венесуэльскі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Чл. Венесуэльскай акадэміі (з 1972). У 1958—64 і 1974—80 сенатар. У 1928—29 удзельнічаў у барацьбе супраць дыктатуры Х.В.Гомеса, за што арыштоўваўся. У 1930—41 у эміграцыі. Заснавальнік і рэдактар газ. «El Nacional» («Нацыянальнай газеты») і інш. выданняў. У зб-ках вершаў «Вада і рэчышча» (1937), «25 вершаў» (1942), паэмах «Харальная элегія Андрэсу Элою Бланка» (1958), «Мора — гэта смерць» (1965) спалучэнне лірызму і грамадз.-філас. разважанняў. Праблемы бунтарства моладзі, прагрэсу і экалогіі, выбару ідэалаў і сродкаў барацьбы за іх, аднаўлення гіст. справядлівасці і інш. у раманах «Ліхаманка» (1939), «Мёртвыя дамы́» (1955), «Кантора № 1» (1961), «Смерць Анорыо» (1963), «Калі хочацца плакаць — не плачу» (1970), «Лопэ дэ Агірэ: князь Свабоды» (1979), «І стаў той камень Хрыстом» (1989). Аўтар літ. і паліт. эсэ.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. М., 1982;
И стал тот камень Христом // Иностранная л-ра. 1989. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГУСТ II (August) Моцны
(12.5.1670, Дрэздэн — 1.2.1733),
курфюрст саксонскі (Фрыдрых Аўгуст I; 1694—1733), кароль Рэчы Паспалітай [1697—1706, 1709—33]. Сын саксонскага курфюрста Іагана Георга III. Стаў курфюрстам у Саксоніі пасля смерці брата Іагана Георга IV. У 1697 перайшоў у каталіцтва і пасля смерці караля Яна III Сабескага выбраны на трон Рэчы Паспалітай. У 1699 завяршыў польска-тур. войны (гл.Карлавіцкі кангрэс 1698—99). Меў намер ператварыць ВКЛ у незалежную дзяржаву са спадчыннай манархіяй. Удзельнічаў на баку Расіі ў Паўночнай вайне 1700—21. Шведскі кароль Карл XII на тэр. Беларусі і Літвы разбіў яго войскі і паводле Альтранштацкага міру 1706 прымусіў Аўгуста II адрачыся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. Пасля паражэння швед. арміі каля Палтавы (1709) вярнуўся на трон Рэчы Паспалітай. У 1716 спрабаваў усталяваць тут абсалютызм. У змаганні з самавольствам шляхты абапіраўся на падтрымку Прусіі і Расіі, што прывяло да ўмяшання апошняй ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай. Празваны Моцным за фіз. сілу і любоўныя прыгоды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРЫ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА, Венская школа,
суб’ектыўна-псіхалагічны кірунак у палітэканоміі. Сфарміравалася ў Аўстрыі ў 1870—80-х г. Заснавальнікі — К.Менгер, Э.Бём-Баверк, Ф.Візэр. Ідэі аўстрыйскай школы падзялялі У.Джэванс (Вялікабрытанія), Л.Вальрас (Швейцарыя), М.Туган-Бараноўскі і П.Струве (Расія), у 20 ст. развівалі Ф.Хаек і інш. Задачу палітэканоміі прадстаўнікі школы бачылі ў вывучэнні свядомасці суб’екта, які гаспадарыць ва ўсёй разнастайнасці яго вопыту. Паводле Бём-Баверка, карані эканам. з’яў — у адчуваннях суб’екта, у псіхал. матывах, што рэгулююць яго паводзіны. У якасці аб’екта даследавання выбіралася адна асобная гаспадарка як тыповы элемент рыначнай эканомікі. Ідэальным лічыўся ізаляваны ад грамадства індывід (гаспадарка Рабінзона; адсюль назва метаду даследавання — метад рабінзанад Аўстрыйская школа заклала асновы маржыналізму, увяла прынцып гранічнасці, які стаў універсальным і адкрыў шлях шырокаму выкарыстанню матэм. метадаў у эканам. навуцы. Цэнтр. месца ў канцэпцыях аўстрыйскай школы заняла тэорыя вартасці, названая гранічнай тэорыяй карыснасці. Прадстаўнікі аўстрыйскай школы распрацавалі таксама тэорыі прыбытку і працэнта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУНЕЛЕ́СКІ, Брунелеска (Brunelleschi, Brunellesco) Філіпа (1377, г. Фларэнцыя, Італія — 15.4.1446), італьянскі архітэктар, скульптар і вучоны. Адзін з заснавальнікаў архітэктуры Адраджэння і стваральнікаў тэорыі перспектывы. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі. Сярод работ: грандыёзны 8-гранны купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (1420—36), які стаўарх. дамінантай Фларэнцыі, першым буйным помнікам рэнесансавага дойлідства і дасягненнем інж. думкі ў Італіі; арачная лоджыя Выхавацельнага дома (1421—44), перакрытыя лёгкімі рабрыстымі купаламі і расчлянёныя ордэрам цэнтрычныя інтэр’еры Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца (1422—28) і капэлы Пацы (з 1429), у якіх Брунелескі ўпершыню ўвасобіў у арх. вобразах маст. ўяўленні эпохі гуманізму; цэрквы Сан-Ларэнца (1422—46) і Санта-Спірыта (з 1444). Сваімі творамі зрабіў прыклад у вольным выкарыстанні ант.арх. формаў для вырашэння функцыян., ідэйных і канструкцыйна-буд. задач свайго часу.
Літ.:
Данилова И.Е. Брунеллески и Флоренция. М., 1991.
Ф.Брунелескі. Купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. 1420—36.Ф.Брунелескі. Капэла Пацы ў Фларэнцыі. Інтэр’ер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ (ВРК),
часовыя надзвычайныя органы ўлады, якія стваралі бальшавікі пры Саветах і ў арміі пры вайсковых к-тах у перыяд падрыхтоўкі Кастр. рэвалюцыі і на пачатку барацьбы за дыктатуру пралетарыяту. Дзейнічалі ў кастр. 1917 — сак. 1918. Першы ВРК створаны ў Петраградзе, працаваў пад кіраўніцтвам ЦКРСДРП(б) і асабіста У.І.Леніна і стаў штабам узбр. паўстання, цэнтр. органам дзярж. улады, якую перадаў 2-му Усерас. з’езду Саветаў. На Беларусі ВРК створаны ў 1917: у Мінску (гл.Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту) і Віцебску 27 кастр. (9 ліст.), у Нясвіжы 29 кастр. (11 ліст.), Барысаве 5(18) ліст., Вілейцы і Гарадку 8(21) ліст., Магілёве 18 ліст. (1 снеж.) і інш., а таксама ў часцях і злучэннях Зах. фронту. Па меры бальшавізацыі Саветаў і вайсковых к-таў, арганізацыі сав.дзярж. апарату неабходнасць у ВРК адпала, уся ўлада перайшла да Саветаў. У час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі ствараліся часовыя надзвычайныя органы ўлады — рэвалюцыйныя камітэты (рэўкомы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГІ́ЧЫНСКАЯ БІ́ТВА 1238,
бітва паміж ням. рыцарамі і войскам галіцка-валынскага кн.Данілы Раманавіча Галіцкага ў г. Драгічын-Надбужскі (цяпер Польшча). У 1237 польскі кн. Конрад Мазавецкі перадаў раней заняты ім г. Драгічын Берасцейскай зямлі дабжынскім рыцарам на чале з магістрам Бруна. Тут пасялілася тая частка Дабжынскага ордэна, якая не ўвайшла ў 1235 у Тэўтонскі ордэн і захавала самастойнасць. Гэтым актам Конрад Мазавецкі спрабаваў замацавацца ў Берасцейскай зямлі і стварыць фарпост абароны ад Літвы. Вясной 1237 кн. Даніла Раманавіч рушыў на Драгічын, каб выбіць ням. рыцараў з падкантрольнай яму зямлі. З’явіўшыся пад горадам у сак. 1238, Даніла перамог дабжынцаў і захапіў у палон магістра Бруна. Вынікам перамогі стаў антыпольскі саюз, заключаны паміж Данілам Раманавічам і вял. князем ВКЛМіндоўгам. У 2-й пал. 1238 ваяваць Мазовію хадзілі са сваім войскам Міндоўг і новагародскі кн. Ізяслаў. Конрад Мазавецкі адмовіўся ад тэр. дамаганняў да Галіцка-Валынскага княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ТАРКА,
мастацка-публіцыстычны, найчасцей ананімны твор, у якім ставяцца актуальныя пытанні нар. жыцця ці грамадскай маралі; жанр бел. літаратуры 19 ст. Гутаркі найб. пашырыліся ва ўмовах актывізацыі вызв. барацьбы народа, асабліва напярэдадні сял. рэформы 1861 і паўстання 1863—64 («Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Вось цяпер які люд стаў», «Гутарка двух суседаў» і інш.). Пазней гутарку выкарыстоўвалі рэв. народнікі для прапаганды сваіх ідэй. Напісаныя ў белетрызаванай форме або ў форме размовы 2 ці больш асоб, гутаркі тлумачылі простаму народу праблемы грамадскага жыцця, вострай крытыкай існуючага ладу ўздзейнічалі на яго свядомасць. Папулярнасць і сац. дзейснасць жанру гутаркі выкарыстоўвалі і рэакц. аўтары для прапаганды афіц. ідэалогіі і палітыкі самаўладдзя («Прамова Старавойта да сялян аб свабодзе» Ф.Блуса, «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.Кісяля). У канцы 19 ст. гутарка страціла сваю грамадскую пафаснасць і набыла дыдактычны характар, сац. праблематыка саступіла месца маральным павучанням. У пач. 20 ст. як жанр паступова знікла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІКА́ЛА (Мікалай Фёдаравіч) (20.3.1897, г. Адэса, Украіна — 25.4.1938),
савецкі ваен. і парт. дзеяч. Скончыў Тыфліскую ваенна-фельч. школу (1915). З 1917 чл.РСДРП(б). У 1918 у г. Грозны: старшыня Савета, камандуючы часцямі Чырв. Арміі. У 1919—20 чл. Каўказскага краявога к-та РКП(б), ваен. камісар Церскай вобл. і Дагестана. З 1921 на парт. рабоце на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. З 1929 сакратар ЦК КП(б) Узбекістана, Азербайджана. З 1931 сакратар Маскоўскага абкома і гаркома ВКП(б). Са студз. 1932 да студз. 1937 1-ы сакратар ЦККП(б)Б, з лют. 1937 1-ы сакратар Харкаўскага гаркома КП(б)У. Чл. Бюро ЦККП(б)Б, чл. Прэзідыума ЦВКБССР, Рэўваенсавета БВА (1932—37). Чл.Цэнтр. Рэвізійнай камісіі ВКП(б) у 1930—34. Канд. у чл.ЦКВКП(б) з 1934. Чл.ЦВКСССР. Удзельнічаў у разгортванні масавых рэпрэсій у БССР, сам стаў ахвярай гэтай палітыкі. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙШАЛК (1223—9.12.1268),
князь новагародскі (навагрудскі; 1254, 1258—63), вял. князь ВКЛ [1263—67]. Сын Міндоўга. У 1246 уцёк з летапіснай Літвы ў Новагародак (Навагрудак), ахрысціўся паводле правасл. абраду. Пасля паражэння Новагародка (Навагрудка) у вайне 1248—54 абраны яго князем. Заключыў мір з Данілам Галіцкім, аддаў Новагародскае княства яго сыну Раману Данілавічу, а сам пайшоў у Галіцкую зямлю, дзе прыняў манаскі чын у Палонінскім манастыры. З дазволу Данілы Галіцкага вярнуўся на бацькаўшчыну, жыў у заснаваным ім Лаўрышаўскім манастыры (каля Новагародка). Каля 1258 у саюзе з полацкім кн.Таўцівілам захапіў Новагародак і зноў стаў яго князем. У 1263—64 скарыстаў паліт. крызіс у балцка-літоўскіх землях, выкліканы забойствам Міндоўга і Траняты, і заваяваў летапісную Літву, землі Нальшчаны і Дзяволтву, падпарадкаваў Полацк і Віцебск. Выганяў і знішчаў феадалаў, якія яму супраціўляліся. У 1267 перадаў велікакняжацкую ўладу Шварну, за што быў забіты Галіцкім кн. Львом Данілавічам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧЫ АДДЗЕ́Л ЛІТВЫ́, Літоўска-Беларускі чырвоны жонд,
цэнтр па кіраўніцтве паўстаннем 1863—64 у Літве і Беларусі. Створаны ў Вільні 26.6.1863 паводле дэкрэта варшаўскага Нац. ўрада ад 10.5.1863 на базе Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы. Спачатку старшынёй быў Я.Гейштар, пасля яго арышту 12.8.1863 кіраўніком стаў К.Каліноўскі. Фармальна залежаў ад варшаўскага паўстанцкага ўрада, але фактычна вырашаў важнейшыя пытанні паўстання незалежна. Уваходзілі У.Малахоўскі, Ю.Каліноўскі, Ф.Зянковіч, Ц.Далеўскі, І.Здановіч, І.Ямант. Аддзел намагаўся ўмацаваць рэв. арг-цыю, наладзіць сувязі з рус. рэвалюцыянерамі, далучыць да паўстання шырокія нар. масы. Прадстаўнікамі выканаўчага аддзела Літвы за мяжою былі Д.Банольдзі, Б.Длускі, Малахоўскі. У Кёнігсбергу ў 1864 было наладжана выданне падп.газ. «Glos z Litwy» («Голас з Літвы»). Пасля арышту К.Каліноўскага 10.2.1864 у Вільні дзейнічалі рэшткі паўстанцкай адміністрацыі.
Літ.:
Смирнов А.Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии. М., 1963;