ВЯЛЮ́ГІН (Анатоль Сцяпанавіч) (27.12.1923, в. Машканы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.10.1994),
бел. паэт, кінадраматург, перакладчык.
Засл. дз. культ. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1948). Удзельнік Вял.Айч. вайны, быў паранены. Працаваў у прэсе, у 1946—84 у час. «Полымя». Друкаваўся з 1934. Першы зб. вершаў «Салют у Мінску» (1947). Лірыка Вялюгіна — дасягненне бел. паэзіі. Яго творчасці ўласцівы яркая метафарычнасць, асацыятыўная вобразнасць, філігранная апрацоўка слова. У паэзіі Вялюгіна шчырае апяванне роднай зямлі, пранікнёная споведзь паэта-франтавіка, які прайшоў суровыя выпрабаванні ваен. ліхалецця, разнастайныя грамадз. і інтымныя пачуцці сучасніка (зб. «Негарэльская арка», 1949, «На зоры займае», 1958; «Насцеж», 1960; «Песня зялёнага дуба», 1989; «З белага камення — сіняе пламенне», 1993), патрыятычныя матывы («Прызнанне ў любові»), пантэістычнае стаўленне да прыроды («Спелы бор»). У жанры паэмы распрацоўваў гісторыка-рэв. тэму («Бацька Дняпро», 1955, «Вецер з Волгі», 1963, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964). Аўтар паэт. зб-каў для дзяцей «Галубы» (1949), «Тры гудкі» (1951), «Рыбы нашых рэк» (1952), «Дзіцячы сад» (1954), «Вада і вуда» (1967), сцэнарыяў маст. («Рэха ў пушчы», 1977; «Глядзіце на траву», 1983), дакументальных («Генерал Пушча», Дзярж. прэмія Беларусі 1968; «Арліная крыніца», «Балада пра маці», «Дзядзька Якуб», «Янка Купала», «Я — крэпасць, вяду бой», «Віцебскія ўзоры» і інш.) фільмаў. На бел. мову пераклаў паэмы М.Лермантава «Каўказскі нявольнік» і «Баярын Орша» (1950), «Паэму братэрства» Э.Межэлайціса (1958, з М.Калачынскім), паэмы М.Нагнібеды «Званы Хатыні» (1973) і «Матулям з Расонаў» (1981), кнігі для дзяцей П.Варанько і Дз.Білавуса, паасобныя вершы У.Маякоўскага, Л.Украінкі, М.Рыльскага, А.Малышкі, А.Міцкевіча, Ю.Тувіма і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1984;
Адрас любві. Мн., 1964;
Вершы і балады. Мн., 1969;
Заклён на скрутны вір. Мн., 1995.
Літ.:
Бярозкін Р. У свет, адкрыты насцеж... // Бярозкін Р. Спадарожніца часу. Мн., 1961;
Арочка М. У спелым леце... // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;
Майсейчык А. Аб жанравых асаблівасцях паэм А.Вялюгіна // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;
Барадулін Р. Партрэт у верасе пчаліным // Маладосць. 1983. № 12;
Зуёнак В. Гэта ўзважана сэрцам // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЦІ́НСКІ (Анатоль Ільіч) (н. 18.11.1931, в. Дзямешкава Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык. Скончыў БДУ (1956). Працаваў у прэсе. У 1975—82 сакратар праўлення СП Беларусі, у 1986—90 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». У 1990—96 дэп. Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1951. Першы зб. паэзіі «Песня пра хлеб» (1962). Тэмы сучаснага жыцця ў яго шматгранных вымярэннях — у аснове кніг «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979). Творам Вярцінскага ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, аналітычнасць, вострая публіцыстычнасць. Паэт асэнсоўвае «вечныя» праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляе духоўную веліч чалавека, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць. Найб. значныя творы — ліраэпічныя паэмы «Заазер’е» і «Дажынкі» (1968) — прысвечаны жыццю пасляваен. бел. вёскі, маці — вясковай працаўніцы — лірычная паэма «Начны бераг» (1972), у якой сцвярджаецца неабходнасць захавання гармоніі ва ўзаемаадносінах чалавека з прыродай, і лірыка-філас. паэма «Колькі лет, колькі зім!» (1979, тэлеспектакль 1980). Аўтар п’ес для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (паст. 1974), «Скажы сваё імя, салдат» (паст. 1975), «Гефест — друг Праметэя» (паст. 1984), літ.-крытычных і публіцыстычных твораў (зб. «Высокае неба ідэалу», 1980, «Нью-Йоркская сірэна», 1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы класічнай і сучаснай рус., укр., літ., лат., балт., польск., венгерскай паэзіі, п’есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М.Себасцьяна «Безыменная зорка», В.Пальчынскайтэ «Спяшаюся за летам».
Тв.:
Выбранае. Мн., 1973;
Святло зямное. Мн., 1981;
Дзякуй, вялікі дзякуй!: П’есы. Мн., 1983;
Хлопчык глядзіць... Мн., 1992.
Літ.:
Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 91—102;
Сямёнава А. Высокае неба // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Бугаёў Дз. Споведзь даверлівая і шчырая // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979;
Лойка А. Пераадоленне // Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Арочка М. Усе чатыры вятры паэзіі // Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;
Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 129—131, 134—136, 161—167;
Бечык В. На аснове чалавечай роднасці... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Гніламёдаў У. Вершы мае — пісьмы // Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РТНЫ (Цішка) (сапр.Жылуновіч Зміцер Хведаравіч; 4.11.1887, г. Капыль Мінскай вобл. — 11.4.1937),
бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Акад.АН Беларусі (1928). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, на з-дзе ў Пецярбургу. Пасля 1917 сакратар Бел.нац. камісарыята, рэдактар газ.«Дзянніца», з 1.1 да 3.2.1919 старшыня Часовага рэвалюцыйнага ўрада Савецкай Беларусі, потым палітработнік 14-й арміі і штаба Зах. фронту. Пазней узначальваў Дзярж.выд-ва Беларусі, працаваў у Наркамаце асветы БССР, у Ін-це гісторыі АН Беларусі. У 1923 пленум ЦККП(б)Б прыняў пастанову аб прысваенні яму звання нар. паэта Беларусі, аднак пастанова не была выканана. Чл.ЦБКП(б)Б (1918—19), кандыдат у чл.ЦККП(б)Б (1927—29), чл.ЦВКБССР у 1920, 1931. 16.1.1931 выключаны з партыі, 15.11.1936 арыштаваны. 7.4.1937 пераведзены ў Магілёўскую псіхіятр. лячэбніцу, дзе, паводле афіц. версіі, памёр ад гангрэны лёгкіх. У 1988 рэабілітаваны.
Друкавацца пачаў у 1908 у газ. «Наша ніва». Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, даследчык гісторыі бел. л-ры, крытык. Першы зб. «Песні» (1913). Гартны — пачынальнік рабочай тэматыкі ў бел. паэзіі і прозе. У рамане «Сокі цаліны» (нап. 1914—29) паказаў шляхі фарміравання характару рэв. змагара, узняў некранутыя пласты нар. жыцця, разгарнуў шырокія малюнкі заводскіх будняў, стварыў яскравыя вобразы сялян-местачкоўцаў. У зб-ках апавяданняў «Трэскі на хвалях» (1924) і «Прысады» (1927) адлюстравана разбуджаная рэвалюцыяй бел. вёска. У творах Гартнага заўважаўся паварот ад аднабаковай рамантызацыі і лірыка-эмацыянальнага ўспрыняцця грамадз. вайны да рэаліст. паказу канкрэтнага чалавека і яго псіхалогіі. У рамане «Перагуды» (1935) паказаў вёску ў перыяд калектывізацыі. У зб. «Узгоркі і нізіны» (1928) — даследаванні творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, М.Чарота, А.Гурло. На месцы пахавання Гартнага пастаўлены помнік. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Капылі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КШЫЦКІ РАЁН,
на ПдЗ Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,2 тыс.км². Нас. 36,1 тыс.чал. (1997), гарадскога 29,6%. Сярэдняя шчыльн. 16 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Докшыцы, г.п.Бягомль, 277 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 10 сельсаветаў: Бярозкаўскі, Бярэзінскі, Ваўкалацкі, Докшыцкі, Крулеўшчынскі, Крыпульскі, Параф’янаўскі, Парплішчанскі, Сітцаўскі, Тумілавіцкі.
Большая ч. раёна ў межах Верхнебярэзінскай нізіны і Нарачана-Вілейскай нізіны, на Пн адгор’і Свянцянскіх град, на ПдМінскае ўзвышша. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Пераважаюць выш. 160—200 м, найвыш. пункт 264,4 м (каля в. Лусцічы). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, легкаплаўкія гліны. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C, ліп. 17,2 °C. Ападкаў 623 мм за год. Вегетацыйны перыяд 183 сут. Рэкі Бярэзіна з Поняй (бас. Дняпра), Вілія і Сэрвач (бас. Нёмана). Найб. азёры Сэрвач, Плаўна, Вольшыца, Медзазол, Межужол, Манец. Пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 44% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і бярозавыя лясы. На тэр. раёна Бярэзінскі біясферны запаведнік, гідралагічныя заказнікі рэсп. значэння: Верхневілейскі, Галубіцкая пушча, Сэрвач. Помнік прыроды — дуб (узрост больш за 450 гадоў) у парку в. Сітцы.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 82,7 тыс.га, з іх асушаных 24,7 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 14 калгасаў, 7 саўгасаў, 55 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — ільнаводства і малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў, паліўнай (торфабрыкет), харч. (кансервы, кандытарскія вырабы, вытв-сць він і спірту і інш.), лёгкай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Полацк—Маладзечна, Крулеўшчына—Глыбокае, аўтадарогі Глыбокае—Докшыцы—Бягомль, Лепель—Бягомль—Плешчаніцы, Ушачы—Докшыцы—Вілейка. У раёне 16 сярэдніх, 12 базавых, 7 пач. школ, 1 вочна-завочная школа, дапаможная школа-інтэрнат, дзіцяча-юнацкая спарт., 2 муз. і дзіцячая школа мастацтваў, 19 дашкольных устаноў, 38 клубаў, 43 б-кі, 8 бальніц, 2 амбулаторыі, 23 фельч.-ак. пункты, санаторый «Лясное» і санаторый-прафілакторый «Баравое». Помнікі архітэктуры: касцёл Іаана Хрысціцеля (канец 19 ст.) у в. Ваўкалаты, царква (18 ст.) у в. Камайск; касцёл Іаана Хрысціцеля (1908) у в. Параф’янава; Спаска-Праабражэнская царква (1627) у в. Порплішча; брама (пач. 18 ст.) і Георгіеўская царква (1913) у в. Сітцы; Юр’еўская царква (1870) у в. Тумілавічы. Выдаецца газ. «Родныя вытокі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУК ПАДПО́ЛЬНЫў Вялікую Айчынную вайну,
выданні, якія выпускалі ЦККП(б)Б, падп. абласныя, міжраённыя, раённыя, парт. і камсамольскія к-ты, партыз. фарміраванні на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі. Асвятляў становішча на франтах, працу і жыццё насельніцтва ў тыле ворага, міжнар. падзеі. Першымі падп. выданнямі былі лістоўкі і звароты да насельніцтва, машынапісныя газеты і бюлетэні. З канца 1941 у Мінску падп. група А.А.Маркевіча друкавала лістоўкі, у студз.—жн. 1942 — малафарматную газ.«Патриот Родины» (выйшла 8 нумароў). Першым нелегальным друкаваным выданнем быў «Вестник Родины» Мінскага падп. гаркома КП(б)Б. Значнай з’явай у Д.п. быў выхад у маі—вер. 1942 4 нумароў газ.«Звязда» тыражом больш за 10 тыс.экз. (адноўлены ў студз. 1943). На тэр. Віцебскай вобл. ў прыфрантавой паласе друкавалася газ.«Віцебскі рабочы». У 1942 друкарскім спосабам выдаваліся 6 раённых, 1 міжраённая газета — органы Клічаўскага, Рудзенскага, Бярэзінскага, Бабруйскага, Віцебскага, Чэрвеньскага падп. райкомаў КП(б)Б. Для ўзмацнення прапагандысцкай работы 15.12.1942 ЦККП(б)Б прыняў рашэнне стварыць у снеж. 1942 — студз. 1943 10 абл. і 50 раённых падп. друкарняў. У 1943—44 пачалі выходзіць абл. камсамольска-маладзёжныя газеты «Молодой мститель» Баранавіцкага, «Молодой партизан» Беластоцкага і «Молодежная правда» Вілейскага падп. абкомаў ЛКСМБ. Паліторганы партыз. фарміраванняў, у т. л.партыз. брыгад «Разгром», «Народныя мсціўцы» імя В.Т.Варанянскага, 16-я Смаленская, выдавалі больш за 120 шматтыражных газет. Свае газеты выдавалі антыфашысцкія камітэты. У 1942—43 выходзілі 134 газеты. Усяго за перыяд акупацыі на тэр. Беларусі выдавалася больш за 160 газет. З-за цяжкасцей выпуску, недахопу паперы тыраж падп. газет вагаўся ад некалькіх соцень да тысячы і больш экз., розным быў і іх фармат. Падпольна друкаваліся і распаўсюджваліся звароты ЦККП(б)Б і ўрада рэспублікі, паліторганаў Чырв. Арміі да насельніцтва, зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, у партыз. фарміраваннях — рукапісныя часопісы, насценныя газеты, баявыя лісткі; распаўсюджваліся і газеты, што выдаваліся ў сав. тыле «Савецкая Беларусь», «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь», сатырычныя выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Партызанская дубінка», «Блокнот агитатора-партизана», час.«Беларусь». У падп. газетах часта друкаваліся надзённыя творы бел. пісьменнікаў.
Літ.:
Адамовіч В.С. Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. Мн., 1975;
Друк Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941—1945) // Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЫНО́ВІЧ Адам Гіляры Калікставіч [25.1.1869, б. фальварак Кавалі (Кавалькі), Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 4.2 (паводле інш. звестак 26 ці 29.1.1894), бел. паэт-дэмакрат, фалькларыст. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це (1887—93). Член, кіраўнік створанага ў 1889 нелегальнага «Гуртка моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай», які аб’ядноўваў студэнтаў шэрагу пецярбургскіх ВНУ і быў звязаны з Г.В.Пляханавым. У 1893 арыштаваны і зняволены, відаць, у Петрапаўлаўскую крэпасць. З-за хваробы адпраўлены пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль (Смаргонскі р-н), дзе і памёр ад чорнай воспы. На фарміраванне светапогляду Гурыновіча аказалі ўплыў распаўсюджанне марксізму ў Расіі, ідэі шляхецкіх рэвалюцыянераў і рэв. народніцтва 1880-х г., у т. л.бел. групы «Гоман». Пісаў на бел., рус. і польск. мовах. У паэзіі быў паслядоўнікам Ф.Багушэвіча (праграмны верш «Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею...»), выступаў з пазіцый рэалізму і народнасці, супраць сац., нац. і рэліг. ўціску, заклікаў да сац. барацьбы, да духоўнага абнаўлення (вершы «Перш душылі паны...», «Што ты спіш, мужычок...»). Пісаў у жанры пейзажнай («Бор», «Вясна») і элегічнай («Сцямнела на дворы і ціха кругом») лірыкі. Адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай паэзіі («Каток», «Рыбак»). На бел. мову пераклаў асобныя творы А.Пушкіна, І.Крылова, М.Някрасава, А.К.Талстога, А.Міцкевіча, Э.Ажэшкі, Я.Каспровіча, І.Франко. У Свянцянскім пав. зрабіў шмат запісаў бел. фальклору («Зборнік беларускіх твораў...», 1893). Упершыню яго творы апубл. (з уступным артыкулам Б.Тарашкевіча) у газ. «Беларускі звон» (1921). Частка рукапісаў спадчыны Гурыновіча зберагаецца ў БДАМ ЛІМ і Цэнтр. б-цы АН Літвы.
Тв.:
У кн.: Беларускія пісьменнікі другой паловы XIX ст., Мн., 1956;
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Літ.:
Гульман Р.І. Новыя архіўныя матэрыялы пра Адама Гурыновіча // Беларуская літаратура: Даслед. і публ.Мн., 1958. [Вып.] 1;
Шутовіч І. Адам Гурыновіч // Полымя. 1966. № 11;
Саламевіч Я. Адам Гурыновіч — фалькларыст // Тамсама. 1969. № 1;
Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;
Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст., Мн., 1977;
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Мальдзіс А. Невядомыя здымкі Адама Гурыновіча // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЧА́НІН (Ігнат Сымонавіч) (8.6.1895, в. Погіры Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 8.12.1937),
бел.літ.-знавец, паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Пражскі ун-т (1925) са ступенню д-ра філасофіі. З 1912 настаўнік. У 1915—17 на вайсковай службе. У 1918 сакратар культ.-асв. аддзела Бел.нац. камісарыята ў Маскве. У 1919—20 вёў культ.-асв. работу ў Дзятлаўскім пав., за што зняволены ўладамі Польшчы ў Беластоцкі канцлагер. У 1921 арганізаваў у Даўгаўпілсе бел. настаўніцкія курсы, дзе чытаў лекцыі па бел. мове і л-ры, стварыў бел. тэатр, калектыў і хор. З 1926 у Вільні. Выкладаў бел. л-ру ў бел. гімназіі. Выконваў даручэнні Цэнтр. сакратарыята Бел. сялянска-рабочай грамады. Уваходзіў у Гал. ўправу ТБШ (1926—30). У 1928 выбраны паслом у польскі сейм па спісе рабоча-сялянскага блока. У выступленнях на сейме, мітынгах абараняў сац. і нац. правы народа Зах. Беларусі. Адзін з арганізатараў, нам. старшыні рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне» (1928—30). За рэв. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны, у 1930 засуджаны на 8 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай з 1932 у Мінску Працаваў у АНБССР (у камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі). У 1933 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Дэбютаваў вершамі ў 1917. Вершы Д. публікаваліся ў час. «Наш шлях», «Прамень», «Студэнцкая думка» і інш. У іх балючы драматызм, горкая развага пра нягоды і страты свайго народа, рамантычная вера ў светлы дзень. Публіцыстыка Д. — яркая старонка барацьбы за адраджэнне нац. культуры, сац. і нац. правоў роднага народа. У 1927 выдаў у Вільні «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)», якая адыграла вял. ролю ў школьным навучанні і патрыят. выхаванні. Пад псеўд. І.Гудок пераклаў на бел. мову паэму А.Блока «Дванаццаць» (Вільня, 1926).
Тв.:
[Вершы] // Ростані волі. Мн., 1990;
Бел.пер. — Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве. Мн., 1991.
Літ.:
Бергман А. Ігнат Дварчанін // Беларускі каляндар 1978. Беласток, 1978;
Крывіцкі Л. (Л.А.Луцкевіч) Адкапаў праўду Беларусі // Беларускі каляндар, 1982. Беласток, 1982;
Міско Я. «Ласкі панскай не трэба...» // Міско Я. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геагр. раён Беларускага Палесся на ПдУ Беларусі; у Веткаўскім, Гомельскім, Добрушскім, Лоеўскім, Брагінскім, Рэчыцкім, Жлобінскім, Хойніцкім, Светлагорскім, Калінкавіцкім і Нараўлянскім р-нах. Мяжуе з Цэнтральнабярэзінскай і Чачорскай раўнінамі на Пн, з Чарнігаўскім на Пд, з Прыпяцкім і Мазырскім Палессем на З, з раўнінамі Бранскай вобл. Расіі на У. Выш. 100—150 м, пл. каля 16,5 тыс.км², працягласць з З на У да 126 км, з Пн на Пд каля 180 км. У тэктанічных адносінах прымеркавана пераважна да Прыпяцкага прагіну. Крышт. фундамент перакрыты асадкавай тоўшчай верхняга пратэразою, палеазою і антрапагену. Асабліва развіты верхнедэвонскія саляносныя адклады магутнасцю да 3000 м. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць ад 20 м на Пд да 60 м на ПнЗ) складзена з асадкаў 3 ледавіковых і міжледавіковых перыядаў. Паверхня Гомельскага Палесся пласкахвалістая, радзей хвалістая, з нахілам на Пд. Ваганні адносных вышынь 3—5 м/км². Азёрна-алювіяльная і алювіяльная тэрасаваныя раўніны значна пашыраны на У, у межах Прыдняпроўскай нізіны. На Гомельскім Палессі найб. вылучаюцца Хойніцка-Брагінскія вышыні, на левабярэжжы р. Прыпяць — Юравіцкае ўзвышша. Уздоўж правага берага Дняпра вылучаюцца пясчаныя зандравыя раўніны. У далінах рэк Дняпро, Прыпяць і Сож выразныя поймы і 2 надпоймавыя тэрасы. Паверхня тэрас слабахвалістая, ускладненая дзюнамі, астанцамі, марэнамі ў выглядзе ўзгоркаў, лагчынамі, западзінамі. Карысныя выкапні: нафта, соль, торф, гліны, мел, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -6,5 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 600 мм за год. Гомельскае Палессе прарэзана Дняпром і нізоўямі яго прытокаў — Сажа, Бярэзіны і Прыпяці. На У нізоўі рэк Беседзь, Іпуць, Уць; у зах.ч. цякуць рэкі Жалонь, Мытва, Віць, Іпа; у паўд. — р. Брагінка. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя пясчана-супясчаныя, на балотах — тарфянабалотныя, у поймах гал. рэк — алювіяльныя дзярновыя забалочаныя. Найб. лясістасць (да 55%) на ПдЗ, найменшая (да 22%) на ПдУ. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорна-альховыя, бярозавыя лясы і дубровы. У поймах рэк злакавыя астэпаваныя і злакавыя гідрамезафільныя лугі. Пад ворывам 25%, сухадольнымі лугамі і пашай 19%, забалочана 7% тэр. У межах Гомельскага Палесся Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, бат. заказнікі Веткаўскі і Шабрынскі, біял. заказнік Чырковіцкі, ландшафтныя заказнікі Стрэльскі і Смычок.
Да арт.Гомельскае Палессе. Меліяраванае балота ў Хойніцкім раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКІ РАЁН,
на Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 як Каралінскі р-н, перайменаваны (1931) у Ельскі (у сучасных межах з 1965). Пл. 1,4 тыс.км². Нас. 23,6 тыс.чал. (1997), гарадскога 51,7%. Сярэдняя шчыльнасць 17,3 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Ельск, 70 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 9 сельсаветаў: Багуціцкі, Валаўскі, Засінцаўскі, Качышчанскі, Млыноцкі, Рамязоўскі, Роза-Люксембургскі, Скараднянскі, Старавысокаўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). Поўнасцю адселена 5 нас. пунктаў (1996), у зоне з правам адсялення знаходзяцца 46 нас. пунктаў, дзе пражывае 18,8 тыс. чал.
Тэр. раёна пераважна ў межах Мазырскага Палесся, цэнтр. і паўд.-ўсх.ч. ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня пласкахвалістая. 75% тэр. раёна на выш. 130—140 м, 25% — 140—160 м. Найвыш. пункт 177,8 м на Пд раёна (урочышча Ямны). Карысныя выкапні: торф, гліны для грубай керамікі, пясок, нафтавыя праяўленні, мінер. крыніца. У Е.р. ў 1952 упершыню на Беларусі атрымана са свідравіны нафта (18 т). Сярэдняя т-растудз. -6,2 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. У паўд.ч. раёна працякае р. Славечна з прытокамі Чэрцень, Батыўля, Ясенец, Жалонь, на ПнУ — Мытва з прытокам Млынок. Меліярац. каналы: Белякоўскі, Воўне, Высокі, Высока-Махнавіцкі, Валаўскі, Зашыр’еўскі і інш. 10 вадасх., найб. Кочышча, Бабруйкаўскае, Княжабор’еўскае. Пераважаюць глебы (79,3%) дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 53% тэрыторыі. Найб. лясістасць на ПдЗ, лясы хваёвыя і бярозавыя. Балоты пераважна нізінныя, займаюць 16,9% тэр., усе асушаны. Найб. балотныя масівы: Гала, Перасечанае балота.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 45,4 тыс.га, з іх асушаных 27,6 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 9 калгасаў, 6 саўгасаў, 6 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы дрэваапр. (мэблевая ф-ка), буд. (жалезабетонныя вырабы, цэгла, піламатэрыялы і інш.) і харч. прам-сці. Леспрамгас. Лясгас.
Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Калінкавічы—Оўруч (Украіна), нафтаправод «Дружба». Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з г. Нароўля і г.п. Лельчыцы. У раёне 13 сярэдніх, 3 базавыя, 3 пачатковыя, 2 муз. школы, школа-інтэрнат, міжшкольны вытв.-вучэбны камбінат, 18 дашкольных устаноў, 38 клубаў і дамоў культуры, 26 б-к, 3 бальніцы, 20 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры — царква (18 ст.) у г. Ельск. Выдаецца газ. «Народны голас».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́БІНКАЎСКІ РАЁН,
на З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 0,7 тыс.км². Нас. 25,7 тыс.чал. (1997), гарадскога 48,6%. Сярэдняя шчыльнасць 37 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Жабінка, 98 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Азяцкі, Крыўлянскі, Ленінскі, Пятровіцкі, Сцяпанкаўскі, Хмелеўскі, Якаўчыцкі.
Раён размешчаны ў межах Брэсцкага Палесся, на Пн заходзіць Прыбугская раўніна. Паверхня нізінна-раўнінная, 80% тэр на вышынях да 150 м. Найвыш. пункт 181 м (за 6 км на Пн ад в. Сцяпанкі). Карысныя выкапні: торф, суглінкі, буд. пяскі. Сярэдняя т-растудз. -4,6 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 523 мм за год. Вегетац. перыяд 205 сут. У цэнтр.ч. раёна з У на ПдЗ працякае р. Мухавец з прытокамі Рыта, Трасцяніца, Асіпоўка, Палахва і Жабінка; меліярац. каналы Чорны Роў, Сяхновіцкі, Барысаўскі і інш. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя (36,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (33,8%), дзярнова-падзолістыя (18,5%). Пад лесам 18,8% тэр.Найб. лясістасць на Пд; лясы хваёвыя, бярозавыя і інш., штучныя насаджэнні складаюць 10%. Балоты займаюць 0,17% тэр.Найб. балотны масіў Гатча-Восаўскае на Пд. Заказнік мясц. значэння «Непакойчыцы», зона адпачынку Сасновы Бор, 5 помнікаў прыроды — 3 дубы чарэшчатыя, сасна веймутава, ліла драбналістая.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 46,7 тыс.га, з іх асушаных 23 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 10 калгасаў, 2 саўгасы, рыбгас «Сакалова». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі. Вырошчваюць буракі, лён, збожжавыя і бульбу. Прадпрыемствы харч. (мясныя і хлебабулачныя вырабы, цукар, безалкагольныя напіткі), Жабінкаўскі цукровы завод; паліўнай (торфабрыкет); будматэрыялаў і камбікормавай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Брэст—Мінск, Брэст—Гомель, аўтадарогі на Брэст, Кобрын, Камянец; нафтаправод «Дружба», транзітныя газаправоды. У раёне 9 сярэдніх, 3 базавыя, 5 пач., 3 муз. школы, 2 садкі-школы, 13 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 26 б-к, 2 бальніцы, 13 фельч.-ак. пунктаў, санаторый «Буг». Помнікі архітэктуры: Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.) у в. Азяты, Пакроўская царква (1761) у в. Арэпічы, Мікалаеўская царква (1727) у в.Вял. Сяхновічы, Мікітаўская царква (пач. 16 ст., перабудавана ў 1787) у в. Здзітава, царква (1720) у в. Маціевічы, Міхайлаўская царква (1780) у в. Сцяпанкі, Праабражэнская царква (1725) у в. Хмелева, Уладзімірская царква (1894) у в. Чыжэўшчына, рэшткі замка (17 ст.) у в. Крыўляны.