сістэма камплектавання рас.рэгулярнага войска ў 18—19 ст. Пачаткам пераходу да Р.п. з’явіліся змены ў складзе і парадку набору датачных людзей (1699); канчаткова ўведзена ў 1705. Рэкрутаў набіралі прымусова з усіх падатных саслоўяў (сялян, мяшчан і інш.). Пазней ад Р.п. былі вызвалены купцы, царк. служкі, ганаровыя грамадзяне і інш. Напачатку рэкруты служылі пажыццёва, з 1793—25 гадоў, з 1834—20, у 1855—72—12, 10 і 7 гадоў. Узрост рэкрутаў складаў (у розныягіст. перыяды) ад 17 да 35 гадоў (у 1726—66 — «усякага ўзросту»). Да 1724 бралі 1 рэкрута з 20 двароў, потым 5 і больш з 1000 рэвізскіх душ. У 1874 Р.п. заменена ўсеагульнай воінскай павіннасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́Ў Уладзімір Мікалаевіч (18.4.1928, г. Ліхаслаўль Цвярской вобл., Расія — 24.1.1997),
рускі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1952). Друкаваўся з 1948. Першая кніга — «Раніца ў дарозе» (1953). У зб-ках вершаў і паэм «На сонечным баку» (1961), «Змена дзён» (1965), «Розныя гады» (1966), «Снег у верасні» (1968), «Другая маладосць» (1971), «Гарадскія вершы», «Позняя раніца» (абодва 1977), «Дзякуй, музыка» (1978), «Сюжэт» (1980, Дзярж. прэмія СССР 1983), «Новыя часы» (1986), «Наведванне» (1992) і інш. паэтызацыя штодзённага, непарыўнасць грамадзянскага і асабістага, тэмы горада, прыроды, кахання, узаемаадносін творцы і мастацтва, творцы і жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛАГІ́СТЫКА (ад грэч. syllogistikos які робіць вывад),
раздзел логікі, які вывучае дэдуктыўныя розумазаключэнні, што складаюцца толькі з катэгарычных суджэнняў. Уключае класіфікацыю розумазаключэнняў у залежнасці ад пасылак, якія ўваходзяць у яго, а таксама ад становішча сярэдняга тэрміна — фігуры сілагізма. Адрозніваюць 4 фігуры: агульнасцвярджальную («усякае А ёсць Б»), агульнаадмоўную («ні адно А не ёсць Б»), прыватнасцвярджальную («некаторае А ёсць Б»), прыватнаадмоўную («некаторае А не ёсць Б») і 256 варыянтаў фігур (правільных 24) — модусаў. У такім выглядзе С. распрацавана стараж.-грэч. філосафам Арыстоцелем, які ўвёў літарныя сімвалы для абазначэння суджэнняў і іх тэрмінаў, класіфікаваў і абгрунтаваў розныя формы сілагізмаў (модусы). Сучасная матэматычная логіка скараціла колькасць модусаў да 15, адкінуўшы тыя, што супярэчаць правілам вываду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫЛІСТЫ́ЧНЫЯ ФІГУ́РЫ, сінтаксічныя фігуры,
своеасаблівыя сінтаксічныя прыёмы будовы маст. мовы, якія адрозніваюцца ад агульнапрынятых у звычайнай моўнай практыцы сінтакс. норм. С.ф. разам з рытарычнымі фігурамі ўваходзяць у паэтычны сінтаксіс. Да С.ф. адносяцца розныя віды паўтораў (анафара, эпіфара, градацыя, кальцо, сімплака, падваенне, бяззлучнікавасць, шматзлучнікавасць, шматпрыназоўнікавасць), усе віды і формы парушэння сінтакс. ці лагічнай сувязі паміж словамі ўнутры вершаваных радкоў або празаічных фраз (анакалуф, амфібалія, інверсія, эліпс, умаўчанне), супастаўленне і проціпастаўленне гэтых радкоў, групоўка іх у пэўныя інтанацыйна-сінтакс. адзінствы (перанос, паралелізм, антытэза, ампліфікацыя, перыяд сінтаксічны). С.ф. індывідуалізуюць мову пісьменнікаў, надаюць ёй павышаную эмацыянальнасць. Канкрэтны ідэйна-маст. змест С.ф. выяўляецца толькі ў кантэксце маст. твора, залежыць ад яго жанру, творчай манеры аўтара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫ́ГЕР (англ. trigger),
спускавая схема з 2 (радзей больш) станамі ўстойлівай раўнавагі; адзін з асн. элементаў лічыльнікаў, вылічальных машын, фарміравальнікаў імпульсаў і інш. Стан раўнавагі Т. захоўваецца.
Мае 2 выхады — асноўны (прамы) і інверсны. Асн. параметры: хуткадзеянне (найб. лік пераключэнняў за адзінку часу), час спрацоўвання (час пераходу з аднаго стану ў другі), узроўні ўваходных і выхадных сігналаў. Пераход Т. з аднаго стану ў другі (перакульванне) адбываецца пры падачы кіроўных сігналаў на розныя ўваходы (установачны запуск) ці паслядоўна на адзін і той жа (лічыльны запуск). Найб. пашыраны электронныя Т. на аснове электравакуумных, газаразрадных і паўправадніковых прылад, інтэгральных схем. Выкарыстоўваюцца як адны з найб. універсальных элементаў лагічных і выліч. прылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРУХТА́Н (Philomachus pugnax),
птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўразіі ў тундравай, лясной, лесастэпавай і стэпавай зонах. Жывуць на балотах, у поймах рэк. Самцы пасля такавання ў канцы чэрвеня адлятаюць на Пд, зімуюць у Афрыцы і Паўд. Азіі. На Беларусі нар. назва батальён.
Даўж. да 33 см, маса да 240 г; самкі драбнейшыя. Апярэнне зверху шаравата-бурае, стракатае. знізу белае. Вясной у самцоў па баках патыліцы і пярэдняй ч. шыі падоўжаныя пёры ўтвараюць т.зв. «вушкі» і «каўнер», афарбаваныя ў розныя колеры. Кормяцца пераважна насякомымі. дробнымі беспазваночнымі. насеннем. Палігамы. Адкладваюць да 4 яец. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕФО́ННЫ АПАРА́Т,
прылада для перадачы і прыёму гукавой інфармацыі (маўлення, музыкі і інш.); канцавая абаненцкая прылада тэлефоннай сувязі. Мае моўныя (мікрафон, тэлефон, гучнагаварыцель), выклікальныя (нумаранабіральнік, званок) і камутацыйныя (пераключальнік «выклік — размова») прыстасаванні. Вынайдзены А.Г.Белам (1876).
Найб. пашыраны аўтаматычныя Т.а. з дыскавым ці кнопачным нумаранабіральнікам; паводле прызначэння адрозніваюць бытавыя Т.а., таксафоны, шахтавыя (выбуханебяспечныя), дыспетчарскія і інш. Многія Т.а. маюць мікрапрацэсар, з дапамогай якога карыстальнікі атрымліваюць розныя паслугі: электронная памяць (запамінаюцца набраныя тэлеф. нумары) з магчымасцю аўтам. паўторнага выкліку, вызначальнік нумара (вызначае і запамінае нумары Т.а., з якіх быў выкліканы дадзены Т.а.) і інш.Гл. таксама Відэатэлефон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для ўборкі зернебабовых, кармавых (на сена, сянаж, сілас, травяную муку), алейных і некаторых пладова-агароднінных культур, бульбы, буракоў. Складаюць адну з асн. частак сельскагаспадарчай тэхнікі.
Комплекс У.м. па збожжавых культурах уключае жняяркі, збожжаўборачныя камбайны, падборшчыкі, капаклады, самаразгружальныя трансп. сродкі, машыны для пасляўборачнай апрацоўкі збожжа (зернеачышчальныя машыны, сартавальныя, калібровачныя), зернесушылкі, зернепагрузчыкі і інш. Ва ўборачныя комплексы па інш. культурах уваходзяць: бацвінне-, бурака-, ільно-, канопле-, коране-, сенаўборачныя машыны, бульба-, корма-, кукуруза-, сіласаўборачныя камбайны (гл. адпаведныя арт.), а таксама бульбакапалкі, граблі, прэс-падборшчыкі, стагакіды, сушылкі, трыеры, чаезборачныя машыны і інш.
На Беларусі розныя тыпы У.м. выпускае Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Лідскі завод сельскагаспадарчых машын і інш.Гл. таксама Сельскагаспадарчае машынабудаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕРМА́ (Fermat) П’ер (17.8.1601, Бамон-дэ-Ламань, Францыя — 12.1.1665),
французскі матэматык, адзін са стваральнікаў аналітычнай геаметрыі і лікаў тэорыі. Атрымаў юрыд. адукацыю. Навук. працы па матэм. аналізе, тэорыі імавернасцей і геаметрыі змешчаны ў трактаце «Розныя матэматычныя творы» (1679). Развіў метад каардынат, вывеў ураўненні прамой і крывых 2-га парадку. Сфармуляваў агульныя правілы дыферэнцавання і інтэгравання ступеннай функцыі, даў правіла вызначэння экстрэмумаў. Яго імем названы 2 тэарэмы тэорыі лікаў (гл.Ферма вялікая тэарэма і Ферма малая тэарэма) і адзін з асн. прынцыпаў геам. оптыкі (гл.Ферма прынцып).
Літ.:
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 5 изд. М., 1990;
История математики с древнейших времен до начала XIX столетия. Т. 2. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІ́ТЛА (ад грэч. titlos надпіс),
надрадковы знак, які ўжываўся ў стараж. (грэч., слав.) пісьменнасці і ўказваў на скарочанае напісанне слоў або лікавае значэнне літар.
У старабел. пісьменнасць Ц. перайшла са стараж.-рускай. Спачатку мела форму, блізкую да простай гарыз. рыскі над словам, потым колькасць яе варыянтаў павялічылася. Звычайна пісалася над агульнавядомымі кніжнымі словамі, Дзе апускаліся пераважна літары, якія абазначалі галосныя гукі: «г︮л︦с︦ъ︯» («голосъ»), «д︮н︦ь︯» («день»), «к︮р︦с︦т︦ъ︯» («крестъ»), «с︮н︦ъ︯» («сынъ»), «ц︮р︦ъ︯» («царъ»). Ужывалася над літарамі, якія абазначалі лікі і даты («купили жита з҃ копъ», «розделъ к҃г, «року≠афме месяца мая иі Дня»), над вынаснымі літарамі («праⷡ҇да», «чаⷭ҇). Розныя графічныя варыянты Ц. служаць палеаграфічнай прыкметай пры датаванні стараж. рукапісаў.