карманьёла

(фр. carmagnole, ад Carmagnole = назва італьянскага горада)

1) французская народная песня-танец;

2) французская рэвалюцыйная песня, складзеная народам у Парыжы ў 1792 г. у сувязі з падзеннем каралеўскай улады;

3) куртка з вузкімі фалдамі, якую насілі якабінцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАКАРА́ (ад назвы г. Бакара ў Францыі),

французская вытворчасць вырабаў з хрусталю. Узнікла ў 1816 на шкляной мануфактуры Сент-Ан (засн. каля 1766) у г. Бакара. Вядомасць набыла ў 2-й пал. 19 ст. тэхн. дасканаласцю пышных і багата ўпрыгожаных дробнай агранкай сервізаў і вазаў. Вырабы гэтай вытворчасці (існуе і цяпер) і сам тып дробнай агранкі таксама наз. бакарой.

т. 2, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САГА́Н (Sagan) Франсуаза (н. 21.6.1935, г. Кажарк, Францыя),

французская пісьменніца. Вучылася ў Сарбоне. Зведала ўплыў М.​Пруста, А.​Жыда. Тыповы персанаж раманаў «Дзень добры, смутак» (1954, экранізаваны ў 1957), «Ці любіце вы Брамса?» (1959, экранізаваны ў 1961), «Крыху сонца ў халоднай вадзе» (1969), «Сінякі на душы» (1972), «Згублены профіль» (1974), «Надакучыла трываць» (1985), «Рыбіна кроў» (1987), «Павадок» (1989) і інш. — жанчына ў пошуках кахання, паразумення і шчасця. Яе творы адметныя аўтабіяграфічнасцю, паглыбленасцю ў душэўна-духоўны свет гераіні, драматызмам сітуацый, лірызмам. Аўтар шэрагу п’ес, у т. л. «Скрыпкі часам...» (1962), «Бэзавая сукенка Валянціны» (1963), «Піяніна ў траве» (1966), зб. навел «Аксамітавыя вочы» (1975), шматлікіх эсэ, кніг успамінаў. На бел. мову асобныя яе навелы пераклаў Л.​Казыра. У Брэсцкім т-ры драмы і музыкі пастаўлена п’еса «Калі конь траціць прытомнасць» (1993).

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Французская навела XX ст. Мн., 1992;

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—4. М., 1992—93;

Ангел-хранитель: Романы, эссе. М., 1999;

Приблуда. М., 1999.

Літ.:

Уваров Ю.П. Современный французский роман, 60—80-е гг. М., 1985.

Е.​А.​Лявонава.

т. 14, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТО́ (Artôt) Маргерыт Жазефін Дэзірэ (21.7.1835, Парыж — 3.4.1907),

французская спявачка (мецца-сапрана і сапрана). Выконвала партыі драм. і каларатурнага сапрана, у іх ліку Віялета («Травіята» Дж.​Вердзі), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Фідэс («Прарок» Дж.​Меербера). Выступала ў многіх краінах, у т. л. ў Расіі. П.​І.​Чайкоўскі прысвяціў Арто «Раманс» f-moll для фп. і 6 рамансаў для голасу і фп.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРДО́ (Bardot) Брыжыт (н. 28.9.1934, Парыж),

французская кінаактрыса. У кіно з 1952. Вядомасць набыла пасля фільма «І бог стварыў жанчыну» (1956). Здымалася ў фільмах «Парыжанка», «У выпадку няшчасця», «Жанчына і паяц», «Бабета ідзе на вайну», «Ісціна», «Пагарда», «Віва, Марыя!» і інш. Яе жыццёвы шлях і міф пра яе прааналізаваны ў фільме «Прыватнае жыццё». З 1973 не здымаецца. Вядомая як абаронца жывёльнага свету.

Літ.:

Дмитриев В., Михалкович В. Анатомия мифа: Брижитт Бардо. М., 1975.

Б.Бардо.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНЁЎ (Deneuve; сапр. Дарлеак; Dorléac) Катрын

(н. 22.10.1943, Парыж),

французская кінаактрыса. Ў кіно з 1956. Наіўныя, прастадушныя гераіні фільмаў «Шэрбурскія парасоны» (1964), «Дзяўчаты з Рашфора» (1967), «Асліная шкура» (1970) і інш. саступілі месца складаным, драм. вобразам, поўным разбуральных страсцей у фільмах «Дзённая прыгажуня» (1966), «Трыстана» (1970), «Агіда» (1965), «Сука» (1972). У 1980—90-я г. найб. вылучылася выкананнем гал. роляў у фільмах «Апошняе метро» (1980), «Індакітай» (1991), «Мая любімая пара года» (1992).

т. 6, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЬЁ (Mathieu) Мірэй (н. 22.7.1946, г. Авіньён, Францыя),

французская спявачка-шансанье. Вучылася ў прыватных педагогаў. У пач. творчай дзейнасці пераймала манеру выканання Э.Піяф. Стварыла індывід. выканальніцкі стыль, які вылучаецца яскравай экспрэсіяй. У рэпертуары (спявае на многіх мовах) творы П.​Марыа, Ф.​Лея і інш. (сярод найб. вядомых — «Маё крэда», «Чаму, маё каханне?», «Апошні вальс», «Парыжскае танга» і інш.). Акрамя канцэртаў, удзельнічае ў тэлевізійных шоу і інш.

Літ.:

Бутковская Т. Новое амплуа М. Матье // Муз. жизнь. 1984. № 5.

т. 10, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКІ БАСЕ́ЙН (Bassin de Paris), Паўночна-французская нізіна,

узгорыстая раўніна на Пн Францыі, на месцы тэктанічнага прагіну. Пераважаюць выш. 100—150 м, паступова павышаецца ад цэнтра (у раёне Парыжа) да Ардэн, Вагезаў, Цэнтральнага Французскага масіву і Армарыканскага ўзв. Па перыферыі — куэставыя грады (да 500 м). Густая сетка рэк (гал. ч. бас. р. Сена). Клімат умераны, марскі, ападкаў 500—700 мм за год. Гаі шыракалістых лясоў. Асн. індустр. і с.-г. раён Францыі. Нафтавыя і газавыя радовішчы.

т. 12, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шансо́н

(фр. chanson)

1) французская песня ва ўсіх яе гістарычных і жанравых разнавіднасцях;

2) сучасная эстрадная песня (з рэпертуару шансанье).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

экю́​1

(фр. écu)

старадаўняя французская залатая або сярэбраная манета з малюнкам геральдычнага шчыта, якая чаканілася ў 13—18 ст.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)