ВІ́ЛЬСАНА КА́МЕРА,

прылада для рэгістрацыі слядоў (трэкаў) зараджаных часціц. Створана Ч.Вільсанам (1912). Дзеянне заснавана на з’яве кандэнсацыі перанасычанай пары (утварэнні дробных кропляў вадкасці) на іонах, якія ўзнікаюць уздоўж трэка хуткай зараджанай часціцы. Кроплі дасягаюць бачных памераў і могуць быць сфатаграфаваны. Уласцівасці часціцы вызначаюць па даўжыні яе прабегу і значэнні імпульсу, які вымяраецца па скрыўленні траекторыі часціцы ў магн. полі, куды змешчана камера. Вільсана камера адыграла вял. ролю ў вывучэнні будовы рэчыва і ўласцівасцей элементарных часціц; з яе дапамогай адкрыты пазітрон, мезоны, гіпероны, дзіўныя часціцы і інш.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

т. 4, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬФА-СПЕКТРО́МЕТР,

прылада для вымярэння энергетычнага размеркавання альфа-часціц. У магнітным альфа-спектрометры α-часціцы праходзяць у вакууме праз магн. поле, перпендыкулярнае напрамку іх руху, адхіляюцца на розныя вуглы ў залежнасці ад іх энергіі і збіраюцца ў розных месцах калектара. Маюць высокую раздзяляльную здольнасць і малую святласілу; выкарыстоўваюцца для даследавання ядраў з перыядам паўраспаду T1/2 < 10​5 ÷ 10​6 гадоў. Іанізацыйны альфа-спектрометр — іанізацыйная камера; выкарыстоўваецца для даследавання ядраў з T1/2 < 10​6 гадоў і ядраў новых элементаў.

Схема руху альфа-часціц з рознай энергіяй у магнітным альфа-спектрометры (магнітнае поле перпендыкулярнае плоскасці чарцяжа).

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

K-МЕЗО́НЫ,

група нестабільных элементарных часціц з нулявым спінам і адрознай ад нуля дзіўнасцю. Выяўлены ў. касм. прамянях ў 1947—51, атрыманы з дапамогай паскаральнікаў зараджаных часціц у 1954.

Належаць да адронаў; удзельнічаюць у моцных узаемадзеяннях; складаюцца з K (маса спакою 493,68 МэВ, сярэдні час жыцця 1,238∙10​−8 с, дзіўнасць +1), K° (497,6 МэВ, дзіўнасць +1) і адпаведных ім антычасціц K​ і K° (дзіўнасць -1); утвараюць 2 ізатапічныя дублеты з ізатапічным спінам 1/2. Пры распадах К-м., абумоўленых слабымі ўзаемадзеяннямі, у 1964 выяўлена парушэнне СР-сіметрыі (гл. Камбінаваная інверсія).

І.​С.​Сацункевіч.

т. 8, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́НІН ((Cronin) Джэймс Уотсан) (н. 29.9.1931, г. Чыкага, ЗША),

амерыканскі фізік-эксперыментатар. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1967) і Нац. АН ЗША (1970). Скончыў Чыкагскі ун-т (1953). З 1955 у Брукхейвенскай нац. лабараторыі, з 1958 у Прынстанскім (з 1964 праф.), з 1971 у Чыкагскім ун-тах. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц і касм. прамянёў, астрафізіцы высокіх энергій. Вывучаў распады гіперонаў; удасканаліў іскравую камеру, адным з першых выкарыстаў яе як дэтэктар часціц. Эксперыментальна выявіў парушэнне CP-інварыянтнасці пры распадзе нейтральнага К-мезона (1964). Нобелеўская прэмія 1980 (разам з В.Фітчам).

М.​М.​Касцюковіч.

Дж.Кронін.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

а́льфа-тэрапі́я

(ад альфа + тэрапія)

лячэбнае прымяненне альфа-часціц (радонавыя ванны, радыеактыўныя павязкі і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

бу́ра, -ы, мн. -ы, бур, ж.

1. Вецер вялікай разбуральнай сілы, звычайна з дажджом або снегам.

Разгулялася б.

2. перан. Пра бурнае развіццё сацыяльных працэсаў у грамадстве.

Грымоты рэвалюцыйнай буры.

3. перан., чаго або якая. Пра бурнае выяўленне пачуццяў.

Б. воплескаў.

4. Шум, крык.

У хаце паднялася сапраўдная б.

Магнітная бура — моцныя ваганні магнітнага поля Зямлі, звязаныя з уварваннем у каляземную прастору касмічных часціц, што абумоўлена сонечнай актыўнасцю.

Бура ў шклянцы вады (іран.) — гарачая спрэчка з-за дробязных прычын.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ВІРТУА́ЛЬНЫЯ ЧАСЦІ́ЦЫ,

кароткаіснуючыя прамежкавыя станы, якія ўзнікаюць у працэсах узаемадзеяння ці пры флуктуацыях квантавых палёў.

У квантавай тэорыі поля для віртуальных часціц парушаецца звычайная рэлятывісцкая сувязь паміж энергіяй і імпульсам і таму ім нельга прыпісаць пэўнае значэнне масы. Аднак віртуальныя часціцы пераносяць энергію, імпульс, зарад і інш. квантавыя лікі, што забяспечвае выкананне адпаведных законаў захавання. У нерэлятывісцкай квантавай механіцы ў адпаведнасці з неазначальнасцей суадносінамі энергія прамежкавых станаў вызначаецца з дакладнасцю да ΔE ~ ΔE / Δt , дзе ΔE — неазначальнасць энергіі, = 2π , ℏ — Планка пастаянная, Δt — час існавання віртуальных часціц. Таму адпаведныя віртуальныя часціцы захоўваюць імпульс і шэраг іншых квантавых характарыстык, акрамя энергіі.

Віртуальныя часціцы непасрэдна эксперыментальна не назіраюцца, але іх ускосныя праяўленні, напр. палярызацыя вакууму квантавай тэорыі поля, правераны з высокай дакладнасцю. Шэраг рэальных часціц быў прадказаны на аснове іх віртуальных праяўленняў (П-, W​±-мезоны і інш.). У той жа час віртуальныя часціцы могуць і не мець аналагаў сярод рэальных (напр., т.зв. рэджэон у моцных узаемадзеяннях).

Я.​А.​Таўкачоў.

т. 4, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАНІЗА́ЦЫЯ,

утварэнне дадатна або адмоўна зараджаных часціц (іонаў) і свабодных электронаў з эл. нейтральных атамаў ці малекул. Адбываецца ў рэчыве пад уплывам моцнага эл. поля, высокіх т-р, а таксама ад дзеяння ўдараў хуткіх зараджаных часціц і фатонаў у выніку таго, што атам ці малекула набывае лішкавую энергію, дастатковую для вылучэння электрона.

Пры І. газу з атамаў або малекул узнікаюць дадатны іон і свабодны электрон, якія застаюцца свабоднымі ці далучаюцца да інш. нейтральных атамаў або малекул, утвараючы комплексныя іоны. І. ў цвёрдых целах — пераход электронаў з атамаў асн. рэчыва ці з прымесных цэнтраў у зону праводнасці. Гл. таксама Зонная тэорыя, Электраправоднасць.

т. 7, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛІ ПРЫ́НЦЫП,

прынцып забароны, паводле якога ў сістэме часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў) у адным і тым жа стане можа знаходзіцца не больш як адна часціца; адзін з фундаментальных законаў квантавай механікі. Сфармуляваны В.Паўлі (1925) для электронаў пры тлумачэнні структуры спектраў складаных атамаў. Пашыраны на ўсе ферміёны.

Вынікае з сувязі паміж спінам часціцы і статыстыкай: часціцы з паўцэлым спінам падпарадкоўваюцца Фермі—Дзірака статыстыцы і хвалевая функцыя сістэмы аднолькавых часціц антысіметрычная адносна перастаноўкі любых 2 ферміёнаў. П.п. вызначае парадак запаўнення электронных абалонак атама, на ім грунтуецца тлумачэнне атамных і малекулярных спектраў. На яго аснове створана статыстыка электроннага газу, якая тлумачыць большасць цеплавых, эл. і магн. уласцівасцей цвёрдага цела.

т. 12, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Во́нка ’вон, прэч’ (Др.-Падб.), во́нкі ’тс’ (КТС, Бяльк.). Рус. смал. во́нки ’прэч’, бранск. во́нки ’на двор’, укр. во́нка, балг. вънка, чэш. дыял. venka (j), славац. vonka. Расшырэнне вон1 ужо ў позні час пры дапамозе прыслоўных часціц ‑ка, ‑кі (Карскі 2–3, 77; Махэк₂, 683).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)