трэ́пел

(ням. Tripel, ад Tripoli = назва горада ў Лівіі)

асадачная горная парода белага, светла-шэрага або светла-жоўтага колеру, якая складаецца пераважна з апалу і панцыраў дыятамей; выкарыстоўваецца ў будаўніцтве, у нафтавай прамысловасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Эйзена́хцы

(ад ням. Eisenach = назва ням. горада)

члены сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі Германіі, створанай у 1869 г. на з’ездзе ў г. Эйзенаху; у 1875 г. аб’ядналіся з ласальянцамі ў Нямецкую сацыялістычную рабочую партыю.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Нарок ’прадвызначэнне, наканаванне’ (Гарэц.), ’прызначэнне, лёс’ (Др.), а таксама нарокам ’спецыяльна, наўмысна’ (Чач., Нас., Гарэц., Бяльк.), ’жартам’ (Чач., Нас., Яруш.), наракава́ць ’прадвызначыць лёсам’ (Нас.); рус. нарок ’зарок, клятва; намер, мэта’, ’паклёп, нагавор; няпраўда, ілжа; хвароба ад дрэнных вачэй’, польск. narok ’бачнасць’, ’намер’, ’абавязак пэўных паслуг для сярэднявечнага горада’, чэш. nárok ’прэтэнзія (юрыдычны тэрмін)’, славац. ’намер’, славен. nárok ’тэрмін, вызначаны дзень’, серб.-харв. на́рок ’прызначэнне, пастанова’, ’шчасце’, балг. дыял. на́рок ’прадузятасць; наўмысна ствараемы настрой супраць каго-небудзь’, нароча ’наўмысна абвінаваціць’, ст.-слав. нарокъ ’голас (за або супраць)’, нарокомь ’па імені’. З *na і *rokъ (ад *rekti ’сказаць’), гл. рэкнуць (Міклашыч, 274; Фасмер, 3, 45; Махэк₂, 300; Бязлай, 2, 215; Скок, 3, 120).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саф’я́н ’мяккая, добра вырабленая звычайна яркага колеру авечая скура, якая ідзе на кніжныя пераплёты, абутак, абіўку мэблі’ (ТСБМ), сапʼя́н ’тс’ (ТС). Рус. сафья́н, укр. сапʼя́н, сафʼя́н, польск. safian, чэш., славац. safián, балг. сахтия́н. Праз цюркскія мовы, параўн. тур., балкар., карач. saxtijan ’тс’, крым.-тат., кыпч. saktyjan (гл. Радлаў, 4, 256, 282; Фасмер, 3, 566) з перс. sextijān ’тс’ (гл. Праабражэнскі, 2, 254; Махэк₂, 535), якое звязана з пярс. sext ’моцны, цвёрды’ (Локач, 140). Этымалогія Міклашыча (287) і Брукнера (479) ад назвы горада Саффі у Марока аспрэчваецца Літманам (гл. Фас мер, 3, 566). Ст.-бел. сафьянъ, сафьанъ, сафиянъ з той жа крыніцы, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 115.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

tour1 [tʊə] n.

1. пае́здка, падаро́жжа; экску́рсія;

a conducted/guided tour экску́рсія з гі́дам;

a package tour арганізава́ная турысты́чная пае́здка; групавы́ туры́зм;

a round-the-world tour кругасве́тнае падаро́жжа;

a sightseeing tour агля́д го́рада;

be on tour падаро́жнічаць, вандрава́ць;

go on/do/make a tour е́хаць на экску́рсію

2. турнэ́, гастро́лі (тэатральныя)

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

БРЭ́НГВІН, Брэнгуін (Brangwyn) Фрэнк (13.5.1867, г. Бруге, Бельгія — 11.6.1956), англійскі графік і жывапісец. Вучыўся ў Маст. школе паўд. Кенсінгтана. У 1882—84 працаваў у майстэрні У.Морыса. У карцінах «Пахаванне на моры» (1904), манум. пано «Сучасны гандаль» (1906), афортах вял. фармату «Пільшчыкі на верфі» (1904), «Пабудова карабля» (1912), «Таўэрскі мост» (1913) нібыта ўзнаўляў напружаную дынаміку жыцця сучаснага яму прамысл. горада, суровую прыгажосць і рамантыку працы. Смелую рэаліст. абагульненасць і драм. выразнасць вобразаў ён спалучаў з дэкаратыўнасцю кампазіцыі. Антываен. пратэстам прасякнуты яго літаграфіі і плакаты, прысвечаныя 1-й сусв. вайне 1914—18.

Ф.Брэнгвін. Пільшчыкі на верфі. Афорт. 1904.

т. 3, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў.

Існавала ў Брэсце ў 1903—15. Аб’ядноўвала ўрачоў горада (у 1903 — 28 чал., 1907 — 21). Старшыня Л.​І.​Ястражамбецкі-Дзем’яновіч, віцэ-старшыня К.​І.​Штарк. Мела статут, які прадугледжваў вывучэнне сан. стану Гродзенскай губ., збор і вывучэнне мед. статыстыкі, публічныя чытанні, выданне папулярных твораў для пашырэння ведаў па агульнай і асабістай гігіене і інш., садзейнічанне мясц. адміністрацыі ў стварэнні сельскіх урачэбных пунктаў і ўладкаванні клінік, узаемны абмен практычнымі назіраннямі за развіццём хвароб і найб. паспяховымі спосабамі іх лячэння і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з 1-й сусв. вайной.

т. 3, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛІЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1777—1852, у Магілёўскай (да 1796 і з 1802) і Беларускай губ. Утвораны паводле Указа імператрыцы Кацярыны II ад 22.3.1777 у адказ на прашэнне ўладальніка Гомеля графа П.​А.​Румянцава-Задунайскага аб перанясенні пав. цэнтра з Гомеля. Цэнтрам павета стала сяло Беліца, якому з гэтай нагоды нададзены статус горада. У 1786 пав. адміністрацыя пераехала ў спецыяльна пабудаваны для гэтага г. Новая Беліца. Новы ўладальнік г. Гомеля кн. І.​Ф.​Паскевіч-Эрыванскі дамогся ў 1852 пераводу пав. цэнтра зноў у Гомель (гл. Гомельскі павет).

М.​І.​Камінскі.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗО́ЎСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 25.7.1937, в. Студзёнае Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. арх. Беларусі (1990). Скончыў БПІ (1964). З 1957 у ін-тах «Мінгарпраект», «Мінскпраект», з 1980 гал. архітэктар ін-та «Белжылпраект». Асн. работы (усе ў Мінску): навук.-мед. б-ка на вул. Фабрыцыуса (1976); у складзе аўтарскіх калектываў: будынкі ін-таў тэхн. кібернетыкі (1967) і электронікі (1968) АН Беларусі, глебазнаўства і аграхіміі Мін-ва сельскай гаспадаркі і комплекс Бел. ун-та культуры і Ін-та ўдасканалення кіруючых работнікаў (1980), навуч. комплекс Белсаўпрофа (1978), рэканструкцыя стадыёна «Дынама» (1980), кварталаў Траецкага прадмесця і Верхняга горада (1982).

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬГА́МБРА (араб. аль-хамра — чырвоная),

палац-замак сярэдзіны 13 — пач. 14 ст. ў Іспаніі каля Гранады; узор познамаўрытанскай архітэктуры. Да 1492 рэзідэнцыя эміраў Гранады.

Ад горада Альгамбра аддзелена цяснінай р. Дара і абкружана мураванымі крапаснымі сценамі з вежамі. Залы (Абенсерахаў, Паслоў, Дзвюх сясцёр, Суда) групуюцца, як і інш. памяшканні Альгамбры, абапал двароў — Міртавага з вадаёмам і Львінага; аздоблены мармурам, глазурай, вытанчаным разьбяным і размаляваным арнаментам, мазаікай. У ансамбль Альгамбры ўваходзіць недабудаваны палац Карла V (пачаты ў 1526, арх. П.​Мачука) — помнік ісп. рэнесансавага дойлідства.

Літ.:

Grabar O. Die Alhambra. Köln, 1981.

Альгамбра. Львіны двор.
Альгамбра. Міртавы двор.

т. 1, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)