МЕ́КСІКА (México, Méjico),

Мексіканскія Злучаныя Штаты (Estados Unidos Mexicanos), дзяржава на Пд Паўн. Амерыкі. Мяжуе на Пн з ЗША, на ПдУ з Гватэмалай і Белізам. На З абмываецца Ціхім ак. (на значным працягу Каліфарнійскім зал.), на У — Карыбскім м. і Мексіканскім зал. Атлантычнага ак. Пл. 1958,2 тыс. км². Нас. 98,6 млн. чал. (1998). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г. Мехіка. Падзяляецца на 31 штат і сталічную Федэральную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (16 вер.).

Дзяржаўны лад. М. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1917 (са зменамі і дапаўненнямі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 6 гадоў без права перавыбрання. Прэзідэнт назначае членаў урада і звальняе іх, назначае ген. пракурора і губернатара федэральнага раёна, прадстаўнікоў дыпламат. прадстаўніцтваў і вышэйшых афіцэраў арміі. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму Нац. кангрэсу, што выбіраецца па сістэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва: сенат — 128 сенатараў, якія выбіраюцца на 6 гадоў (палавіна складу сената выбіраецца кожныя 3 гады), палата дэпутатаў — 500 дэпутатаў, што выбіраюцца на 3 гады. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду, які падсправаздачны яму. Кожны штат мае сваю канстытуцыю і заканад. органы.

Прырода. М. размешчана ў паўд. ч. Кардыльер Паўн. Амерыкі. Большую ч. тэр. М. займае Мексіканскае нагор’е (пераважныя выш. 1000—2000 м, на Пд у Папярочнай Вулканічнай Сьеры дзеючыя вулканы Арысаба — 5700 м, Папакатэпетль — 5452 м і інш.). На Пд ад р. Бальсас — Паўд. Сьера-Мадрэ (выш. да 3703 м). На Пд і ПдУ ад перашыйка Тэўантэпек — хрыбты Сьера-Мадрэдэ-Ч’япас і вулканічны масіў Ч’япас. Уздоўж берагоў нізіны і раўніны. П-аў Каліфорнію займаюць невысокія горныя масівы, п-аў Юкатан раўнінны, развіты карст. Бываюць землетрасенні і вывяржэнні вулканаў, асабліва на Пд. У М. шмат карысных выкапняў: нафта, прыродны газ, свінцова-цынкавыя, медныя, сярэбраныя, ртутныя, сурмяныя, кадміевыя, алавяныя, вальфрамавыя, залатыя руды. Ёсць радовішчы каменнага вугалю, самароднай серы, плавікавага шпату, графіту і інш. Клімат на б.ч. краіны трапічны, на Пн субтрапічны. Сярэдняя т-ра студз. ад 10 °C на ПнЗ да 25 °C на Пд, ліп. ад 15 °C на ўзвышаных раўнінных частках нагор’я да 30 °C на беразе Каліфарнійскага зал. У гарах кліматычная вышынная пояснасць. Гадавая колькасць ападкаў ад 100—200 мм на Пн да 2000—3000 мм на паўд. наветраных схілах. Амаль палавіна тэр. М. на Пн мае недастатковае ўвільгатненне. Рачная сетка на ПдУ густая, на ПнЗ вельмі рэдкая. Найб. рэкі: Рыо-Брава-дэль-Нортэ (Рыо-Грандэ, на мяжы з ЗША), Бальсас, Рыо-Грандэ-дэ-Сант’яга, прывусцевы ўчастак р. Каларада і інш. Гідраэнергапатэнцыял рэк — каля 80 млн. кВт. Расліннасць вельмі разнастайная, лясы займаюць 29%. На Пн — пустыні і паўпустыні з ксерафільнай флорай (кактусы, агавы, юка), на Пд нагор’я і прылеглых берагавых нізінах — саванны (злакавае покрыва і калючыя хмызнякі). У гарах на Пн лісцевыя і мяшаныя лясы (дуб, граб, ліпа, хвоя, піхта). На Пд трапічныя лясы, на ўсх. схілах — вільготныя, вечназялёныя, на зах. схілах — сухія пераважна хваёвыя; каля падножжа гор лістападныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў. Жывёльны свет пустынь і паўпустынь прадстаўлены грызунамі, у горных лясах водзяцца чорны мядзведзь, янот-паласкун, чырвоная рысь, пума, у саваннах — дрэвавы дзікабраз, мурашкаед, у трапічных лясах на Пд — малпы, тапір, ягуар. Нац. паркі: Кумбрэс-дэ-Мантэрэй, Сьера-дэ-Сан-Педра-Мартыр, Каньён-дэль-Рыо-Бланка, Невададэ-Талука, Ла-Малінчэ і інш. Біясферны запаведнік Сіян-Каан на п-ве Юкатан і запаведнік кітоў Эль-Віскайна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусв. спадчыны.

Насельніцтва. Больш за 80% складаюць мексіканцы — нацыя, якая ўтварылася ад змяшання індзейцаў з іспанцамі. Карэнныя індзейскія народы (ацтэкі, майя, цэльталі, цацылі, хуастэкі, татанакі, міхе, атомі, міштэкі, масахуа, масатэкі, чынантэкі, тараскі і інш.) жывуць пераважна ў цэнтр. і паўд. раёнах.

Жывуць таксама выхадцы з Еўропы (іспанцы, баскі, немцы, французы, італьянцы і інш.), ураджэнцы розных краін Амерыкі, яўрэі, кітайцы, японцы і інш. Іспана-індзейскія метысы складаюць 75% насельніцтва, індзейцы — 9%, нашчадкі еўрапейцаў — 15%, інш. — 1%. Вернікі пераважна католікі (89,7%). Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 50,4 чал. на 1 км², найб. (да 500 чал. на 1 км²) — у міжгорных катлавінах Цэнтр. і Паўд. М. У гарадах жыве 74% (1998), у т. л. ў буйных гарадах (больш за 700 тыс. ж. у кожным) — 33%. Характэрная рыса — гіпертрафіраванае развіццё сталічнай і некалькіх інш. агламерацый (млн. ж., 1995): Мехіка — 20,2, Гвадалахара — 3,43, Мантэрэй — 1,1, Пуэбла — 1, Леон — 0,9, Сьюдад-Хуарэс — 0,8. У сельскай гаспадарцы занята 28% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 24%, у сферы паслуг — 48%.

Гісторыя. Чалавек на тэр. М. пачаў рассяляцца каля 20—15 тыс. г. да н.э. З 8-га тыс. да н.э. пачаўся пераход ад палявання і збіральніцтва да земляробства. Аснову харчавання народаў Цэнтр. Амерыкі ў 8—2-м тыс. да н.э. складалі зерне злакаў, бабовыя, кабачкі і гарбузы. Адной з найстаражытнейшых у Амерыцы (на тэр. сучасных мекс. штатаў Табаска і Веракрус) была цывілізацыя альмекаў, росквіт якой адносіцца да 1500—600 да н.э. Многія вучоныя лічаць, што альмекская цывілізацыя стала крыніцай, з якой наступныя цэнтр.-амер. цывілізацыі запазычылі элементы вераванняў, традыцый і архітэктуры. У 1-м тыс. н.э. важным культ., адм. і эканам. цэнтрам Цэнтр. Амерыкі быў г. Тэатыўакан у цэнтры М. У сярэдзіне 7 ст. ён быў разбураны ў выніку заваявання або прыроднай катастрофы. Каля 500 н.э. на тэр. сучаснага штата Аахака ўзнікла цывілізацыя плямён сапатэкаў. Фрагменты створанай імі іерагліфічнай пісьменнасці захаваліся на руінах храмаў і дамоў іх сталіцы. На мяжы 1-га тыс. да н.э. і 1-га тыс. н.э. на тэр. паўд. М., Гватэмалы, Гандураса і Беліза склалася унікальная цывілізацыя плямён майя, росквіт якой прыпадаў на 250—900 н.э. Па нявысветленых прычынах каля 900 асн. цэнтры майя абязлюдзелі і ч. насельніцтва перасялілася на п-аў Юкатан, дзе культура майя развівалася да заваявання М. іспанцамі ў 16 ст. У 8—9 ст. н.э. ў цэнтр. М. склалася дзяржава тальтэкаў. У 10 ст. яны праніклі на Юкатан і ў горную Гватэмалу, дзе падначалілі асобныя групы майя. У 2-й пал. 12 ст. нашэсце. з Пн ваяўнічых плямён, сярод якіх былі і ацтэкі, паклала канец панаванню тальтэкаў у М. У 1325 ацтэкі заснавалі ў цэнтр. М. г. Тэначтытлан. У пач. 16 ст. іх імперыя ахоплівала тэр. плошчай каля 200 тыс. км² з нас. 5—6 млн. чал., але была нетрывалай.

У 1517 ісп. канкістадоры пад кіраўніцтвам Ф.​Кордавы дасягнулі мекс. ўзбярэжжа ў раёне Юкатана, але ў сутычцы з майя панеслі значныя страты. У 1519 губернатар Кубы Д.​Веласкес накіраваў для заваявання М. атрад Э.Картэса. Ацтэкі на чале з Куаўтэмакам упарта супраціўляліся, аднак іспанцы пры дапамозе паўстаўшых супраць ацтэкаў плямён пасля 3-месячнай аблогі 15.8.1521 захапілі і разбурылі Тэначтытлан, на яго месцы заснавалі горад Мехіка, які стаў адм. цэнтрам віцэ-каралеўства Новая Іспанія. Да канца 16 ст. іспанцы ў асн. завяршылі заваяванне М. Каталіцкія місіянеры, што прыйшлі разам з канкістадорамі. распачалі хрысціянізацыю індзейцаў. Большасць карэннага насельніцтва была пазбаўлена амаль усіх сваіх зямель і апынулася ў поўнай залежнасці ад калан. улад, землеўладальнікаў-іспанцаў і каталіцкай царквы. Індзейцы адбывалі працоўную павіннасць і плацілі падушны падатак, былі прымацаваны да буйных маёнткаў — асьендаў і з цягам часу ператварыліся ў спадчынных даўгавых нявольнікаў — пеонаў. У сувязі з недахопам рабочых рук, выкліканым вял. смяротнасцю сярод індзейцаў з-за эпідэмій і жорсткага абыходжання іспанцаў, у М. пачалі ўвозіць неграў-нявольнікаў з Афрыкі. Адбывалася змяшэнне еўрап., індзейскага, афр. насельніцтва і ўтварэнне новых этн, груп — метысаў, мулатаў, самба. Вышэйшыя адм., ваен. і царк. пасады займалі прывілеяваныя вярхі, што складаліся з ураджэнцаў метраполіі. Яны валодалі найб. маёнткамі і руднікамі і ўціскалі правы карэннага насельніцтва М. Метраполія вывозіла з М.-калоніі ўсё неабходнае і ўвозіла туды свае тавары па завышаных цэнах, што выклікала незадаволенасць мясц. насельніцтва каланіяльным рэжымам. Буйныя антыкалан. паўстанні адбыліся ў 1624 і 1692 у Мехіка, у 1660 у Аахаке, у 1761 на Юкатане, у 1762 у Мічаакане. У пач. 19 ст. незадаволенасць насельніцтва вылілася ў моцны вызв. рух, які стаў часткай вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. Штуршком да пачатку рэв. падзей у М. сталі ісп. рэвалюцыя 1808—14, антыісп. паўстанні, што выбухнулі ў крас. 1810 у паўд.-амер. калоніях Венесуэла, Новая Гранада і Ла-Плата. Нар. паўстанне ў М., якое пачалося 16.9.1810 у с. Далорэс на чале з М.Ідальга, хутка набыло агульнанац. характар. Ідальга заклікаў да скасавання нявольніцтва, расавай дыскрымінацыі і феад. павіннасцей, патрабаваў вяртання індзейцам адабраных зямель. Большасць крэолаў (патомкі еўрап. пасяленцаў, што нарадзіліся ў М.) стала на баку ісп. улад, таму ў студз. 1811 рэв. армія была разбіта, Ідальга ўзяты ў палон і расстраляны. На чале вызв. барацьбы стаў Х.М.Марэлас. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы захапілі значную ч. тэр. М., у т. л. г. Акапулька. У вер. 1813 Нац. кангрэс, скліканы ў Чыльпансінга па ініцыятыве Марэласа, прыняў дэкларацыю аб незалежнасці М. Аднак у канцы 1815 іспанцы разграмілі асн. сілы паўстанцаў і пакаралі смерцю Марэласа. Пачалася зацяжная партыз. вайна. Ініцыятыву ў вызв. руху перахапілі буйныя землеўладальнікі, купцы і вышэйшае духавенства на чале з ген. А.​Ітурбідэ, армія якога заняла Мехіка. 28.9.1821 абвешчана незалежнасць М. У маі 1822 Ітурбідэ абвясціў сябе імператарам пад імем Аўгусціна I, але ў сак. 1823 прыхільнікі рэсп. ладу адхілілі яго ад улады. 4.10.1824 прынята канстытуцыя, што ўстанавіла ў М. рэспубліку. 1825—55 характарызаваліся жорсткай барацьбой за ўладу паміж рознымі паліт. і ваен. групоўкамі. У 1834 у краіне ўсталявалася дыктатура А.​Санта-Аны, які афіцыйна быў прэзідэнтам у 1833—35, 1841—44, 1846—47, 1853—55. Унутрыпаліт. нестабільнасць у М. выкарысталі суседнія дзяржавы. У 1845 ЗША анексіравалі Тэхас, у 1846 пачалі амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 і нанеслі М. паражэнне. Паводле Гуадалупе-Ідальга мірнага дагавора 1848 М. страціла больш за палавіну сваёй тэр. (вобласці Верхняя Каліфорнія, Арызона і інш.). У ліп. 1854 супраць дыктатуры Санта-Аны пачалося паўстанне, якое перарасло ў рэвалюцыю. У 1855 дыктатар скінуты і да ўлады прыйшлі лібералы, што прынялі шэраг антыклерыкальных законаў і новую канстытуцыю (1857). У адказ кансерватыўна-клерыкальныя колы ўзнялі мяцеж і скінулі ліберальны ўрад І.​Каманфорта. У абарону канстытуцыі выступілі лібералы на чале з часовым прэзідэнтам рэспублікі Б.Хуарэсам Гарсія. У ліп. 1859 урад Хуарэса Гарсія выдаў «законы аб рэформе», якія прадугледжвалі нацыяналізацыю царк. маёмасці. аддзяленне царквы ад дзяржавы, увядзенне грамадз. шлюбу.

У 1860 лібералы перамаглі ў працяглай грамадз. вайне. У 1861 Францыя, Вялікабрытанія і Іспанія, каб абараніць свае інвестыцыі, пачалі інтэрвенцыю ў М. (гл. Мексіканская экспедыцыя 1861—67). У крас. 1864, пры дапамозе франц. акупантаў, марыянетачная асамблея абвясціла М. імперыяй на чале з франц. стаўленікам Максімілянам I Габсбургам. Аднак у выніку барацьбы мекс. патрыётаў на чале з Хуарэсам Гарсія (прэзідэнт у 1861—72), якую падтрымалі ЗША, франц. войскі ў 1867 былі выведзены і ліквідавана марыянетачная імперыя; Максімілян I быў узяты ў палон і расстраляны. З 1876 у М. ўсталявалася дыктатура ген. П.Дыяса (прэзідэнт у 1877—80, 1884—1911), пры якой фактычна былі скасаваны канстытуцыйныя свабоды, пазбаўлены паліт. ўплыву Нац. кангрэс, латыфундысты масава экспрапрыіравалі сял. землі, узмацнілася пранікненне іншаземнага капіталу ў эканоміку краіны.

Незадаволенасць дыктатарскім рэжымам усіх слаёў насельніцтва прывяла да мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. Яе важнейшым вынікам стала прыняцце 31.1.1917 новай канстытуцыі, якая прадвызначыла дэмакр. развіццё М. і зрабіла вялізны ўплыў на ўсю Лац. Амерыку. У перыяд прэзідэнцтва В.​Карансы (1917—20) паліт. становішча ў М. вызначалася нестабільнасцю. Наступныя ўрады А.​Абрэгона (1920—24) і П.​Кальеса (1924—28) пачалі правядзенне агр. і адукац. рэформ, абмежавалі пазіцыі іншаземнага капіталу ў нафтавай прам-сці. Ажыццяўленне ж антыклерыкальных рэформ выклікала паўстанне т.зв. крыстэрасаў, падтрыманае кансерватыўнай апазіцыяй. З канца 1920-х г. выявіўся паварот управа мекс. урадаў (4 за 1928—34). Узмацненне левага крыла правячай Нац.-рэв. партыі (створана ў 1929, у 1938—46 наз. Партыяй мекс. рэвалюцыі, з 1946 — Інстытуцыйна-рэв. партыя) спрыяла прыходу да ўлады ген. Л.​Кардэнаса (прэзідэнт у 1934—40), які паспяхова працягваў агр., адукац. і сац. рэформы; у 1937 часткова нацыяналізаваны чыгункі. у 1938 — прадпрыемствы амер. і брыт. нафтавых кампаній. Урад прэзідэнта А.​Камача (1940—46) абвясціў 22.5.1942 вайну фаш. Германіі і яе саюзнікам. У 1940—80-я г. ўрады прэзідэнтаў М.​Алемана (1946—52), А.​Руіса Картынеса (1952—58), А.​Лопеса Матэаса (1958—64), Г.​Дыяса Ордаса (1964—70), Л.​Эчэверыі (1970—76), Х.Лопеса Партыльё (1976—82), М. дэла Мадрыд Уртада (1982—88) праводзілі палітыку, накіраваную на ўзмацненне пазіцый нац. прадпрымальніцтва ўнутры краіны і на міжнар. арэне, ажыццяўлялі сац.-эканам. рэформы. Дзяржава актыўна ўмешвалася ў эканам. жыццё і пашырала дзярж. сектар эканомікі. Аднак працягвалася ўзбагачэнне заможных слаёў насельніцтва, а ўзровень жыцця сярэдніх і ніжэйшых слаёў зніжаўся. Незадаволенасць нар. мас прымушала ўрад праводзіць палітыку сац. манеўравання (стварэнне Кангрэса працы Ў 1966, новы закон аб агр. рэформе 1971, закон аб сац. забеспячэнні 1972, пашырэнне правоў паліт. партый у 1977 і інш.). На мяжы 1990-х г. М. перажывала востры эканам. і сац. крызіс. Прэзідэнт К.​Салінас дэ Гартары (1990—94) абвясціў курс на правядзенне неаліберальных рэформ (шырокая прыватызацыя дзярж. уласнасці, лібералізацыя знешняга гандлю і інш.). Іх ажыццяўленне толькі ўзмацніла сац. праблемы ў краіне. У 1994—96 адбывалася паўстанне індзейцаў у штаце Ч’япас, арганізаванае Сапацісцкай арміяй нац. вызвалення. Урад прэзідэнта Э.​Седыльё Понсе дэ Леона (выбраны 1.12.1994) ажыццяўляе канцэпцыю мадэрнізацыі — комплекс паліт. і сац.эканам. рэформ, накіраваных на дэцэнтралізацыю дзярж. кіравання, скарачэнне нерэнтабельнага дзярж. сектара, узмацненне адкрытасці эканомікі і прадпрымальніцкай дзейнасці. У лют. 1996 падпісана мірнае пагадненне з сапацістамі аб канстытуцыйных папраўках, згодна з якімі карэннае насельніцтва атрымае адэкватнае прадстаўніцтва ў парламенце. З ліп. 1997 правячая Інстытуцыйна-рэв. партыя не мае большасці ў парламенце. М. праводзіць актыўную знешнюю палітыку, выступае за рэарганізацыю ААН у новых умовах, абсалютнае вяршэнства права ў міжнар. справах, неўмяшанне ва ўнутр. справы інш. краін, ядзернае і звычайнае раззбраенне, раўнапраўнае супрацоўніцтва дзяржаў. М. — член ААН (з 1945), Арганізацыі амер. дзяржаў (з 1948), Лацінаамер. эканам. сістэмы (з 1975), Паўн.-амер. асацыяцыі свабоднага гандлю (НАФТА, з 1994), інш. міжнар. арг-цый, адна з заснавальніц Еўрап. банка рэканструкцыі і развіцця. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 14.1.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Інстытуцыйна-рэв. партыя, Партыя нац. дзеянне, Партыя дэмакр. рэвалюцыі, Сацыяліст. нар. партыя, Сапраўдная партыя мекс. рэвалюцыі і інш. Асн. прафс. аб’яднанні: Кангрэс працы, Канфедэрацыя працоўных М., Федэрацыя прафсаюзаў дзярж. служачых і інш.

Гаспадарка. М. — індустрыяльна-агр. краіна, адна за найб. развітых краін Лац. Амерыкі са шматгаліновай гаспадаркай і багатай мінеральна-сыравіннай базай. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. каля 8,1 тыс. долараў. 26% яго ўтвараецца ў прам-сці, 8% — у сельскай гаспадарцы, 67% — у сферы паслуг. З сярэдзіны 1990-х г. у краіну адкрыты свабодны доступ замежнага капіталу, з 1994 М. — член НАФТА (Паўночнаамерыканскай асацыяцыі свабоднага гандлю, уключае М., ЗША, Канаду). У прамысловасці гал. галіны — горназдабыўная, нафтавая і нафтахім., металургічная, буд., тэкст., харчовая. Характэрна высокая канцэнтрацыя ў сталічнай агламерацыі і некалькіх буйных прамысл. цэнтрах (Мантэрэй, Гвадалахара). У горназдабыўной прам-сці вядучая роля належыць нафтагазавай галіне з высокай ступенню канцэнтрацыі і захаваннем пазіцый дзярж. нафтавай карпарацыі «Пемекс». Па здабычы нафты (163 млн. т, 1996) займае 1-е месца, па здабычы прыроднага (у асн, спадарожнага) газу (каля 30 млрд. м³ штогод) — адно з першых месцаў у Лац. Амерыцы. Найбуйнейшыя радовішчы ў штатах Ч’япас, Табаска, на шэльфе Мексіканскага заліва. Здабываецца каля 11 млн. т каменнага вугалю (штат Кааўіла), каля 10,6 млн. т жал. руды (штат Дуранга). Здабыча руд каляровых металаў (сканцэнтраваны на Пн) мае сусв. значэнне. Вытв-сць (тыс. т, 1996): свінцу — 180, цынку — 355, медзі — 202, серабра — 2,3, вальфраму — 190. Экспартнае значэнне мае здабыча самароднай серы (1,7 млн. т, 1996), плавікавага шпату, сурмы, графіту, ртуці, вісмуту, кадмію. Вытв-сць электраэнергіі 154,4 млрд. кВтгадз (1996). Больш за 50% электраэнергіі даюць ЦЭС, ёсць буйныя ГЭС на рэках Грыхальва і Бальсас, працуюць геатэрмальныя і сонечныя электрастанцыі, АЭС. Чорная металургія выпускае 12 млн. т сталі; камбінат у г. Ласара-Кардэнас (штат Мічаакан), 2 з-ды поўнага цыкла ў штаце Нуэва-Леон. Каля палавіны здабытай нафты перапрацоўваюць некалькі дзесяткаў нафтаперапр. з-даў (агульная магутнасць 76 млн. т). Вядучыя пазіцыі займаюць хім. (базіруецца на перапрацоўцы нафтагазавай сыравіны) і машынабуд. галіны прам-сці. М. — буйны вытворца і экспарцёр поліэтылену, метанолу, капралактаму. Выпускаецца каля 390 тыс. т хім. валокнаў (2,5% сусв. вытв-сці), развіта вытв-сць азотных (1,3 млн. т), фосфарных угнаенняў, сернай кіслаты, кальцыніраванай і каўстычнай соды, фармацэўтычнай прадукцыі. Гал. цэнтры хім. прам-сці — Мехіка, Ла-Кангрэхера, Каацакаалькас, Мінатытлан, Пахарытас. Машынабудаванне пастаўляе нафтавае абсталяванне, чыг. вагоны, электраматоры, трансфарматары, стальныя трубы, станкі, кавальска-прэсавае і тэкст. абсталяванне (Мехіка, Гвадалахара, Мантэрэй). Вылучаецца аўтамабілебудаванне (больш за 700 тыс. аўтамашын штогод) з буйнымі з-дамі замежных кампаній (Мехіка, Пуэбла, Талука, Сыодад-Саагун). Электронная прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па экспартнай перапрацоўцы паўфабрыкатаў з ЗША (Тыхуана, Мехікалі, Сьюдад-Хуарэс). Тэкст. прам-сць працуе на мясц. сыравіне. Буйны тэкст. раён — штат Пуэбла, вытв-сць баваўняных тканін у гарадах Матаморас і Сьюдад-Абрэгон, шаўковых і шарсцяных — у Мехіка, перапрацоўка хенекену на п-ве Юкатан. Вытв-сць разнастайных буд. матэрыялаў развіта ва ўсіх раёнах краіны. Вытв-сць цэменту — каля 20 млн. т (1997). Развіты галіны харч. прам-сці: мукамольная, вінаробная, цукровая, плодаагароднінакансервавая; саматужныя промыслы, у т. л. выраб керамікі, ручное ткацтва. Сельская гаспадарка характарызуецца высокім агратэхн. узроўнем (у М. быў пакладзены пачатак «зялёнай рэвалюцыі», выведзены высокаўраджайныя гатункі пшаніцы, кукурузы, сорга). С.-г. ўгоддзі займаюць 24,7 млн. га, арашаецца 6 млн. га. Характэрны канцэнтрацыя зямель у буйных жывёлагадоўчых гаспадарках на Пн, перавага дробных сял. гаспадарак у астатніх раёнах краіны. Асн. галіна — раслінаводства (дае больш за 60% кошту прадукцыі). Пад збожжавымі культурамі 10,3 млн. га. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (тыс. т, 1996): кукурузу — 16 187, пшаніцу — 3809, фасолю — 1276, бульбу — 1140, рыс — 454, сою — 239. Экспартныя культуры (тыс. т, 1996): цукр. трыснёг — 41 140, бавоўнік — 231, кава — 408, сізаль — 45, копра — 203. Грубавалакністая агава-хенекен вырошчваецца на п-ве Юкатан (90% сусв. збораў). Субтрапічнае і трапічнае пладаводства: цытрусавыя, у т. л. лімоны (950 тыс. т, 10,5% сусв. збору), бананы, манга, папайя, ананасы, вінаград. Вырошчванне ранняй агародніны на экспарт. Жывёлагадоўля мяснога кірунку выкарыстоўвае прыродныя пашы (74,5 млн. га). Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 30,2, свіней — 18, авечак — 6, коней — 6,2. Вакол вял. гарадоў — малочная жывёлагадоўля, прамысл. птушкагадоўля. Лясная гаспадарка і нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Марское рыбалоўства найб. развіта каля берагоў п-ва Каліфорнія. У 1996 вылаўлена 1260 тыс. т рыбы. У Мексіканскім зал. лоўля крэветак і вустрыц. Транспарт аўтамабільны, чыг., марскі. Аўтадарог 240 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 80 тыс. км, чыгунак — 26,5 тыс. км. Танаж марскога флоту больш за 1 млн. брута рэг. т. Гал. парты Веракрус, Тампіка, Каацакаалькас, Саліна-Крус, Гуаймас, Энсенеда. Развіты трубаправодны транспарт (даўж. 30 тыс. км), авіятранспарт (больш за 240 буйных аэрапортаў). У 1996 экспарт склаў 95,5 млрд. дол., імпарт — 88,5 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць машыны, абсталяванне і трансп. сродкі — 53,6%, мінер. сыравіна (пераважна нафта і нафтапрадукты) — 12%, с.-г. тавары і морапрадукты; у імпарце — машыны і абсталяванне — 39%, с.-г., спажывецкія тавары, паўфабрыкаты. Асн. гандл. партнёр — ЗША (80% экспарту, 75% імпарту), а таксама Канада, Японія, Германія. Развіты міжнар. турызм. У 1996 краіну наведала 21,6 млн. замежных турыстаў (пераважна з ЗША), даход ад турызму склаў 6,9 млрд. долараў. Турыстаў прывабліваюць стараж. помнікі культуры майя, ацтэкаў і інш. індзейскіх народаў, цудоўныя марскія курорты, унікальныя ландшафты, вял. гарады з арх. помнікамі каланіяльнага перыяду. Грашовая адзінка — песа.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (тэр. паліцыя). Агульная колькасць 189 тыс. чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву У сухап. войсках 130 тыс. чал., на ўзбраенні 720 бронетранспарцёраў, 280 баявых разведвальных машын, 1,5 тыс. мінамётаў, 118 буксіравальных гармат і інш. У ВПС 8 тыс. чал., 125 баявых самалётаў і 95 баявых верталётаў. У ВМС 37 тыс. чал., у т. л. 8,6 тыс. чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў, 22 дапаможныя судны і інш.; у марской авіяцыі 9 баявых самалётаў і 12 разведвальных верталётаў.

Ахова здароўя. Пераважае дзярж. сістэма мед. абслугоўвання; платная дапамога ў залежнасці ад даходаў сям’і. Плацежаздольная ч. насельніцтва карыстаецца паслугамі ўрачоў прыватнай практыкі. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70,4, жанчын 77,8 года. Смяротнасць 5 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1196 чал., урачамі — 1 на 613 чал. Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 2,1%. Дзіцячая смяротнасць 24 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. Сістэма адукацыі М. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—5 гадоў), пач. і сярэднюю школу, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Пач. школа 6-гадовая для дзяцей з 6-гадовага ўзросту. Больш за 30% пач. школ прыватныя. Сярэдняя агульнаадук. школа мае 2 ступені — 3-гадовую базавую (няпоўная сярэдняя адукацыя) і 3-гадовую «вышэйшую» з агульнаадук. або тэхн. ухілам. Выпускнікі сярэдняй школы (12—13 гадоў навучання) атрымліваюць званне бакалаўра, што дае перавагу пры паступленні ў ВНУ. Прафес. пач. адукацыю (с.-г., прамысл. і інш.) даюць цэнтры па падрыхтоўцы да працы, сярэднюю (3 гады навучання па гуманіт. або прыродазнаўчанавук. профілі) — т.зв. бачыльярата. У сістэме вышэйшай адукацыі М. больш за 200 навучальных устаноў, у т. л. 70 з універсітэцкім статусам. Сярод дзярж. ун-таў існуюць нац. і ун-ты штатаў. Вядучым з’яўляецца Мексіканскі нац. аўт. ун-т (з 1551) у Мехіка. Буйнейшыя ВНУ — ун-ты Гвадалахары (з 1792) і штата Веракрус (з 1944; размешчаны ў некалькіх гарадах штата). «Калехіо дэ Мехіка» — навуч. і навук. ўстанова ў галіне гуманіт. і грамадскіх навук (з 1940, складаецца з 6 цэнтраў), Нац. палітэхн. ін-т (з 1936) у Мехіка. Тэхнал. ін-т вышэйшых даследаванняў (з 1943; прыватны) у г. Мантэрэй. У Мехіка Нац. б-ка (з 1833), Нац. музеі антрапалогіі і гісторыі, Музей сучаснага мастацтва, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, Музей мекс. флоры і фауны. Навук. даследаванні праводзяцца ў н.-д. цэнтрах Мекс. нац. аўт. ун-та, НДІ ун-та Гвадалахары, у «Калехіо дэ Мехіка». галіновых н.-д. цэнтрах.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. больш за 2 тыс. перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «El Universal» («Універсальная», з 1916), «Excélsior» («Эксельсіёр», з 1917), «La Prensa» («Прэса», з 1928), «El National» («Нацыянальная», з 1929), «Novedades» («Навіны», з 1936), «El Dia» («Дзень», з 1962), «El Heraldo de México» («Веснік Мехіка», з 1965) і інш. Інфарм. агенцтвы: нац. Інфармасьёнес Мехіканас (Інфармекс, засн. ў 1960), урадавае Натысіяс Мехіканас (Натымекс, засн. ў 1968). Дзейнічаюць больш за 700 радыёстанцый (усе камерцыйныя), у т. л. «Нуклеа радыё міл» (з 1960), «Група асір», «Арганізасьён імпулсора дэ радыё» (абедзве з 1965). Тэлебачанне з 1950, больш за 100 тэлестанцый. Вядучыя тэлекампаніі «Імевісьён» (дзярж., з 1968), «Тэлевіса» (прыватная, з 1973). Радыёвяшчанне і тэлебачанне кантралюе ўрадавае Гал. ўпраўленне сувязі.

Літаратура. Да 16 ст. існавала на мовах карэннага насельніцтва (майя, ацтэкаў, науа). Пасля заваявання М. ісп. каланізатарамі (16 ст.) развіваецца на ісп. мове. Першыя творы на ісп. мове напісаны канкістадорамі: «Лісты каралям Іспаніі» (1519—26) Э.​Картэса, «Сапраўдная гісторыя канкісты Новай Іспаніі» (1568) Б.​Дыяса дэль Кастыльё. На грамадскую думку і станаўленне мекс. л-ры вызначальна паўплывала дзейнасць ісп. асветніка-гуманіста Б. дэ Лас Касаса. У пач. 17 ст. з’явіўся першы ўласна маст. твор М. — паэма «Веліч Мексікі» Б. дэ Бальбуэны. Вядучае месца ў л-ры заняла паэзія, якая развівалася ў традыцыях ісп. барока (творчасць Х.І. дэ ла Крус). У пач. 18 ст. ў паэзіі ўзмацніліся антыкалан. тэндэнцыі (творы Р.​Ландывара, Ф.​Клавіхера). У перыяд барацьбы за незалежнасць (1810—24) росквіту дасягнулі патрыят. публіцыстыка і паэзія рэв. класіцызму (А.​Кінтана Роа). У час антыісп. вайны апубл. першы нац. раман — «Перыкільё Сарніента» Х.​Х.​Фернандэса дэ Лісардзі (1816). Напісаны ў традыцыях сатыр. шахрайскага рамана, ён залажыў асновы жанру лац.-амер. рамана. Пасля абвяшчэння незалежнасці М. ідэйна-маст. кірункам стаў рамантызм (паэзія М.​Акуньі, Г.​Прыета, раманы В.​Рыва Паласіо). Гіст. прозе рамантыкаў (раманы «Хітрыкі д’ябла» М.​Пайна, «Астусія...» Л.​Інклана і інш.) уласціва бытапісальнасць, т.зв. кастумбрызм з элементамі рэаліст. аналізу нац. жыцця. Вядучым рамантыкам, адным з заснавальнікаў нац. самабытнай мекс. л-ры быў І.​М.​Альтамірана, які выступіў у абарону незалежнай ад еўрап. мекс. л-ры. На мяжы 19—20 ст. у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў і Парнаскую школу, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (М.​Х.​Атон, С.​Дыяс Мірон, М.​Гуцьерэс Нахера, А.​Нерва); у прозе ўзмацніліся пазіцыі рэалізму (раманы «Тамачык» Э.​Фрыяса, «Надзел» Х.​Лопеса Партыльё-і-Рохаса, «Санта» Ф.​Гамбоа). Прыкметнай з’явай у літ. жыцці М. стала стварэнне т.зв. рамана рэвалюцыі (М.Асуэла). Пісьменнікі гэтага кірунку (М.​Л.​Гусман, Г.​Лопес-і-Фуэнтэс, Х.​Р.​Рамера, Р.​Ф.​Муньёс, Н.​Кампабельё) звярталіся да адлюстравання жыцця і барацьбы працоўных у перадрэв. перыяд. Дакументальнасць, дынамізм характэрны для раманаў Х.​Мансісідора, п’ес Р.​Усіглі. 1-я пал. 20 ст. адзначана рэаліст. і авангардысцкімі пошукамі ва ўсіх літ. жанрах. Творчасць буйн. паэтаў Р.​Лопеса Велардэ, Э.​Гансалеса Мартынеса, К.​Пельісера адметная яркім лірызмам, імкненнем вобразна адлюстраваць асаблівасці духоўнага складу мексіканцаў. Ідэя нац. самавыяўлення і самавызначэння, адчувальная ў працах Х.​Васканселаса і А.​Рэеса, у поўнай ступені сцвердзіла сябе ў паэзіі А.Паса, які ўзбагаціў нац. лірыку маст. адкрыццямі. У 2-й пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашырыўся. У л-ру прыйшло новае пакаленне пісьменнікаў — «новая хваля» (С.​Пітоль і інш.), для якога характэрна рэзкае непрыняцце мекс. рэчаіснасці, зварот да ўнутр. свету чалавека. Развіваліся раман (А.​Яньес, Х.​Рульфа, К.Фуэнтэс, Р.​Кастэльянас), літ. крытыка (Х.​Л.​Мартынес, А.​Кастра Леаль, Э.​Карбальё), працягваюцца пошукі новых форм і стылявых сродкаў. На бел. мову вершы мекс. паэтаў перакладае К.​Шэрман.

Архітэктура. У старажытнасці на тэр. М. развіваліся культуры індзейскіх плямён альмекаў, тальтэкаў, сапатэкаў, майя, ацтэкаў. Ад 8 ст. да н.э. — 9 ст. н.э. захаваліся прыступкавыя піраміды, увянчаныя храмамі (Піраміда Сонца ў Тэатыўакане, храм у Тахіне, «Храм надпісаў» у Паленке), руіны палацаў, «абсерваторыі» і інш. У 10 — пач. 16 ст. развіваліся індзейскія гарады (Тальян, Тэначтытлан і інш.) з манум. вырашэннем храмавай, палацавай, абарончай архітэктуры. Пабудовы вызначаліся яскрава выражанай сімвалічнасцю, кансерватыўнасцю тыпаў і форм, перавагай вонкавых мас над неразвітой унутр. прасторай. З канца 16 ст. на месцы зруйнаваных індзейскіх будаваліся ісп. гарады з гал. плошчай у цэнтры і аднолькавымі жылымі кварталамі (Мехіка). Па-за межамі гарадоў узводзілі ўмацаваныя кляштары з дварамі і адкрытымі капэламі (Актопан, Ататанілька-эль-Грандэ). Архітэктура мела эклектычныя раманска-гатычныя рысы з дамінаваннем суровага абарончага пачатку. У палацавым і храмавым буд-ве пераважалі матывы ісп. рэнесансу: палац Эрнана Картэса ў Куэрнаваке (1530—33), саборы ў Мехіка (1563—67), Мерыдзе (1563—99) і інш. З 17 ст. будавалі ў стылі барока, які ў 18 ст. дасягнуў надзвычайнай пышнасці дэкору — т.зв. ультрабарока, якое спалучала ісп. арх. матывы з нар. дэкар. традыцыямі, прыўнесенымі індзейцамі. Склаліся рэгіянальныя арх. школы ў Мехіка (храм Сантысіма Трынідад, 1755—83), Пуэбла (касцёл Сан-Франсіска, 1767) і інш. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. як рэакцыя на ультрабарока развіваўся класіцызм (будынак Горнай школы Ла Мінерыя, 1797—1813, арх. М.​Тальса), які ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. выцеснены эклектызмам (Палац прыгожых мастацтваў у Мехіка, 1904—34). У 1920—30-х г. склалася школа функцыяналізму (Ін-т гігіены ў Мехіка, 1925—26, арх. Х.​Вільягран Гарсія). У 1940-х г. склалася самабытная нац. арх. школа, якая спалучае прынцыпы функцыяналізму і нац. традыцыі (арх. А.​Арай, К.​Ласа, М.​Пані, А.​Прыета, П.​Рамірэс Васкес, Э.​Яньес і інш.). Сярод найбуйнейшых пабудоў 1940—50-х г. комплекс Універсітэцкага гарадка ў Мехіка (арх. кіраўніцтва Ласа), які ўключае больш за 40 будынкаў. У сучаснай мекс. архітэктуры распрацоўваюцца утылітарныя тыпы будынкаў, развіваецца т. зв. эмацыянальная архітэктура (арх. М.​Гёрыц, Х.​О’Горман, Л.​Бараган і інш.).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. стараж. помнікі мастацтва індзейскіх плямён адносяцца да 15—10 ст. да н.э.: каменныя статуэткі, фігурны посуд і інш., якія вызначаліся багаццем і яркасцю форм, фальклорнымі матывамі. У арх. пабудовах былі пашыраны манум. статуі і рэльефы, якія спалучалі выяўл. і сімволіка-арнаментальныя кампазіцыі. З 16 ст. развіваліся пераважна манум. размалёўкі і скульптура ў стылі ісп. барока. Станковы жывапіс 16 — пач. 17 ст. прадстаўлены майстрамі сем’яў Эчаве і Хуарэс. У 1781 у Мехіка засн. Акадэмія Сан-Карлас. У 18 ст. пашырыўся жанр партрэта (Х. дэ Альсівар, М.​Кабрэра). У дэкар. мастацтве перапляталіся індзейскія і ісп. традыцыі (разьба на фасадах і рэтабла, кампазіцыі з каляровай кафлі, каваныя рашоткі). З канца 18 ст. мастацтва М. развівалася ў рэчышчы класіцызму (скульпт. М.​Тальса, Ф.​Э.​Трэсгерас). З сярэдзіны 19 ст. пашырылася сатыр. графіка (Х.​Г.​Пасада), склалася нац. школа пейзажу (Х.​М.​Веласка і інш.). У жанры партрэта працавалі Э.​Бустас, Х.​М.​Эстрада, у акад. Жывапісе — Х.​Кардэра, у скульптуры — М.​Нарэнья. Пашырыўся кірунак кастумбрызм. У 1922 па ініцыятыве Д.Сікейраса створаны «Рэвалюцыйны сіндыкат працаўнікоў тэхнікі і мастацтва», у які ўвайшлі найб. буйныя мастакі Х.К.Ароска, Д.Рывера і інш. У выяўл. мастацтве пераважала тэма мекс. рэвалюцыі 1910—17. У 1937 засн. «Майстэрня нар. графікі» (ініцыятар і кіраўнік Л.Мендэс). У 1940—70-я г. найб. дынамічна развіваліся манум. жывапіс (размалёўкі і мазаічныя рэльефы Ароска, Х.​Гансалеса Камарэны, Рыверы, Сікейраса, Х.​Чавеса Марада), гравюра і літаграфія (А.​Бельтран, А.​Гарсія Бустас, А.​Кінтэрас, Мендэс, П.​О’Хігінс). У галіне скульптуры працавалі Р.​Арэнас Бетанкур, К.​Брача, Г.​Руіс, у станковым жывапісе — Р.​Тамаё. Нар. дэкар. мастацтва захоўвае ісп. і індзейскія традыцыі: ткацтва з воўны, вышыўка, цісненне па скуры, пляценне з лісця пальмы і агавы, выраб керамічнага посуду, масак, драўляных лакавых прадметаў.

Музыка займала важнае месца ў жыцці стараж. насельніцтва М., у т. л. ацтэкаў. Іх песні разнастайныя: у гонар багоў, герояў і ваен. перамог, працоўныя, песні-заклінанні. Існавалі рытуальныя танцы. Сярод муз. інструментаў: барабаны, бразготкі, званочкі, марскія ракавіны з прасвідраванымі ў іх адтулінамі. а таксама флейты, драўляныя і касцяныя трубы і інш. У 20 ст. індзейская музыка захавалася ў некаторых штатах М. сярод нашчадкаў абарыгенаў. Апрача індзейскай развіваецца крэольская музыка. У нар. крэольскай музыцы найб. папулярныя песенна-танц. (сон, харабе, уапанга) і песенныя (кансьён, карыда) жанры. Традыц. муз. інструмент гітара. Тыповыя інстр. ансамблі мар’ячы (выконваюць нар. музыку, суправаджаюць спевы і танцы). Доўгі час практычна адзіным відам прафес. мастацтва была царк. музыка. З пач. 19 ст. ў Мехіка ставіліся італьян. оперы, наладжваліся публічныя канцэрты. У 1824 засн. філарманічнае т-ва, пры ім у 1866 — кансерваторыя, на базе якой у 1877 створана Нац. кансерваторыя. У сярэдзіне 19 ст. вылучыліся нац. кампазітары: С.​Паніягуа-і-Васкес (аўтар першай мекс. оперы «Каталіна Гіз», 1845), Р.​Кастра, А.​Артэга і інш. Рамант. традыцыі пач. 20 ст. ўвасоблены ў творах Х.​Ралона. Да нац. фальклору звярталіся М.М.Понсе, К.​Уісар. У галіне мікратонавай музыкі эксперыментаваў з канца 1920-х г. Х.​Карыльё. Вял. ўклад у развіццё муз. культуры М. зрабілі стваральнікі сучаснай кампазітарскай школы С.Рэвуэльтас і К.Чавес. Іх вучні — вядучыя мекс. кампазітары Д.​Аяла Перэс, Б.​Галінда Дымас, Х.​П.​Манкаё, С.​Кантрэрас і інш. Нац. кірунку ў творчасці прытрымліваюцца Л.​Сандзі, М.​Берналь Хіменес, К.​Хіменес Мабарак. У 1960-я г. выявіліся авангардысцкія тэндэнцыі, многія кампазітары эксперыментавалі ў галіне серыйнай, электроннай музыкі і інш. Сярод муз. дзеячаў дырыжор Л.​Эрэра дэ ла Фуэнтэ, скрыпач Г.​Шэрынг. У Мехіка працуюць: Нац. кансерваторыя, Вышэйшая муз. школа і сімф. аркестр пры Мексіканскім нац. аўтаномным ун-це, Нац. опера (з 1867), канцэртная зала Палаца прыгожых мастацтваў, Нац. сімф. аркестр (з 1948), Філарманічны аркестр (з 1978), Муз. дэпартамент Нац. ін-та прыгожых мастацтваў, муз. асацыяцыя імя Понсе, Т-ва мексіканскіх аўтараў і кампазітараў. Сімф. аркестры дзейнічаюць у шэрагу інш. гарадоў. Пашыраны вак.-інстр. ансамблі, якія выконваюць нар. музыку.

Тэатр. У аснове тэатр. мастацтва М. — індзейскія культавыя абрады. З 1597 у г. Мехіка існаваў т-р «Дом камедыі», дзе побач з рэліг. і алегарычнымі драмамі ставілі свецкія п’есы. У рэпертуары ранняга мекс. т-ра (16—17 ст.) — камедыі Лопэ дэ Вэгі, П.​Кальдэрона. Першыя вядомыя мекс. аўтары — манахі Ф.​Гансалес дэ Эслава і Х.​Перэс Рамірэс — пісалі рэліг. «выступленні» ў форме дыялогаў і маналогаў. На станаўленне мекс. т-ра паўплывалі драматургі Х.​Руіс дэ Аларкон-і-Мендоса, Х.І. дэ ла Крус. У 1670 у Мехіка адкрыты першы публічны т-р «Калісеа», у 1735 пабудаваны «Нуэва Калісеа», створаны пастаянныя т-ры ў Гвадалахары (1758), Веракрусе (1787) і інш. У 1823 адкрыты «Тэатра дэль паленке дэ лос гальёс» — першы т-р для народа. Ставіліся п’есы М.​Э.​Гарастысы, Ф.​Гамбоа, Х.​Х.​Гамбоа, М.​Даваласа, Х.​Х.​Руэды і інш. Сярод найб. вядомых акцёраў 19 ст. — М.​Маралес. Значную ролю ў актывізацыі тэатр. жыцця адыграла дзейнасць трупы (засн. 1917) пад кіраўніцтвам актрысы і рэж. В.​Фабрэгас, якая прапагандавала творы мекс. драматургаў. З канца 1920-х г. пачаўся рух за абнаўленне т-ра, узніклі эксперым. т-ры «Улісес», «Ар’ентасьён» (аматарскі), «Тэатра дэ аора» і інш. пры ўдзеле В.​М.​Дыеса Бараса, Х.​Вільяўрутыі, С.​Гарастысы, Р.​Усіглі, М.​Магдалена, С.​Нова. У 1946 у Мехіка засн. Нац. ін-т прыгожых мастацтваў, які арганізаваў Школу драм. мастацтва. Асн. кірункі ў развіцці сучаснага мекс. т-ра звязаны з эксперым. пошукамі, не выключаюць рысы кастумбрызму і сімвалізму. Сярод тэатр. дзеячаў: І.​Лопес Тарса, Д. дэль Рыо, Х.​Соле, Г.​Брача, І.​Рэтэс, Секі Сана; акцёры М.​Т.​Мантоя, А.​Гомес дэ ла Вэга, К.​Ансіра і інш. У Мехіка працуюць т-ры: «Хіменес Руэда», «Ідальга», «Хола», «Рэформа», «Інсурхентэс», Т-р для дзяцей і лялечны «Гіньёль», нар. т-р на адкрытым паветры.

Кіно. Кінавытворчасць у М. пачалася ў 1898 (запіс на кінастужку спектакля Х.​Сарыльі-і-Мараля «Дон Хуан Тэнорыо»). У 1910 пастаўлены першы ігравы фільм «Покліч смутку» (рэж. Ф. дэ Хесус Ара). У 1910—20-я г. здымаліся пераважна хранікальныя фільмы (рэпартажы С.​Таскана Барагана пра падзеі мекс. рэвалюцыі 1910—17). З 1930-х г. ствараліся меладрамы, муз. фільмы і камедыі з удзелам папулярных спевакоў. На развіццё мекс. кіно гэтага перыяду паўплывала творчасць рэж. С.​Эйзенштэйна і аператара Э.​Цісэ, якія ў 1931—32 знялі ў М. фільм «Хай жыве Мексіка!». Сярод рэжысёраў 1930—50-х г. Х.​Брача, К.​Вела, Р.​Гавальдон, А.​Галінда, Э.​Гомес Мурыэль, М.​Кантрэрас Торэс, К.​Навара, І.​Радрыгес, М.​Сакарыяс; акцёраў — П.​Армендарыс, Кантынфлас, Х.​Негрэтэ, Д. дэль Рыо і інш. Сусветную вядомасць атрымалі фільмы рэж. Э.​Фернандэса: «Марыя Кандэлярыя» (1944), «Жамчужына» (1947), «Рыо Эскандыда» (1943), «Сельская дзяўчына» (1949, у сав. пракаце «Мексіканская дзяўчына» і інш.). У 1946 засн. Кінаакадэмія. У 1950—60-я г. кінавытворчасць заняпала. Найб. значным дасягненнем гэтага перыяду сталі фільмы, якія здымаў у М. ісп. рэж. Л Буньюэль: «Забытыя» (1950), «Ён» (1953), «Назарын» (1958), «Анёл-знішчальнік» (1962), «Сімяон-стоўпнік» (1965) і інш. Сярод лепшых мекс. фільмаў «Карані» (рэж. Б.​Алазракі), «Мокрыя спіны» (рэж. Галінда, абодва 1955), «Тысок» (1956, рэж. Радрыгес), «Педра Парама» (1966, рэж. Вела), «Валянцін з Сьеры» (1967, рэж. Р.​Кардэна), «Эміліо Сапата» (1970), «Тыя гады» (1972), «Карцэр» (1974), «Каноа» (1975, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне, 1976), «Пакіянчыс» (1977; усе рэж. Ф.​Касальс) і інш. Найб. вядомыя дзеячы кіно: акцёры А. дэ Кардова, І.​Лопес Тарса, М.​Фелікс, аператар Г.​Фігероа і інш. У 1983 засн. Ін-т кінематаграфіі. За лепшыя работы ў кіно Кінаакадэмія штогод прысуджае прэмію «Арыэль».

Літ.:

Альперович М.С. Рождение мексиканского государства. М., 1979;

Мексика: Тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1983;

Очерки новой и новейшей истории Мексики, 1810—1945. М., 1960;

Паркс Г. История Мексики: Пер. с англ. М., 1949;

Культура Мексики. М., 1980;

Кутейщикова В.Н. Мексиканский роман. М., 1971;

Полевой В.М. Искусство стран Латинской Америки. М., 1967;

Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972;

Пичугин П.А. Мексиканская песня. М., 1977;

Музыка стран Латинской Америки. М., 1983.

І.​І.​Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.​Р.​Кошалева (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура), Л.​А.​Сівалобчык (музыка), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкар.-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Мексікі.
Да арт. Мексіка. Паўпустынны ландшафт на Мексіканскім нагор’і.
Да арт. Мексіка. Марская платформа для здабычы нафты ў Мексіканскім заліве.
Да арт. Мексіка. Старажытны сабор у г. Кампечэ.
Да арт. Мексіка. Пляж у г. Акапулька.
Да арт. Мексіка. Возера ў старажытным кратэры вулкана каля г. Пуэбла.
Да арт. Мексіка. Ландшафт на Мексіканскім нагор’і.
Да арт. Мексіка. Хрышчэнне ацтэкаў каталіцкімі місіянерамі.
Да арт. Мексіка. Расстрэл імператара Максіміляна I і генералаў Мехіі і Мірамона 19.6.1867. Карціна Э.​Манэ. 1867.
Да арт. Мексіка. «Храм надпісаў» у Паленке. 7—8 ст.
Да арт. Мексіка. Д.​Рывера. Гісторыя Мексікі. Размалёўка ў Нацыянальным палацы ў Мехіка, 1930—32.
Да арт. Мексіка. Д.​Сікейрас. Аўтапартрэт, вялікі палкоўнік. 1945.
Да арт. Мексіка. А.​Кінтэрас. Маці-індыянка з Мескіталя. 1957.

т. 10, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ісці́, іду, ідзеш, ідзе; ідзём, ідзяце, ідуць; пр. ішоў, ішла, ішло; заг. ідзі; незак.

1. Перамяшчацца, перасоўвацца ў прасторы:

а) Рухацца, ступаючы нагамі, робячы крокі (пра чалавека і жывёлу); крочыць. Аўсамі ішоў чалавек, выбіраючыся з лагчыны на ўзгорак да гасцінца. Чорны. Ляснымі дарогамі скрыта к чыгунцы ідуць партызаны. Колас. Насцярожана задзіралі галовы ласі, ідучы да вадапою. Кірэйчык. // (з акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар падобнага руху). Ужываецца ў значэнні: бегчы, імчацца, несціся і пад. Алені ішлі лёгкім трушком. Шамякін. Па дарозе ад Нёмана рыссю ідзе сувязны. Брыль;

б) Ехаць, плысці, ляцець (пра сродкі перамяшчэння). Машыны, танкі, артылерыя ішлі бесперапыннай плынню і ўсё ў адным напрамку — на захад. Шамякін. Ідуць калгасныя падводы, Дабро вязуць грузавікі. Колас. / З акалічнаснымі словамі, якія ўказваюць на характар, спосаб руху. Ісці на вёслах. Ісці на ўсіх парусах. // Адыходзіць, адпраўляцца ў пэўны момант, час. Экспрэс ідзе а дзесятай гадзіне вечара. // Ехаць, плысці, ляцець на якім‑н. са сродкаў перамяшчэння. На атамным ледаколе «Ленін» ішла экспедыцыя ў акіян.

в) Быць у дарозе, будучы адасланым куды‑н. (пра пісьмы, пасылкі, кантэйнеры і інш.). Кантэйнер ідзе чыгункай. □ Нарэшце пісьмо прыйшло: як выявілася, нейкія сто кіламетраў яно ішло пяць дзён. Шамякін. // Дамаўляцца, прыбываць адкуль‑н. куды‑н. Чай ідзе з Каўказа. □ Ходзіць вецер, Ловіць прыпах нафты, Што да нас з Татарыі ідзе. Калачынскі; г) Перамяшчацца масай, патокам, чарадой. Застаўся вецер ззаду дзесь, як хмара, следам пыл ідзе. Дубоўка. — Крыгі ідуць па Дзвіне — проста жах. Брыль. // Рухацца чарадой, касяком (пра рыбу і пад.). На бераг рыба ўся ідзе, аж возера шуміць-гудзе. Дубоўка.

2. у што, на што або з інф. Накіроўвацца, адпраўляцца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Ісці гуляць. Ісці ў госці. Ісці на выбары. Ісці ў ягады. □ [Сегень] варушыўся кожную раніцу пад вокнамі хат і заказваў — каму што рабіць, каму куды ісці. Чорны. // на каго, супроць каго. Выступаць у паход, нападаць. Калі нарадзіўся волат, не знаў ён ні хвілі спакою: Варожых дзяржаў чатырнаццаць ішлі на яго вайною. Куляшоў. // перан. Разм. Выступаць праціўнікам, пярэчыць. — Завошта нам было б забіваць адзін аднаго, завошта ісці брату на брата? Самуйлёнак.

3. перан. Прыступаць да якой‑н. службы, дзейнасці; уступаць куды‑н., рабіцца кім‑н. Ісці ў партызаны. Ісці ў армію. Ісці ў інстытут. □ Да таварышаў, якія ідуць у літаратуру, К. Чорны звяртаўся з горкаўскім папярэджаннем: работа літаратараў надзвычай цяжкая. Кудраўцаў. Стары настаўнік Ягор Ягоравіч, адпрацаваўшы ў школе год з пяцьдзесят, атрымаў персанальную пенсію і ішоў на адпачынак. Корбан.

4. перан. Рухацца, развівацца ў якім‑н. напрамку. Ісці да камунізма. □ Гады праходзілі. Краіна Ішла наўсцяж да перамог. Глебка. Так і прайшоў свой шлях Васіль Іванавіч ад камсамольца да сакратара абкома партыі. Ішоў са ступенькі на ступеньку. Лынькоў. // у што. Развівацца, расці пэўным чынам (пра расліны). Бульба ідзе ў націну. // Дзейнічаць, паводзіць сябе тым або іншым чынам. Ісці разам з калектывам. □ Працавала [Тамара] па 7 гадзін. Але крок у крок ішла з тымі, хто працаваў поўную змену. «Работніца і сялянка». // Разм. Мець якія‑н. вынікі, паказчыкі ў чым‑н. Вучань добра ідзе па ўсіх прадметах. □ Дзяўчына была энтузіястка, яна і ў вучобе ішла на сярэбраны медаль. Шамякін. // за кім-чым. Трымацца каго‑н.; наследаваць каму‑н., далучацца да чыіх‑н. думак, поглядаў. Мы мацнеем і расцём, бо за партыяй ідзём. Прыказка.

5. ад каго-чаго, з чаго. Выдзяляцца, выходзіць, расплывацца. Ад зямлі ідуць густыя пахі ляснога рэдкатраўя, мокрага ад расы і сырасці ляжалага лісця. Пташнікаў. Калі Лукаш ужо набліжаўся да вёскі, з навадворскіх комінаў ішоў дым. Кавалёў. // Распаўсюджвацца (пра гукі, святло і пад.). Зязюля лічыла некаму гады, і аж пошчак ішоў па лесе ад яе кукавання. Даніленка. Неба на ўсходзе гарэла, ясната ішла ад ружовай разлегласці на ім. Чорны. // З’яўляцца, выходзіць, вынікаць. Паэзія [Янкі Купалы] ішла ад думак і жаданняў народа. Івашын. // Выдзяляцца, цячы. Кроў ідзе з раны. Пот ідзе. // Паступаць, падавацца. Газ ідзе. Ток ідзе. Пара ідзе па грубцы. □ Хлапчук, што хацеў быць дарослым, корпаўся ў млыне, дзе ішла якраз яго мука. Брыль. // Раcпаўсюджвацца (пра чуткі, весткі і пад.). Ідуць весткі з усіх канцоў. □ Пра абухаўцаў ішла слава яшчэ з 1901 года. «Работніца і сялянка». На Беларусі Па вёсках ідуць пагалоскі — з’явіўся Кастусь Каліноўскі. Броўка.

6. Набліжацца, з’яўляцца адкуль‑н. У акружаным блакадай лагеры ўсе радуюцца: «Нашы ідуць!..» Якімовіч. З вісклівым крыкам: «Ідзе! Ідзе!..» пранесліся пад акном Мікітка з Валодзькам, ускочылі ў хату і паведамілі, што ідзе машына. Ракітны. // перан. Насоўвацца, надыходзіць, прыбліжацца. Ноч ідзе З маланкамі, Дажджамі. Хведаровіч. З яркім сонцам, З пукам красак Май да нас ідзе. Бядуля.

7. Разм. Знаходзіць збыт, пакупніка. Тавар не ідзе. // Прадавацца па той або іншай цане. Ісці за бясцэнак.

8. перан. Рэгулярна налічацца, адпускацца (пра якія‑н. сродкі). Ідуць працэнты. Ідзе пенсія. Ідуць працадні. Зарплата ідзе. □ — Вам цяпер ідуць грошы кожны месяц, жывяце вы, дай божа на ўсякага добрага... Чорны. Слімак быў вельмі задаволены сваёй камандзіроўкай: ішлі добрыя сутачныя. Лынькоў.

9. Рассцілацца, пралягаць; мець пэўны кірунак, цягнуцца. Лагчына ішла далёка, аж пад лес. Сюды цяпер з поля пасля дажджу сцякала вада. Пташнікаў. І аднастайнай чарадой Ішлі стракатыя палоскі, Як невясёлых думак рой. Глебка. // Цягнуцца, праходзіць дзе‑н. Дарога ішла лесам. □ — Праз Калхіду ішоў вялікі гандлёвы шлях з Грэцыі і Рыма ў краіны Бліжняга Усхода і ў Індыю. Самуйлёнак. // Адыходзіць, адгаліноўвацца ад чаго‑н. У сыпкім пяску Ад калодзежных зрубаў Ідуць вадавода Смалістыя трубы. Лужанін. // Праходзіць, працягвацца ў якім‑н. напрамку. Вуліца ідзе ўгару. На горцы — Арынская царква, могілкі. Дамашэвіч. Паз ішоў крыва і быў мясцінамі то зусім мелкі, го занадта глыбокі. Дуброўскі. // Займаць тое або іншае месца ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Я напішу, што ў класе Уперадзе іду, Што я ні ў якім разе Яго не падвяду. Гілевіч. За прасначкамі йшлі кампоты, Кісель з мядоваю сытою; Вячэру скончылі куццёю. Колас.

10. Дзейнічаць, працаваць (пра механізмы, машыны і пад.). Гадзіннік ідзе. □ Сцены карпусоў злёгку дрыжэлі, фабрыка ішла сваім поўным ходам. Лынькоў.

11. Капаць, цячы, ляцець (пра ападкі). Дождж ідзе. □ Узімку [на Вогненнай Зямлі] разам з дажджом часта ідзе і снег. Маўр.

12. Мінаць, працякаць, праходзіць у часе. Ішлі гады, дзеці іх раслі, жаніліся, выходзілі замуж — і хатка выцягвалася па вуліцы ў абодва бакі. Ракітны.

13. Цягнуцца, працягвацца. За акном павольна ішла ноч, роіліся зоры, і ападалі некаторыя з іх. Самуйлёнак. Жыццё ішло, поўнае чароўнасці і прыгажосці. Кавалёў. // каму. Быць у якім‑н. узросце. — Уладзіку трынаццаты год ідзе... Чорны.

14. Мець месца, адбывацца, праходзіць. Ідзе ўрок. Суд ідзе. У кватэры ідзе рамонт. □ На станцыі ішла ўжо выгрузка танкаў. Мележ. // Выконвацца, паказвацца, ставіцца (пра п’есу, спектакль і пад.). Ідзе новы кінафільм. // Быць прынятым да друку. Артыкул ідзе ў наступны нумар часопіса. // (звычайна з акалічнаснымі словамі). Адбывацца, быць у пэўным стане; удавацца, атрымлівацца. Справы ідуць добра. □ Мікалай распытваў Веру, як жывецца, як ідзе вучоба. Дамашэвіч.

15. Весці пачатак, паходзіць ад чаго‑н. Традыцыі гэтага змагання ідуць і з даўніх часоў, і з свежых яшчэ ў нашай памяці.. войнаў 1914–1920 гадоў. Чорны. // Лагічна развіваць думку ад агульнага да прыватнага або ад фактаў да абагульненняў. Ісці ад фактаў.

16. на што. Быць гатовым або схільным да чаго‑н., згаджацца на што‑н. Ісці на кампраміс.

17. у што, на што, пад што. Прызначацца, выкарыстоўвацца, ужывацца для чаго‑н. Перац ідзе ў страву як прыправа. Салома ідзе на подсціл жывёле. Дом ідзе пад знос. □ Іграюць пілы пільшчыкаў — На дошкі йдзе бярвенне. Купала. // Выдаткоўвацца, расходавацца, траціцца. На дарогу ідзе многа часу. □ Частка лякарстваў ішла на аказанне дапамогі насельніцтву. «Звязда».

18. каму-чаму. Падыходзіць, адпавядаць, пасаваць. Вясёласць гэтая неяк не ішла .. [шарманшчыкам], асабліва.. барабаншчыку. Чорны. // Быць да твару. [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару. Колас.

19. Разм. Надзявацца, узлазіць без цяжкасцей. Чаравік не ідзе на нагу. // у што. Свабодна ўваходзіць, ўлазіць. Нітка свабодна ідзе ў шаршатку. Цвік не ідзе ў сцяну.

20. (часта з адмоўем). Разм. Атрымлівацца, ладзіцца, спорыцца. Хацеў бы я пеці Аб сваёй бядзе, Дый мне сэрца ные, Песенька не йдзе. Купала. — Вось цвердзь! А-а-а... Даўней грыўню мог сагнуць пальцамі, а гэта не ідзе... Чорны.

21. за каго. Уступаць у шлюб, выходзіць замуж (пра жанчыну). Марылька ішла замуж за Няміру. Чорны.

22. чым, з чаго. Рабіць ход у гульні. Ісці канём. Ісці козырам. Ісці з туза.

23. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне, ужываецца ў значэнні: падпадаць пад што‑н. (што выражана назоўнікам). Ісці ў рамонт. Ісці ў чыстку.

24. (з прыназоўнікамі «на», «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае наступленне працэсу, стану, дзеяння, якое выражана назоўнікам. Ісці на змяншэнне (змяншацца). Ісці ў рост (расці, пачынаць расці). Ісці на лад (ладзіцца, наладжвацца). Ісці на спад. Ісці на пасадку. Ісці на ўступкі. Ісці ў наймы. □ Рыгорку няцяжка было ўгаварыць Данілу ісці ў сваты да Бары, даводзячы, што цяпер якраз самы зручны момант. Дуброўскі.

25. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае: пачынаць рабіць што‑н., пускацца ў што‑н. Ісці ў скокі.

26. аб кім-чым, пра каго-што. Весціся (пра гаворку, гутарку і пад.). Ішла гаворка пра ўраджай. □ Залескі быў хворы, і Яўген Лубян часова замяшчаў яго. Аб ім ішла і гутарка. Шамякін. Язэп прысеў на табурэтку каля стала, слухаючы, аб чым ідзе размова. Дуброўскі.

27. за каго, што. Разм. Аказвацца прыгодным, сыходзіць за што‑н., з’яўляцца добрай заменай чаго‑н. Чорны хлеб ідзе за пірог.

28. Разм. Расходавацца хутка, лёгка. — Чырвонец вазьмі!.. У горадзе ідуць грошы, як вада праз пальцы. Мыслівец.

•••

Галава ідзе кругам гл. галава.

Далей (ісці) некуды гл. некуды.

З торбай ісці — пачаць жабраваць, прасіць міласціну.

Ідзіце здаровы — развітальны выраз.

Ісці міма рук — не даставацца каму‑н.

Ісці на дно — а) цярпець няўдачу, паражэнне; б) маральна апускацца, занепадаць.

Ісці на павадку ў каго — быць у залежнасці ад каго‑н., ставіць свае дзеянні, паводзіны ў залежнасць ад каго‑н.

Ісці на свой хлеб — пачаць жыць самастойна, зарабляць сабе на жыццё.

Ісці насустрач каму-чаму — садзейнічаць, дапамагаць каму‑н., спачувальна адносіцца да каго‑, чаго‑н.

Ісці на той свет — паміраць.

Ісці на ўсё — скарыстоўваць любыя сродкі для дасягнення мэты.

Ісці пад вянец — вянчацца, уступаючы ў шлюб.

Ісці пад суд — прыцягвацца да судовай адказнасці.

Ісці па лініі найменшага супраціўлення — выбіраць найбольш лёгкі спосаб дзеянняў, ухіляючыся ад цяжкасцей, пазбягаючы перашкод.

Ісці прамой дарогай — жыць сумленна, дзейнічаць без хітрыкаў і падману для дасягнення чаго‑н.

Ісці рукою — добра весціся, гадавацца, пладзіцца.

Ісці сваёй дарогай — дзейнічаць самастойна, не паддаючыся чужому ўплыву.

Ісці супраць цячэння — дзейнічаць наперакор існуючым традыцыям, поглядам і пад.

Ісці ўгору (угару) — а) атрымаць павышэнне па службе, займець павагу, аўтарытэт і пад.; б) паспяхова развівацца.

Ісці ў дзела — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.

Ісці ў заклад — спрачацца на грошы або што‑н. іншае.

Ісці ў касе — касіць.

Ісці ў нагу з кім-чым — дзейнічаць, працаваць, развівацца нароўні з кім‑н., у адпаведнасці з кім‑, чым‑н.

Ісці прочкі — сыходзіць з дому, не ўжыўшыся з жонкай або мужам.

Ісці ўразрэз з чым — рэзка разыходзіцца з чым‑н., супярэчыць чаму‑н.

Ісці ў ход — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.

Кусок у горла не ідзе гл. кусок.

Мароз па скуры (па спіне) ідзе гл. мароз.

Не ідзе з галавы — пра тое, што турбуе, хвалюе ўвесь час.

Не ідзе (не лезе) у галаву — а) няма жадання або магчымасці рабіць што‑н., думаць пра што‑н.; б) не засвойваецца, не запамінаецца што‑н.

Не ідзе ў руку — не ладзіцца, не шанцуе.

Не ісці далей — спыніцца на чым‑н., абмежавацца чым‑н.

(Ні) ў (якое) параўнанне не ідзе з кім-чым — нельга параўноўваць з кім‑, чым‑н.

Ходырам ісці — тое, што і ходырам хадзіць (гл. хадзіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ла́паць1 ’хапаць, мацаць рукамі’, ’лавіць’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Бяльк., Мат. Гом., Жд. 1, Бес., Сл. паўн.-зах.; малар., Бел. хр. дыял.), ’кранаць’ (уздз., Жд. 2), лапа́ць ’аграбаць пчаліны рой’ (трак., Сл. паўн.-зах.). Укр. ла́пати, рус. лапать, польск. łapać, н.-луж. łapaś, в.-луж. łapać, чэш. lapati, lapat, славац. lapať, славен. lápati, макед. lapam (muvi), балг. ла́пам. Прасл. lapati — ітэратыў ад прасл. lapiti ’хапаць, схапіць, злавіць’, якое мае рухапераймальны пачатак — ад lap! (Бернекер, 690; Махэк₂, 320; Слаўскі, 4, 468, 473–474; Фасмер, 2, 459; Голуб-Копечны, 199; Брукнер, 306–307). Улашын (WuS, 2, 200) указвае на магчымасць утварэння ад лапа (гл.), што Бернекер (1, 690) аспрэчвае. Аб магчымасці больш позніх уплываў на пэўных моўных тэрыторыях гл. Дзендзялеўскі, Укр.-зах.-слов. парал., 32 і 83. Сюды ж лапа́нне ’хапанне, хватанне’, лапаніна ’хапанне з розных бакоў’, лапа́ны ’набыты несправядліва, хабарам’, лапаны́ ’хабар’, лапа́ная ’гульня ў карты’ (Нас.).

Ла́паць2, ла́пыць ’абутак з лыка’ (Шат., Яруш., Бяльк., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ла́пці (мн. л.) (Тарн., Сцяшк.; палес., КЭС), ла́пець (Янк. II), лапате́нь ’тс’ (Растарг.), ла́паць ’адсталы, некультурны чалавек’ (ТС), лапціва́ты ’тоўсты, агазны, падобны на лапаць чалавек’ (КЭС, лаг.), ’пляскаты, з шырокім пляскатым тварам’ (віл., Сл. паўн.-зах.), лапцікі ’вінная ягада’ (глус., КЭС), лапцікі ’абутак, плецены кручком з нітак’ (баранав., Сл. паўн.-зах.). Укр. лапоть ’лапаць’, ’акравак’, ’закаўраш’, рус. лапоть, лапти, лапотики, лапотки ’лапці’. Польск. łapeć, łapcie ’тс’ запазычана з бел. (Слаўскі, 4, 473), як і ўкр. лапоць (Грынчанка, 2, 344), чэш. lápte < рус. лапти (Махэк₂, 320) — усх.-слав. лексема, якая ўзнікла ў выніку семантычнага пераносу прасл. lapъtь ’кавалачак, акравак, палоска якога-небудзь матэрыялу’ < lapъ, да якога адносіцца і бел. лапік (гл.). Параўн. рус. лапоток ’акравак’, арханг. лапочиха ’тканая дарожка з нашытымі акраўкамі матэрыі’, а таксама серб.-харв. лапа̏т, ла̀пат ’кавалак, ануча’, ’кавалак зямлі, поле’, làpatak, ла̀паце ’унутранасці жывёлы’, лапчи̏на ’прымітыўныя боты’, балг. лапчини, лапчуни ’сялянскія дамашнія чуні з воўны’, лаптище ’вялікая чаравікі’, літ. lãpatas ’латка’, ’ануча’, lõpas, лат. laps ’лапік’, алб. lʼapë ’акравак, латка’, літ. lópyti, лат. lâpît ’латаць’, літ. lopùtė ’чуні з грубых нітак’, ст.-грэч. λώπη ’адзенне’, λοπός ’кара, лушпінне’ (Міклашыч, 160; Бернекер, 1, 691; Брукнер, 307; Младэнаў, 270; Скок, 2, 270). Буга (Rinkt., 1, 313), Фрэнкель (385–386), Вахрас (Наим., 121–124), Фасмер (2, 459) дапускаюць генетычную сувязь лексемы lapъtь з lapa, як і nogъtь з noga. Лаўчутэ (145) выводзіць лексему лапаць з нейкага літ. слова, якое генетычна звязана з літ. lõpyti ’латаць’. Сюды ж ашм. лапцю́х ’лапатнік’, ’апушчаны, занядбалы чалавек’, лід. лапцёўка ’матэрыял, якім падшывалі лапці’ (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лупі́ць1, лупі́ті, лупэ́тэ, лупы́ты ’знімаць лупіну, кару, лушчыць’, ’ачышчаць вараную бульбу’, ’абіраць’ (ТСБМ, Гарэц., Шпіл., Шат., Касп., Бяльк., Клім., Мат. Гом., Сцяшк., ТС, Выг., Вешт.), ’знімаць скуру з забітай жывёлы’ (Сл. ПЗБ), ’моцна біць, лупцаваць’ (ТСБМ, Жд. 1, Грыг., Бяльк., Нас., Растарг., Касп., Клім., Нар. Гом., Сл. ПЗБ), лупіць кожу (шкуру) ’сцябаць з лютасцю’ (Юрч. Фраз. 2), ’браць хабар, або вялікія працэнты’ (Нас.), ’хутка есці’, ’піць залпам’ (Нас.), ’моцна стукаць’, ’разрываць на часткі’, ’многа і прагна піць’, ’моцна ліць (пра дождж)’, ’забіраць апошняе’ (Сл. ПЗБ), ’драць’ (Яруш.), лупі́ць вочы ’пільна глядзець з шырока расплюшчанымі вачамі’ (ТСБМ, Нас.; Юрч. Фраз., 2), лупі́ць зубы ’скаліць зубы, смяяцца без прычыны’, ’гультаяваць’ (Ян.; паўн.-усх., КЭС; лельч., Нар. лекс.); лупі́цца ’лушчыцца’, ’абдзірацца’, ’аблазіць’ (ТСБМ, Анох., ТС), ’моцна крычаць’ (Шат.). Укр. лупи́ти, лупи́тися, рус. лупи́ть, лупи́ться, ст.-рус. лупить; польск. łupić, łupić się, н.-луж. łupiś, чэш. loupiti, мар. łúpit, славац. lúpiť, lupic, lúpiť sa, славен. lúpiti, lúpiti se; серб.-харв. lúpiti, lupȉti, лупити, љу́пити се; макед. лупам, лупам се, лупи, лупа, лупа се, балг. лупя, лупам, лупе, лу́пя се. Прасл. lupiti () ’знімаць верхнюю абалонку (лупіны) чаго-небудзь, здзіраць кару, скуру з жывёлы’, ’лушчыць’, ’адбіраць маёмасць, грабіць’, ’біць, стукаць, удараць, лупцаваць’ першапачаткова было ітэратывам (Слаўскі, 5, 327–333). Роднаснымі да яго з’яўляюцца: ap‑laupýti ’абабраць’, laupýti ’адломваць хлеб па кавалку’, ’лупіць, біць на кавалкі, крушыць; знімаць скуру’, ’рабаваць’, ’есці, грызці’, ’марнатравіць’, лат. làupît ’абдзіраць, грабіць’ і пачатковыя асноўныя літ. lùpti ’драць, лупіць, аднімаць гвалтам’, ’эксплуатаваць’, ’цяжка працаваць’, ’разворваць папар’, ’біць, хвастаць, сцябаць’, ’грэбсціся (аб курах)’, лат. lupt ’лушчыцца, адрывацца слаямі’, ст.-інд. lumpáti ’ломіць, псуе’; магчыма, сюды ст.-грэч. λύπη ’журба, смутак’, λύπρος ’варты жалю’, гоц. laufs, ст.-в.-ням. loub ’лістота’, ст.-в.-ням. louft ’кара, лыка’, ням. laufen, läufeln ’лузаць арэхі’. Агляд л-ры, апрача вышэйзгаданай, гл. у: Фасмер (2, 534–535); Скок (2, 331–332), які адрознівае lūpȉti ’лупіць, лушчыць’ і lȕpiti ’біць’, ’наесціся, напіцца’, ’трызніць’; Махэк₂ (344), які ў lupati/lupiti выдзяляе асноўнае значэнне ’выдаваць кароткія глухія гукі (тыпу гука П), якія атрымліваюцца, калі лупіць садавіну, гародніну, або калі што-небудзь трэскаецца, трашчыць’, далей ’біць’, ’хутка, прагна есці, піць’; Шустэр–Шэўц (11, 789) лічыць дзеясловы lupati/lupiti гукапераймальнымі з lup‑; Бязлай (2, 156–157) услед за большасцю этымолагаў сцвярджае, што нельга аддзяляць lupiti ’лупіць, лушчыць’ ад lupiti ’біць’, ’рабаваць’. Тое ж БЕР, 3, 519–521. Сюды ж лу́пнуць ’ударыць’ (Мікуц.).

Лупі́ць2 ’рваць (траву)’ (уздз., Жд. 1), ’касіць траву’ (светлаг., Мат. Гом.) — семантычнае запазычанне з літ. мовы (Чэкман, Baltistica, 8 (2), 150–151). У сувязі з гэтым параўн. лупі́ць1 ’драць’ (Яруш.) і літ. laupýti ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́нька1 ’медычная пасудзіна’ (гл. Нас.). Рус. ба́нка ’тс’. Лічыцца запазычаннем з польск. мовы (Брукнер, KZ, 45, 26; Кохман, Kontakty, 103, асабліва 48–49). Аргументы супраць (Бернекер, 43; Фасмер, 1, 121; Шанскі, 1, Б, 34) не пераконваюць. У польск. мове bańka засведчана значна раней, чым ва ўсх.-слав. мовах (Кохман, там жа). Польск. слова ад bania ’пузатая пасудзіна’ (значэнне ’пасудзіна’ ў слав. banʼa з’явілася ўпершыню, здаецца, у зах. славян, гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 292–293).

Ба́нька2 ’пасудзіна з вузкім горлам’ (Дразд., Вярэн.), ба́нка ’бляшанка для адстойвання смятаны’ (Сцяц.). Ст.-бел. банка (гл. Булыка, Запазыч.). Укр. ба́нька ’гліняная або шкляная вузкагорлая пасудзіна’, рус. ба́нка. Як і назва медычнай пасудзіны, запазычанне з польск. мовы (гл. банька1, там і літ-pa). Гл. яшчэ Трубачоў, Ремесл. терм., 289–293.

Ба́нька3 ’(цыліндрычнае) кольца, якім замацоўваецца каса на касільне’ (Шат., Касп., Нас., Бяльк., Янк. I, Янк. Мат., Юрч., Лысенка, ССП), таксама ба́нка (Лысенка, ССП), ба́начка, ба́нічка, ба́нечка (ДАБМ, 832). Далей сюды належыць ба́нька ’вялікае металічнае кольца (у дзвярах або сцяне); шпора’ (Гарэц.), ба́нька ’жалезная частка рэменя, пражка’ (Сакал., КЭС). Відавочна, усё да ба́нька1, 2 ’пасудзіна, бурбалка і г. д.’ (так ужо ў Даля). Развіццё значэнняў; ’штосьці круглае’ → ’(круглае, цыліндрычнае) кольца’, ’круглая пражка (пражка-кольца)’. Значэнне ’жалезнае кольца на касільне’ мае і рус. дыял. (заходняе) ба́нька.

Ба́нька4 ’расліна Nuphar luteum Sm., гарлачык жоўты’ (Бейл.). Ад банька ’пасудзіна’. Назва дадзена расліне па форме кветак. Параўн. яе рус. назву кубышка желтая, укр. глечики, кубишка, кувшинчик, збанок (Макавецкі, Sł. botan., 243). Іншыя бел. назвы: глечыкі, кушынкі, гарлачыкі, жбанкі (Кіс., 87–88).

Банька5 ’яма на сухім месцы, напоўненая вадой, дзе расце лотаць’ (Яшкін). Мабыць, метафара да банька ’пасудзіна’. У слав. і іншых мовах даволі частая з’ява, калі назвы рознага посуду ўжываюцца для абазначэння глыбокіх месц, ям, выбоін. Параўн. бел. бале́я (гл.), укр. казано́к, ми́ска, яндила́, яндола́, баде́ня (*bdьnь ’бодня’, гл. Балейкі, SSlav., 4, 399–400), славен. bédenj, čeběr (Безлай, SR, 5–7, 125, 141, 143). Гл. і геаграфічныя значэнні слав. слоў kadъlbъ, kazanъ, kotьlъ, krina, makotьra, lonьcь, bъdьnь (Талстой, Геогр.). Але, магчыма, звязана і з ба́ня2 (гл.).

Ба́нька6 ’бэлька’ (Шат., Янк. I). Значэнне слова развілося ў бел. мове (у суседніх мовах, здаецца, такой семантыкі няма) на аснове *banʼa, *banʼьka ’купал; скляпенне; столь’ (гл. баня1). Першапачатковае значэнне, відаць, было *’столевая бэлька’, *’бэлька скляпення’. Але можна ставіць пытанне аб паходжанні слова ад ба́нта, бант жэрдка, перакладзіна і да т. п.’ (гл.). Памяншальнае *бантка (> *банка) магло потым зазнаць уплыў (фанетычны!) слова ба́нька ’пасудзіна і да т. п.’ Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малача́й1 ’трава, пустазелле’ (Сцяшк.), ’малачай, Euphorbia helioscopia L.’ (віц., гом., мін., Кіс.; слуц., Лекс. і грам.; Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ), стаўбц. малатча́й (З нар. сл.), б.-каш. маладча́й (Мат. Гом.), малачня́к (браг., лоеў., хойн., Мат. Гом.), малача́к, ’тс’ (жлоб., Мат. Гом.; рэч., Нар. сл.), лельч. молочʼя́к ’тс’ (Нар. лекс., Жыв. сл.), малача́йнік ’тс’ (ТСБМ, Бяльк.), молочʼя́к ’малачай кіпарысы, Euphorbia cyparissias L.’ (стол., петрык., Бейл.). Укр. молочай, молочак, молочник, рус. волчье молоко, молочник, польск. mlecznik, mlecz (ostromlecz, wilcze mleko, wilczy mlecz, psimlecz, wilczomlecz), в.-луж. mlóčeń, mlóčenje, чэш. vlčí (zajačí, žabí, kaní, kozí, hadí, čertovo) mléko, mléč (žabí, hadí), славац. mliečnik, славен. mlȇčec, mléček, серб.-харв. млѐчика, млеча, mliječ, макед. млеч, балг. млечок ’малачай’. Да малако (гл.). Фармацыі з суфіксам ‑ай утвараюць бел.-укр. ізалексу. Усе вышэйпералічаныя слав. назвы звязваюцца з малаком у сувязі з тым, што расліна вылучае сок, падобны да малака, які мае востры, непрыемны смак, таму да назваў расліны дадаюцца азначэнні воўчы, сабачы, зайцаў, дʼяблаў і да т. п. (Махэк, Jména, 139). Аналагічна ў інш. мовах, параўн. ням. Wolfmilch.

Малача́й2, молоча́й ’адуванчык лекавы, Taraxacum officinale Web.’ (брэсц., гродз., мін., Кіс.; Бейл., ТС), молочʼяк ’тс’ (ТС). Укр. молочі́й, молочко́, моло́чник, моло́шник, рус. молоча́й ’тс’, польск. mlecz, в.-луж. mlóč, чэш. smetanka, усх.-чэш. mlíčí, славен. mlȇć, серб.-харв. мле́кача, макед. млечка. Усходнеславянскае. Да малача́й1 (гл.).

*Малача́й3, молочя́й ’лянок звычайны, Linaria vulgaris Mill.’ (Бейл.). Укр. молочі́й, моло́шничок, рус. тул. моло́чник. Бел.-укр. ізалекса. Да малача́й1 (гл.).

Малача́й4 жоўты ’падтыннік вялікі, Chelidonium majus L.’ (Дэмб. 1). Укр. молоча́й жовтий, молочник, молошник, рус. варон., ніжагар. молочай жёлтый ’тс’, польск. mlecz żółty, чэш. mlíč, hadí mlíč, hadí mlíčí, славац. psie mlieko, харв. žuta mličica, ням. Milchblume ’тс’. Да малача́й1.

Малача́й5 ’дзіцячая хвароба малочніца’ (Шат.). Бел. рэгіяналізм. Да малако (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 145). Гл. таксама малочніца.

Малача́й6 ’грузд перцавы, Lactarius piperatus’ (БелСЭ, 4; Сцяц.; карм., лельч., Мат. Гом.; уздз., Нар. словатв.), драг. молоче́й, кобр. молочі́йка (Жыв. сл.). Рус. калін. молоча́й ’гатунак капялюшных грыбоў’, польск. mleczaj ’грузд перцавы’, серб.-харв. млечница, славен. mlȇčec, балг. лютива млечница. Паўночнаславянскае. Да малако (гл.). Матывацыя: грыб выдзяляе сок, падобны да малака. Аналагічна ням. Milchpilz (= малочны грыб). Параўн. драг. малочны грыб ’грыб, які выдзяляе малакападобны сок’ (Жыв. сл.) і бел. млечнік ’грузд’.

*Малача́й7, мълъча́й ’рыбіна з малокамі’ (гарад., Нар. лекс.), ’семявая вадкасць рыб’ (паст., швянч., ігн., гродз., Сл. ПЗБ), чэрв. малача́йка ’тс’ (там жа), молоча́к ’сялёдка з малокамі’ (Бес.). Рус. анеж. молоче́й ’малокі рыб’, польск. mleczak. Бел.-рус. ізалекса. Да малако ’малокі’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ра ’тое, што створана фантазіяй’, ’жаданне, імкненне’, ’нешта нерэальнае, неіснуючае’ (ТСБМ, Др.-Падб.). Укр. мара ’сон, мара; мары’, польск. mara ’сон з марамі’, ’тое, што мроіцца ў сне’, ’тое, аб чым марыцца’. Бел.-укр.-польск. ізалекса. Узнікла ў выніку абстрагавання аднаго са значэнняў мара́1 — ’сон, тое, што здаецца’. Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 127), ст.-бел. мара ’соннае відовішча’ (пач. XVII ст.) запазычана са ст.-польск. mara.

Мара́1 ’прывід, страшыдла, нячыстая сіла, пачвара, здань, насланнё’ (Мал., Бес., Федар. 1, Багд., Яруш., Некр., Касп., Бяльк., Шат., ТС; слуц., мазыр., Сержп., Казкі; усх.-гом., паўн.-зах., КЭС; брэсц., пін., Нар. лекс.); ма́ра, марана ’тс’ (Клім., Др.-Падб.; Крывіч, 4; Нас., Растарг.), ’нешта брыдкае, неадчэпнае’ (Нікан.), ’нікчэмнасць’ (драг., Нар. лекс.); мара́ ’пагібель’ (Растарг.), ’прыгода, незразумелая перашкода’ (Нас.), ’чорная, страшэнная масіўная істота на кароткіх лапах, якой вельмі баяцца дзеці’, ’пудзіла з саломы, апранутае ў рыззё’ (Рам. 8), ’істота, якая давіць хлопцаў і дзяўчат у час іх сну’ (Кольб.), ’нячысцік, д’ябал’ (Ян.; нараўл., Мат. Гом.), стол. ’нягоднік, паганец’, драг. ’неахайная, непрычасаная жанчына’ (Нар. лекс.), ’жартаўнік, штукар’ (ТС), ма́рны ’дарэмны, бескарысны’ і дэрываты да яго (Нас., ТСБМ). Укр. мара́ ’прывід, здань’, ’нячысцік, які затуманьвае людзям розум, каб завесці іх у небяспечнае месца’, марний, марний ’дарэмны’; рус. ма́ра, мара́ ’прывід, мары, нячысцік, які дапрадае ноччу тое, што пакінута на ноч недапрадзеным, рве кудзелю і пражу’, кур. ’смерць’, ленінгр. ’неахайная жанчына’, урал., сіб. ’каханы’, ’дзяўчына’, рус. ц.-слав. мара ’страта свядомасці’; ст.-рус. мара ’зацямненне свядомасці’, ’забыццё’, ’сны’, ’насланнё’, ’прывід’. Польск. mara, marzydło ’прывід, цень нябожчыка, дух, страшыдла, вампір’; mara, mora ’начны дух, кашмар, які нападае на коней і сонных людзей’, ’начны матыль’, marzyć ’марыць’, marnować, marnotrawić ’марнатравіць’, marzanna ’саламянае чучала, якое сімвалізавала сонца’, н.- і в.-луж. marny ’марны’, в.-луж. marota ’капрыз, выдумка’, mara ’дух, прывід смерці’, чэш. marniti ’дарма траціць, марнатравіць’, mařiti ’псаваць, губіць, разбіваць (надзеі)’, чэш., славац. marný ’марны’, славац. mara ’хвароба’ slepa mara ’начны матыль’, mariť sa ’здавацца’, славен. márǝn ’марны’. Прасл. mara ’мары’, ’прывід, здань’ утворана ад асновы *ma‑ (гл. мані́ць) пры дапамозе суфікса ‑ra. (Бернекер, 2, 18; Фасмер, 2, 571; Брукнер, 322; Шустар-Шэўц, 12, 886; Голамб, Зб. Якабсону, 1, 779–780; Власт, Крывіч, 4, 1923, 30).

Мара́2 ’назола, дакучлівы’ (Нас., Шат.; Нар. лекс.). Да мара́1 (гл.). Насовіч (289), аднак, адносіць да мары́ць, якое ад прасл. mōra. Няма падстаў.

Мара́3 ’павольны’ (Нас.). Рус. калуж., арл. мара́ ’слабы чалавек малога росту’, сіб. ’няўклюда’. Паводле Насовіча (289), запазычана з лац. mora ’запаволенасць’. Сюды ж марава́ты ’спакойны, вялы гон па следу звера’ (Інстр. II). Параўн. рус. вяц. морова́ть ’рабіць што-небудзь паволі, спакваля’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пук1 ’выклічнік, што перадае стук, стрэл, лопанне ці гук падзення’ (“падение чего, особенно круглого”, Нас.; мсцісл., Нар. лекс.; Сержп.; Нік. Очерки; ЭШ), ’бух, бульк’: бобе́р пук у во́ду (ПСл), укр. пук, пу́ку, рус. пук (пераважна смаленскае), польск. puk, pąk, чэш., славац. puk, в.-луж., н.-луж. puk, славен. pok, серб.-харв. пук, балг., макед. пук. Старое гукаперайманне, параўн. Смаль-Стоцкі, Приміт. 170 (варыянты pukъ! puku!), роднаснае ням. pochen ’стукаць’ (Махэк₂, 406). Гл. пукаць1.

Пук2 ’выпукласць, пукатасць’: у пуку клепка выгінаецца (ТС), ’самая высокая, аддаленая частка, кропка чаго-небудзь’: пук неба (Нар. Гом.), ’самая сярэдзіна’: puk zimy (Варл.), ’выгіб пілы’ (ПСл), пук, мн. л. пуке́ ’выступы на падэшве нагі каля пальцаў’ (Сцяшк.), пука́ ’выпукласць ступні каля большага пальца’ (Дразд.); параўн. укр. дыял. пу́ка ’ўнутраны бок канца пальца’, рус. дыял. пук ’выпуклая сярэдняя частка бочкі’, пуки́ ’найбольш шырокія месцы ў ступні’. Утворана на базе прасл. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае, выпіраючае’, звязана з пу́чыць ’выступаць, выстаўляць, выпіраць’ (гл.).

Пук3 ’кветканоснае сцябло, стрэлка (цыбулі, шчаўя і інш. раслін)’ (пераважна паўн.-усх., ЛА, 2; Яўс., Варл., Сл. ПЗБ, Шатал., Янк. Мат., карэл., Жыв. сл.; Жд. 2), пу́чча ’тс’ (ЛА, 2; Ян.; Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’маладыя парасткі’ (брагін., Шатал.), ’аер’ (б.-каш., Мат. Гом.), пукі́ ’адросткі пер’яў пасля лінькі’ (брасл., Нар. словатв.; паст., ЛА, 1), сюды ж пучы́цца ’расці ў стрэлкі (аб цыбулі)’ (Яўс.), фраз. пайсці ў пук (пукі, пучча) ’ператварыцца ў пустацвет (пра расліны); іран. ’застацца ў дзеўках, не выйсці замуж’ (Сл. ПЗБ, Растарг.), пукава́тая ’якая пайшла ў пукі (пра моркву)’ (Жд. 1); рус. пуки́ ’шчаўе ў час цвіцення’, польск. pąk ’завязь кветкі’, чэш., славац. puk ’тс’. Прасл. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае’ звязваюць з пу́каць ’лопацца, раскрывацца’ гукапераймальнага паходжання, роднасным ням. pochen ’тс’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1189; Махэк₂, 406; параўн. Фасмер, 3, 403; Чарных, 2, 82; ЕСУМ, 4, 629.

Пук4 ’звязка; сноп; скрутак; ахапак’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., ЛА, 4; Варл., ТС, Ян., Яўс., Раст., Шат., Сл. ПЗБ, ПСл) ’галінкі, пасечаныя і звязаныя ў куль для паліва’ (Сцяц.), пучо́к ’ахапак звязаных дроў’ (стол., Сл. Брэс.), ’збітыя жэрдкі для прыціскання стога’ (мазыр., Шатал.); укр. пук ’звязка’, рус. пук ’звязка; паплавок з пучка травы; мяч з шэрсці, апука’, польск. pęk ’гронка, звязка’. Утворана на базе праслав. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае’ як вынік злучэння ў адно некалькіх аднародных прадметаў. Гл. папярэдняе слова.

Пук5 ’расліна дзягіль, Archangelica officinalis Hoffm.’ (Кіс.), укр. пук ’расліна гірча, Selinum carvifolia L.’, а таксама ’баршчэўнік, Heracleum sibiricum L.’ Хутчэй за ўсё, ад пук3 ’стрэлка, кветаноснае сцябло’, параўн. рус. дыял. пуки́ ’шчаўе ў час квецені’. Гл. таксама ЕСУМ, 4, 629.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смуга́, дыял. сму́га́ ‘дымка, туман’ (ТСБМ; смарг., воран., Сл. ПЗБ), ‘ціна’, ‘нізкае месца; гразкае балота’ (віл., смарг., карэліц., гродз., іўеў., Сл. ПЗБ), ‘нанос пасля таяння снегу’ (віл., ашм., лаг., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ‘туман’; ‘копаць ад тытуню ў цыбуку’ (Шат.), ‘чорная плесня’ (Касп.), ‘самагон’ (Жд. 2), сму́га ‘імгла, туман; раса, шкодная збожжу’ (Байк. і Некр.), ‘паласа туману’ (стол., Нар. лекс.), ‘цёмная або светлая палоска на небе, пахмурнасць’ (ТС), ‘брудны налёт, паласа пены на вадзе’ (Жыв. сл.), ‘рудая вада на балоце’ (ЛА, 2), ‘смутак’, ‘вяршкі’ (Мат. Гом.), ‘брудная паласа на адзенні, на целе’, ‘мокрая вузкая нізіна’ (ТС), ‘непраходнае балота’, ‘няўдобіца на балоце’ (палес., падрабязна гл. Талстой, Геогр., 192 і наст.), смуг ‘паласа’ (ТС), ‘стаячая вада, забруджаная тванню’ (Сцяшк.), ‘гразь на траве пасля раставання снегу’ (Шатал.), ‘вузкая палоска зямлі’ (слонім., З нар. сл.), ‘паласа сенажаці’ (Тур.), ‘багністая пратока’ (лельч., Нар. лекс.), смужа́віна, смуга́віна ‘палоска на небе; пахмурнасць’ (ТС), сму́жнік ‘зараслі маладога лесу’ (ТС), смужня́к ‘гразкае балота’ (люб., Сл. ПЗБ), ‘невялікі хваёвы лес, які расце астраўкамі на балоцістых месцах’ (ваўк., Сл. ПЗБ), смужэ́ ‘багна, балота’ (Сцяшк. Сл.); ст.-бел. смуга, смугъ ‘вузкая і доўгая паласа зямлі; цясніна’ (Ст.-бел. лексікон), укр. сму́га ‘рыса; штрых; паласа’, рус. паўд. сму́га ‘пляма (напр., ад праса) у выглядзе паласы’, польск. smug, smuga ‘паласа; паласа поля, луга’, дыял. ‘балота’, каш. smug ‘вузкі вільготны лужок’, ‘стаячая вада; невялікая сажалка’, в.-луж. smuha ‘паласа, лінія’, н.-луж. smuga ‘тс’, чэш. šmouha ‘брудная паласа’, дыял. smuha ‘сухая паша’, ‘тс’, славац. smuha, šmuha ‘прадаўгаватая пляма’, славен. smúga ‘лінія, паласа’, серб.-харв. сму́га ‘від глебы; рачны нанос’, балг. дыял. сму́га ‘сцежка, след праз сенажаць або поле’. Прасл. *smuga/*smugъ ‘паласа, штрых, лінія’, ‘цёмная паласа на светлым фоне’ (Борысь, Etymologie, 219) роднаснае лат. smaugs ‘тонкі, стройны’, літ. sùsmauga ‘звужэнне’, ст.-ісл. smuga ‘паглыбленне, пралаз’, с.-в.-ням. sich smougen ‘туліцца’; гл. Фасмер, 3, 693 з літ-рай. Махэк₂ (562) ставіць пытанне аб магчымым раздзяленні значэнняў ‘паласа, лінія’ і ‘чорная пляма, паласа, бруд’. Шустар-Шэўц (1324–1325) аб’ядноўвае гэтыя значэнні і адносіць да і.-е. базы *(s)meu̯gh‑ ‘курыць’, зыходным пунктам для спецыялізацыі значэнняў было б ‘паласа, лінія, пляма, якая ўзнікла пад уздзеяннем цяпла, сонечнага свету і г. д.’. Борысь (563) узводзіць таксама да і.-е. *(s)meu̯g​h, але без дэфініцыі першаснага значэння праславянскага слова. Тады сюды ж і сму́глы (гл.), рус. сму́глый, укр. сму́глий, якія Фасмер (там жа) следам за Покарным (971) аддзяляе ад *smuga. Бярнар (Бълг. изсл., 341–342) узводзіць да кораня і.-е. *smeug‑/*(s)meuk‑, прадстаўленага ў ст.-слав. смъкати сѧ, што ад мъкнѫти ‘цягнуць, валачы’. Гл. таксама шмыгаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыва́ць, трыва́ці ‘вытрымліваць, цярпліва пераносіць боль, непрыемнасць, цярпець’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., ТС, Сл. ПЗБ, Варл.; ашм., Стан.) ‘працягвацца пэўны час’ (ТСБМ, Вруб.), ‘доўга захоўваць прыдатнасць, трымацца’ (Нас., ТСБМ), ‘быць, існаваць, перабываць’ (Нас., Некр. і Байк.), трва́ць ‘перабываць, працягвацца; трымацца’ (Нас.), тырваць ‘цярпець’ (Бяльк.). Ст.-бел. трвати (з 1507 г.) запазычана са ст.-польск. trwać ‘быць, існаваць працяглы час, заставацца без змен’ (Булыка, Лекс. запазыч., 197), аднак адаптаваная форма търывати ‘быць, працягвацца’: сесь листъ нашъ маетъ търывати вѣчно и непорушно (ГСБМ, 34, 56), зафіксавана ў 1438 г., што, магчыма, сведчыць аб яе існаванні яшчэ да запазычанай формы адначасова са ст.-чэш. trvati, чэш. trvat, славац. trvať, н.-луж. trwaś, харв. дыял. trvat, што ўзыходзяць да прасл. *trъvati ‘трываць, цярпець’, якое ўжывалася побач з *trajati ‘працягвацца, цягнуцца’, ‘насіцца (пра адзенне)’, зафіксаванае ў формах: славен. trâjati ‘тс’, харв. trȁjati, серб. тра̏јати, макед. трае, балг. тра́я ‘трываць, цярпець’, ст.-чэш. tráti, traju ‘трываць, заставацца, вытрымліваць’, ‘жыць, існаваць’, в.-луж. trać, traju, н.-луж. traś, trajom ‘трываць’, і роднаснае ст.-інд. tárati ‘захоўвае, прыбірае, хавае’, ‘пераадольвае, перамагае’, trāyáte ‘ахоўвае, беражэ’, іран. *tarvaya < *trva‑, авест. taurvaya ‘пераадольваць ворагаў’ (Трубачоў, Этимология–1965, 58–61), ст.-грэч. τρανης, τρανώς ‘ясны, вызначаны’, ‘ясна’, лац. intrāre ‘ўвайсці’, хец. tarhzi ‘перамога’ < і.-е. *terh₂ ‘прайсці праз што-небудзь, пераступіць, перамагчы’ (Сной₂, 775–776). А праславянская форма *trъvati (< *trǔu̯‑a < trū‑ā‑) суадносіцца са ст.-інд. tū́rvati ‘перамагае’ — усе да і.-е. *ter‑/*trá‑/*teru ‘пераходзіць, пранікаць праз што-небудзь’ (Борысь, 646; Скок, 3, 488–489). Махэк₂ (655) мяркуе, што прасл. *tъvati з’яўляецца адыменным утварэннем ад прыметніка *trъvъ, які адпавядае ст.-інд. *dhruvá‑ ‘трывалы, пэўны, пастаянны’, лац. dūrus ‘цвёрды, непадатлівы’ і ням. dauern ‘працяглы’, ‘моцны’; гэтаксама Голуб-Ліер (491). Гл. таксама Брукнер, 578; ЕСУМ, 5, 635. Сюды ж шматлікія дэрываты: трыва́лы ‘які моцна не паддаецца разбурэнню, псаванню’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘моцны, дужы, здаровы’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 5), ‘вынослівы, цягавіты’ (Шат., Байк. і Некр., Гарэц., Варл.), ‘здольны многае вынесці, перажыць, стойкі, загартаваны’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Нас.), ‘які не мяняецца, надзейны, устойлівы’ (ТСБМ; шальч., Сл. ПЗБ), трыва́льшы ‘мацнейшы, дужэйшы’ (Ян.), трыву́шчы(й) ‘вынослівы, жывучы’ (Сцяшк., Сл. Брэс.), трыва́л ‘пажыўны’: пры хлебе й квас трывал (Сержп. Прык.), трывалкі ‘тс’ (Гіл.), трыва́нне ‘цярпенне’ (Касп.), трыва́ласць ‘вынослівасць, цягавітасць’ (Байк. і Некр.), трыва́ючы ‘моцны’ (Нас.), трыва́льны ‘тс’ (навагр., іўеў., валож., ЛА, 5), трыва́ла ‘моцна’ (Ласт.), ст.-бел. трывалый, тривалый ‘сталы, надзейны’, трвалый ‘устойлівы’, ‘сытны, пажыўны (пра яду)’, трванье, трыванне ‘захаванне, працяг’ (ГСБМ). Параўн. рус. вытрывалый, гл. Анікін, РЭС, 9, 204.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)