БРА́СЛАЎСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю. Пабудавана ў 2-й пал. 19 ст. з цэглы ў г. Браслаў (Віцебская вобл.) каля стараж. замчышча. Чатырохчасткавы ў плане будынак 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) званіца з цыбулепадобнай гранёнай галоўкай на шатровым завяршэнні, невысокая трапезная, вялікі асн. аб’ём з пяцікупаллем на 4-схільным даху і 5-гранная апсіда. Фасады з кілепадобнымі аконнымі праёмамі і парталам, вуглавым рустам, ордэрнай сістэмай. У інтэр’еры трох’ярусны іканастас. Сцены ўпрыгожаны арнаментальнай размалёўкай.
т. 3, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬДГАЙМ ((Waldheim) Курт) (н. 21.12.1918, Андрэ-Вердэн, зямля Ніжняя Аўстрыя, Аўстрыя),
дзяржаўны дзеяч Аўстрыі, дыпламат. Д-р юрыд. н. (1944). Вучыўся ў Венскай консульскай акадэміі (1937—39), скончыў Венскі ун-т (1944). З 1945 на дыпламат. службе. Пастаянны прадстаўнік Аўстрыі пры ААН (1964—68 і 1970—71). Міністр замежных спраў Аўстрыі (1968—70). Ген. сакратар ААН у 1972—81. Федэральны прэзідэнт Аўстрыі ў 1986—92.
Тв.:
Рус. пер. — Австрийский путь М., 1976;
Единственная в мире должность. М., 1980.
т. 3, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЛА́МАЎ (Канстанцін Аляксандравіч) (23.5.1848, С.-Пецярбург — 15.8.1915),
рускі акцёр. Сын А.Я.Варламава. На сцэне з 1867, з 1875 у Александрынскім т-ры (С.-Пецярбург). Камедыйны акцёр-імправізатар, спалучаў традыцыі буфанады з псіхал. распрацоўкай вобразаў. Меў багаты па дыяпазоне голас. Сыграў каля 1000 роляў, большасць у вадэвілях. З класічнага рэпертуару: Варавін, Мурамскі («Справа», «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Восіп, Яічніца («Рэвізор», «Жаніцьба» М.Гогаля), Бальшакоў, Кураслепаў («Свае людзі — паладзім», «Гарачае сэрца» А.Астроўскага), Сганарэль («Дон Жуан» Мальера). Варламава называлі «царом рус. смеху».
т. 4, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДАЛ ((Vidal) Гор) (н. 3.10.1925, Вест-Пойнт, штат Нью-Йорк, ЗША),
амерыканскі пісьменнік. Аўтар раманаў «Уіліва» (1946), «Юліян Адступнік» (1964), «Стварэнне» (1981), «Галівуд» (1990) і інш.; п’ес «Візіт на малую планету» (1956), «Вечар з Рычардам Ніксанам» (1972). Піша кіна- і тэлесцэнарыі, эсэ і крытычныя артыкулы. Перавагу аддае маст. асэнсаванню гіст. асоб і падзей. Дакументальны пачатак спалучае з сац. аналізам, гіст. стылізацыю — з сатырай, псіхалагізм — з натуралістычнымі тэндэнцыямі.
Тв.:
Рус. пер. — Вице-президент Бэрр. М., 1977;
Юлиан. СПб., 1994.
Е.А.Лявонава.
т. 4, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯДЗЕ́РНІКАЎ (Аляксандр Піліпавіч) (н. 23.12.1927, с. Мокша Кіраўскай вобл., Расія),
рускі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1955). З 1958 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Лепшыя партыі — у рус. класічных операх: Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Варлаам і Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна); Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Лаўрэат міжнар. конкурсу вакалістаў імя Р.Шумана (Берлін, 1956, 1-я прэмія). Дзярж. прэмія СССР 1969.
т. 4, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБАЧО́Ў (Міхаіл Васілевіч) (24.3.1921, в. Бесцвіна Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 7.3.1981),
рускі перакладчык. Засл. дз. культ. Беларусі (1971). Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1951). Працаваў у час. «Славяне», на Усесаюзным радыё, у апараце СП СССР. Пераклаў на рус. мову раманы «Людзі на балоце» І.Мележа, «Вецер у соснах» і «Сорак трэці» І.Навуменкі, «Плач перапёлкі» І.Чыгрынава. «Чужая бацькаўшчына» В.Адамчыка, аповесці В.Быкава «Альпійская балада», «Трэцяя ракета», «Мёртвым не баліць», асобныя творы П.Галавача, У.Карпава, А.Кулакоўскага, М.Лупсякова, І.Пташнікава, А.Савіцкага, Т.Хадкевіча, І.Шамякіна і інш.
т. 5, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРСІЛА́СА ДЭ ЛА ВЭ́ГА (Garcilaso de la Vega; 6.2.1503, г. Таледа, Іспанія — 14.10.1536),
іспанскі паэт, буйнейшы прадстаўнік ранняга ісп. Адраджэння. Быў дыпламатам пры двары Карла V, удзельнічаў у ваен. паходах, доўгі час жыў у Неапалі. Рэфармаваў ісп. верш, шырока ўводзіў італьян. памеры і цвёрдыя страфічныя формы (актава, санет, канцона). У лепшых сваіх творах — санетах і эклогах — апяваў прыгажосць свету і чалавечых пачуццяў (выд. ў 1543).
Тв.:
Рус. пер. [Стихи);
Сонеты // Поэзия испанского возрождения. М., 1990.
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПСАМЕТРЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
карты, на якіх адлюстраваны рэльеф у выглядзе гарызанталей з расфарбоўкай па вышынных ступенях. Рэльеф паказваецца спосабам умоўных сячэнняў лініямі роўных вышынь (гарызанталямі або ізагіпсамі). Яны праводзяцца праз розныя вышынныя інтэрвалы ў залежнасці ад характару рэльефу, маштабу і прызначэння карты. Найб. пашырана шкала афарбоўкі, дзе выкарыстоўваецца карычневы колер, які згушчаецца з нарастаннем вышыні. Упершыню рэльеф тэр. Беларусі паказаны на гіпсаметрычнай карце Еўрап. Расіі, складзенай рус. Картографам А.А.Ціло ў 1889 у маштабе 1: 2 520 000.
т. 5, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫЦА́Й (Аляксей Міхайлавіч) (н. 7.3.1914, С.-Пецярбург),
рускі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1963), чл. АМ СССР (1964). Вучыўся ў Ленінградскай АМ (1932—39). Выкладаў у Маскоўскім маст. ін-це імя Сурыкава (1948—52 і з 1964; праф. з 1966). У творах развівае традыцыі рус. пейзажнага жывапісу: «У Жыгулях. Бурны дзень» (1948—50), «Летні сад» (1956), «Чорная вада» (1967). Аўтар твораў на індустр. тэму («Электрапечы», 1947), партрэтаў (групавы партрэт «Пасяджэнне Прэзідыума АН СССР», 1951). Дзярж. прэмія СССР 1951, 1952.
т. 5, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРЖА́НСКАЯ (Любоў Іванаўна) (24.12.1908, Кіеў — 3.11.1980),
расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1965). Скончыла студыю пры Кіеўскім рус. драм. т-ры (1924), дзе працавала да 1934. У 1934—80 у Цэнтр. т-ры Сав. Арміі ў Маскве. Яе мастацтва вызначалася вострай характарнасцю, яркім тэмпераментам і вытанчанасцю. Сярод роляў: Негіна («Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага), Камісар («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Шура Азарава («Даўным даўно» М.Гладкова), Васілуце («Каса марэ» І.Друцэ), Катарына («Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра). З 1952 здымалася ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 5, с. 559
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)