квадрупо́ль

(ад лац. quadrum = чатырохвугольнік + полюс)

сістэма чатырох электрычных зарадаў, якая складаецца з двух дыполяў, электрычныя моманты якіх роўныя па велічыні і процілеглыя па кірунку.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

электрааку́стыка

(ад электра- + акустыка)

раздзел прыкладной акустыкі, які займаецца пераўтварэннем гукавых ваганняў у электрычныя і наадварот, а таксама запісам і аднаўленнем гукаў з дапамогай электрычных прыбораў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

РАЗМЕРКАВА́ЛЬНАЕ ЎСТРО́ЙСТВА ў электраэнергетыцы,

электраўстаноўка для прыёму электраэнергіі (ад генератараў электрастанцыі, сілавых трансфарматараў, пераўтваральнікаў пераўтваральнай падстанцыі і інш.) і яе размеркавання паміж асобнымі спажыўцамі (па кабельных і паветр. лініях электраперадач). У склад Р.ў. ўваходзяць: выключальнікі, раз’яднальнікі, разраднікі, рэактары электрычныя, зборныя шыны (звычайна секцыянаваныя), трансфарматары току і напружання, вымяральныя прылады. Кіраванне апаратурай Р.у. аўтаматычнае ці паўаўтаматычнае.

Абсталяванне аднаго ланцуга Р.ў. канструкцыйна вылучаецца ў адну ячэйку. Р.ў. напружаннем да 35 кВ звычайна размяшчацца ў памяшканні (закрытае Р.ў.), пры напружаннях 35 кВ і вышэй — на адкрытым паветры (адкрытае). Ва ўмовах моцна забруджанай атмасферы і пры магчымасці асядання на ізалятарах токаправодных рэчываў Р.ў. робяць закрытымі да напружання 220 кВ. Найчасцей усе элементы Р.ў. да 35 кВ манціруюцца ў метал. заводскіх шафах (т.зв. камплектныя Р.ў.), пашыраны кампактныя герметычныя, у якіх ізаляцыяй служыць элегаз (гексафтарыд серы SF6) пад ціскам у некалькі атмасфер.

У.​М.​Сацута.

т. 13, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАДНІКІ́ электрычныя,

рэчывы (целы, матэрыялы) з высокай электраправоднасцю. У адрозненне ад паўправаднікоў і дыэлектрыкаў маюць значную колькасць свабодных зараджаных часціц (носьбітаў зарадаў), якія ў эл. полі набываюць упарадкаваны рух. Асн. П. — металы і іх сплавы, электраліты, плазма.

У металах носьбітамі эл. току з’яўляюцца электроны, у электралітах — іоны, у плазме — электроны і іоны. Пры нізкіх т-рах многія металы і некаторыя паўправаднікі набываюць звышправоднасць і становяцца звышправаднікамі. Метал. П. выкарыстоўваюцца ў эл. кабелях і правадах электрычных, абмотках эл. машын, трансфарматараў, прылад і апаратаў; электраліты — пераважна ў эл. акумулятарах. Адзін з найлепшых П. — серабро, выкарыстоўваецца для тонкіх правадоў вымяральных прылад, для электродаў, якія уплаўляюць у кераміку, шкло і інш. Найб. пашыраны П. — медзь, спалучае электраправоднасць з трываласцю, гнуткасцю, каразійнай устойлівасцю. Больш лёгкі і танны П. — алюміній, аднак з меншай электраправоднасцю і трываласцю. Медныя, алюмініевыя і сталеалюмініевыя правады шырока выкарыстоўваюцца ў лініях электраперадачы.

У.​М.​Сацута.

т. 12, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ларынгафо́н

(ад ларынга- + -фон)

спецыяльны мікрафон для пераўтварэння акустычных ваганняў у электрычныя, які прыкладваецца непасрэдна да гартані пры перагаворах ва ўмовах моцнага шуму (на самалётах, у танках і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,

прыстасаванні, прылады, агрэгаты, машыны для пераўтварэння (змены параметраў) электрычнага току (па напружанні, частаце, фазе і інш.). Выкарыстоўваецца ў электраэнергетыцы, на электрыфікаваным чыг. транспарце, у электрапрыводах станкоў, электрахіміі, электратэрміі і інш.

Устройствы П.т. пераўтвараюць: пераменны ток у пастаянны або ў пульсоўны аднанакіраваны (выпрамнікі току з асн. прыладай — вентылем эл.); пастаянны ці пульсоўны аднанакіраваны ток у пераменны (інвертары); частату, напружанне і інш. параметры пераменнага току (пераўтваральнікі электрычныя, напружання рэгулятары), пераменны аднафазны ток у трохфазны (асінхронныя або сінхронныя электрамашынныя расшчапляльнікі фаз). Часта выкарыстоўваюцца камбінацыі пераўтваральнікаў розных тыпаў. Да П.т. адносяцца таксама бескантактавая камутацыйная апаратура, кіравальныя і некіравальныя пераўтваральныя агрэгаты пераменнага току ў пастаянны і наадварот (статычныя на аснове тырыстараў і дыёдаў, вярчальныя тыпу рухавік-генератар). Асн. характарыстыкі пераўтваральнікаў: ккдз, каэф. магутнасці, рэгуліровачныя характарыстыкі.

Літ.: Руденко В.С., Сенько В.И., Чиженко И.М. Преобразовательная техника. 2 изд. Киев, 1983.

Пераўтваральная тэхніка: а — схема паўправадніковага вентыльнага пераўтваральніка частаты, б — рэгулятара пастаяннага току, Uс — напружанне сеткі; ВПП — вентыльнае пераўтваральнае прыстасаванне; В — вентыль кіравальны; ВШК — вузел штучнай камутацыі; Rн — нагрузка.

т. 12, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

электры́чнасць, ‑і, ж.

1. Форма матэрыі, якая складаецца з зараджаных часціц: электронаў, пазітронаў, пратонаў і пад. Тут жа, у лабараторыі, на спецыяльнай устаноўцы займаюцца вывучэннем атмасфернай электрычнасці. «Маладосць». // Раздзел фізікі, які вывучае электрычныя з’явы. Даследаванні ў галіне электрычнасці.

2. Такая форма энергіі, якая выкарыстоўваецца ў народнагаспадарчых і бытавых мэтах. Электрычнасць прымушае працаваць станкі, рухае паязды і электракары, плавіць метал, лечыць хворых, доіць кароў, стрыжэ авечак. Рунец.

3. Асвятленне, якое атрымліваецца ад электраэнергіі. Стася ўключыла электрычнасць, і я разгледзеў лейтэнанта ўважлівей. Навуменка.

[Ад грэч. ēlektron — янтар.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

артыко́н

(ад гр. orthos = прамы + eikon = адлюстраванне)

тэлевізійная электронна-прамянёвая трубка для пераўтварэння светлавога адлюстравання ў электрычныя імпульсы; больш адчувальная, чым іканаскоп, выкарыстоўваецца пры перадачы адлюстравання тэлебачаннем пры слабой асветленасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КРЫНІ́ЦЫ СВЯТЛА́,

пераўтваральнікі розных відаў энергіі ў энергію аптычнага выпрамянення ў дыяпазоне даўжынь хваль да 10 нм да 0,1 мм. Касм. і прыродныя выпрамяняльныя аб’екты (напр., Сонца, зоркі, атмасферныя разрады) — натуральныя К.с. Штучныя К.с. паводле віду працэсу выпрамянення (вымушанага ці спантаннага) бываюць кагерэнтныя (гл. Кагерэнтнасць, Лазер) і некагерэнтныя; паводле віду выпрамянення — цеплавыя, люмінесцэнтныя і плазменныя.

Цеплавыя К.с. — полымя, эл. лямпы напальвання, мадэлі абсалютна чорнага цела, выпрамяняльнікі з газавым награваннем (напальныя сеткі) — маюць неперарыўны спектр, становішча максімуму якога залежыць ад т-ры рабочага рэчыва. Энергетычныя характарыстыкі і від спектра выпрамянення плазменных К.с. вызначаюцца т-рай і ціскам плазмы, што ўтвараецца ў іх пры эл. разрадзе (гл. Электрычныя разрады ў газах) ці інш. спосабам, а таксама хім. складам рабочага рэчыва і прыкладзенай магутнасцю. У люмінесцэнтных К.с. выпрамяняюць халодныя цвёрдыя (ці вадкія) люмінафоры або газы, якія ўзбуджаюцца эл. полем, патокам фатонаў, электронаў і інш. часціц. Іх светлавыя характарыстыкі і спектр выпрамянення вызначаюцца ўласцівасцямі люмінафораў, а таксама шчыльнасцю патоку і энергіяй узбуджальных часціц, напружанасцю эл. поля. Гл. таксама Газаразрадныя крыніцы святла, Лямпа дзённага святла.

В.​В.​Валяўка.

т. 8, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСКАРЭГУЛЯВА́ЛЬНАЯ АПАРАТУ́РА,

сукупнасць эл. прылад і апаратаў для пуску, спынення і інш. відаў кіравання рэжымам работы эл. машын, установак і сетак, а таксама для іх аховы пры адхіленнях ад нармальнага рэжыму работы. Да П.а. адносяць выключальнікі, засцерагальнікі, камутатары, кантактары, пускальнікі магнітныя, рэактары электрычныя, рэверсары (гл. Рэверс у тэхніцы), рэле кіравання, камандаапараты, пускавыя рэастаты і інш.

Камандаапарат — эл. апарат для адно- ці шматступеньчатых пераключэнняў у ланцугах кіравання сілавых эл. установак. Для дыстанцыйнага кіравання карыстаюцца яго разнавіднасцямі (камандакантролерамі) з ручным, нажным ці сервапрыводам ад спец. выканаўчага механізма. Пускавы ток магутных эл. рухавікоў абмяжоўваюць з дапамогай пускавых рэастатаў — пераменных рэзістараў у ланцугу рухавіка. Рэастаты бываюць метал. (драцяныя), вадкасныя (эл. супраціўленне рэгулюецца плошчай апускання плоскага электрода ў электраліт) ці вугальныя (слупкі з вугальных шайбаў, эл. супраціўленне якіх мяняецца пры іх сцісканні). Пры канструяванні П.а. ўлічваюцца патрабаванні тэрмічнай устойлівасці, надзейнасці і зносаўстойлівасці кантактаў і пераключальных элементаў і трываласці эл. ізаляцыі, напр., элементы П.а. з эл.-мех. кантактамі замяняюцца больш эканамічнымі і надзейнымі, зробленымі на аснове тырыстарных і транзістарных ключоў, магн. і паўправадніковых элементаў.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)