ХАХО́Л Мікалай Рыгоравіч (5.1.1948, в. Чырвоная Зорка Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 11.5.1997),
бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1971). Трэнер спарт.т-ва «Працоўныя рэзервы» (1975—80), трэнер-выкладчык Мінскага аблсавета «Дынама» (1980—82), прафес.-тэхн. вучылішчаў (1982—85), дырэктар і інструктар-метадыст спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх школ па веславанні (1990—94). Чэмпіён свету і Еўропы на байдарцы-адзіночцы ў эстафеце 4×500 м (1970, Капенгаген) і на дыстанцыі 500 м (1971, Бялград), бронз. прызёр на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м. Чэмпіён свету (1973, Тамерэ, Фінляндыя) на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м, сярэбраны прызёр на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 1000 м. Чэмпіён СССР (1971, 1973) на байдарцы-адзіночцы на дыстанцыі 500 м і на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 1000 м; на байдарцы-двойцы ў эстафеце 4×500 м (1973); на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м (1974). Чэмпіён Спартакіяды народаў СССР (1971) на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 1000 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАТЫ́НСКІ Яўген Абрамавіч (2.3.1800, в. Вяжля Тамбоўскай вобл., Расія — 11.7.1844),
рускі паэт. Вучыўся ў Пажскім корпусе ў Пецярбургу (1812—16). У 1819—26 на вайск. службе. У 1826 выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў Маскве. Апошнія гады жыў у падмаскоўным маёнтку Муранава. У 1844 паехаў у Італію, памёр у Неапалі. Пахаваны ў Пецярбургу. У элегіях і пасланнях («Фінляндыя», «Разупэўненне», «Прызнанне», «Дзве долі» і інш.) раскрыў унутрана супярэчлівы, раздвоены душэўны свет сучасніка. Для твораў 2-й пал. 1820—30-х г. характэрныя матывы адзіноты і смутку («Стансы»), напружаная філасафічнасць (паэмы «Баль», «Цыганка», вершы «Апошняя смерць», «Убогі дар мой, голас мой нягучны», «Ланцуг мне лёс наканаваў» і інш.). Аўтар паэм «Піры», «Эда» (абедзве 1826), «Перасяленне душ» (1828), аповесці «Пярсцёнак» (1831). У зб. вершаў «Сутонне» (1842) супярэчлівасць гіст. прагрэсу і эстэт. прыроды чалавека, праломленая праз трагічную свядомасць паэта.
Тв.:
Стихотворения;
Поэмы. М., 1982;
Стихотворения;
Проза;
Письма. М., 1983.
Літ.:
Лебедев Е. Тризна: Кн. о Е.А.Боратынском. М., 1985;
Тойбнин И.М. Тревожное слово: (О поэзии Е.А.Баратынского). Воронеж, 1988;
Песков А.М. Боратынский: Истинная повесть. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХОДНЕЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЮ́З (ЗЕС),
ваенна-палітычная арганізацыя еўрап. краін. Створаны ў маі 1955 паводле Парыжскіх пагадненняў 1954 шляхам рэарганізацыі Заходняга Саюза (Нідэрланды, Бельгія, Францыя, Вялікабрытанія, Люксембург), заснаванага ў 1948 у Бруселі і далучэння да яго Італіі і ФРГ. Акрамя пералічаных краін чл. ЗЕС з’яўляюцца Іспанія і Партугалія (з 1990), Грэцыя (з 1995); Ісландыя, Нарвегія і Турцыя — асацыіраваныя чл.; Балгарыя, Венгрыя, Латвія, Літва, Румынія, Польшча, Славакія, Чэхія, Эстонія і Украіна маюць статус асацыіраваных партнёраў; Аўстрыя, Данія, Фінляндыя, Ірландыя, Швецыя — назіральнікі. Мэта ЗЕС — развіццё еўрап. міжурадавага супрацоўніцтва ў галіне бяспекі. Штаб-кватэра з 1993 у Бруселі. Вышэйшы орган — Савет міністраў, які збіраецца адзін раз у 6 месяцаў. 2 разы ў год у Парыжы збіраецца Парламенцкая асамблея ЗЕС. Ген. сакратар узначальвае выканаўчыя органы — Пастаянны савет і сакратарыят. Саюз мае ў сваім непасрэдным падпарадкаванні шматнац.вайск. фарміраванні. Першая сумесная аперацыя сіл ЗЕС — размініраванне Персідскага зал. ў 1987. Пад эгідай ЗЕС у 1994 праводзіліся аперацыі ў б. Югаславіі (па паліт.-эканам. блакадзе Сербіі і інш.) у адпаведнасці з рэзалюцыямі Савета Бяспекі ААН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙГАРО́ДАВЫ,
вучоныя і ваенныя дзеячы.
Нічыпар Іванавіч (1810—27.10.1882), матэматык, педагог. Ген.-маёр (1865). Скончыў Першы кадэцкі корпус у Пецярбургу (1828). Вывучаў матэматыку ў В.Я.Бунякоўскага, паслядоўнік М.В.Астраградскага. У 1836—65 на пед. рабоце ў Полацкім кадэцкім корпусе. Прытрымліваўся пед. прынцыпаў І.Г.Песталоці, быў праціўнікам цялесных пакаранняў.
Міхаіл Нічыпаравіч (1853, г. Полацк Віцебскай вобл. — пасля 1916), ген. ад інфантэрыі (1914). Сын Нічыпара Іванавіча. Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1873), Акадэмію Генштаба (1880). Служыў на камандных і штабных пасадах. У 1901—05 губернатар Нюландскі (Фінляндыя) і Іркуцкі. Са жн. 1913 камендант Гродзенскай крэпасці. Аўтар дапаможнікаў для палявых тактычных заняткаў.
Нестар Нічыпаравіч (26.11.1840, г. Полацк Віцебскай вобл. — пасля 1910), ген.-лейт. (1906). Сын Нічыпара Іванавіча. Чл. Рускага тэхн.т-ва. Скончыў Полацкі кадэцкі корпус (1856), Міхайлаўскія артыл. вучылішча (1858) і акадэмію (1865). Служыў у артыл. войсках, на Охценскім парахавым з-дзе ў Пецярбургу. У 1876—78 пад яго кіраўніцтвам праведзена рэарганізацыя і пераабсталяванне парахавых з-даў Расіі. Камандаваў артылерыяй Севастопальскай і Свеаборгскай крэпасцей. З 1900 камендант Выбаргскай крэпасці. З 1906 у адстаўцы. Друкаваўся ў «Артиллерийском журнале».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЫ (ад ням. Kamm грэбень),
узгоркі, бугры, кароткія грады акруглай, конусападобнай і інш. формы ў абласцях апошняга мацерыковага зледзянення. Выш. да 10—15 м, зрэдку да 80—100 м, дыяметр (па аснове) да некалькіх соцень метраў, стромкасць схілаў 10—20°, зрэдку 20—40°. Плошча ад дзесяткаў да тысяч м².
Камавыя адклады сфарміраваны расталымі водамі пасіўнага або дэградуючага «мёртвага» лёду ва ўнутры-, пад- і надледавіковых трэшчынах, праталінах, паглыбленнях і інш. пустотах ва ўмовах кантрастнага рэльефу ледавіковага ложа. Пры раставанні лёду гэтыя адклады апусціліся і ўтварылі камавы рэльеф. Паводле генезісу і будовы К. бываюць водна-ледавіковыя, складзеныя са слаістых розназярністых пяскоў і галечна-жвіровага матэрыялу, азёрна-ледавіковыя алеўрыта-гліністага складу са стужачнай гарызантальна-слаістай будовай і мяшаныя (складаныя), трапляюцца разнастайныя пераходныя да озаў формы. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і (Фінляндыя, Польшча, Германія, Канада, ЗША).
На тэр. Беларусі пашыраны ў межах рэльефу паазерскага і сожскага зледзяненняў — на Браслаўскай, Свянцянскай і Асвейскай градах, Гродзенскім, Віцебскім, Нешчардаўскім узв., месцамі на Полацкай нізіне, Беларускай градзе, Ашмянскім узв. і Лідскай раўніне. Многія К. змяшчаюць невял. радовішчы пяску і жвіру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́РНІ (Larni; да 1942 Лайне, Laine) Марці Ёханес (н. 22.9.1909, г. Пакіла, Фінляндыя — 1993), фінскі пісьменнік і журналіст. У 1948—49 і 1951—54 жыў у ЗША. Дэбютаваў як паэт і перакладчык з франц. і сканд. моў. Майстар сатыры. У сатыр. раманах «Паважаныя беднякі і іх стракатая кампанія» (1944), «Чацвёрты пазванок, ці Махляр паняволі» (1957), «Цудоўная свінарка, ці Успаміны эканамічнай дарадчыцы Міны Карлсан-Кананен» (1959) адлюстравана поўная сац. кантрастаў рэчаіснасць Амерыкі і Фінляндыі. Аўтар публіцыстычных («Чорная Венера», 1951; «Мінесота гарыць», 1952), сац. («Нецярплівая страсць», 1945; «Блізка да граху, 1946), гіст. («Нябёсы апусціліся на зямлю», 1948), сатыр («Аб гэтым услых не гавораць», 1964) і інш. раманаў, зб-каў апавяданняў «Фінская кошачка» (1961), «Сакрат у Хельсінках і іншыя апавяданні» (1972). Пісаў вершы, дарожныя нататкі. кінасцэнарыі. Для твораў характэрна шырокае выкарыстанне карыкатуры, гіпербалы, гратэску, гумару. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Я.Лапатка, А.Шарахоўская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАСЮ́К Наталля Віктараўна (н. 21.1.1969, в. Усходняя Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. спартсменка (веславанне акад.). Майстар спорту СССРміжнар.кл. (1991). Засл. майстар спорту Беларусі (1997). Скончыла школу-інтэрнат спарт. профілю (1986), Гомельскі ун-т (1992). У 1986—88 і 1990—92 у складзе зборнай каманды СССР, у 1993—2000 у складзе нац. каманды Рэспублікі Беларусь. Сярэбраны прызёр чэмпіянату свету сярод юніёраў (1987; г. Кёльн, Германія) у васьмёрцы. Бронз. прызёр XXVI Алімп. гульняў (1996; г. Атланта, ЗША) у васьмёрцы. 4-е месца на XXV Алімп. гульнях (1992; Баніёліс, Іспанія) у васьмёрцы. Сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1991, Вена) у васьмёрцы, бронз. прызёр (1995; г. Тамперэ, Фінляндыя) у чацвёрцы. Пераможца Гульняў добрай волі (1994; С.-Пецярбург) у васьмёрцы. Чэмпіёнка X Спартакіяды народаў СССР (1991, г. Ніжні Ноўгарад, Расія) у чацвёрцы і васьмёрцы. Чэмпіёнка СССР (1990, у чацвёрцы; 1991, у чацвёрцы і васьмёрцы; 1992, у чацвёрцы і васьмёрцы; усе ў Маскве), бронз. прызёр (1990, у васьмёрцы). Пераможца па суме 3 этапаў розыгрышу Кубка свету (1999) у чацвёрцы парнай, сярэбраны прызёр (1997, 1998). З 2000 вядучы спецыяліст Упраўлення фіз. культуры, спорту і турызму Гомельскага аблвыканкома.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАКЕ́Й З МЯЧО́Мна лёдзе, бендзі,
спартыўная камандная гульня на каньках; адзін з зімовых відаў спорту. Гуляюць 2 каманды па 11 чал. Час гульні — 2 таймы па 45 мін з перапынкам. Задача каманд — забіць спец. клюшкамі (даўж. да 120 см) у вароты сапернікаў найб. колькасць мячоў (дыям. 6 см, маса да 62 г). Памеры поля 90—105×50—70 м, варот — 3,5×2,1 м.
Блізкі да сучаснага Х. з м. хакей-бендзі ўзнік у Вялікабрытаніі ў сярэдзіне 19 ст., з канца 19 ст. пашырыўся ў Швецыі. Фінляндыі, Нарвегіі, Расіі (у 1914 засн.Усерас. хакейны саюз), Нідэрландах, Швейцарыі. Да сярэдзіны 1950-х г. існавалі 2 разнавіднасці Х. з м.: рускі і еўрап. (бендзі), якія мелі шмат агульнага, але розныя памеры варот, мяча, клюшкі. У 1955 створана Міжнар. федэрацыя Х. з м., зацверджаны адзіныя міжнар. правілы. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1957.
На Беларусі культывуецца з 1922, пашырыўся з сярэдзіны 1950-х г., калі рэгулярна пачалі праводзіць пяршынствы і розыгрышы кубкаў гарадоў, абласцей і рэспублікі. Федэрацыя хакея створана ў 2002. У міжнар. спаборніцтвах бел. хакеісты ўдзельнічаюць з 2001 (чэмпіянат свету, г. Оўлу, Фінляндыя). Зборная каманда Беларусі заняла 4-е месца ў 1-м розыгрышы Кубка Аляксандра Неўскага (2003, С.-Пецярбург). На Беларусі 3 клубныя каманды (2003).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕНЕГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца развядзеннем і гасп. выкарыстаннем аленяў. Адрозніваюць аленегадоўлю паўночную і пантавую.
Паўночная аленегадоўля — важнейшая галіна гаспадаркі Крайняй Поўначы, засяроджаная на развядзенні паўн. аленя (у паўн. шыротах Азіі, Еўропы — Расія, Фінляндыя, Швецыя, Нарвегія; у Паўн. Амерыцы — ЗША, Канада). У народаў тундравай зоны Сібіры пераважае мяса-скурная аленегадоўля, у больш паўд. раёнах — транспартная. Асн. прадукцыя паўн. аленегадоўлі — мяса 4—5-месячных цялят і дарослых аленяў і скуры, з якіх вырабляюць замшу, хром, цёплае адзенне, палаткі, лёгкія футры (пыжык, выпаратак і інш.). Ад самак за лактацыйны перыяд атрымліваюць 40—50 кг малака тлустасцю 17—19%. Пантавая аленегадоўля займаецца развядзеннем плямістага аленя, марала і ізюбра для атрымання пантаў, мяса і скур. Да сярэдзіны 19 ст. панты здабывалі паляваннем на дзікіх аленяў. Пасля прыручэння маралаў і плямістых аленяў пантавая аленегадоўля пашырылася ў Прыморскім, Алтайскім і Краснаярскім краях Расіі, дзе арганізаваны спец. гаспадаркі. Пантавых аленяў гадуюць таксама ў Кітаі, КНДР, Манголіі.
На Беларусі пантавая аленегадоўля з’явілася ў канцы 1980-х г. Гадуюць плямістых аленяў і маралаў (у асобных гаспадарках Кобрынскага, Іўеўскага, Маладзечанскага і Пухавіцкага р-наў). Ад плямістых аленяў ва ўзросце 12—13 гадоў і маралаў 14—16 гадоў атрымліваюць лабавыя панты. Аленяў трымаюць на агароджаных участках; у стойлавы перыяд падкормліваюць сенам і канцэнтратамі. У пач. 1990-х г. у рэспубліцы налічвалася каля 1 тыс. галоў маралаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НГУЦКІ БОЙ 1714,
баявыя дзеянні на Балт. моры каля п-ва Гангут (цяпер Ханка) паміж рас. і швед. флатамі 7.8.1714 у Паўночную вайну 1700—21. Летам 1714 рас. вёславы (галерны) флот (99 галер і скампавей, 15 тыс.чал. дэсанта) пад камандаваннем ген.-адм. Ф.М.Апраксіна, накіраваны з Кранштата для ўзмацнення гарнізона ў г. Аба (сучасны Турку, Фінляндыя), сустрэў каля ўсх. ўзбярэжжа Гангута швед. флот (15 лінейных і 2 бамбардзірскія караблі, 3 фрэгаты, атрад вёславых суднаў) на чале з віцэ-адм. Г.Ватрангам. Бакі занялі баявыя пазіцыі. 7 жн.рас. авангард з 23 скампавей (усяго каля 3500 чал., 160 гармат) на чале з ген.-лейт. А.А.Вейдэ (фактычна кіраваў Пётр I) каля 15 гадз атакаваў атрад швед. контр-адм. Н.Эрэншэльда (1 фрэгат, 6 галер і 3 шхерботы; каля 900 чал., 116 гармат) і ў выніку жорсткага абардажнага бою авалодаў швед. караблямі. 8 жн. эскадра Ватранга пакінула Гангут і пайшла да Аландскіх а-воў. Шведы страцілі 10 караблёў, 711 чал. забітымі і параненымі, 237 палоннымі (у т. л. Эрэншэльд), расіяне — 1 галеру і 456 чалавек. Гангуцкі бой быў першай буйной перамогай маладога рас. флоту. Усе яго ўдзельнікі ўзнаг.спец. медалямі, цар атрымаў званне віцэ-адмірала. У гонар рас. маракоў, што загінулі, у 1871 у Рылакс-фіёрдзе пастаўлены помнік.
Літ.:
Филимошин М. Первая победа русского регулярного флота // Военно-ист. журн. 1984. № 8.