ВЕНЯДЗІ́КТАЎ (Леў Мікалаевіч) (н. 6.10.1924, г. Тамбоў, Расія),
украінскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1949, клас Р.Вяроўкі), з 1959 яе выкладчык, з 1979 прафесар. З 1954 хормайстар (з 1972 — галоўны), з 1986 дырэктар Кіеўскага т-ра оперы і балета. Паставіў харавыя сцэны ў операх «Тарас Бульба» М.Лысенкі, «Іван Сусанін» М.Глінкі, «Хаваншчына» М.Мусаргскага, «Аіда» Дж.Вердзі, «Лаэнгрын» Р.Вагнера, «Гугеноты» Дж.Меербера, «Вайна і мір» С.Пракоф’ева і інш. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1976.
т. 4, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНО́Й (Міхаіл Рыгоравіч) (23.12.1924, г. Харкаў — 11.9.1987),
украінскі артыст аперэты. Нар. арт. СССР (1978). Вучыўся ў Ленінградскім тэатр. ін-це (1939—41). З 1954 артыст Адэскага т-ра муз. камедыі (у 1979—83 маст. кіраўнік і дырэктар). Яго выкананне вылучалася пластычнасцю, лёгкасцю і вытанчанасцю сцэн. малюнка. Сярод роляў: Фларыдор («Мадэмуазель Нітуш» Ф.Эрвэ), Боні («Сільва» І.Кальмана), Мішка-Япончык («На світанні» А.Сандлера), Яшка-буксір («Белая акацыя» І.Дунаеўскага), Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу); у кіно — Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы», 1967).
т. 3, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНТЫ́Ш-КАМЕ́НСКІ (Мікалай Мікалаевіч) (27.12.1737, г. Нежын, Украіна — 1.2.1814),
украінскі і рас. гісторык, архівіст, археограф. Вучыўся ў Кіеўскай (1745—54) і Маскоўскай (1754—58) духоўных акадэміях, Маскоўскім ун-це (1758—62). З 1783 кіраўнік Маскоўскага архіва Калегіі замежных спраў. Даследаванні і публікацыі дакументаў па гісторыі знешняй палітыкі Расіі. Гал. твор — «Агляд знешніх зносін Расіі (да 1800 г.)» (ч. 1—4, 1894—1902). У 1813 падрыхтаваў да друку 1-ы т. «Збору дзяржаўных грамат і дагавораў» і заўвагі да яго. Аўтар падручнікаў.
т. 2, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́Р (Іван Тарасавіч) (1888, с. Крышчэнцы Вінніцкай вобл., Украіна — 1944),
украінскі майстар нар. керамічнай скульптуры. Вучыўся ў свайго бацькі-ганчара. У 1935—41 вёў навучанне ў эксперым. майстэрнях пры Кіеўскім музеі ўкр. мастацтва. Аўтар востра гратэскавых па пластыцы кампазіцый на аснове традыц. ганчарнай цацкі і абрадавага посуду («Будзёнаўцы», «Белыя бягуць», абедзве 1920-я г.; «Паны на прагулцы», «Калгасны аркестр», «Дзямідавы варэнікі», 1935—36; «Малпы-музыкі», 1936; «Як мышы ката хавалі», «Перапалох», абедзве 1937; «Лісіца і журавель», 1938; «Дзям’янава юшка», 1939, і інш.).
т. 5, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЗЕЛЬ (Інакенцій) (каля 1600—28.1.1683),
украінскі мысліцель, культ. і царк. дзеяч. Скончыў Кіева-Магілянскую калегію (1642), у 1645—50 яе прафесар, з 1646 рэктар. Архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры (з 1656). Рэдагаваў «Кіева-Пячэрскі пацярык» (1661). Абароне праваслаўя прысвечаны яго працы «Старая вера» (1668), «Пра сапраўдную веру» (не захавалася). У кн. «Свет з Богам чалавеку» (1669) элементы гуманізму. У «Курсе агульнай філасофіі» (1645—47; рукапіс захоўваецца ў б-цы АН Украіны) выкладзены асновы арыстоцелеўскай філасофіі з элементамі хрысц. тэалогіі. Гізелю прыпісваецца складанне «Сінопсіса» (1674).
т. 5, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Раман Міхайлавіч) (13.10.1885, г. Ноўгарад-Северскі, Украіна — 6.5.1959),
украінскі фалькларыст і літ.знавец. Праф. (1921). Скончыў Нежынскі гісторыка-філал. ін-т (1912). Даследаваў нар. драму, казкі, быліны і літ.-фалькл. сувязі. У працах пра сюжэтаскладанне ўсх.-слав. казак, стыль рус. казак і вытокі пушкінскай «Казкі пра цара Салтана» выкарыстаў і бел. матэрыял.
Тв.:
Народная драма «Царь Максимилиан» // Рус. филол. вестн. 1912. Т. 67—68, № 1—4;
Сказка: Разыскания по сюжетосложению народной казкі. Т. 1. Сказка великорусская, украинская, белорусская. Харьков, 1924.
т. 4, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НІЧ (Багдан-Ігар) (5.10.1909, с. Навіца на Лемкаўшчыне, Польшча — 6.7.1937),
украінскі паэт. Скончыў Львоўскі ун-т (1933). Лірыка Антоніча (зб-кі «Вітанне жыцця», 1931; «Тры пярсцёнкі», 1934; «Кніга Льва», 1936; «Зялёнае Евангелле» і «Ратацыі», 1938) адметная філасафічнасцю, своеасаблівым касмічна-планетарным светаўспрыманнем, манументальнай вобразнасцю, арыгінальнай метрыкай і метафарычнасцю. Узаемаадносіны чалавека і прыроды, сутнасць жыцця — лейтматыў яго паэзіі. Аўтар лібрэта оперы «Доўбуш», незакончанага рамана «На тым беразе», артыкулаў па эстэтыцы.
Тв.:
Пісня про незнишенність материї. Київ, 1967.
Літ.:
Богдан-Ігор Антонич // Історія української літератури XX століття. Київ, 1994. Кн. 1.
В.А.Чабаненка.
т. 1, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́КАЎ (Леанід Фёдаравіч) (12.12.1928, г.п. Чаркаскае Данецкай вобл., Украіна — 11.4.1979),
украінскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Украіны (1974). Скончыў Харкаўскі тэатр. ін-т (1951). Да 1960 працаваў у Харкаўскім т-ры імя Т.Шаўчэнкі. У кіно з 1952: «Лёс Марыны», «Максім Перапяліца», «Дарагі мой чалавек», «Добраахвотнікі» і інш. Яго мастацтва адметнае лірызмам, мяккім гумарам. Сярод рэжысёрскіх работ: «У бой ідуць адны «старыя» (і роля Цітарэнкі, 1974), «Аты-баты, ішлі салдаты...» (і роля Святкіна, 1977; за абедзве Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1977). Пра Быкава зняты фільм «...Якога любілі ўсе» (1982).
т. 3, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛІ́ННІК (Пётр Сяргеевіч) (н. 14.10.1906, г. Ахтырка Сумскай вобл., Украіна),
украінскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1954). У 1933—36 вучыўся ў Харкаўскай кансерваторыі. У 1936—40 саліст Вял. т-ра ў Маскве, у 1942—64 — Кіеўскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Ляўко, Пятро («Тапельніца», «Наталка Палтаўка» М.Лысенкі), Ёнтэк («Галька» С.Манюшкі), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Герцаг («Рыгалета» Дж.Вердзі), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.Вагнера). Выступае як канцэртны спявак, выконвае ўкр. і рус. нар. песні і рамансы.
т. 3, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАЛЕ́Й (Дзмітрый Іванавіч) (7.11.1857, Кіеў — 9.2.1932),
украінскі гісторык. Акад. АН Украіны (1919). Скончыў Кіеўскі і Харкаўскі ун-ты. З 1887 праф., у 1906—10 рэктар Харкаўскага ун-та. Чл. Дзярж. савета (1906, 1910—14). Аўтар прац па гісторыі Расіі, Украіны, Беларусі, Літвы.
Тв.:
История Северской земли до половины XIV ст. Киев, 1882;
К истории о быте древних славян. Киев, 1892;
Русская история. Т. 1—2 (ч. 1—2). М., 1909—14;
Нарис української істориографії. Т. 1 (вып. 1—2). Київ, 1923—25;
Декабристи на Україні. Харків, 1926.
т. 2, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)