БЕЛАЕ́НКА (Яўген Дзмітрыевіч) (н. 9.11.1947, г. Мурманск),

бел. хірург. Д-р мед. н. (1992). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1972). З 1975 у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі (з 1993 дырэктар). Навук. працы па дыягностыцы і хірург. лячэнні хвароб суставаў, па даследаванні працэсаў трэння і зношвання сустаўных храсткоў, па стварэнні новых прэпаратаў для аховы храсткоў ад дэструкцыі і павелічэнні іх рэпарацыйных здольнасцяў пры паталогіі.

т. 2, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ВУЧНЁЎСКАЯ ГРАМАДА́ ў Калузе,

грамадская арг-цыя. Існавала ў 1918. Засн. вучнямі навуч. устаноў, эвакуіраваных з тэр. Беларусі ў час 1-й сусв. вайны. 18.6.1918 зарэгістравана Бел. нац. камісарыятам. Асн. мэта — аб’яднанне вучняў-беларусаў усіх навуч. устаноў на нац. культ.-асв. глебе. Арганізоўвала лекцыі і даклады, праводзіла культ. мерапрыемствы. Працавалі літ. і драм. секцыі, б-ка. Мела аддзелы пры некаторых навуч. установах.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА»,

часопіс інспектарыята бел. школ пры генеральным камісары Беларусі. Выдаваўся ў студз.снеж. 1942 у Мінску (друкаваўся кірыліцай і лацінкай у Вільні) на бел. мове пад кантролем герм. улад. Выходзіў раз у 2 месяцы. Складаўся з 2 частак — для настаўнікаў і вучняў. Друкаваў пераважна метадычныя і вучэбныя матэрыялы. Выйшла 6 нумароў. З 1943 замест «Беларускай школы» выдаваўся час. «Школа і жыццё».

С.​У.​Жумар.

т. 2, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ЧЫ КЛУБ.

Існаваў у 1920 у Мінску. Праводзіў культ.-асв. работу, прапагандаваў тэатр. мастацтва. Пры клубе працавалі драм., муз. і харавая секцыі, бібліятэка, курсы беларусазнаўства. Рэжысёры драм. секцыі У.​Галубок, Ф.​Ждановіч, В.​Сташэўскі паставілі спектаклі «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Суд» і «За мураванай сцяной» Галубка, «Міхалка» Далецкіх і інш. 10.8.1920 у клубе спектаклем «Суд» пачала сваю дзейнасць трупа Галубка (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр).

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАБЛАКІРО́ЎКА (ад аўта... + блакіроўка) чыгуначная, аўтаматычная сістэма рэгулявання руху паяздоў на перагонах. Дзейнічае ад сігналаў аўтам. святлафораў, якія працуюць пад уздзеяннем саміх паяздоў. Міжстанцыйныя перагоны падзяляюцца святлафорамі на блок-участкі; рух паяздоў арганізоўваецца з найменшымі (па ўмовах бяспекі) інтэрваламі. Пры праездзе поезда на блок-участку дазваляльны сігнал уваходнага святлафора пераключаецца на забараняльны. Аўтаблакіроўка забяспечваецца 2, 3, 4-знакавай сістэмай сігналізацыі, сродкамі аўтам. лакаматыўнай сігналізацыі і аўтастопамі.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАДРЫЗІ́НА (ад аўта... + дрызіна),

самаходны сродак рэйкавага транспарту для перавозкі службовага персаналу, механізмаў і матэрыялаў на невял. адлегласць. Мае рухавік унутранага згарання магутнасцю 180 кВт, скорасць 50—90 км/гадз. Падзяляюцца на пасажырскія, грузавыя (з пад’ёмным кранам грузападымальнасцю да 3,5 т), мантажныя (з вышкай для мантажных работ); бываюць няздымныя і здымныя, адкрытыя і закрытыя. Да аўтадрызіны пры неабходнасці прычапляюць 1—2 платформы або вагоны. Аўтадрызіна выцесніла дрызіну.

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАКРА́ТЫЯ (ад грэч. autokrateia самаўладдзе, самадзяржаўе),

сістэма дзярж. кіравання, пры якой адной асобе належыць неабмежаваная вярхоўная ўлада, што не кантралюецца прадстаўнічымі органамі. Аўтакратычнымі былі дэспатычныя манархіі Стараж. Усходу, тыранічнае праўленне ў некаторых стараж.-грэч. дзяржавах, Рымская і Візантыйская імперыі, абсалютныя манархіі новага часу, паліт. рэжымы, вярх. ўлады «лідэраў» тыпу фюрэра, дучэ, каўдзільё. Паняцце «аўтакратыі» выкарыстоўваецца таксама для вызначэння неабмежаваных паўнамоцтваў у якой-н. сферы дзярж. дзейнасці.

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧО́С,

верхняе мохавае і травяное покрыва на тарфяных балотах, якое лёгка аддзяляецца ад торфу. Слой звязаны каранямі жывой травяністай расліннасці, рызоідамі, сцёбламі і галінкамі імхоў. У Беларусі таўшчыня ачосу звычайна 10—15 см, найб. 50 см. У ім канцэнтруецца макс. колькасць мікраарганізмаў (і пажыўных рэчываў для іх), адбываюцца асн. працэсы торфаўтварэння. Пры здабычы торфу ачос нарыхтоўваюць асобна або заворваюць. Прыдатны для вырабу кармавых дражджэй, спірту і інш.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАМАГНІ́ТНАЯ ЗДЫ́МКА,

метад вывучэння магн. поля Зямлі з лятальных апаратаў з дапамогай аэрамагнітометраў.

Прапанавана ў 1936 рус. вучоным А.​А.​Лагачовым для пошуку жал. руды па магн. анамаліях над радовішчамі. Вынікі аэрамагнітнай здымкі выкарыстоўваюцца пры складанні геал. картаў, выяўленні тэктанічных парушэнняў, пошуках радовішчаў жал. руды, баксітаў і інш. Для ўзгаднення картаў магн. поля асобных тэрыторый ствараецца адзіная апорная сетка ў абс. значэннях геамагн. Поля.

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАМАГНІТО́МЕТР,

прылада для вымярэння магн. поля Зямлі з лятальнага апарата (ЛА). Датчык (адчувальны элемент) аэрамагнітометра размяшчаецца на крыле або хвасце ЛА і ахоўваецца ад яго ўласнага магн. поля аўтам. кампенсатарамі, пры больш дакладных вымярэннях буксіруецца ў гандоле на кабель-тросе на адлегласці да 50 м ад ЛА. Найб. дакладныя ядз. (пратонныя) і квантавыя аэрамагнітометры маюць адносную хібнасць вымярэнняў да 10​−5 і да 10​−7 адпаведна.

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)