1928 манастыр закрыты. У Вял.Айч. вайну на тэр. манастырскага комплексу быў лагер сав. ваеннапалонных, многія пабудовы разбураны. З 1943 манастыр пачаў дзейнічаць. У 1960 зноў закрыты (насельніцы пераведзены ў Жыровіцкі Успенскі манастыр). З 1989 манастыр аднавіў сваю дзейнасць. У ансамбль уваходзяць: цэрквы Спаса-Праабражэнская і Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая), Крыжаўзвіжанскі сабор, жылы дом, брама-званіца з жылым манастырскім корпусам, падмуркі храма-пахавальні. У 1998—2000 узведзены манастырскі жылы корпус, гасп. пабудовы, майстэрні. Спаса-Праабражэнская царква — помнік архітэктуры Полацкай школы дойлідства. Размешчана ў цэнтры манастырскага комплексу. Пабудавана паміж 1152—61 дойлідам Іаанам на заказ Ефрасінні Полацкай як саборны храм. З пераходам манастыра да езуітаў царква была ператворана ў касцёл. У 1833 часткова перабудавана (арх. А.Порта). Мураваны 3-нефавы 6-стаўповы крыжова-купальны храм (8 χ 12). Цэнтр. неф з У завершаны паўкруглай масіўнай апсідай, больш вузкія бакавыя нефы — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. Паўд. і паўн. фасады расчлянёны пілястрамі з паўкалонамі, якія рытмічна падзяляюць паверхню на 3 вузкія і 2 шырокія прасценкі (чаргуюцца), прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі на 2 узроўнях (ніжнія ў 1,5 раза большыя за верхнія, з т.зв. броўкамі з 4 радоў плінфы). Напачатку царква мела пазакамарнае пакрыццё асн. аб’ёму і больш нізкага нартэкса. Барабан купала ўзвышаўся над скляпеннямі асн. аб’ёму і апіраўся на квадратны ў плане пастамент, на гранях якога былі какошнікі. Закамары і какошнікі мелі кілепадобнае завяршэнне, што стварала ярусную кампазіцыю верху. У 19 ст. пазакамарнае пакрыццё заменена 3-схільным дахам. Уваход на хоры — у паўн. частцы зах. сцяны. Па баках хораў 2 маленькія келлі, адна з іх, паводле падання, прызначалася для Ефрасінні Полацкай. Інтэр’ер аздоблены фрэскамі 12 ст. — унікальнымі творамі стараж.-рус.манум. мастацтва. Даследаванні паверхні сцен, скляпенняў і слупоў даюць падставу меркаваць, што ўвесь храм багата ўпрыгожаны фрэскамі, якія закрыты напластаваннямі тынку і алейнай размалёўкай 5 832—35 і 1840. Расчыстка сценапісу праводзілася ў 1937, 1938, 1940, 1950, 1972. Адкрыта 8 фрагментаў фрэсак 12 ст. Тры з іх знаходзяцца ў алтарнай частцы: на лапатках паўд. і паўн. сцен выявы невядомых святых ва ўвесь рост з кнігамі ў руках, на паўд. сцяне побач з бакавым праёмам выява святога, што моліцца на фоне высокай вежы. 5 фрагментаў у цэнтр. частцы: на паўд. сцяне 2 з выявамі святых манашак; на паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. слупах франтальныя выявы святых ва ўвесь рост са скруткамі ў руках; на паўн.-зах. слупе, які падтрымлівае хоры, выява невядомай маладой святой. У апошнія гады пазнейшыя алейныя размалёўкі пачалі ападаць. Адкрылася шмат новых фрагментаў і сюжэтных кампазіцый у цэнтр. (10 выяў) і бакавых апсідах, цэнтр. частцы, у келлі Ефрасінні Полацкай. Фрэскі вылучаюцца выразнасцю індывід. характарыстык, натхнёнасцю, эмацыянальнасцю, суровай экспрэсіяй. Выявы святых пададзены ў класічных прапорцыях: з прадаўгаватымі тварамі, вял. міндалепадобнымі вачыма, цёмнымі вачніцамі, сціснутымі, але прыгожымі і жывымі вуснамі. Стараж. фрэскамі таксама была размалявана вонкавая паўд. сцяна (не захавалася). У 1161 Лазар Богша для царквы зрабіў Крыж Ефрасінні Полацкай. Крыжаўзвіжанскі сабор размешчаны з левага (паўн.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. Узведзены ў 1893—97 з цэглы (паводле праекта У.Ф.Коршыкава) у руска-візант. стылі. З пач. 1990-х г. вядзецца расчыстка і кансервацыя размалёвак (мастак-рэстаўратар І.В.Ракіцкі). Уяўляе сабой крыжова-купальны 3-нефавы храм, 4-слуповы, 5-купальны, з 3 прытворамі і паўцыркульнай апсідай. Цэнтр. шлемападобны купал на высокім светлавым 12-гранным барабане. Па вуглах ад яго 8-гранныя вежы, завершаныя шлемападобнымі купаламі. У дэкар. аздабленні фасадаў выкарыстаны закамары, арачныя ўваходныя парталы, паўкалонкі, круглыя медальёны. У 1990 праведзена рэстаўрацыя сабора.
Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая) царква размешчана з правага (паўд.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. У 1847 1-павярховы жылы дом быў прыстасаваны пад царкву, у 1849 перабудаваны. Уяўляе сабой прамавугольны ў плане аб’ём з 5-граннай апсідай (з У), 4-гранным прыдзелам (з Пд) і прытворам (з 3). Накрыта 2-схільным дахам, у цэнтры якога невял. купал з галоўкай на драўляным 8-гранным барабане. Уваход у выглядзе арачнага партала з шырокай лесвіцай, сцены дэкарыраваны рустам, аконныя праёмы паўцыркульныя з ліштвамі. У 1989 царква адрэстаўрыравана. Жылы корпус размешчаны на ПдУ ад Спаса-Праабражэнскай царквы (каля храма-пахавальні). Пабудаваны ў пач 18 ст. з цэглы як жылы, пазней — летняя рэзідэнцыя генерала езуіцкага ордэна. 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з уваходам з усх. боку. Сцены прарэзаны невял. аконнымі праёмамі з ліштвамі, вуглы дэкарыраваны руставанымі лапаткамі і ўмацаваны (з боку яра) 2 масіўнымі контрфорсамі. Брама-званіца і манастырскі корпус размешчаны пры ўваходзе на тэр. манастыра з боку вул. Фрунзе. Брама-званіца, узведзеная ў 1882 з цэглы, уяўляла сабой 1-арачны пралёт, перакрыты цыліндрычным скляпеннем і завершаны вежай-званіцай (не захавалася; у 1992 адноўлена). Да яго з 2 бакоў далучаліся 1-павярховыя флігелі. Да левага флігеля ў 1902 прыбудаваны 3-павярховы (1-ы паверх цокальны) мураваны жылы манастырскі корпус. Фундаменты храма-пахавальні размешчаны за 100 м на ПнУ ад Спаса-Ефрасіннеўскай царквы. Існаваў у 1-й пал. 12—1-й пал. 17 ст. Уваходзіў у ансамбль манастыра. Быў пабудаваны ў традыцыях Полацкай школы дойлідства. Паводле археал. даследаванняў 1947, 1961—62, 1964, 1976 храм быў 3-нефавы, 4-стаўповы, крыжова-купальны (шыр. 14,85 м, даўж. без апсіды 17,2 м), 3-апсідны (бакавыя апсіды размешчаны ў тоўшчы ўсх. сцяны). З паўд., зах. і паўн. бакоў абнесены галерэяй (шыр. 4,1 м), якая пераходзіла ў невял. капліцы з самаст. апсідамі. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы муроўкі са «схаваным радам». Фасады аформлены лапаткамі ступеньчатага профілю. Унутры храм быў багата аздоблены. Знойдзена шмат кавалкаў тынкоўкі з фрэскавай размалёўкай: з арнаментам, выявамі святых і анёлаў. Узорыстая мазаічная падлога была выкладзена з керамічных паліваных плітак рознай формы; малюнкі выкладаліся са смальты ў форме квадратаў, трохвугольнікаў і палосак. Выяўлены таксама рэшткі мужчынскіх пахаванняў ў цагляных камерах. Храм быў пахавальняй полацкіх епіскапаў. Захаваліся падмуркі і часткова ніжнія ч. сцен. Комплекс манастыра ўваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. З 1997 у манастыры знаходзіцца адноўлены Крыж Ефрасінні Полацкай (маст. М.Кузьміч). У 2000 у гонар 2000-годдзя Раства Хрыстова і 100-годдзя смерці ігуменні Яўгенні (Гаваровіч) у саборы ўстаноўлена памятная дошка (аўтары: А.Інькова, Г.Лаўрэцкі, А.Царык).
Літ.:
Монастырь у церкви Спаса: Полоцкий Спасо-Ефросиниевский монастырь с древности до наших дней: Фотоальбом. Мн., 2000.