палац-замак сярэдзіны 13 — пач. 14 ст. ў Іспаніі каля Гранады; узор познамаўрытанскай архітэктуры. Да 1492 рэзідэнцыя эміраў Гранады.
Ад горада Альгамбра аддзелена цяснінай р. Дара і абкружана мураванымі крапаснымі сценамі з вежамі. Залы (Абенсерахаў, Паслоў, Дзвюх сясцёр, Суда) групуюцца, як і інш. памяшканні Альгамбры, абапал двароў — Міртавага з вадаёмам і Львінага; аздоблены мармурам, глазурай, вытанчаным разьбяным і размаляваным арнаментам, мазаікай. У ансамбль Альгамбры ўваходзіць недабудаваны палац Карла V (пачаты ў 1526, арх. П.Мачука) — помнік ісп. рэнесансавага дойлідства.