АКВАКУЛЬТУ́РА,

развядзенне і таварнае вырошчванне каштоўных водных арганізмаў (рыб, ракападобных, малюскаў, водарасцяў). Адрозніваюць аквакультуру прэснаводную і марскую (марыкультуру). Вылучаюць 2 кірункі развіцця аквакультуры: вырошчванне каштоўных відаў рыб і беспазваночных з выкарыстаннем штучных кармоў і пашавае — на натуральнай кармавой базе ў паўкантралюемых умовах. У прэснаводнай аквакультуры выкарыстоўваюць штучныя і натуральныя вадаёмы, а таксама індустр. ўстаноўкі, у марыкультуры — прыбярэжную зону мораў. Існуе ў краінах з высокім тэхн. узроўнем рыбалоўства (Японія, Вялікабрытанія, Нарвегія) і краінах паўд.-азіяцкага і афр. рэгіёнаў. Сусветны прадукт аквакультуры складае 9,4—9,5 млн. т (на марыкультуру прыпадае каля ​2/3; 1983—87).

На Беларусі аквакультура існуе ў выглядзе сажалкавага і азёрнага рыбаводства, развіваюцца індустр. формы рыбаводства на прамысл. прадпрыемствах. Функцыянуюць 21 сажалкавы, 6 азёрных рыбгасаў, 8 рыбагадавальнікаў; вырошчваюць карпа, сазана, карася сярэбранага, амура белага, таўсталобіка, стронгу радужную. Сярэднегадавы аб’ём сажалкавай рыбы складаў каля 18 тыс. т у 1986—90, 6 тыс. т у 1994, у азёрных гаспадарках 0,7 тыс. т, у індустр. рыбаводстве 1,4 тыс. т (1990).

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТАМІ́ННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

падгаліна медыцынскай прамысловасці, якая спецыялізуецца на вытв-сці сінт. вітамінаў, каферментаў і іх прэпаратаў у таблетках, дражэ, ампулах, капсулах, гранулах, канцэнтратах, а таксама вітамінных прэпаратаў з расліннай і жывёльнай сыравіны.

Вітамінная прамысловасць стала развівацца на пач. 20 ст., у СССР была наладжана ў 1930-я г. Спачатку вітамінныя прэпараты выраблялі толькі з прыроднай сыравіны — вітамінаносных раслін, пазней была асвоена вытв-сць сінт. вітамінаў С, D2 і K3, з 1949 — B1, а з 1955 — усіх асн. вітамінаў.

Вітамінныя з-ды і камбінаты — спецыялізаваныя прадпрыемствы са шматстадыйнымі працэсамі, значнай матэрыялаёмістасцю, выкарыстаннем спец. абсталявання для работы з агрэсіўнымі асяроддзямі, высокай чысцінёй прадукцыі. Развітую вітамінную прамысловасць маюць Расія, ЗША, Японія, Вялікабрытанія, Германія, Францыя, Швейцарыя, Балгарыя, Венгрыя, Польшча і інш. краіны. На Беларусі выпуск вітамінаў распачаты ў 1994 закрытым акц. т-вам «БАФІ» (г. Мінск). Выпускаюць адаптаваныя да ўмоў тэр. Беларусі полівітаміны «Бафівіт-1», «Антыаксіэф», «Юніэф» і інш., вітамінныя канцэнтраты, прэміксы і вітаміны для с.-г. жывёл.

т. 4, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́НКГА (Ginkgo),

манатыпны род голанасенных раслін сям. гінкгавых. Вядомы 1 від — гінкга двухлопасцевы (G. biloda). Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі (радзіма Усх. Кітай, Японія), утварае лясы з інш. дрэвамі. Стараж. рэлікт цеплалюбнай даледавіковай флоры (геал. ўзрост віду каля 50 млн. гадоў). На Беларусі рэдка вырошчваецца (з 1900) як дэкар. расліна ў садах, парках і ў аранжарэях.

Двухдомнае лістападнае дрэва выш. да 40 м і дыям. ствала каля 3 м. Кара шэрая, шурпатая. Крона светлая, пірамідальная або раскідзістая. Лісце чаранковае, простае, арыгінальнай веерападобнай формы, светла-зялёнае, увосень — залаціста-жоўтае, сядзіць пучкамі на пакарочаных парастках. Спарафілы моцна рэдукаваныя, сабраны ў аднаполыя стробілы. Сперматазоіды рухомыя, са шматлікімі жгуцікамі (архаічная прыкмета). Семя (да 2—3 см) абкружана тоўстай вонкавай абалонкай, ядомае. Лек. і дэкар. расліна. Размнажаецца насеннем і чаранкамі. Святлалюбны, устойлівы да засухі, задымлення паветра, грыбковых і вірусных захворванняў, рэдка пашкоджваецца насякомымі. Даўгавечны (да 1000 і больш гадоў).

Г.​У.​Вынаеў.

Гінкга двухлопасцевы.

т. 5, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЦУО БА́СЁ, Басё (сапр. імя Мунэфуса; 1644, Уэна, Японія — 12.10.1694),

японскі паэт. Вывучаў паэт. майстэрства і каліграфію ў Кіёта. Вядомасць атрымаў як паэт камічнага рэнга. Пад уплывам дзэн-будызму стварыў паэт. жанр хайку (хоку), ператварыўшы традыц. яп. 17-складовы верш з лёгкай эпіграмы ў філас. паэт. мініяцюру. Паэт. спадчына М. і яго вучняў склала 7 анталогій: «Зімовыя дні» (1684), «Вясновыя дні» (1686), «Сцішанае поле» (1689), «Гарлянка» (1690), «Саламяны плашч малпы» (кн. 1—2, 1691—98), «Мяшок вугалю» (1694). Аўтар вандроўных дзённікаў («Косці, што бялеюць ў полі», «Лісты вандроўнага паэта», «Па сцежках Поўначы» і інш.), прадмоў да кніг і вершаў, пісьмаў. Паэзія і эстэтыка М. паўплывалі на развіццё яп. л-ры сярэдніх вякоў і новага часу. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.​Разанаў, Л.​Баршчэўскі.

Тв.:

Бел. пер. — [Хайку] // Крыніца. 1997. № 6;

Рус. пер. — Лирика. М., 1964.

Літ.:

Бреславец Т.И. Поэзия Мацуо Басё. М., 1981.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 10, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДШЫ́ПНІКАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна машынабудавання па вытворчасці падшыпнікаў. Узнікла ў сувязі з развіццём мех. транспарту, станкабудавання і інш. галін машынабудавання. Упершыню вытв-сць падшыпнікаў арганізавана ў Германіі ў 1883. Потым прадпрыемствы гэтай галіны з’явіліся ў ЗША, Швецыі. У наш час найб. развітую П п. маюць ЗША, Японія, Германія, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Расія, Чэхія. На Беларусі першае падшыпнікавае (рамонтнае) прадпрыемства створана ў 1939 у Гомелі. У 1948—51 у Мінску пабудаваны падшыпнікавы завод. На Беларусі (2000) дзейнічаюць 2 прадпрыемствы П.п. — акцыянернае прадпрыемства Мінскі падшыпнікавы завод (выпускае падшыпнікі шарыкавыя радыяльныя аднарадныя, радыяльна-ўпорныя, ролікавыя радыяльныя сферычныя двухрадавыя, ролікавыя ігольчастыя, шарыкавыя ўпорна-радыяльныя шматрадавыя, ролікавыя ўпорна-радыяльныя сферычныя аднарадавыя і інш.) і акцыянернае прадпрыемства Гомельскі падшыпнікавы завод (выпускае ў асн. шарыкі стальныя і падшыпнікі веласіпедныя). У 1990 імі выпушчана 148, у 1995—21, у 1998—23 млн. штук падшыпнікаў. Іх прадукцыя выкарыстоўваецца на маш.-буд. прадпрыемствах Беларусі і экспартуецца.

П.​І.​Рогач.

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМІ́НІЕВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

падгаліна каляровай металургіі, якая ўключае прадпрыемствы па здабычы алюмініевай сыравіны і вытв-сці гліназёму (алюмінію аксіду), металічнага алюмінію, крэмнію, алюмініева-крэмніевых сплаваў (сілуніту), фторыстых соляў і інш. (больш за 200 відаў прадукцыі). Па аб’ёме вытв-сці і выкарыстанні алюміній у сусв. эканоміцы займае 1-е месца сярод каляровых металаў. Алюмініевая сыравіна — баксіты, нефелін-апатытавыя і алунітавыя руды, нефелінавыя канцэнтраты і інш. (гл. Алюмініевыя руды). Адна з найб. энергаёмістых галін металургіі (на вытв-сць 1 т метал. алюмінію патрэбна каля 18 тыс. кВт∙гадз электраэнергіі), таму яе размяшчэнне залежыць ад наяўнасці крыніц таннай электраэнергіі.

Узнікла ў 1886, калі быў адкрыты спосаб атрымання алюмінію электролізам гліназёму (ЗША, Францыя). Хуткае развіццё алюмініевай прамысловасці ў канцы 19 — пач. 20 ст. звязана з вынаходствам гідрахім. спосабу вытв-сці гліназёму з баксітаў і вял. попытам на алюміній, асабліва ў сувязі з ростам авіяцыі. У б. СССР алюмініевая прамысловасць створана ў 1932—33 на энергет. базе першых буйных гідраэлектрастанцый (Волхаўскі і Дняпроўскі алюм. з-ды; пазней пабудаваны буйныя прадпрыемствы на Урале і ў Сібіры). Хуткі рост алюмініевай прамысловасці выклікаў павелічэнне здабычы баксітаў у свеце. Пасля 2-й сусв. вайны знойдзены багатыя радовішчы баксітаў у Афрыцы, Паўд. Амерыцы, пазней — у Аўстраліі. Сусв. здабыча баксітаў 92,5 млн. т (1984), найб. — у Аўстраліі і Гвінеі (49% сусв. рэсурсаў), на Ямайцы. Буйнейшыя вытворцы гліназёму — Аўстралія, ЗША Ямайка. Асн. імпарцёры баксітаў і гліназёму — ЗША, Канада, Японія, Нарвегія. Вытв-сць першаснага алюмінію (ступень ачысткі 99,7%) у свеце пастаянна расце, складае каля 16 млн. т (1984), сканцэнтравана ў ЗША, краінах б. СССР, Канадзе і інш. Акрамя першаснага вырабляюць значную колькасць алюмінію высокай ачысткі. Буйныя экспарцёры алюмінію — Канада, Нарвегія, імпарцёры — Японія, ЗША, ФРГ. Вытв-сцю алюмінію займаюцца больш за 80 кампаній (1982), 6 з іх вядучыя транснацыянальныя («Алкэн алюмініум», «Алюмінум компані оф Амерыка», «Рэйналдс металс», «Кайзер алюмінум энд кемікал», «Пешынэ», «Свіс алюмініум»), якія кантралююць 60% здабычы баксітаў, 65% вытв-сці гліназёму, 55% вытв-сці алюмінію.

Сучасная алюмініевая прамысловасць выкарыстоўвае новыя тэхналогіі комплекснай перапрацоўкі нефелін-апатытавых рудаў і нефелінавых канцэнтратаў на гліназём, содапрадукты, цэмент і інш., вядзе пошук новых эканам. тэхналогій атрымання алюмінію з небаксітавых відаў сыравіны. Буйныя запасы такой сыравіны ў ЗША (160 млрд. т), Нарвегіі, Іране, Іспаніі, ФРГ. На Беларусі — багатае радовішча небаксітавай сыравіны — даўсаніту (Заазерскае, паблізу Мазыра) і каалінітавыя гліны.

т. 1, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-ЯПО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1904—05,

вайна паміж Расіяй і Японіяй за перадзел сфер уплыву на Д.​Усходзе, за панаванне ў Паўн.-Усх. Кітаі і Карэі. Узнікла ва ўмовах абвастрэння рас.-яп. супярэчнасцей у канцы 19 — пач. 20 ст. З абодвух бакоў насіла захопніцкі характар. У выніку япона-кітайскай вайны 1894—95 Японія захапіла ч. тэр. Кітая. Расія ў 1896 заключыла дагавор з Кітаем на буд-ва Кітайскай Чанчуньскай чыгункі, у 1898 узяла ў арэнду Квантунскі п-аў з Порт-Артурам (Люйшунем), у час задушэння Іхэтуаньскага паўстання (1899—1901) акупіравала Маньчжурыю. Інш. дзяржавы, занепакоеныя ўзмацненнем пазіцый Расіі і Японіі ў Кітаі, імкнуліся падштурхнуць абедзве краіны да ваен. канфлікту. Англа-яп. пагадненне 1902 спрыяла падрыхтоўцы Японіі да вайны. Пра свой нейтралітэт у гэтым канфлікце заявілі Германія і Францыя. Расія лічыла Японію слабым праціўнікам і спадзеючыся на лёгкую перамогу, не рыхтавалася належным чынам да вайны. Сілы Японіі ў пач. вайны на Д.​Усходзе значна пераўзыходзілі расійскія: яп. армія налічвала больш за 375 тыс. чал., 1140 гармат, 147 кулямётаў, флот — 80 баявых караблёў, што ў 3 разы перавышала рас. войскі ў жывой сіле, у 8 разоў у артылерыі, у 18 разоў у кулямётах, у 1,3 раза ў караблях. Рас. план прадугледжваў часткай войск стрымліваць яп. армію, абараняць Порт-Артур, потым перайсці ў наступленне, разграміць праціўніка і высадзіцца на Японскіх астравах. Японцы меркавалі нечаканым ударам знішчыць рас. флот, перакінуць войскі на мацярык, захапіць рас. ваен.-марскую базу Порт-Артур і разграміць рас. армію ў Маньчжурыі. Вайна пачалася нечаканым нападам у ноч на 9.2.1904 яп. флоту на рас. эскадру ў Порт-Артуры (гл. Порт-Артура абарона 1904—05): У карэйскім порце Чэмульпо (Інчхон) яп. флот напаў на крэйсер «Вараг» і кананерскую лодку «Карэец». Пасля цяжкага бою пашкоджаны «Вараг», затоплены камандай, а «Карэец» узарваны. Праз суткі Японія афіц. абвясціла вайну Расіі. Яп. флот заблакіраваў рас. эскадру ў Порт-Артуры, перакінутыя на мацярык сухап. войскі ў крас. 1904 пачалі актыўныя дзеянні. Пасля баёў на р. Ялу, каля Цзіньчжоў і Вафангоў (крас.—чэрв. 1904) рас. армія пакінула Карэю і Ляадунскі п-аў. Баі на сушы і моры сведчылі пра няўзгодненасць дзеянняў рас. вышэйшага камандавання (ген. А.М.Курапаткін, адм. Я.​І.​Аляксееў і інш.). Рас. армія пацярпела паражэнне і пад Ляаянам (гл. Ляаянская бітва 1904). З абложанага Порт-Артура рас. эскадра спрабавала прарвацца ва Уладзівасток, але беспаспяхова. 2.1.1905 нач. Квантунскага ўмацаванага р-на А.​М.​Стэсель здаў крэпасць Порт-Артур. Паражэнне рас. арміі ў Мукдэнскай бітве 1905, разгром 2-й рас. Ціхаакіянскай эскадры ў Цусімскім баі 1905 выклікалі незадавальненне насельніцтва, што паскорыла пачатак рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У выніку абодва бакі апынуліся ў цяжкім эканам. становішчы. Паводле Портсмуцкага мірнага дагавора 1905 Японія набыла перавагу ў Карэі, ёй перададзена паўд. ч. Сахаліна, арэндныя правы Расіі на Квантунскую вобл. (з Порт-Артурам) і ветку Кітайскай Чанчуньскай чыг. Рас.-яп. пагадненне дало Японіі права рыбалоўства ўздоўж усяго далёкаўсходняга ўзбярэжжа Расіі. У гэтай вайне ўдзельнічалі і таленавітыя рас. военачальнікі (С.В.Макараў, Р.І.Кандраценка), масавы гераізм паказалі салдаты і матросы, многія афіцэры і генералы, сярод якіх вызначыліся і ўраджэнцы Беларусі. У вайне ўпершыню ўжыта скарастрэльная зброя — гарматы і кулямёты, з’явіліся мінамёты і ручныя гранаты, набыты вопыт выкарыстання ў ваен. мэтах радыё, аэрастатаў, пражэктараў і інш.

Літ.:

История русско-японской войны, 1904—1905 гг. М., 1977;

Тайны русско-японской войны. М., 1993;

О.​Митрофан Сребрянский. Дневник полкового священника, служащего на Дальнем Востоке. М., 1996;

Игнатьев А.В. С.​Ю.​Витте — дипломат. М., 1989.

С.​В.​Пазняк.

т. 13, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНЫЯ АБ’ЯДНА́ННІ,

блокі, зоны, саюзы краін, валюты якіх залежаць ад валюты дзяржаў, што стаяць на чале гэтых аб’яднанняў. Валютныя блокі пачалі ўзнікаць у час сусв. эканам. крызісу 1929—33. Асн. з іх: стэрлінгавы (створаны ў 1931 пасля адмены залатога стандарту ў Вялікабрытаніі, уключаў большасць краін Брытанскай імперыі і інш.), доларавы (узнік у 1933 пасля адмены залатога стандарту ў ЗША, уключаў Канаду і краіны Лац. Амерыкі), «залаты блок» (узнік у 1933, уключаў краіны, якія прытрымліваліся залатога стандарту: Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Швейцарыя, Італія і Партугалія). Напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны Германія і Японія стварылі свае валютныя блокі, у якія былі ўключаны акупіраваныя імі краіны. Валютныя блокі былі важным сродкам выкарыстання замежных краін у якасці рынкаў збыту, крыніц сыравіны і сферы прыкладання капіталу. На месцы гэтых блокаў у 2-ю сусв. вайну і пасля яе ўзніклі валютныя зоны, сярод іх найб. буйныя стэрлінгавая, доларавая, зона франка. Створаны таксама валютныя саюзы: Заходне-Афрыканскі валютны саюз, валютны саюз Экватарыяльнай Афрыкі і Камеруна, Еўрапейскі валютны саюз.

В.​Ф.​Дашкевіч.

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛАТАВАЛЮ́ТНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ,

афіцыйныя запасы золата і замежнай валюты ў цэнтр. банку і фін. органах краіны, а таксама ў міжнар. валютна-крэдытных арганізацыях. У склад афіц. З.р. уключаюцца замежныя валюты, якія выконваюць ролю міжнар. плацежных сродкаў, калект. рэгіянальныя і міжнар. валютныя адзінкі (СДР, ЭКЮ), правы на аўтам. атрыманне сродкаў у МВФ, а таксама афіц. залатыя запасы, якія ўлічваюцца асобна. Сусв. З.р. (млрд. долараў): у 1980 валютныя рэзервы — 409,8, золата (рыначная ацэнка) — 563,3, у 1990 — адпаведна 907,3 і 361,5, у 1994—1186,4 і 348,7. Гал. ўладальнікамі З.р. (на канец 1994) з’яўляюцца прамыслова развітыя краіны — 927,6 млрд. долараў (у т. л. ЗША — 163,6, Японія — 135,2, Германія — 113,9); краіны, якія развіваюцца, маюць З.р. на суму 607,5 млрд. долараў. У складзе валютных рэзерваў асн. ролю адыгрываюць нац. валюты (асабліва рэзервовыя). Сярод рэзервовых валют на канец 1994 амер. долар (585,2 млрд.), марка ФРГ (151,1 млрд.), японская іена (83,4 млрд.), брытанскі фунт стэрлінгаў (37,2 млрд.). У апошнія гады залатыя запасы амаль не выкарыстоўваюцца, а ў міжнар. разліках выкарыстоўваюцца ў асноўным валютныя рэзервы.

В.​А.​Драздоў.

т. 7, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПІ́ЧМЕНТ (ад англ. impeachment асуджэнне, ганьбаванне, абвінавачанне),

асобы парадак і ўстаноўленая працэдура прыцягнення да адказнасці вышэйшых службовых асоб дзяржавы (прэзідэнта, кіраўніка ўрада і інш.). Інстытут І. з’явіўся ў сярэдневяковай Англіі і быў адноўлены ў 1-й пал. 17 ст. У краінах з двухпалатным парламентам (ЗША, Вялікабрытанія, Японія) узбуджае справу і аддае пад суд, як правіла, ніжняя палата парламента, а разглядае справу верхняя палата. Вынікам І. можа быць вызваленне (адхіленне) службовай асобы ад пасады да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт дзяржавы можа быць датэрмінова вызвалены ад пасады пры стойкай няздольнасці па стане здароўя ажыццяўляць свае абавязкі. Рашэнне аб датэрміновым вызваленні Прэзідэнта прымаецца большасцю не менш як ​2/3 галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў і большасцю не менш як ​2/3 галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі на падставе заключэння спецыяльна ствараемай палатамі камісіі. Прэзідэнт можа быць зняты з пасады ў сувязі з учыненнем дзярж. здрады або інш. цяжкага злачынства: у гэтым выпадку справа па сутнасці абвінавачання разглядаецца Вярх. судом.

т. 7, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)