АРХАЛА́КСІС (ад грэч. archē пачатак + allaxis змена),

адзін са спосабаў эвалюцыі, пры якім змена першапачатковай закладкі органа адбываецца на ранняй стадыі эмбрыягенезу і мяняе ўвесь далейшы ход яго развіцця. Тэрмін увёў рус. вучоны А.М.Северцаў (1910) у сваёй тэорыі філэмбрыягенезу. Пры архалаксісе адбываецца адносна буйная скачкападобная змена будовы органаў і ўзнікаюць новыя органы, якіх не было ў продкаў. Па тыпе архалаксісу, напр., развіваецца закладка валасоў у зародкаў млекакормячых (інакш, чым плакоідная луска ў рыб або рагавая ў паўзуноў).

т. 1, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТО́РЫНА (Аляксандра Паўлаўна) (28.11.1900, г. Чэлябінск — 15.7.1982),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1957). Скончыла муз. вучылішча Рус. муз. Т-ва (1917). Працавала ў т-рах Расіі. У 1949—73 у Брэсцкім абл. драм. т-ры імя ЛКСМБ. Характарная актрыса, майстар пераўвасаблення, сцэн. дэталі, эпізоду. Сярод роляў: Альжбета («Папараць-кветка» І.Козела), Маці («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Гурмыжская, Кабаніха («Лес», «Навальніца» А.Астроўскага). Рэжысёр спектакляў «Тры жарты». А.Чэхава (1956) і «Позняе каханне» Астроўскага (1963). Адна з арганізатараў Брэсцкага абл. т-ра лялек.

т. 2, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАХА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1705—06,

выступленне стральцоў, пасадскіх і работных людзей у г. Астрахань супраць цяжкіх падаткаў, самавольства і насілля мясц. улад. Пачалося з пратэсту стральцоў супраць указа цара Пятра І пра забарону насіць рус. адзенне і бараду. Паўстанцы захапілі крэмль, знішчылі «начальных людзей» і афіцэраў-іншаземцаў, выбралі савет старшыняў, які адмяніў усе новыя падаткі, выплаціў і павысіў стральцам жалаванне і інш. Супраць паўстанцаў накіраваны войскі на чале з Б.П.Шарамецевым, якія штурмам узялі Астрахань. Паўстанне было жорстка задушана.

т. 2, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫЧЭ́ЎСКІ (Клеменс) (1828, Вільня — ?),

бел. скульптар. Вучань К.Ельскага. Скончыў Пецярбургскую АМ, дзе атрымаў дыплом за бюст з натуры (1851). З 1861 жыў у Парыжы. Ствараў партрэтныя скульптуры (бюсты, медалі), надмагільныя помнікі, творы на рэліг. тэмы, выкарыстоўваючы пластыку з розных матэрыялаў — гіпсу, мармуру, бронзы. З 1867 дэманстраваў работы ў парыжскіх салонах. Сярод твораў: бюсты генерала В.Замойскага (1867), Л.Нядзведскага (1869), франц. мастака Э.Дэлакруа (1873), рус. філосафа Р.Вырубава, публіцыста З.Кржыжаноўскага-Лакруа (абодва 1881), эпітафія А.Чартарыйскага (1866—68), партрэтныя медальёны.

А.К.Лявонава.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ НАРО́Д»,

грамадска-паліт., эканам. і літ. газета. Выдавалася 20.1—5.2.1919 у Гродне на бел. і рус. мовах. Інфармавала пра работу бел. арг-цый і дзярж. структур. Апублікавала першыя заявы Нар. сакратарыята БНР, пратэст бел. арг-цый супраць намеру польск. ўрада правесці выбары ў сейм на Гродзеншчыне, якая на той час не ўваходзіла ў склад польск. дзяржавы, інфармацыю пра адкрыццё ў шэрагу гарадоў Беларусі аддзелаў Бел. культ.-асв. т-ва «Бацькаўшчына» і інш. Выйшлі 2 нумары.

А.С.Ліс.

т. 2, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКАЯ РА́ДА»,

вайскова-грамадская і літ. газета. Выдавалася з 25.11(8.12).1917 да 5.2.1918 у Мінску на рус. мове, некаторыя матэрыялы друкавала па-беларуску. Адлюстроўвала нац.-кансалідацыйныя працэсы на Беларусі і за яе межамі, асабліва сярод беларусаў у вайск. фарміраваннях б. царскай Расіі, імкненне бел. народа да нац.-дзярж. самавызначэння з уласным войскам, прапагандавала свабодныя, раўнапраўныя адносіны на падставе федэратыўнага саюзу з інш. народамі сав. Расіі. Пашырала ідэю дзяржаўнасці бел. мовы, падкрэслівала сав.-адраджэнскую ролю нац. інтэлігенцыі.

А.К.Каўка.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНУА́ (Лявонцій Мікалаевіч) (23.8.1856, г. Петрадварэц Ленінградскай вобл., Расія — 8.2.1928),

рускі архітэктар. Засл. дз. маст. Расіі (1927). Сын М.Л.Бенуа. Скончыў Пецярбургскую АМ (1879), выкладаў у ёй (праф. з 1892, рэктар у 1903—06 і 1911—17), у Ін-це цывільных інжынераў (1884—92, 1920—27, Пецярбург). Будаваў у Пецярбургу (Акадэмічная капэла імя М.І.Глінкі, 1885—89; корпус Рус. музея, 1914—16), Маскве, Кіеве, Варшаве, Ташкенце. Стварыў праект пераўтварэння Пецярбурга (1910—13, разам з арх. М.Перацяткавічам і інж. Ф.Янакіевым).

т. 3, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РМАН (Іван Андрэевіч) (1830-я г., Вільня — 16.1.1893),

бел. этнограф і краязнавец. Член Рус. геагр. т-ва. Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю (1857). Служыў святаром у Ашмянскім і Кобрынскім пав. З 1868 адначасова выкладаў у Марыінскім вышэйшым жаночым вучылішчы і інш. навуч. установах Вільні. Вывучаў бел. нар. абрады, прыкметы, вераванні, забабоны. Найб. каштоўныя яго працы пра нар. каляндар і метэаралогію беларусаў («Каляндар паводле народных паданняў у Валожынскім прыходзе Віленскай губерні Ашмянскага павета», 1874).

Літ.:

Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991.

т. 3, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЧЭР-СТО́У ((Beecher-Stowe) Гарыет Элізабет) (14.6.1811, г. Лічфілд, ЗША — 1.7.1896),

амерыканская пісьменніца. У рамане «Хаціна дзядзькі Тома» (1852) адлюстраванне жыцця неграў-рабоў спалучаецца з пропаведдзю прынцыпаў хрысц. маралі. Праблемам рабства ў ЗША прысвечаны публіцыстычная кн. «Ключ да хаціны дзядзькі Тома» (1853) і раман «Дрэд, аповесць пра праклятае балота» (1856). Аўтар рамана «Алдтаунскія старажылы» (1869) і інш., памфлета «Апраўданне лэдзі Байран» (1870), аповесцяў, апавяданняў, вершаў-медытацый на рэліг. тэмы.

Тв.:

Рус. пер. — Хижина дяди Тома. М., 1980.

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДЗІ (Сяргей Міхайлавіч) (25.6.1891, г. Баку — 29.8.1983),

рускі літаратуразнавец. Д-р філал. н. (1943), праф. (1943). Скончыў Петраградскі ун-т (1916). З 1950 праф. Маскоўскага ун-та. Працы прысвечаны пытанням пушкіназнаўства, тэорыі і гісторыі рус. верша 18—19 ст. Адзін са стваральнікаў метаду тэксталагічнага аналізу, які быў пакладзены ў аснову вывучэння тэкстаў, апублікаваных у акад. выданні твораў А.С.Пушкіна. Аўтар даследаванняў «Новыя старонкі Пушкіна» (1931), «Пушкін — родапачынальнік новай рускай літаратуры» (1941) і інш., навук. каментарыяў да шматлікіх выданняў твораў Пушкіна.

т. 3, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)