НА́ТА (Natta) Джуліо (26.2.1903, г. імперыя, Італія —2.5.1979),

італьянскі хімік-арганік. Чл. Нац. акадэміі дэі Лінчэі (1955). Замежны чл. АН СССР (1966). Скончыў Міланскі політэхн. ін-т (1924), дзе працаваў у 1925—33 (з 1927 праф.) і з 1938. Навук. працы па хіміі палімераў. Адкрыў метад стэрэаспецыфічнай полімерызацыі (1954), мадыфікаваў каталізатары, прапанаваныя К.В.Цыглерам (каталізатары Цыглера—Н.). Сінтэзаваў стэрэарэгулярныя палімеры і ўстанавіў тыпы стэрэарэгулярнасці. Залаты медаль імя М.​В.​Ламаносава АН СССР (1970). Нобелеўская прэмія 1963 (разам з Цыглерам).

Дж.Ната.

т. 11, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́БІЛЕ (Nobile) Умберта (21.1.1885, Лаура, Італія — 30.7.1978),

італьянскі палярнік, канструктар дырыжабляў, генерал. У 1926 удзельнічаў у экспедыцыі Р.Амундсена як камандзір дырыжабля «Нарвегія» ўласнай канструкцыі. У 1928 узначаліў італьян. экспедыцыю на Паўн. полюс на дырыжаблі «Італія», які пацярпеў катастрофу каля Шпіцбергена (група ўдзельнікаў экспедыцыі выратавана сав. ледаколам «Красін», другая група прапала без вестак). У 1932—36 працаваў у СССР, потым у ЗША, у 1945 вярнуўся ў Італію.

Літ.:

Самойлович Р.Л. На спасение экспедиции Нобиле. 4 изд. Л., 1967.

т. 11, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РЛІО (Serlio) Себасцьяна (6.9.1475, г. Балоння, Італія — 1554),

італьянскі тэарэтык архітэктуры. Арх. адукацыю атрымаў у Рыме (1514—27) у Б.​Перуцы. Працаваў у гарадах Пезара, Венецыя, а таксама ў Францыі (з 1541). Пачынаў як майстар перспектыўнага жывапісу. Трактат С., прысвечаны геаметрыі, перспектыве, ант. і тагачасным пабудовам, набыў агульнаеўрап. вядомасць (у 1537—75 друкаваўся асобнымі кнігамі, якія ў венецыянскім выданні 1584 аб’яднаны пад назвай «Архітэктура») і значна паўплываў на развіццё рэнесансавага і раннекласіцыстычнага дойлідства ў Францыі, Нідэрландах і Германіі.

т. 14, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫМАБУ́Э [Cimabue; сапр. Чэні ды Пена (Cenni di Peno); каля 1240 — пасля 1302],

італьянскі жывапісец. Працаваў у Рыме, Асізі, Фларэнцыі, Пізе. Творчасць развівалася ў рэчышчы традыцый візант. жывапісу з рысамі протарэнесансу. Творы вылучаюцца велічнасцю кампазіцыі, матэрыяльнай адчувальнасцю твараў і фігур, унутр. значнасцю вобразаў: плоскаснасць і некат. схематычная сіметрычнасць спалучаюцца з вытанчанай стрыманасцю колеравай гамы, пластычнай яснасцю гнуткага контурнага малюнка: «Укрыжаванне», «Маэста» (абодва 1285), цыкл фрэсак у Верхняй царкве Сан-Франчэска ў Асізі (каля 1290).

Чымабуэ. Маэста. 1285.

т. 17, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВЕ́ (Bovet) Даніэль (23.3.1907, г. Неўшатэль, Швейцарыя — 1992),

італьянскі вучоны ў галіне фармакалогіі. Скончыў Жэнеўскі ун-т (1929). З 1929 у Пастэраўскім ін-це (Парыж). З 1947 у Вышэйшым ін-це здароўя (Рым). З 1964 праф. ун-та Сасары (Рым). З 1971 праф. Рымскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні ўзаемасувязі структуры лекаў з іх фармакалагічнай актыўнасцю. Выявіў механізм антыбактэрыяльнага ўздзеяння сульфаніламідных прэпаратаў. Высветліў заканамернасці будовы курарэпадобных і антыгістамінных злучэнняў. Нобелеўская прэмія 1957.

В.​Ф.​Ермакоў.

Д.Баве.

т. 18, кн. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛЬДЖЫ (Golgi) Каміла (7.7.1844, г. Картэна, Італія — 21.1.1926),

італьянскі гістолаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1905). Скончыў Падуанскі ун-т (1865). З 1875 праф. ун-та ў г. Павія. Навук. працы па нейрагісталогіі і мікрамарфалогіі нерв. сістэмы. Распрацаваў хромасярэбраны метад прыгатавання прэпаратаў нерв. тканкі (1873). Вызначыў 2 тыпы нерв. клетак; апісаў адменны ўнутрыклетачны арганоід — Гольджы комплекс і інш. Даследаваў патамарфалогію мозга пры псіхічных хваробах, вызначыў гісталагічную дыферэнцыроўку паміж саркомай і гліёмай. Нобелеўская прэмія 1906 (разам з Рамонам-і-Кахалем).

К.Гольджы.

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАБЕ́РЦІ (Gioberti) Вінчэнца (5.4.1801, г. Турын, Італія — 26.10.1852),

італьянскі тэолаг і філосаф, дзярж. дзеяч. Свяшчэннік. У 1825—33 праф. Турынскага ун-та. За сувязь з Дж.Мадзіні праследаваўся ўладамі, у 1833—48 у эміграцыі ў Францыі і Бельгіі. У рэвалюцыю 1848—49 у Італіі прэм’ер-міністр Сардзінскага каралеўства, сардзінскі пасол у Францыі, у 1849 эмігрыраваў у Парыж, дзе і памёр. Аўтар прац «Пра духоўнае і грамадзянскае пяршынствы італьянцаў» (1843), «Пра грамадзянскае абнаўленне Італіі» (т. 1—2, 1851), прысвечаных праблеме Рысарджымента і інш.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬВА́НІ (Galvani) Луіджы (9.9.1737, г. Балоння, Італія — 4.12.1798),

італьянскі фізік і фізіёлаг, заснавальнік эксперым. электрафізіялогіі, адзін з заснавальнікаў навукі пра электрычнасць. Скончыў Балонскі ун-т (1759). З 1763 праф. анатоміі, потым медыцыны ў Балонскім ун-це. У «Трактаце пра сілы электрычнасці пры мускульным руху» (1791) апісаў з’яву электрызацыі пры кантакце разнародных металаў. Гэта дало магчымасць А.​Вольта стварыць гальванічны элемент. Эксперыментальна даказаў наяўнасць электрычных з’яў у жывёльных тканках (1794).

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 190—194.

Л.Гальвані.

т. 4, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́КСІ (Craxi) Беціна (Бенедзета; н. 24.2.1934, г. Мілан, Італія),

італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык. Чл. Італьянскай сацыялістычнай партыі (ІСП; з 1952), яе ЦК (з 1957) і кіраўніцтва (з 1965), ген. (паліт.) сакратар ІСП (з 1976). Прыхільнік ідэй рэфармісцкага сацыялізму. Чл. муніцыпальнага савета Мілана (1960—70). Дэп. парламента (з 1968). Старшыня Савета Міністраў Італіі ў 1983—87. Прыцягваўся па справе аб карупцыі, у 1993 адышоў ад паліт. дзейнасці. Аўтар працы «Сацыялізм ад Сант’яга да Прагі» (1976) і інш. гіст. твораў.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬПІ́ГІ (Malpighi) Марчэла (10.3. 1628, г. Крэвалькорэ, Італія — 30.11. 1694),

італьянскі біёлаг і ўрач, адзін з заснавальнікаў мікраскапічнай анатоміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Д-р медыцыны (1653). Скончыў Балонскі ун-т, працаваў у ім (у 1656—91 праф.). Адкрыў альвеалярную будову лёгкіх (1660), сувязь артэрый з венамі праз капіляры (1661), апісаў лімфатычныя цельцы селязёнкі і клубочкі ў нырцы (мальпігіевыя цельцы), мачавыя трубачкі насякомых (мальпігіевыя сасуды), слой эпідэрмісу скуры (названы яго імем). Аўтар «Анатоміі раслін» (т. 1—2, 1675—79).

М.Мальпігі.

т. 10, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)