Людскі́, лю́цкій, лю́цькі, лю́дзкі, людськэ́й ’у якога высокая мараль, сумленны, шляхетны, зычлівы’, ’чалавечы’, ’прыстойны’, ’добры, прыгодны для чаго-небудзь’, ’людскі, чужы’, ’як у людзей’, ’ветлівы’, ’асабісты’ (Нас., Шат., Бяльк., ТСБМ, ТС; КЭС, лаг.), лю́дзка ’прыстойна, як у людзей’ (Шат.), лю́дско ’добра, удала’ (Сцяшк.); лю́дскі ’які належыць людзям’, ’уласцівы людзям’, ’уласцівы ніжэйшаму класу грамадства’, ’прызначаны для прыслугі’, ’меладычны (музыка)’ (ТСБМ, Нас., Мат. Гом.; КЭС, лаг.); ’сялянскі’ (шальч., драг., Сл. ПЗБ); ст.-бел. людъскый ’чалавечы, людскі, які мае месца сярод людзей’, а з XVI ст. узнікае значэнне ’чалавечы, гуманны’ (Будлахаў, Гіст., 119). Да прасл. lʼudьskъ < lʼudьje, lʼudъ > лю́дзі, люд ’уласцівы людзям’, якому адпавядаюць літ. liáudiškas ’народны’, лат. ļaudisks ’людскі’ (Слаўскі, 4, 369–371). Сюды ж больш новая лексема адцягненага значэння людскасць, людзкость ’чалавечнасць, свецкасць, спагадлівасць’, ’уменне жыць з людзьмі’ (Нас., Касп., Гарэц., ТСБМ, ТС), ’далікатнасць, шляхетнасць’ (КЭС, лаг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́секаць ’высмаркаць нос’ (Янк. II, Бір. дыс., Шатал., брэсц., пін., З нар. сл.), вы́снекаць, вы́снякаць ’тс’ (Бір. дыс., Сцяц.). Укр. ви́сякати ’тс’, сяка́ти ’фыркаць, смаркацца’, рус. исся́кнуть ’вычарпацца’, польск. siąkać, siąknąć, sięknąć ’канчацца, вычэрпвацца; смаркацца’, в.-луж. sakać, saknyć ’высыхаць, вычэрпвацца’, чэш. sáknouti ’сачыцца, мачыць’, славац. siakať, siaknuť ’фыркаць, смаркацца’, серб.-харв. пресѐкати, ‑ка̑м ’вычарпаць’, балг. сѐквам, се́кна ’вычэрпваюся’. Прасл. *sęknǫti роднаснае слав. *sǫčiti, ц.-слав. исѫчити (гл. сучы́ць) (Фасмер, 3, 826). У іншых і.-е. мовах роднаснымі з’яўляюцца літ. senkù, sékti ’апускацца’, seklùs ’мелкі’, лат. sîkt, sīkstu, sîku ’засыхаць’, ст.-інд. ásakrak ’невычэрпны’, ст.-англ. sîhte ’балоцісты’ (з *siηhti), ірл. sesc ’сухі, бясплодны; той, які не дае малака’, кімр. hysp ’сухі’ (Траўтман, 256). Іначай–Махэк₂ (536), які звязвае таксама са слав. sokъ. Беларускія формы з ‑н‑, відавочна, пад уплывам польскіх назалізаваных форм з наступнай метатэзай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віраце́йка ’вадзяная вужака’ (КЭС, лаг.), рус. перм. вератея ’рыба, Cobitis taenia’, укр. веретенниця, веретільник, веретільниця ’гадзюка вераценніца, Anguis fragilis’, рус. паўн. верете́льник ’п’яўка’, верете́льница ’маленькая, бязногая яшчарка’; ’вераценніца’, паўд. верете́ница, веретени́ца ’яшчарка’, смал., пск., калуж. ’вераценніца’, калуж. ’рыба, Cobitis taenia’; ’уюн, Cobitis fossilis’, веретеница ’малюскі, ракавіна якіх падобна да верацяна’, ленінгр. веретённик ’вераценніца’, пск. веретенница ’тс’, тамб. ’шабля-рыба з колкім ротам, падобная да пячкура’, польск. wrzecienica ’марская рыба’; ’балотная гадзіна’, н.-луж. (w)rjeśeńca, wrjeśenica ’кальчысты вужака, Coluber natrix’, в.-луж. wrjećeńca ’лазаніца, Lysimachia L.’; ’жаўтапузік, Ophisantus apodus’, чэш. vřetenice ’вераценніца’, vřetenka ’род рыбы з сям’і Callionymidae, Callionymus’, славац. vretenica ’гадзюка Vipera berus’, серб.-харв. вретѐнар, макед. вретенарка ’рыба Asper asper L.’, балг. вретена́рка ’тс’. Усе да верацяно, вярцець (гл.). Цікавым з’яўляецца параўнанне Патабні (РФВ, 5, 126) з літ. vérti ’нанізваць, працягваць праз што-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Даба́ ’час’ (Раст.), до́ба ’пара, суткі’ (Байк. і Некр.). Параўн. рус. дыял. до́ба́, укр. доба́, польск. doba, чэш. doba, славац. doba, балг. до́ба, макед. доба, серб.-харв. до̏ба (н. р.!), славен. dóba. Прасл. *doba ’тс’. Лічыцца роднасным з літ. dabà ’прырода, уласцівасць, характар’, dabar̃ ’цяпер’, лат. daba ’від, характар’, гоц. gadaban ’падыходзіць’ і г. д. (гл. Фасмер, 1, 520). Думаць, што ў гэтым слове калісьці была аснова на ‑r‑ (н. р.), дакладней, гетэраклітычная аснова на ‑r/n‑ (і.-е. *dhabhr̥/‑nos). Сюды адносіцца і слав. *dobrъ ’добры і г. д.’ Гл. яшчэ Траўтман, 42–43; Бернекер, 1, 203–204; Махэк₂, 121–122; Слаўскі, 1, 150. Булыка (Запазыч., 98) ставіць пытанне аб тым, што ст.-бел. доба ’час, пара’ запазычана з польск. мовы. Няясна, якая матывацыя ў яго меркаваннях. Фармальна няма ніякіх прыкмет запазычання, таму пытанне застаецца адкрытым.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нацкну́ць ’падтыкнуць, прыпомніць, навесці на думку’ (Арх. Федар.). Каранёвая частка дзеяслова атаясамліваецца з адпаведнай марфемай у польск. ocknąć ’разбудзіць, вывесці са сну’, якое выводзяць з *octnąć (Варш. сл., 3, 556), адпаведнага чэш. oc(i)tnoutiy славац. ociinüť ’прывесці да прытомнасці’, параўн. чэш. cititi ’адчуваць’ і пад.; калі прыняць этымалогію Махэка (Studie, 41) — з прасл. ot‑jьtnęti, што адпавядае літ. atjusti, atjuntu ад justi, juntu ’адчуць’; усходнеславянская форма ў гэтым выпадку была б *от‑чтнутьу параўн. рэальна зафіксаваныя рус. очкнуться (КСРНГ), бел. ачхнуць, гл. ачнуцца. Такім чынам, па форме нацкну́ць трэба разглядаць як запазычанне, аднак у польскай мове такога дэрывата не выяўлена. Затое названая форма вельмі блізкая да нацу́кнуць ’падбухторыць’, якое Насовіч адносіць да цу́кнуць ’нацкаваць; падбіць на дрэнны ўчынак’ (гл.), параўн. таксама наткнуць ’напомніць, нагадаць’ да цікнуць ’раптоўна ўспомніць’ (гл.), што можа сведчыць пра іншае паходжанне слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Начоўкі ’ночвы’ (Грыг., Гарэц., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Янк. 1, Растарг.), рэдка начоўка ’тс’ (маладз., П. С., Сл. ПЗБ), укр. ночо́вки ’тс’, рус. ночёвки, ночёвка ’тс’, польск. niecki ’тс’, чэш. necky ’тс’, дыял. necůvky ’карыта’, в.-луж. mjecki ’тс’, н.-луж. mjacki ’цэбар; дзежка’, палаб. nacťai ’карыта’, славен. nečkȇ ’дзежка’, дыял. nàčkə ’тс’, балг. дыял. нъ́щки ’тс’. Памянш. да прасл. *nьktjy, род. скл. *nьkеjьve, або *nьktva (гл. ночвы), параўн. Брукнер, 360; Шустар-Шэўц, 12, 917; Махэк₂, 393; Бязлай, 2, 218. Меркаванні пра балтыйскае паходжанне бел. начоўка, нечоўкаліт. nakočià, niekočià ’карыта’ або пад яго ўплывам, гл. Грынавяцкене і інш., Lietuv. kalbot. klausimai, 16, 1975, 183) недастаткова абгрунтаваныя (гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 146) у першую чаргу па лінгвагеаграфічных прычынах — формы на ‑а вядомы на рускай тэрыторыі далёка за межамі балтыйскіх уплываў (як у паўднёварускіх, так і ў паўночнарускіх гаворках, гл. СРНГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нутро́ ’вантробы, унутранасці’ (Нас., Гарэц., Пятк. 2, Касп.), ’сярэдзіна, унутраная частка’ (Сцяшк., ТС), нутрэ́ ’тс’ (ТС), нутрё ’унутранасці’ (Грыг.), нутра́, нутры́, мн. ’тс’ (Сл. ПЗБ), укр. нутро́ ’тс’, рус. нутро́, нутра́, нутрё, нутрь ’тс’. Са старога прыставачнага ўтварэння *vъn‑ǫtrь ’сярэдзіну’, што было пераасэнсавана, як *vъ‑nǫtrь (Фасмер, 3, 90), гл. уну́тр. Параўн. яшчэ ст.-бел. нꙋтрь моѧ переменилосѧ, ноутръ моѧ, нγтрь мои, оу нγтри моє​м (Псалтыр XVI ст., гл. Карскі 2–3, 17), чэш. nitro ’унутранасць, нутро’, славац. vnútro ’тс’ — новыя назоўнікі на базе пераасэнсаванай часткі *‑nǫtrъ (Махэк₂, 696). Звяртаюць увагу на паралельнае грэч. ἔντερα, мн. л. ’унутранасці, вантробы’, ст.-інд. antrám ’тс’, літ. įščios ’тс’ (Бязлай, 2, 228 і інш.). Сюды ж таксама ну́троносць ’тс’ (ТС, магчыма, пад уплывам рус. внутренность), нутраны́, нутрэнны́ ’выняты з нутра’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.), нутро́ны ’унутраны’ (Сл. ЦРБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капе́ц, копе́ц ’куча агародніны, накрытая ад дажджу і марозу саломай і прысыпаная зверху зямлёй’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Яўс., Бір. Дзярж., Сцяшк., Рам. 7; Яшк.; слуц., Лекс. і грам.; чэрв. Сл. паўн.-зах.; бялын., Янк. Мат., Янк. I); ’курган, магільны насып’ (Янк. I; паст., навагр., шчуч., пух., Сл. паўн.-зах.; Серб., Грыг., Яруш., Касп., Мал., Гарэц., ТСБМ); ’насып са слупам як межавы знак’ (Касп., Яруш., Гарэц., лід., в.-дзвін., паст., Сл. паўн.-зах.; ТСБМ), копэ́ц ’мурашнік’ (лунін., Шатал.), капе́ц ’тс’ (пух., Сл. паўн.-зах.); ’кратавінне’ (беласт., ганц., Сл. паўн.-зах.); капе́ц//капцы́ ’смерць, пагібель, канец’ (ТСБМ, Некр., Янк. БФ, Сержп., Яўс., Бір. Дзярж., Янк. I); капе́чышча ’месца, дзе быў капец бульбы, буракоў’ (Яшк.). Прасл. kopьcь ’насып, куча, узгорак’ — памяншальнае ад коръ < kopati > капа́ць (гл.) (прыклады і этымалагічную літ-ру гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 38–40 і 28). Параўн. таксама бел. драг. скопэ́ц ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке ’і, ды, ці’ (ТС. Чуд., Шпіл.). Першую спробу этымалагізацыі знаходзім у Чуд., 76, дзе ке параўноўваецца са ст.-грэч. καί ’і’. Цыхун (БЛ, 28, 1985, 64) слушна адвяргае магчымасць захавання такога архаізма, які даў бы рэфлекс *це (параўн. для ст.-рус. цЬ Фасмер, 4, 293). Цыхун (там жа, 64–65) прапануе тры магчымыя версіі паходжання разглядаемай лексемы. Варыянт кі‑ можна генетычна суаднесці са ст.-рус. ти Ί, at але’∼ літ. tei..t lei ’як.., так і’. Тады прыйдзецца прыняць пад увагу паслядоўны пераход ť > k’ на тэрыторыі распаўсюджання кі. Варыянт ке можна выводзіць з *KO‑je. I нарэшце, кі < як і. Апошняя версія здаецца найбольш пераканаўчай. Параўн. прыклад з Чуд.: «На вадзе, ке на вяселлі людзі пьюць» («На вадзе, як і на вяселлі…»). Або з ТС, 189: «…А бабоўнік, ке полынь — горкота» (= «А бабоўнік, як і полынь.…»).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апсі́к, псік ’вокліч для адгону катоў’ (РБС, Касп., Бесар., Нас.), псікаць (Нас.). Рус. дыял. (зах.) псик, укр. дыял. (лемк.) псик, польск. a psik ’вокліч для адгону катоў; гукапераймальнае пра чыханне’, разм. apsik, dać apsik ’даць па носе’ (Вечаркевіч), славен. psîk ’шыпенне’. Літ. дыял. apsìk ’вокліч для адгону катоў’. Пашырэнне ў асноўным на польскай і беларускай тэрыторыі робіць малаверагодным дапушчэнне Бесар., 40, аб паходжанні апсік з цюркскай назвы кошкі пшик (бышык, пышык, мышык). Няма пэўнасці і ў этымалогіі, якую прыводзіць Германовіч, Междометия, 63, аб сувязі слоў апсік, псік з назвай сабакі пёс (*pьsъ), таму што гэты вокліч ужываецца па наяўных даных толькі для адгону катоў. Магчыма, трэба тлумачыць як гукапераймальнае слова, якое перадае гук, які быццам вымаўляе кошка для выражэння незадаволення; на гукапераймальны характар указвае фіксацыя гукакомплексу прынамсі ў двух выпадках (славенскім і польскім) у яўна гукапераймальным значэнні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)