МІЖНАРО́ДНАЯ ФІНА́НСАВАЯ КАРПАРА́ЦЫЯ (МФК; International Finance Corporation),
спецыялізаваная ўстанова ААН. Створана ў 1956 як філіял Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (МБРР) для капіталаўкладанняў у прыватны сектар-краін, якія сталі на шлях развіцця. У 1995 у МФК уваходзіла 161 дзяржава (у т. л. Рэспубліка Беларусь; з 1992). Мэта МФК — садзейнічанне эканам. развіццю краін-членаў шляхам заахвочвання інвестыцый прыватнага капіталу за мяжой, пераважна ў краіны, якія развіваюцца, а ў апошнія гады ва ўсходне-еўрап. краінах. Вышэйшы орган МФК — Савет кіраўнікоў, бягучую дзейнасць карпарацыі накіроўвае дырэктарат на чале з прэзідэнтам МФК. Капітал карпарацыі складаецца з узносаў краін-удзельніц; найб. ўзносы зроблены ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй і інш. развітымі краінамі. Да крыніц фінансавання МФК адносяцца таксама крэдыты МБРР, адлічэнні ад прыбыткаў, сродкі ад вернутых крэдытаў і прыцягнутыя на міжнар. рынках.
т. 10, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ ЗАСЯДА́ЦЕЛЬ,
грамадзянін, выбраны для ўдзелу ў разглядзе крымін. і цывільных спраў у судах па 1-й інстанцыі ў Рэспубліцы Беларусь і ў некаторых краінах СНД. Мае роўныя правы з суддзёй. Як правіла, у склад суда, які разглядае справу, уваходзяць 2 Н.з. (за выключэннем спраў, што паводле заканадаўства могуць разглядацца суддзёй аднаасобна), зацверджаныя ў спісах Н.з. дадзенага суда ва ўстаноўленым парадку. У спісы Н.з. уносяцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, што дасягнулі 25-гадовага ўзросту і пастаянна пражываюць на тэр. раёна або горада не менш як 3 гады. Працуючым Н.з. за час выканання абавязкаў у судзе робяцца выплаты ў памеры заработку або даходу, якія яны атрымліваюць па месцы работы, непрацуючым Н.з., а таксама пенсіянерам час выканання абавязкаў аплачваецца ў памеры акладу суддзі гэтага ж суда.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СІН (Дзмітрый Дзмітрыевіч) (6.9.1906, г. Смаленск, Расія — 22.12.1982),
рускі пісьменнік, перакладчык. Друкаваўся з 1925. Першы зборнік вершаў — «Спаборніцтва» (1933). Аўтар аповесці ў вершах «Чорныя гады» (1938), паэмы «Каця-Кацярына» (1941) і інш. Смаленшчыне прысвечаны паэт. зб-кі «У той год суровы» (1943), «У мяне на Радзіме» (1946). Апавяданні і аповесці 1950—60-х г. пра цаліну, людзей смаленскіх калгасаў, заводскае жыццё. На рус. мову пераклаў кнігі вершаў П.Броўкі «Вершы» (1947) і «Дарога жыцця» (1950), раманы А.Стаховіча «Пад мірным небам» (1949, з Я.Мазальковым), У.Карпава «Вясеннія ліўні» (1963), П.Пестрака «Серадзібор» (1964). На бел. мову яго верш «Масква, Крэмль» пераклаў К.Кірэенка.
Тв.:
Баллада о красной звезде // Вянок дружбы. Мн., 1961;
Самая счастливая: Рассказы и повести. Мн., 1966;
Бел. пер. — У кн.: Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.
т. 11, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́ЕЎ (Грыс) (Рыгор Дзамбалатавіч; 15.10.1913, с. Рук, Паўднёвая Асеція — 17.11.1999),
асецінскі паэт, драматург, перакладчык. Нар. паэт Паўн. Асеціі (1973). Скончыў Маск. тэатр. ін-т (1935), вучыўся на Вышэйшых літ. курсах пры Літ. ін-це імя М.Горкага (1955—57). З 1935 акцёр Паўн.-Асецінскага драм. т-ра, у 1946—48 яго дырэктар. Друкаваўся з 1930. Аўтар зб-каў вершаў «У крылатыя гады» (1933), «Салдат» (1948), «Жыццё і смерць» (1963), «Сем чэркесак» (1967) і інш., драм. твораў у вершах (трагедыя «Чэрмен», 1949). Паэзія П. адметная музыкальнасцю, кампазіцыйнай стройнасцю, дакладнай апрацоўкай формы. Пераклаў на асецінскую мову асобныя вершы Я.Купалы, М.Багдановіча, некат. творы У.Шэкспіра, А.Пушкіна, М.Лермантава.
Тв.:
Рус. пер. — Стихи. М., 1959;
Пятый кинжал: Стихи. Баллады. Поэмы. Орджоникидзе, 1972.
А.С.Пухаеў.
т. 12, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЧАНКА (Іван Іванавіч) (н. 8.11.1938, в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. гісторык, публіцыст. Брат Б.І.Сачанкі. Д-р гіст. н. (1983), праф. (1984). У 1943 з бацькамі вывезены ў Германію. Скончыў БДУ (1965), дзе з 1970 працуе на ф-це журналістыкі (з 1978 нам. дэкана, адначасова з 1984 заг. кафедры). Даследуе публіцыстыку бел. пісьменнікаў. Адзін з аўтараў падручніка «Гісторыя беларускай журналістыкі» (1979, з Р.В.Булацкім, С.В.Говіным), адзін са складальнікаў «Хрэстаматыі па гісторыі беларускай савецкай публіцыстыкі» (1974, з Булацкім).
Тв.:
Кузьма Чорны — публіцыст. Мн., 1972 (разам з Р.В.Булацкім);
Хто такія беларускія «патрыёты»? Мн., 1975;
Публіцыстыка беларускіх пісьменнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Мн., 1977;
Война и публицистика. Мн., 1980;
Меридианы дружбы. Мн., 1992 (разам з А.В.Шарапам).
т. 14, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЕРАПІЁНАВЫ БРАТЫ́»
(па назве гуртка сяброў у аднайм. рамане Э.Т.А.Гофмана),
літаратурная група ў Петраградзе ў 1921—29. Узнікла пры арг-цыі работнікаў мастацтваў «Дом мастацтваў». Уваходзілі — І.Груздзеў, М.Зошчанка, У.Іванаў, В.Каверын, Л.Лунц, М.Нікіцін, Л.Палонская, М.Сланімскі, М.Ціханаў, К.Федзін. У «Партызанскіх аповесцях» Іванава, рамантычных баладах Ціханава, сатыр. апавяданнях Зошчанкі, рамане Федзіна «Гарады і гады» і інш. іх творах самабытна і рознабакова адлюстравана рэв. эпоха. Адзіны сумесны зб. — «Серапіёнавы браты» (1922). Падкрэслівалі сваю апалітычнасць. Шмат увагі аддавалі засваенню тэхналогіі мастацтва ў дыяпазоне ад рус. псіхал. рамана да вострасюжэтнай прозы Захаду. За імкненне да эксперыменту «С.б.» часам абвінавачвалі ў фармалізме.
Літ.:
Горький М. Группа «Серапионовы братья» // Литературное наследство. М., 1963. Т. 70;
Каверин В. Освещенные окна. М., 1978. С. 406—544.
т. 14, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЕ́С, Сіеес,
Сьеес (Sieyès) Эмануэль Жазеф (3.5.1748, г. Фрэжус, Францыя — 20.6.1836), дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99. Да рэвалюцыі абат. Аўтар брашуры «Што такое трэцяе саслоўе?» (1789). Ад трэцяга саслоўя Парыжа выбраны дэпутатам у Ген. штаты 1789. Па прапанове С. сход прадстаўнікоў трэцяга саслоўя абвясціў сябе Нац. сходам. С. удзельнічаў у выпрацоўцы Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна. Адзін з заснавальнікаў Якабінскага клуба. У наступныя гады ўхіляўся ад вызначэння сваёй пазіцыі. Будучы чл. Канвента, галасаваў за смяротнае пакаранне Людовіка XIV. Пасля контррэв. тэрмідарыянскага перавароту (1794) разгарнуў актыўную паліт. дзейнасць. Адзін са складальнікаў канстытуцыі 1795, якая ўстанавіла рэжым Дырэкторыі. Актыўна рыхтаваў дзярж. пераварот 18 брумера 1799; стаў адным з трох часовых консулаў, з 1800 чл. Сената. З 1803 чл. Франц. акадэміі. У 1816—30 у выгнанні як «царазабойца».
т. 14, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Магілёўскае камуністычнае падполле (у гады Вял. Айч. вайны) 5/310; 6/326, 494, 495—496, 497, 502, 507; 8/283; 11/570; 12/171
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ско́нчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці да канца; закончыцца. Скончылася лета. Змена скончылася. Скончыўся водпуск. □ Вось і снеданне скончылася, і хата апусцела — усе паразыходзіліся. Колас. Будаўніцтва Міхалавай хаты скончылася толькі восенню. Васілевіч. Скашынскі зразумеў, што і тут яго кар’ера можа хутка і ганебна скончыцца. Чарнышэвіч. // Споўніцца, мінуць (пра ўзрост, гады). Калі пачалася вайна,.. [Ганне] неўзабаве павінна было скончыцца дваццаць чатыры гады. Чорны. // Спыніцца, перастаць. Грыбныя скончыліся ліўні, Туманы нікнуць да трысця. Лось. // Поўнасцю зрасходавацца. Гаручае скончылася. □ Скончыўся хлеб, цукар, елі адно мяса. Шамякін. У дыску скончыліся патроны. М. Ткачоў. // Дасягнуць граніцы сваёй працягласці. Сасновы бор скончыўся, і мы выйшлі на паляну. В. Вольскі. Асфальт скончыўся. Далей пайшла брукаваная шаша. Корбан.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), чым. Прыйсці да пэўнага выніку, завяршыцца чым‑н. Невядома, чым бы скончыліся гэтыя размовы, каб цётка Наста не паклала абаіх адпачываць. Скрыпка. Усе чакалі, чым жа скончацца ўрэшце гэтыя падзеі. Лынькоў.
3. Разм. Памерці. Мядзведзь скончыўся ад страху. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
zielony
zielon|y
1. зялёны;
~а herbata — зялёная гарбата;
2. студ. жарг. студэнт-першакурснік;
~е lata — маладыя гады;
~e światło — зялёная вуліца;
~a fala — зялёная хваля;
Zielone Świątki рэл. Тройца; Сёмуха
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)