МА́НІНГЕР ((Manninger) Рэжо) (7.7. 1890, г. Шопран, Венгрыя — 4.2.1970),
венгерскі вучоны ў галіне ветэрынарыі. Акад. (1939) і віцэ-прэзідэнт (1960—66) Венг.АН. Замежны чл. УАСГНІЛ (1957). Скончыў Вышэйшую вет. школу ў Будапешце (1912), працаваў у ёй. У 1928 арганізаваў н.-д.вет.ін-т (да 1943 яго дырэктар). Навук. працы па паталогіі інфекц. хвароб жывёл і вет. мікрабіялогіі. Даследаваў пытанні дыягностыкі сібірскай язвы і бруцэлёзу, імунізацыі пры туберкулёзе буйн. раг. жывёлы, спецыфічнай прафілактыцы чумы свіней, воспы авечак і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Частная патология и терапия домашних животных. Т. 1—2. М., 1961—63.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́Л,
2 геаграфічныя расы (падвіды) аленя высакароднага: М. алтайскі (Cervus elaphus sibiricus) і М. цянь-шанскі (C. e. songaricus). Пашыраны ў Цэнтр. Азіі (Алтай, Цянь-Шань, Паўд. Сібір, Кітай, Манголія). Жывуць у рэдкалессі, на ўзвышшах, у гарах.
Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,6 м, маса да 500 кг. Ствол рагоў моцны, тоўсты, ад яго адыходзіць да 7 адросткаў, 4-ы самы вялікі. Расліннаедныя (трава, лісце, кара дрэў, плады, ягады. грыбы, лішайнікі). Нараджаюць 1 дзіцяня. Гадуюць на фермах. Маладыя неакасцянелыя рогі (панты) М. выкарыстоўваюць пры вырабе лек. прэпарату пантакрыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НГЕР ((Menger) Карл) (23.2.1840, г. Новы-Сонч, Польшча — 27.2.1921),
аўстрыйскі эканаміст, заснавальнік аўстрыйскай эканамічнай школы; адзін з заснавальнікаў гранічнай карыснасці тэорыі. Вучыўся ў Пражскім і Венскім ун-тах. Д-рэканам.н. У 1879—1903 праф. Венскага ун-та. У цэнтр канцэпцыі ставіў індывіда, яго патрэбнасці і сродкі іх задавальнення лічыў зыходным пунктам даследавання. У сферы размеркавання развіў ідэі, якія ляглі ў аснову тэорыі стаўлення. Лічыў, што каштоўнасць сродкаў вытв-сці вызначаецца меркаванай каштоўнасцю спажывецкага прадукту; прапанаваў спосаб вызначэння ўкладу, які робіць кожны з фактараў вытв-сці. Асн. праца «Асновы палітычнай эканоміі» (1871).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РЭДЗІТ ((Meredith) Джордж) (12.2.1828, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 18.5.1909),
англійскі пісьменнік; адзін з заснавальнікаў сац.-псіхал. рамана. Вучыўся ў Германіі і Англіі. Пачынаў як паэт (зб. «Вершы», 1851). Майстэрствам псіхал. аналізу вызначаюцца раманы «Выпрабаванне Рычарда Феверэла» (1859), «Прыгоды Гары Рычманда» (1870—71), «Кар’ера Б’ючэмпа» (1874—75), «Эгаіст» (1879), «Адзін з нашых заваёўнікаў» (1891) і інш.Яго проза адметная трагічным пачаткам і горкай іроніяй, напружаным інтраспектыўным псіхалагізмам. Аўтар зб-каў паэзіі «Чытанне зямлі» (1888), «Чытанне жыцця» (1901), эсэ. Паўплываў на творчасць Дж.Голсуарсі, Г.Уэлса, Э.М.Форстэра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗО́РНАЕ ПАГЛЫНА́ННЕ,
аслабленне святла пры праходжанні ў міжзорным асяроддзі. Абумоўлена рассеяннем і паглынаннем святла пылавымі часцінкамі і ў бачнай вобласці спектра залежыць ад даўжыні хвалі λ прыкладна як 1/λ. Важная ўласцівасць М.п. — яго выбіральнасць (залежнасць паглынання ад даўжыні хвалі святла — паглынанне павялічваецца да сіняй часткі спектра). Таму далёкія зоркі выглядаюць больш чырвонымі. Пылавая матэрыя размеркавана нераўнамерна: канцэнтруецца да плоскасці Галактыкі і асабліва да яе спіральных рукавоў. У галактычнай плоскасці М.п. рознае ў розных напрамках і мяняецца ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх зорных велічынь ад адлегласці ў 1 КПС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЕТЫ́ЗМ (ад лац. pietas набожнасць),
містычная плынь, якая ставіла рэліг. пачуцці вышэй за рэліг. догматы; супрацьлеглая артадаксальнаму пратэстантызму. Узнік у канцы 17—18 ст. ў Германіі. Яго заснавальнік ням. тэолаг Ф.Шпенер абвяргаў царк. абраднасць, падкрэсліваў неабходнасць для вернікаў асабістага перажывання Бога, якое дазваляе зацвердзіць высокамаральныя прынцыпы жыцця і атрымаць «боскую ласку». Прыхільнікі П. абвяшчалі грахоўнымі тэатр, танцы, песні, забавы, насаджалі веру ў цуды, фанатызм, містыку, выступалі супраць навукі, розуму, прагрэсу, праследавалі вучоных і філосафаў. У 18 ст. іх ідэі былі выкарыстаны ў барацьбе супраць ідэй Асветніцтва. У шырокім сэнсе П. — рэліг.-містычны настрой, паводзіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛІПЕ́НКА (Міхаіл Карнеевіч) (н. 3.9.1924, в. Дубраўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1943), ген.-лейтэнант (1984). Скончыў Куйбышаўскае ваен. вучылішча сувязі (1946), Ваен. акадэмію сувязі (1953) і акад. курсы пры ёй (1972). У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўн.-Зах., Ленінградскім, Варонежскім, 1-м Укр. франтах. Сувязіст мал. сяржант П. вызначыўся 2 і 5.10.1943 у час пераправы цераз Дняпро на Пд ад Кіева: удзельнічаў у яго вызваленні. Да 1973 на камандных пасадах у Сав. Арміі, да 1991 на выкладчыцкай рабоце. Аўтар кн, «Сам-насам з вайною» (1999). Ганаровы грамадзянін г. Кіеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАКАТЭХІ́Н, 1,2-дыгідраксібензол,
двухатамны фенол, C6Н4(OH)2.
Бясколерныя крышталі, у паветры на святле хутка цямнеюць. t 105 °C, tкіп 240 “С. шчыльн. 1371 кг/м³ Добра раствараецца ў вадзе, ацэтоне, этаноле, дыэтылавым эфіры. П. і некаторыя яго вытворныя знойдзены ў раслінах; могуць быць вылучаны, напр., з драўніны і прыродных смол. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў (алізарыну і гістазарыну), пахучых рэчываў (напр., гваяколу), як зыходнае рэчыва для сінтэзу адрэналіну, кампанент фарбавальніка для футра, праявіцель у фатаграфіі. Пыл і пара П. раздражняюць скуру і слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў; ГДК у вадзе 0,1 мг/л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЫМІДЗІ́Н1,3-дыазін,
арганічнае гетэрацыклічнае злучэнне, C4H4N2.
Бясколерныя крышталі, tпл 22,5 °C, tкіп 124 °C. Добра раствараецца у вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Слабая аснова. Інертны да электрафільных рэагентаў (не ўступае ў рэакцыі нітравання і сульфіравання); пратанаванне адбываецца пры ўзаемадзеянні з вельмі моцнымі к-тамі з утварэннем солі па адным атаме азоту, Лёгка ўступае ў рэакцыі нуклеафільнага замяшчэння. П. і яго вытворныя ўваходзяць у састаў найважн. біяпалімераў — нуклеінавых кіслот (гл.Пірымідзінавыя асновы), а таксама шэрагу біялагічна актыўных рэчываў: вітаміну B1, антыбіётыкаў аміцэтыну і блеаміцыну, барбітуратаў (гл.Барбітуравая кіслата), каэнзімаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНЁР (франц. planeur ад planer лятаць),
безматорны кіравальны лятальны апарат, цяжэйшы за паветра. Здольны планіраваць у паветры, ляцець гарызантальна, лунаць і набіраць вышыню. Можа пераадольваць адлегласці больш за 1000 км, дасягаць вышыні 14 км; скорасць палёту — да 250 км/гадз. П. падымаюць у паветра самалётам ці пускаюць яго са схілу гары і ён набывае скорасць для стварэння падымальнай сілы крыла. Працягласць палёту ў спакойным паветры залежыць ад вышыні, на якую падняты П. Вырабляюць з лёгкіх сплаваў металаў і пластмас масай да 500 кг. Выкарыстоўваюцца пераважна ў спорце і навуч. практыцы пілатавання.