дамалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.

Закончыць маляванне чаго‑н. Дамаляваць партрэт. // перан. Закончыць апісанне, абмалёўку чаго‑н. □ — Мне здаецца, трэба дапісаць, дамаляваць тое месца, дзе.. герой падымаецца на гераічны ўчынак. Мележ. // перан. У думках дапоўніць, аднавіць што‑н. Паэт, няхай сабе абагулена, стварыў выразны сацыяльны тып, і наша ўяўленне дамалюе рысы, якіх бракуе ў індывідуальным абліччы героя. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаро́тнік, ‑а, м.

Разм. Чалавек, які пастаянна жыве ў горы, нястачы; гарапашнік, бядняк. Сэрца супакойвала вера, што будзе час, калі сонца засвеціць і ў вузенькіх вулачках кварталаў неапалітанскіх гаротнікаў, засвеціць не на кароткі час, а надоўга, назаўсёды. Мележ. — Нічога, — адказаў адзін з сялян, — вайна спаліць усе яго [Ліпніцкага] палацы... Толькі шкада, што гэта праца такіх жа самых гаротнікаў, як і мы... Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гарцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак.

1. Па-маладзецку ездзіць верхам, красуючыся спрытнай пасадкай. Па вуліцах усюды гарцавалі — красаваліся на конях хвацкія камбрыгі і начштабы са сваімі «світамі», разведчыкі, сувязныя. Мележ. // Гулліва бегчы або тупаць, падскокваць на месцы (пра каня). Гарцавалі пародзістыя.. коні, фыркалі, грызлі цуглі, камякамі падала пена. Гурскі.

2. Разм. Бегаць, скакаць. Цыбаты падлетак, падскокваючы і выбрыкваючы, гарцаваў па тратуары. Самуйлёнак.

[Польск. harcovac з венг.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адвучы́цца, ‑вучуся, ‑вучышся, ‑вучыцца; зак.

1. ад чаго і з інф. Адвыкнуць ад чаго‑н. Колькі ні смяяліся з .. [Якавенкі] таварышы, ён усё не мог адвучыцца ад гэтага нязграбнага жэста. Мележ. Адвучылася смяяцца [Малання] за вайну, дык і цяпер яшчэ ўсё не наважыцца. Кулакоўскі.

2. Разм. Закончыць навучанне, перастаць вучыцца. Адвучылася Люба ў гімназіі. І радасна адначасна было ад гэтага і сумна. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́тлівы, ‑ая, ‑ае.

Ласкавы, далікатны, прыветлівы. [Містэр Лаян] быў паважны, не маладога ўжо веку чалавек, заўсёды акуратна адзеты, ветлівы, з прыемнымі манерамі. Лынькоў. Гаспадыня аказалася простаю і ветліваю, і старая неўзабаве адчула сябе як дома. Мележ. // Поўны ласкі, прыязнасці, добразычлівасці. — Ну, як у вас справы, дзяўчаты? — запытаўся дырэктар у студэнтак маладжавым, ветлівым голасам. Карпюк. Пан Богут ветлівым паклонам Гасцей вітае дарагіх. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апёк, ‑у, м.

1. Пашкоджанне цела агнём, сонцам, радыяцыяй ці чым‑н. іншым гарачым, пякучым. Тэрмічны, хімічны, электрычны апёк. □ [Доктар:] — На твары слядоў ад апёку ўжо і цяпер амаль не відаць. Мележ.

2. Месца на целе, пашкоджанае агнём ці чым‑н. гарачым, пякучым. [Доктар:] — Наш хворы ў цяжкім стане — На твары адны апёкі, На ногі ён скора ўстане, А вось ці залечым шчокі. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́рабіцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.

1. Набыць пэўныя асаблівасці ў працэсе вытворчасці, работы. Шкура добра вырабілася.

2. Разм. Запэцкацца. Вырабіцца ў сажу.

3. Разм. Выйсці, выбрацца са складанага становішча; выкруціцца. [Калатухін:] — Ну, ледзь вырабіўся! Амаль з пасткі! Амаль не схапілі за руку! Мележ. // Вызваліцца ад каго‑, чаго‑н. Сымон, вырабіўшыся з-пад Мікіты, схапіў кабылу за аброць. Брыль.

4. Напрацавацца, нарабіцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абмя́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. абмяк, ‑ла; зак.

1. Стаць мяккім, страціўшы пругкасць. Вопратка абмякла ад вільгаці.

2. перан. Зрабіцца вялым, расслабленым. Камендант абмяк, зморана апусціўся ў крэсла, успомніўшы свой ганебны страх. Шамякін. Эма заплакала горка. Рукі абмяклі, Пакорна, Выпусціў бацька повад. Глебка.

3. перан. Стаць больш спагадлівым; расчуліцца. Выказаўшы тое, што так доўга і балюча ўтрымлівала, Аля адразу абмякла і заплакала. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абслу́га, ‑і, ДМ ‑слузе, ж.

1. Сістэма сродкаў бытавога абслугоўвання насельніцтва; сервіс. На вышыні абслуга там: Швейцар, парадак строгі, Стаяць каля салідных дам Бульдогі, мопсы, догі. Зарыцкі.

2. Службовы персанал, які займаецца абслугоўваннем каго‑н. [Бусла] даглядалі ўсе сёстры... Уся абслуга бальніцы наведвала яго кожны дзень. Пестрак.

3. Баявы разлік гарматы і пад. Абслуга гарматкі збянтэжана прыпала да зямлі... Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кварта́л, ‑а, м.

1. Чацвёртая частка года (3 месяцы). Першы квартал. Чацвёрты квартал.

2. Частка горада, абмежаваная некалькімі перакрыжаванымі вуліцамі. Жылыя кварталы. □ У новых кварталах усё зроблена для таго, каб чалавек мог добра, зручна жыць... Мележ. // Разм. Частка вуліцы паміж двума скрыжаваннямі. Прайсці два кварталы.

3. Разм. Аддзяленне гарадской паліцыі ў дарэвалюцыйнай Расіі.

4. Спец. Адзін з квадратных участкаў, на якія разбіваецца лес.

[Ням. Quartal з лац.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)