Займае Аўстралію і прылеглыя а-вы (Тасманія, Кенгуру і інш.). Размешчана ў трапічным і ўмераным паясах Паўд. паўшар’я. Мае своеасаблівы склад флоры і фауны, абумоўлены аддзяленнем у мезазойскую эру ад стараж. мацерыка Гандвана. Сувязь з Антарктыдай і Паўд. Амерыкай перарвалася значна пазней, адсюль некаторае падабенства флоры і фауны.
У флоры 12 эндэмічных сям і больш за 80% эндэмічных відаў: з іх папараці 115 родаў (у т. л. дрэвападобныя), аднадольныя 320 родаў і двухдольныя 1000 родаў, на Тасманіі — хваёвыя 11 родаў. Шэраг агульных сям. з флорай Паўд. Амерыкі і Палеатропікі. Характэрныя прадстаўнікі — эўкаліпты (каля 400 відаў), акацыі, «травяное дрэва» і інш. Эндэмізм фауны на відавым узроўні блізкі да 100%. Адметная асаблівасць — наяўнасць эндэмічнага падкласа млекакормячых — аднапраходных (качканос і яхідна) і субэндэмічнага атр. сумчатых [каля 200 відаў: кенгуру, каала (сумчаты мядзведзь), сумчаты д’ябал, сумчаты крот, вамбат і інш.) Сярод птушак эндэмічныя сям. аўстралійскіх страусаў (эму) і лірахвостаў. Шмат папугаяў (какаду, лоры, хвалісты папугайчык і інш.), зімародкі, медасмокі, рэптыліі (змяінагаловыя чарапахі, молах, тайпан) і амфібіі (свістуны, аўстралійскія рапухі). Ёсць дваякадыхаючыя рыбы (рагазуб); з беспазваночных найб. адметныя дажджавыя чэрві даўж. да 2,5 м. Сукупнасць арганізмаў (біёта) вобласці вельмі змянілася ў выніку каланізацыі Аўстраліі еўрапейцамі: завезена і акліматызавана шмат еўрап. відаў (дзікі трус, пацукі, рудэральныя расліны), знішчаны многія мясц. віды (напр., сумчаты воўк).
Да арт.Аўстралійская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — плямісты кускус; 2 — каала; 3 — яхідна; 4 — эму; 5 — караткашэрсны вамбат; 6 — шэры кенгуру; 7 — чорны лебедзь; 8 — лірахвост; 9 — сумчаты д’ябал; 10 — качканос; 11 — сумчаты крот; 12 — сумчаты воўк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗА,
горад на ўсх. узбярэжжы Міжземнага мора, на тэрыторыі гіст.вобласціПалесціна. З навакольнай прыбярэжнай тэрыторыяй (сектар Газа, паласа Газа) даўж. 50 км, шыр. ад 5—7 да 12 км і пл. 362 км² мае асобны паліт. статус. Насельніцтва горада Газа каля 270 тыс.чал., усяго сектара Газа разам з насельніцтвам лагераў палесцінскіх бежанцаў каля 800 тыс.чал. (1994), больш за 99% з іх арабы-палесцінцы. У сектары Газа ёсць 10 с.-г.яўр. паселішчаў (кібуцаў). Развіта мясцовая і саматужная прам-сць (выраб дываноў, пашыў адзення, ганчарства, рамонт трансп. сродкаў). Здабыча буд. матэрыялаў і будаўніцтва. Рыбная лоўля. Вырошчванне цытрусавых. Частка насельніцтва працуе на прадпрыемствах Ізраіля. 40% насельніцтва — беспрацоўныя.
Старажытны горад ханаанеяў у паўд. Палесціне. У канцы 15 ст. да н.э. занята егіпцянамі. З 12 ст. да н.э. прадмет спрэчак паміж ізраільскай дзяржавай і філістымлянамі. З канца 8 ст. да н.э. пад уладай Асірыі, Вавілона, Персіі. У 332 да н.э. захоплена Аляксандрам Македонскім. Росквіт Газы прыпадае на часы рымскага і візант. панавання. З 635 н.э. Газа ў складзе халіфата, з 1517 у Асманскай імперыі. У 1917 горад заняты брыт. войскамі, у 1920—47 — адм. ц. Палесціны, падмандатнай Вялікабрытаніі. Паводле рашэння Ген. Асамблеі ААН у 1947 Газа і прылеглыя тэр. (сектар Газа) увайшлі ў склад араб. дзяржавы. Пасля араба-ізраільскай вайны 1948—49 сектар Газа пад кіраваннем Егіпта. Акупіраваны ізраільскімі войскамі ў 1967. У 1993 у Вашынгтоне падпісана Дэкларацыя аб прынцыпах стварэння часовага палесцінскага самакіравання ў сектары Газа на працягу 5-гадовага пераходнага перыяду. Гл. таксама Блізкаўсходні канфлікт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РДСКАЯ ШКО́ЛА,
мастацкая школа ў архітэктуры і жывапісе Паўн. Італіі (назва ад гіст.вобласціЛамбардыя) у 8—15 ст. У архітэктуры склалася на працягу 8—10 ст. Адыграла вырашальную ролю ў фарміраванні т.зв. першага раманскага стылю ў Італіі. Узор яе царк. архітэктуры — 3-нефавая базіліка са слаба выражаным трансептам, крыптай і кампанілай. У інтэр’еры строгае рытмічнае чляненне, падкрэсленае сістэмай скляпеністых перакрыццяў, тэктанічны ўзор вонкавых сцен з лапатак, аркатурных фрызаў і аркадных, т. зв. карлікавых галерэй (цэрквы Сант-Амброджа ў Мілане, асн.буд-ва ў 11—12 ст.; Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне, 12 ст.). У росквіце было мастацтва разьбы на камені (майстры Нікалао, Бенедэта Антэламі і інш.). Готыка тут атрымала падкрэслена статычную інтэрпрэтацыю, набыла дэкар. характар (Міланскі сабор, пачаты ў 1386). Пабудовы эпохі Адраджэння (арх. А. Філарэтэ, Г. Салары, Дж. А. Амадэо) адметныя багаццем дэкар. уставак, якія падкрэсліваюць роўнядзь сцяны, наватарскімі па будове ўнутр. прасторы арх. кампазіцыямі (творчасць Д.Брамантэў).
Жывапіс у ламбардскага трэчэнта і ранняга кватрачэнта ўласцівы крохкая вытанчанасць форм, паэтычнасць. Ён развіваўся ў рэчышчы т. зв.інтэрнац. готыкі (мініяцюры ў рукапісных «гербарыях» і «лячэбніках», анімалістычныя малюнкі Дж. дэ Грасі). Значная роля ў развіцці жывапісу кватрачэнта належыць Пізанела. У 2-й пал. 15 ст. ўзмацніліся ўплывы фларэнтыйскага мастацтва і творчасці А.Мантэньі. У творах майстроў гэтага часу пераважалі пластычная яснасць кампазіцыі, змякчаны каларыт, святлоценявая мадэліроўка (В.Фопа, Іль Берганьёне, Браманціна, Брамантэ). У эпоху Высокага Адраджэння асноватворным стаў уплыў мастацтва Леанарда да Вінчы і яго школы. У 2-й пал. 16 ст. ўтварылася асобная брэшыянская школа, у якой спалучыліся традыцыі Л.ш. і венецыянскай школы жывапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАВІКІ́,
рухомыя скопішчы лёду атмасфернага паходжання на зямной паверхні. Утвараюцца ў тых раёнах, дзе цвёрдых атм. ападкаў намнажаецца больш, чым растае і выпараецца. Займаюць пл. 16,3 млн.км² (10,9% пл. сушы), сумарны аб’ём лёду каля 30 млн.км³ (98,5% прэснага лёду на Зямлі). Магутнасць сучасных Л. ад 20 м да 4600 м. Асн. раёны скопішча Л.: Антарктыда, Грэнландыя, арктычныя астравы, некаторыя горныя раёны па-за межамі Арктыкі і Антарктыкі. У Л. вылучаюць вобласці жыўлення, дзе адбываецца намнажэнне снегу і ператварэнне яго ў фірн і лёд, і абляцыі, якія падзелены мяжой жыўлення. Л. падзяляюцца на покрыўныя, або расцякання, і горныя, або сцёку. Покрыўныя распасціраюцца на шмат млн.км², маюць пукатую форму паверхні, лёд у іх расцякаецца ад цэнтра да перыферыі Працягам наземных ледавіковых покрываў служаць шэльфавыя ледавікі. Горныя Л. займаюць пераважна адмоўныя элементы рэльефу, утвараюць каравыя (гл.Кар), вісячыя, далінныя і інш. тыпы Л. Пераходнымі ад горнага да покрыўнага з’яўляюцца сеткавыя і перадгорныя тыпы зледзяненняў. Рух Л. адбываецца ў выніку дэфармацый, што ўзнікаюць пад дзеяннем сілы цяжару. Звычайна скорасць руху Л. дзесяткі і першыя сотні метраў за год, асобных Л. Грэнландыі — 20—40 м за суткі, пры катастрафічных зрухах — да 100 м за суткі (ледавік Мядзведжы на Паміры, 1953). Найбуйнейшы горны Л. — ледавік Берынга на Алясцы (даўж. 170 км), шэльфавы Л. — ледавік Роса ў Антарктыдзе (пл. 538 тыс.км²). У выніку дзейнасці Л. фарміруюцца ледавіковыя адклады. Разам з расталымі водамі Л. ўдзельнічаюць ва ўтварэнні розных форм ледавіковага рэльефу. Вывучае Л. Гляцыялогія. Гл. таксама Зледзяненні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЕ́МНАСЦЬ,
паслядоўнасць пераходу ад адной з’явы (этапа, ступені) у працэсе развіцця да другой, калі ўзнікшае новае захоўвае ў сабе некаторыя рысы і асаблівасці старога. Мае аб’ектыўны і ўсеагульны характар, праяўляецца ва ўсіх працэсах развіцця прыроды, грамадства, народа, культуры, асобы і г.д. У галіне нежывой прыроды яна ўвасабляецца ў адпаведнасці прынцыпе, паводле якога квантавая механіка асімптатычна пераходзіць у класічную механіку ва ўмовах, калі можна не ўлічваць велічыню кванта дзеяння h, прымаючы, што h прыбліжаецца да нуля (h → 0). У вобласці жывой прыроды праяўляецца ў пераемным паходжанні і развіцці відаў жывёл і раслін, ва ўзнікненні іх разнавіднасцей. Асабліва важнае значэнне П. набывае ў грамадскім развіцці, дзе яна праяўляецца ў змене гіст. эпох, тыпаў грамадства, дзяржаў, культур, рэлігій, сістэм адукацыі і г.д.Напр., культура ўзнікае на аснове традыцый, але ў працэсе гіст. развіцця яе змест, тыпы, формы, стылі і інш. непазбежна ўключаюць у сябе адхіленні ад агульнай традыцыі, узнікненне новых тыпаў, стыляў, форм выражэння, якія пры ўсіх сваіх навацыях захоўваюць істотныя рысы традыц. каштоўнасцей, вобразаў, сюжэтаў. Ва ўмовах сучаснага постсав. грамадства, у т. л. на Беларусі, адкідаюцца многія каштоўнасці, уласцівыя сав. эпосе, адбываецца змена каштоўнасных арыентацый многіх людзей, у першую чаргу моладзі, але т.зв. «вечныя», агульначалавечыя каштоўнасці — любоў, годнасць, сумленне і інш. — захоўваюць сваё прыярытэтнае значэнне. Найб. выразна П. праяўляецца ў змене пакаленняў, калі моладзь узнаўляе і ўзбагачае вопыт былых генерацый людзей у новых эканам., паліт., культ. умовах, захоўвае П. з імі ў асн. паняццях сэнсу жыцця, увасобленых у Бібліі, у класічнай л-ры, філасофіі і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ УСТА́ЎНАЯ ГРА́МАТАда народаў Беларусі,
юрыдычны і паліт. акт, выдадзены Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда 21.2.1918 у Мінску. Імклівае наступленне ням. войск, якое пачалося 16.2.1918, прымусіла Аблвыкамзах і СНКЗах.вобласці і фронту ў ноч на 19.2.1918 эвакуіравацца з Мінска ў Смаленск. З падполля выйшаў Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда, з турмы вызвалены дзеячы Цэнтр.бел.вайск. рады (ЦБВР). Выканком Рады Усебел. з’езда ў сваім загадзе № 1 ад 19 лют. абвясціў, што ён «узяў уладу ў свае рукі», а навядзенне парадку ў Мінску, дзе пачала актыўна дзейнічаць Польская вайсковая арг-цыя (ПАВ), усклаў на каменданта горада, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР К.Езавітава. 21 лют. апублікавана П.У.г., у якой Выканком Рады Усебел. з’езда заклікаў народы Беларусі «ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі». Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда абвясціў сябе ўладай на Беларусі да склікання на дэмакр. пачатках Устаноўчага сходу. Быў створаны ўрад — Народны сакратарыят Беларусі, які 21 лют. пачаў выкананне сваіх абавязкаў. Хоць Нар. сакратарыят Беларусі заявіў пра лаяльнае стаўленне да акупантаў (уступілі ў Мінск 21.2.1918), ням. ўлады не спяшаліся прызнаваць яго. У літаратуры П.У.г. датуецца днём яе публікацыі, аднак, паводле ўспамінаў Я.Варонкі, яна прынята 20.2.1918. У Грамаце нічога не гаварылася аб прававым статусе Беларусі. Здзяйсненне права бел. народа на «поўнае самавызначэнне», а нац. меншасцей на нац.-персанальную аўтаномію, абвяшчалася толькі як мэта. На заключэнне Брэсцкага міру 1918 паміж Германіяй і Расіяй Выканком Рады Усебел. з’езда адрэагаваў 9.3.1918 Другой Устаўнай граматай да народаў Беларусі, у якой Беларусь абвяшчалася Беларускай Народнай Рэспублікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁАСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраноміі, які вывучае нябесныя целы па іх радыёвыпрамяненні. Узнікненне Р. звязана з адкрыццём радыёвыпрамянення нашай Галактыкі на хвалі 14,7 м (1931, амер. радыёінж. К.Янскі). Паводле аб’ектаў даследавання Р. падзяляюць на галактычную (вывучае аб’екты нашай Галактыкі) і пазагалактычную. Аб’ектамі даследавання з’яўляюцца Сонца (гл.Радыёвыпрамяненне Сонца), міжпланетнае асяроддзе, міжзорнае асяроддзе. Метадамі Р. адкрыты новыя віды крыніц касм.эл.-магн. выпрамянення: у нашай Галактыцы — рэшткі звышновых зорак (напр., Крабападобная туманнасць), пульсары, вобласці вадароду HII і інш., пазагалактычныя — радыёгалактыкі, квазары, а таксама рэліктавае выпрамяненне.
Касм. радыёвыпрамяненне даследуюць пры дапамозе радыётэлескопаў, высокая адчувальнасць і раздзяляльная здольнасць якіх перавышаюць магчымасці аптычных тэлескопаў. На аснове буйных радыётэлескопаў створана глабальная радыёінтэрферэнцыйная сетка (раздзяленне вышэй за 0,001"). Дыяпазон наземных радыёастр. назіранняў вызначаецца празрыстасцю зямной атмасферы (даўж. хваль ад 1 мм да 30 м); для радыётэлескопаў на ШСЗ гэты дыяпазон значна шырэйшы. Вымяральнай велічынёй у Р. з’яўляецца прырашчэнне колькасці выпрамянення пры навядзенні радыётэлескопа на аб’ект. Радыёвыпрамяненне касм. аб’ектаў вызначаецца механізмам выпрамянення, умовамі генерацыі і распаўсюджвання радыёхваль, энергіяй выпраменьвальных часціц і магн. поля. Неперарыўнае выпрамяненне касм. крыніц абумоўлена сінхратронным і цеплавым механізмам (гл.Сінхратроннае выпрамяненне, Цеплавое выпрамяненне), выпрамяненне ў вузкіх лініях — пераходамі паміж узроўнямі энергіі атамаў і малекул. Устаноўлена, што працяглыя кампаненты крыніц радыёвыпрамянення, звязанага з радыёгалактыкамі, — гэта намагнічаныя воблакі разрэджанага газу, напоўненыя касмічнымі прамянямі. Р. мае практычнае дастасаванне ў навігацыі, пасіўнай лакацыі, антэннай тэхніцы і інш.Гл. таксама Радыёлакацыйная астраномія.
Літ.:
Галактическая и внегалактическая радиоастрономия: Пер. с англ.М., 1976;
Матвеенко Л.И. Радиоастрономия. М., 1977 (Астрономия. Т. 13);
Апушкинский Г.П. Методы радиоастрономии. Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМУ́РСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
на Пд Д. Усходу Расійскай Федэрацыі. Утворана 20.10.1932. Пл. 363,7 тыс.км². Нас. 1049,1 тыс.чал. (1994), гарадскога 65%. Цэнтр — г.Благавешчанск. Буйныя гарады: Белагорск, Райчыхінск, Зея, Шыманоўск, Свабодны, Тында.
Прырода. Большая ч.тэр. гарыстая. На Пн Станавы хр. (выш. да 2312 м), на Пд ад яго горны ланцуг хрыбтоў Янкан, Тукурынгра, Сактахан, Джагды; каля 2/3тэр. займаюць Зейска-Бурэінская і Амурска-Зейская раўніны. Карысныя выкапні: буры і каменны вугаль, золата, жал. руды, кварцавыя пяскі, кааліны, буд. матэрыялы. Ёсць мінер. крыніцы. Клімат мусонны ўмеранага пояса. Зіма халодная, сухая, маласнежная. Лета гарачае і дажджлівае. Сярэдняя т-растудз. ад -24 °C да -33 °C, ліп. 18—21 °C. Ападкаў каля 850 мм за год. Гал. рака — Амур і яго прытокі Зея з Селемджой, Бурэя і інш. Глебы пераважна бурыя лясныя, на Пд — чарназёмападобныя. 65% тэр. пад лесам. Пашыраны хвойныя і мяшаныя лясы маньчжурскага тыпу (мангольскі дуб, карэйскі кедр, амурскі аксаміт, ліяны — вінаград, лімоннік, актынідыя), у тайзе лістоўніца, у гарах зараснікі кедравага сланіку і горная тундра. Водзяцца вавёрка, мядзведзь, собаль, кабарга, лось, дзік, ізюбр, казуля, з птушак — глушэц, дзікуша, блакітная сарока і інш.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (золата, буры і каменны вугаль), машынабудаванне (вытв-сць кавальска-прэсавага, элеватарнага, святлотэхн. абсталявання, электрапрылад, рачных і марскіх суднаў, с.-г. машын і інш.); вытв-сцьбуд. матэрыялаў; харч.прам-сць. Зейская ГЭС. Райчыхікская ДРЭС. Амурская вобласць — асноўны с.-г. раён Д. Усходу. Сельская гаспадарка збожжаважывёлагадоўчага кірунку. Пасевы збожжавых (пшаніца, авёс, ячмень), соі. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Пчалярства. На Пн — аленегадоўля, зверагадоўля. Пушны промысел. Па тэр. Амурскай вобласці праходзяць Транссібірская і Байкала-Амурская чыг. магістралі. Суднаходства па Амуры, Зеі і Бурэі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у складзе Расіі. Утворана 27.9.1937. Пл. 24,7 тыс.км². Нас. 911,6 тыс.чал. (1994), гарадскога 62%. Цэнтр — г.Арол. Найб. гарады: Болхаў, Ліўны, Мцэнск.
Прырода. Вобласць размешчана ў цэнтр. частцы Усх.-Еўрапейскай раўніны, у межах Сярэднярускага ўзвышша. Паверхня — узгоркавая раўніна (пераважныя выш. 220—250 м, найб. 278 м), парэзаная далінамі рэк, ярамі і лагчынамі. Карысныя выкапні: жал. руда, буд. матэрыялы (вапнякі, гліны, пяскі, мергелі, мел), буры вугаль, фасфарыты. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -9 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 570—580 мм за год. Рэкі: Ака (з прытокамі Зуша, Неруч, Цон і інш.), на ПдУр. Сасна (з прытокамі Цім, Кшэнь), на ПдЗ — Наўля і Няруса (прытокі Дзясны). Пераважаюць вышчалачаныя чарназёмы, на ПнЗ шэрыя лясныя і дзярнова-падзолістыя глебы. Мяшаныя лясы (бяроза, дуб, асіна, клён, ясень, хвоя і елка) з хмызнякамі займаюць каля 8% плошчы. Стэп узараны, захаваліся невял. ўчасткі. Па далінах рэк заліўныя лугі.
Гаспадарка. Асноўныя галіны вытв-сці: машынабудаванне (тэхнал. абсталяванне для тэкст., гарбарна-абутковай, шкляной, харч. прам-сці, аўтагрэйдэры, аўтапагрузчыкі, цэнтрабежныя помпы, прылады, выліч. машыны, гадзіннікі, радыёдэталі і інш.), металургія (вытв-сць стальнога пракату), хім. (пластмасы, гумаватэхн. вырабы), мікрабіял., лёгкая (абутковая, швейная і трыкат.), харч. (цукровая, мясная, масла- і сыраробная, крухмала-патачная, спіртава-гарэлачная і інш.) прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла, шкло і інш.). Пасевы збожжавых: пшаніцы, жыта, аўса і ячменю. Вырошчваюць грэчку, цукр. буракі, каноплі, зернебабовыя і кармавыя культуры. Развіты бульбаводства, агародніцтва, садоўніцтва. Малочна-мясная жывёлагадоўля, мяса-сальнае свінаводства, мяса-воўнавая авечкагадоўля, птушкагадоўля. Племянная конегадоўля (арлоўскія рысакі). Па тэр.вобласці праходзяць чыгункі Масква—Курск, Бранск—Арол—Ліпецк, аўтадарогі Масква—Арол—Сімферопаль, Арол—Бранск—Смаленск; нафтаправод «Дружба».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕА́РКТЫКА (ад неа... + грэч. arktikos паўночны),
Неаарктыка, Неарктычная біягеаграфічная падвобласць, вобласць з 2 ці 3 падвобласцямі, або падцарства з асобнымі біягеагр. абласцямі: Арктычнай, Канадскай, Санорскай у складзе Галарктычнай біягеаграфічнай вобласці царства Арктагеі. Займае Паўн. Амерыку (на Пд да Мексіканскага нагор’я ўключна), Канадскі Арктычны архіпелаг, а-вы Алеуцкія, Бермудскія, Грэнландыя, Ньюфаўндленд, Прыбылова.
Паводле характару расліннасці вылучаюць зоны тундры, тайгі, шыракалістых лясоў, стэпу (прэрый). Субтрапічныя хвойна-шыракалістыя лясы распасціраюцца ўздоўж ціхаакіянскага ўзбярэжжа на зах. схілах Сьера-Невады і ў Каліфорніі. Субтрапічныя пустыні займаюць Мексіканскае нагор’е, дзе найб. пашыраны кактусы; растуць агавы, юка дрэвападобная, палыны, ксерафітныя калючыя кусты і інш. Эндэмікі — сям. фук’ерыевых (ідрыя, фук’ерыя раскошная і інш.), сальнае дрэва. У прэрыях характэрныя расліны — кавылі, злакі. Лісцевыя лясы маюць вял. відавую разнастайнасць. У хвойна-шыракалістых лясах захаваліся эндэмічныя віды секвоі, секвоядэндран, туі, тсугі. У фауне вял. разнастайнасцю вылучаюцца млекакормячыя, сярод іх 3 эндэмічныя сям.: гаферавыя, апладонтавыя і віларогі, шмат інш. эндэмічных родаў і відаў. Шмат эндэмікаў і сярод птушак: арлан белагаловы, казарка канадская, калібры, папугаі, каршун вілахвосты, качка каралінская, лебедзь амерыканскі і інш Паўзуны прадстаўлены пераважна яшчаркамі сям.ігуанавых (анолісы, фрыназомы і інш.), эндэмічнымі сям. бязногіх яшчарак аніэлід, ядазубаў. Сярод змей характэрны ўдавы, ядавітыя ямкагаловыя (грымучыя змеі, шчытаморднікі). Чарапахі прадстаўлены 3 сям. і вял. колькасцю відаў. У бас.р. Місісіпі жывуць алігатары. Сярод земнаводных шмат хвастатых, у т. л. эндэмічнае сям. амфіум. Рыбы ўключаюць эндэмічныя атр. аміяпадобных, або глейных рыб і панцырнікападобных, эндэмічныя сям. афрэдадэрыевых і слепавочкавых.