ГЛЯЦЫЯДЫСЛАКА́ЦЫІ (ад лац. glacies лёд + дыслакацыя),

ледавіковыя дыслакацыі, парушэнні залягання горных парод, якія складаюць ложа ледавіка, пад ціскам лёду. Пашыраны ў раёнах сучаснага і старажытна-мацерыковага зледзянення. Звычайна ўзнікаюць там, дзе рухомы ледавік сустракае перашкоду. Пераважаюць каляпаверхневыя дэфармацыі, звязаныя з актыўнымі ледавікамі (складкі, складкава-лускаватыя структуры, насовы і інш.) або з дэградуючым (мёртвым) лёдам (прасадкі, апоўзні, тэрмакарст і інш.). Гляцыядыслакацыі вывучае гляцыятэктоніка. На тэр. Беларусі найб. выразныя і магутныя складкава-лускаватыя (скібавыя) гляцыядыслакацыі — Бярозаўская, Грандзіцкая, Пескаўская, Поразаўская, Салігорская і інш.

т. 5, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛАЦЫЯ́ЛЬНЫЯ (Helotiales),

парадак сумчатых грыбоў з групы парадкаў дыскаміцэтаў. Каля 250 відаў з 60 родаў. Пашыраны ўсюды. Пераважна сапратрофы. На Беларусі каля 110 відаў з 37 родаў: кудонія, ланхелула, корыне, булгарыя, гелоцый і інш. Жывуць на апалым лісці, адмерлых раслінных рэштках. Паразітныя віды выклікаюць хваробы раслін (напр., віды з роду склератынія).

Пладовыя целы (апатэцыі) выш. і дыям. ад 0,02 мм да 2—3 см, кубка-, сподкападобныя, часам на ножцы, мясістыя ці храсткаватыя, скурыстай або рогападобнай кансістэнцыі. Споры шматклетачныя, з гладкай абалонкай, часта афарбаваныя.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́БУ (Bos indicus),

падвід свойскай буйной рагатай жывёлы з невял. тлушчавым гарбом на карку. Пашыраны ў Азербайджане, Паўд. і Сярэдняй Азіі, Афрыцы, Паўд. Амерыцы. Гадуюць пераважна як мясную і рабочую жывёлу. Добра пераносяць засушлівы клімат, непатрабавальныя да кармоў. Гарбы па фізіял. прызначэнні аналагічныя гарбам вярблюдаў і курдзюкам сярэднеазіяцкіх авечак. Масць чорная і чырвона-пярэстая, рыжая, шэрая, бурая. Маса дарослых кароў 250—550 кг, быкоў 300—1000 кг. Гібрыды З. з буйн. раг. жывёлай пладавітыя, што выкарыстоўваюць пры стварэнні новых мясных парод.

Зебу.

т. 7, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ПНІК (Phlomis),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўразіі. На Беларусі вырошчваюць З. клубняносны (Ph. tuberosa).

Шматгадовыя травяністыя расліны або паўкусты і кусты з простым ці галінастым сцяблом. Лісце найчасцей яйцападобнае ці трохвугольнае. Кветкі двухполыя, няправільныя, двухгубыя, у шматкветкавых несапраўдных кальчаках, сабраных у коласападобнае суквецце; ружовыя, ліловыя, часам жоўтыя. Чашачка 5-зубчастая, трубчастая ці званочкавая. Плод — 4-гранны шматарэшак. Лек., кармавыя, меданосныя і дэкар. расліны. Клубнепадобныя патаўшчэнні на каранях З. клубняноснага ядомыя.

Зопнік клубняносны.

т. 7, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛ, мул,

тонкадысперсны насычаны вадой няўшчыльнены асадак, які намнажаецца на дне водных басейнаў. Мае ад 30 да 50% часцінак памерам менш за 0,01 мм. Паводле генезісу адрозніваюць І. тэрыгенны (гліністы і інш.), біягенны (дыятомавы, глабігерынавы і інш.), хемагенны (карбанатны і інш.), вулканагенны. З’яўляецца пачатковай стадыяй фарміравання многіх асадкавых горных парод (аргіліты, сланцы). Некаторыя І. (азёрны, сажалкавы, лагунны) выкарыстоўваюць як угнаенне і для мінер. падкормкі с.-г. жывёл, а таксама ў медыцыне для гразелячэння. На Беларусі пашыраны І. азёрны (сапрапель, гіція) і глебавы.

т. 7, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬІ́НКА, Кабак армуд, Палаціўка,

сорт грушы нар. селекцыі. На Беларусі пашыраны на прысядзібных участках.

Дрэва моцнарослае, з шырокапірамідальнай раскідзістай кронай сярэдняй гушчыні. Плоданашэнне на 6—7-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, адносна ўстойлівы да бактэрыяльнага раку, у вільготныя гады пашкоджваецца паршой і пладовай гніллю. Плады сярэдняй велічыні (120 г), правільнай грушападобнай формы. Скурка шчыльная, пры паспяванні жоўта-зялёная з ружаватым румянцам на сонечным баку. Мякаць белая, сярэдняй шчыльнасці і сакавітасці, салодкая. Спажывецкая спеласць у пач. жніўня.

М.​Р.​Мялік.

Груша Ільінка.

т. 7, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЙРЫ (Uria),

род птушак сям. чысцікавых атр. сеўцападобных. 2 віды: танкадзюбая, або даўгадзюбая (U. aalge), і таўстадзюбая, або караткадзюбая (U. lomvia). Пашыраны на ўзбярэжжах і астравах умераных і палярных мораў Паўн. паўшар’я.

Даўж. цела да 50 см, маса да 1,5 кг. Апярэнне зверху чарнавата-бурае, знізу белае. Гняздуюцца на прыбярэжных скалах вял. калоніямі, утвараюць разам з інш. птушкамі птушыныя базары. Нясуць 1 яйцо. Кормяцца дробнай марской рыбай і беспазваночнымі. Мяса і яйцы ядомыя. Аб’ект промыслу.

Кайры: 1 — танкадзюбая; 2 — таўстадзюбая.

т. 7, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКАДУ́ (Kakatoeinae),

падсямейства гладкаязычных папугаяў. 5 родаў, 17 відаў. Пашыраны ад Калімантана і Філіпін да Аўстраліі і Тасманіі. Жывуць чародамі ў лясах і лесастэпах.

Даўж. цела 60—95 см. Характэрная адзнака — чуб на галаве. Апярэнне пераважна белае ці чорнае. Гняздуюцца ў дуплах дрэў або ў шчылінах скал. У кладцы 2—6 яец Кормяцца фруктамі, арэхамі, костачкамі і пладамі, зрэдку насякомымі. Добра імітуюць розныя гукі, у т. л. голас чалавека. У няволі жывуць да 70 гадоў.

Э.​Р.​Самусенка.

Какаду: 1 — жаўтачубы; 2 — чорны.

т. 7, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАНІ́ШНІК (Succisa),

род кветкавых раслін сям. варсянкавых. 1 від — К. лугавы (S. pratensis). Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі на нізінных лугах, ускрайках балот, лясных палянах, нар. назвы каманіца, каноплі лясныя, папы.

Шматгадовая травяністая расліна выш. 40—100 см. Сцябло прамастойнае з доўгімі міжвузеллямі. Лісце цэласнае, ланцэтнае, на сцябле супраціўнае, пры корані ў разетцы. Кветкі сіне-фіялетавыя, блакітна-бэзавыя, радзей белыя, у галоўчатых суквеццях. Плод — 4-гранны касматы арэх. Лек., дубільная, фарбавальная і меданосная расліна.

Каманішнік лугавы.

т. 7, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІБАЛІ́ЗМ (франц. cannibalisme ад ісп. canibal людаед) у жывёл, форма жывёльнага жыўлення, пры якой з’ядаюцца асобіны таго ж віду; крайняя форма ўнутрыпапуляцыйных узаемаадносін. Вядомы больш чым у 1300 відаў жывёл. Назіраецца, калі папуляцыя не забяспечана кормам або пры звышвысокай шчыльнасці (драпежныя клапы, насякомыя, павукі, драпежныя рыбы і інш.). У гэтых выпадках К. — своеасаблівы рэгулятар, які дапамагае папуляцыі выжыць за кошт змяншэння колькасці. К. у людзей быў пашыраны ў мінулым у некат. плямён і народаў у бытавой і рэлігійна-магічнай формах.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)