умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст., заснаванага на выкарыстанні форм і элементаў кампазіцыі раманскага стылю. Зараджэнне Н.с. звязана з панаваннем у зах.-еўрап. архітэктуры і выяўл. мастацтве стылю мадэрн. Імкнучыся да манументальнасці, дойліды некрытычна выкарыстоўвалі кампактныя стэрэаметрычныя аб’ёмы (куб, паралелепіпед, прызма, цыліндр) і выразныя, часам дынамічна-асіметрычныя сілуэты пры ўзвядзенні культавых і грамадз. збудаванняў, стылізавалі іх пад творы сярэдневяковай архітэктуры. На Беларусі Н.с. часцей выяўляўся ў спалучэнні з элементамі несапраўднай готыкі. У сядзібным буд-ве выкарыстоўвалі аркатурныя паясы і контрфорсы, высокія шчыты ў завяршэнні сцен. У культавай архітэктуры былі пашыраны 3-нефавыя базілікі, гал. фасады якіх фланкіравалі ярусныя вежы, завершаныя шатрамі. Збудаванні характарызаваліся шматграннасцю аб’ёмаў, выкарыстаннем адкрытага муру, цыліндрычных і крыжовых скляпенняў, купалаў, аздабленнем аркатурай галерэй, аконных і дзвярных праёмаў.
А.М.Кулагін.
Да арт.Неараманскі стыль. Касцёл у вёсцы Слабодка Браслаўскага раёна Віцебскай вобл. 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ ДУ́МКА»,
грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася штотыднёва з 8.6 да 11.7.1920 у Вільні на бел. мове. Рэдактар Г.Багдановіч, выдавец У.Знамяроўскі. Мела рубрыкі «На белым свеце» і «Хроніка». Значную ўвагу аддавала праблеме будучага лёсу Беларусі (арт. «Сучасная вайна і Беларусь», «Не чакайце міру», «Ленін і Брусілаў»), зямельнаму пытанню (арт. «Беларускае сялянства і зямельнае пытанне», «Каму зямля?», «Зямельная рэформа на «Усходніх землях»). Выкрывала спробы акупац. адміністрацыі сфальсіфікаваць звесткі статыстыкі пра нац. склад насельніцтва бел. зямель (арт. «Мова статыстыкі»). Пісала пра арганізацыю нац. школы, спажывецкай кааперацыі. Змясціла артыкулы да 20-годдзя з дня смерці Ф.Багушэвіча, асобныя творы Я.Купалы, М.Гарэцкага, В.Лемеша, Г.Багдановіча, А.Пугі, інфармацыю пра святкаванне 15-годдзя творчай дзейнасці Я.Купалы, фарміраванне бел. войска і інш. З-за ваен. цэнзуры большасць матэрыялаў падпісана псеўданімамі і крыптанімамі. Выйшла 6 нумароў. Забаронена польскай вайсковай адміністрацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСВЯТА́ЙЛАЎ (Генадзь Аляксандравіч) (4.3.1939, г. Таганрог, Расія — 30.6.1999),
бел. сацыёлаг; заснавальнік бел. школы навуказнаўства. Д-р сацыялагічных н. (1991), канд.тэхн.н. (1970). Скончыў Мікалаеўскі караблебуд. ін-т (1962). З 1966 у Ін-це цепла- і масаабмену, Ін-це эканомікі, з 1990 у Ін-це сацыялогіі (заг. аддзела) Нац.АНБеларусі. Навук. працы па праблемах сацыялогіі навукі і адукацыі, трансфармацыі акад. навукі, інтэлектуальнай міграцыі. Распрацаваў комплексную праграму даследаванняў па сац. праблемах навук.-тэхн. палітыкі, каардынатар шэрагу міжнар. даследчых праектаў.
Тв.:
Наука и ее эффективность. Мн., 1979;
Интенсификация академической науки (в условиях союзных республик). Мн., 1986;
Научный потенциал республики. Мн., 1991 (у сааўт.);
Brain Drain in Belarus (разам з М.І.Арцюхіным) // Science Studies. 1995. № 1;
Научно-технические кадры: мобильность в условиях конверсии. Мн., 1998 (у сааўт.);
Compromised futures: the consequences of an aging research staff. East European Academies in Transition. Dordrecht etc., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯРЭ́ЎСКІ (Мікалай Лаўрэнцьевіч) (н. 31.3.1931, в. Бацюты Падляскага ваяв., Польшча),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1969). З 1963 працаваў на Івянецкай ф-цы маст. вырабаў, з 1966 у Бел.тэатр.-маст. ін-це, з 1969 на Мінскім маст. камбінаце. Працуе пераважна ў галіне маст. керамікі. Аўтар набору «Юбілейны» (1975), скульпт. кампазіцый «Спявачкі» (1978), «Лявоніха», «Поры года» (абедзве 1979), «Вясна» (1983), дэкар. пласты «Здароўе» (1978; у паліклініцы Нац.АНБеларусі), «З народнага жыцця» (1981; у сталовай ВА «Інтэграл»), на станцыі метро «Плошча Якуба Коласа» (1984, у сааўт.), пласты і кафлі для інтэр’ера кафэ «Бульбяная» (1983), афармленне рэстарана аэрапорта «Мінск 2» (1990; усе ў Мінску), універмага «Мінск» у г. Валгаград, Расія (1985), бюстаў Ф.Скарыны (1985), К.Каліноўскага, А.Міцкевіча, А.Багдановіча (усе 1998), плакетак «Каралі Вялікага княства Літоўскага, Жамойцкага і іншых» (2000), жывапісных кампазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЫРЦЫ́,
вадаплаўныя птушкі сям. качыных атр. гусепадобных. 2 роды (Aythya i Netta), 15 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных шыротах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 5 відаў: Н. белавокі (A. nuroca, нар. назва чарнушка), Н. чырвонагаловы, або блакітная чэрнець (A. ferina; нар. назвы: жылец, сівак, сіваплечая чэрнь, сівая чэрнь), Н. чырвананосы (N. rufina), чэрнець марская (A. marila; нар. назва плясоўка) і чэрнець чубатая (A. fuligula; нар. назвы: хахлач, хахлаты нырок). Н. чырвананосы і чэрнець марская — рэдкія пралётныя віды. Астатнія віды гняздуюцца, жывуць на вадаёмах у зарасніках трыснягу, асакі.
Самы вял. Н. чырвананосы (даўж. да 60 см, маса да 1,5 кг). Дзюба доўгая, пляскатая. Усе Н. на заднім пальцы маюць шырокую скурыстую перапонку. Здабываюць корм (раслінны і жывёльны), ныраючы на глыб. да 4 м (адсюль назва). Аб’екты палявання. Гл. таксама Чэрнеці.
Нырцы: 1 — нырок чырвананосы; 2 — чэрнець чубатая (а — самец, б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮФА́ЎНДЛЕНД, вадалаз,
парода службовых сабак. Апісаны ў канцы 15 ст. на аднайм. востраве і ўзбярэжжы п-ва Лабрадор (Канада). Сфарміраваны ў Зах. Еўропе (завезены ў 18 ст.); на Беларусі гадуюць з 1949.
Выш. ў карку 62—75 см, маса 50—68 кг (самцы буйнейшыя). Касцяк і мускулатура магутныя Тулава шырокае. Галава вял., круглявая, з кароткай мысай і вісячымі вушамі. Хвост прамы або шаблепадобна выгнуты. Шэрсць доўгая (акрамя мысы і вушэй), прамая ці злёгку хвалістая, з вельмі густым падшэрсткам, не намакае ў вадзе. Масць чорная, цёмна-бурая ці карычневая, часам з белымі плямамі; у разнавіднасці Н. ландсір (крыху вышэйшыя) — белая з чорнымі ці бурымі галавой, «сядлом» на спіне, крыжам і верхняй ч. хваста. Добра плаваюць і ныраюць. Ураўнаважаныя, пільныя, адважныя; лёгка дрэсіруюцца. Н. ўласцівы моцныя цяга да вады і выратавальны інстынкт. Выкарыстоўваюцца для ратавання на водах, вартаўнічай службы, выцягвання рыбалоўных сетак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОТАРЫНАЛАРЫНГАЛО́ГІЯ [ад грэч. us, ōtos вуха + rhis (rhinos) нос + larynx (laryngos) гартань + ...логія],
галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае нармальную функцыю і хваробы вуха, носа, горла; распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. У О. вылучаюць 3 кірункі: аталогія, рыналогія, фарынгаларынгалогія. Асобна вылучаюць сурдалогію (дэфекты слыху, іх лячэнне), фоніятрыю (дэфекты голасу і іх лячэнне) і отанеўралогію.
Агульныя ўяўленні пра будову, функцыі і захворванні вуха і верхніх дыхальных шляхоў вядомы ўжо ў працах Гіпакрата, Цэльса, Галена. У Расіі першая кафедра хвароб вуха, горла і носа адкрыта праф. М.П.Сіманоўскім у 1893 у Пецярбургскай ваенна-мед. акадэміі.
На Беларусі першая кафедра ЛОР-хвароб адкрыта ў Мінскім мед. ін-це (1925), якую ўзначальваў С.М.Бурак; кафедры О. ёсць у Віцебскім і Гродзенскім мед. ін-тах. Вядучыя спецыялісты: В.Я.Гапановіч, Р.Х.Карпілаў, М.П.Кніга, У.Дз.Мяланын, Г.М.Смердаў, П.А.Цімашэнка, М.Ц.Яўстаф’еў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ШЭРАФ ((Osheroff) Дуглас Дзін) (н. 1.8.1945, г. Абердзін, штат Вашынгтон, ЗША),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1987), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1982). Продкі па бацькоўскай лініі паходзілі з Беларусі. Скончыў Каліфарнійскі тэхнал.ін-т (1967). З 1972 у н.-д. фірме «Белтэлефон лаборатарыс», з 1987 праф. Стэнфардскага ун-та (у 1993—96 дэкан фіз. ф-та). Навук. працы па даследаванні ўласцівасцей рэчываў пры звышнізкіх т-рах, ядз. магнетызме. Адкрыў з’яву звышцякучасці вадкага гелію-3 (разам з Д.Лі, Р.Рычардсанам; 1972). Устанавіў існаванне лагарыфмічнай залежнасці эл. праводнасці тонкіх плёнак ад эл. поля і т-ры (1979). Эксперыментальна пацвердзіў наяўнасць упарадкавання ядз. спінаў цвёрдага 3Не пры т-ры ніжэй за 10−3К (1980). Нобелеўская прэмія 1996 (разам з Лі, Рычардсанам).
Тв.:
Рус.пер. — Сверхтекучесть в 3He: открытие и понимание // Успехи физ. наук. 1997. Т. 167, № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРУ́ЗЧЫК,
самаходная (гусенічная або колавая) пад’ёмна-транспартная машына для пагрузкі сыпкіх, дробнакавалкавых і штучных грузаў у трансп. сродкі, перамяшчэння іх на невял. адлегласці, укладкі ў штабелі ці адвалы. Бываюць бесперапыннага дзеяння (маюць ланцуговыя ці скрабалкавыя канвееры, на якія груз падаецца заграбнымі лапамі, вінтавымі або ротарнымі сілкавальнікамі) і цыклічнага дзеяння (аснашчаны вілачнымі захопамі, каўшамі, боднямі і інш.); аўтапагрузчыкі і электрапагрузчыкі.
П. агульнага прызначэння (універсальныя) выкарыстоўваюцца ў розных галінах нар. гаспадаркі для пагрузкі разнастайных грузаў. Абсталёўваюцца рознага тыпу грузазахопнымі прыстасаваннямі і зменным абсталяваннем (П.-бульдозеры, -экскаватары, грэйферныя, адна- і многакаўшовыя). П. спецыяльныя прызначаны для работы з грузамі абмежаванай наменклатуры або ў асаблівых умовах (горныя пагрузачныя машыны, с.-г.зернепагрузчыкі, загрузчыкі кармоў, П.-капавозы, -стагакіды, снегапагрузчыкі і інш.).
На Беларусі аднакаўшовыя П. выпускае аб’яднанне «Амкадор», аўтапагрузчыкі — Магілёўскі аўтамаб.з-д.
І.І.Леановіч.
Пагрузчыкі акцыянернага таварыства «Амкадор»: 1 — аднакаўшовы франтальны колавы; 2 неперарыўнага дзеяння з фрэзерным сілкавальнікам і паваротным транспарцёрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАД’ЁМНА-ТРА́НСПАРТНАЕ МАШЫНАБУДАВА́ННЕ,
галіна машынабудавання па вырабе абсталявання для механізацыі пад’ёмна-транспартных і пагрузачна-разгрузачных работ. Асн. прадукцыя: пад’ёмныя краны, канвееры, падвесныя дарогі (гл.Канатная дарога, Манарэйкавая дарога), аўтапагрузчыкі, аўтакары, электракары, экскаватары, ліфты, машыны для выгрузкі сыпкіх і кускавых матэрыялаў з вагонаў, абсталяванне для апрацоўкі кантэйнерных і пакетных грузаў і інш. На Беларусі развіваецца з 1960-х г. У 1964—75 Магілёўскі завод «Строммашына» выпускаў пасажырскія ліфты. Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод (з 1969) выпускае: пасажырскія і грузавыя ліфты грузападымальнасцю да 5 тыс.кг, а таксама лябёдкі да ліфтаў. На прадпрыемствах акц.т-ва«Амкадор» выпускаюцца розныя віды пагрузчыкаў (вілачных, з тэлескапічнай стралой, колавых аднакаўшовых франтальных і інш.). Асобныя віды пагрузчыкаў і кранаў вырабляюцца на Магілёўскім заводзе транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш». ВА «Будмаш» (Мінск) вырабляе казловыя эл. краны, доследны мех.з-д у Дзяржынску — маставыя эл. краны. Іл.гл. ў арт.Будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне.